Вы тут

Агуркі ўзышлі і не растуць — што рабіць?


Агуркі лічацца простай у вырошчванні гароднінай, аднак і яны часам пачынаюць «капрызіць», напрыклад — спыняюцца ў росце. Каб дапамагчы ім, спачатку трэба высветліць, чаму агуркі не растуць.


Фота: pixabay.com

Прычына 1 —  нізкая тэмпература

Агурок — культура цеплалюбівая. Аптымальная тэмпература, неабходная яму для нармальнага развіцця, — 23—25 °С днём і 15—18 °С уначы. Заўважана, што рост расліны праходзіць у начны час. З гэтай прычыны зніжэнне начной тэмпературы да адзнакі ніжэй за
14 °С прыводзіць да таго, што кусты перастаюць расці.

Што рабіць?

Калі агуркі растуць у адкрытым грунце, то ў перыяд пахаладання ўстанавіце над імі дугі і абтуліце плёнкай або любым нятканым матэрыялам. Пры моцным зніжэнні тэмпературы на ноч можна пакласці на градкі бутэлькі з гарачай вадой. Такі спосаб падыходзіць і для цяпліц.

Прычына 2 —  недахоп вільгаці

Агурок — расліна яшчэ і вільгацелюбівая. Недастатковае ўвільгатненне грунту часта прыводзіць да таго, што рост кустоў прыпыняецца. Асабліва гэта актуальна для пясчаных глеб, з якіх вельмі хутка выпараецца вільгаць.

Што рабіць?

Адрэгулюйце рэжым паліву. Колькасці вады павінна быць дастаткова, каб прамачыць глебу на глыбіню не меншую за 10 см — менавіта там знаходзіцца вялікая частка каранёвай сістэмы расліны. Паліваць агуркі трэба цёплай, адстоенай на сонцы, вадой. Яе тэмпература не павінна быць ніжэйшая за 18 °С.

Прычына 3 —  недахоп азоту

Менавіта гэты элемент «адказвае» за рост зялёнай масы. На яго дэфіцыт таксама пакажуць бледныя, часам жаўтлявыя, ліставыя пласцінкі і тонкія жорсткія плеці.

Што рабіць?

Варта падкарміць пасадкі мінеральнымі або арганічнымі ўгнаеннямі з высокім утрыманнем азоту. Выдатна справіцца з гэтай роляй мачавіна: 1 ст. л. угнаення растварыць у 10 л вады і апрацаваць расліны палісці.

Можна выкарыстоўваць курыны памёт. Каб прыгатаваць яго настой, запоўніце ёмістасць курыным памётам на 1/10 і даліце да верху вады. На працягу 2—4 дзён рэгулярна памешвайце змесціва, а затым развядзіце гатовую падкормку вадой з разліку 1:10 і паліце пасадкі. Норма — 0,5—1 л на куст.

Можна таксама выкарыстоўваць раствор каравяку: у вядры вады развядзіце 0,3—0,5 л арганікі і паліце кусты. Норма — 1 л на адну расліну.

Азотнае ўгнаенне можна зрабіць і з крапівы ці іншай травы. Для прыгатавання травянога настою трэцюю частку ёмістасці напоўніце травой, заліце яе даверху вадой, пастаўце ў цёплае месца і настойвайце некалькі дзён. Затым развядзіце вадой з разліку адна частка настою на пяць частак вады і паліце гэтай падкормкай пасадкі.

Прычына 4 —  загушчанасць пасадак

У розных сартоў агуркоў аптымальная адлегласць паміж раслінамі будзе адрознівацца. У сярэднім жа расліны саджаюць на адлегласці 30—35 см — у радзе і каля 70—80 см — паміж радамі. Пры занадта густой пасадцы кусты атрымліваюць недастатковую колькасць святла і паветра, што запавольвае іх развіццё. Акрамя таго, з-за дрэннага праветрывання расліны часцей падвяргаюцца захворванням і нападу шкоднікаў.

Што рабіць?

Магчымыя два варыянты вырашэння праблемы:

1. Прарэдзіць усходы, выдаліўшы лішнія расліны.

2. Каб не вырываць сеянцы, але пры гэтым забяспечыць іх дастатковай колькасцю святла і паветра, можна паспрабаваць вырошчваць агуркі вертыкальным спосабам — на шпалеры.

Прычына 5 —  недахоп святла

Аптымальнае развіццё гэтай культуры магчымае толькі на сонечным, ахаваным ад моцных і халодных паўночных вятроў участку. Можа расці і пладаносіць агурок і ў паўцені, аднак ураджайнасць будзе ніжэйшая.

Што рабіць?

Не саджайце агуркі ў цені дрэў, кустоў або каля высокіх раслін. Ахаваць пасадкі ад моцнага ветру дапаможа шчыльная сцяна з высакарослых або павойных культур: сланечніка, кукурузы ці бабоў, высаджаных з паўночнага боку агурочнай градкі.

Прычына 6 —  няправільная фарміроўка

Да спынення росту можа прывесці і залішняя зялёная маса расліны. Агурочныя плеці трэба «асляпляць».

Што рабіць?

«Асляпленне» агуркоў — гэта выдаленне да вышыні 4-5 лістка ўсяго: завязяў, пасынкаў, вусоў і лісця. Дадзены прыём паскарае развіццё агурочнага куста, спрашчае догляд за ім і стрымлівае развіццё захворванняў.

Прычына 7 —  хвароба

Чаму агуркі пачынаюць хварэць? Часцей за ўсё, прычыны наступныя:

  • заражаная глеба, якую перад пасадкай не прадэзынфікавалі;
  • неспрыяльныя ўмовы надвор'я;
  • застой вады;
  • недахоп ці, наадварот, лішак пажыўных рэчываў у глебе і інш.

Што рабіць?

Каб засцерагчы агуркі ад хвароб, трэба выконваць агратэхніку і праводзіць прафілактычныя апрацоўкі раслін. У якасці прафілактычнага сродку добра зарэкамендаваў сябе біяфунгіцыд «Фітаспарын», які эфектыўна засцерагае ад узбуджальнікаў некалькіх дзясяткаў захворванняў. Апрацоўку дадзеным сродкам праводзяць на працягу ўсяго перыяду вегетацыі.

Першае апырскванне пасадак выконваюць, калі ў сеянцаў з'яўляецца першы сапраўдны лісток. Другое — праз два тыдні пасля першага. Трэцяе — перад самым цвіценнем.

Пасля трэцяй апрацоўкі апырскванне «Фітаспарынам» праводзяць кожныя два тыдні.

Калі ж на агурках ужо з'явіліся першыя прыкметы наяўнасці захворванняў, трэба пераходзіць да больш рашучых дзеянняў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.