Вы тут

Як зубры абжывалі Палессе


Магчыма, гэта выглядае дзіўным, але велічныя старажытныя лясныя волаты зубры на Беларускае Палессе трапілі дзякуючы... аварыі на ЧАЭС. Ад выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі наша краіна пацярпела мацней за іншых: чацвёртая частка беларускіх зямель была забруджана радыяцыяй. Дзясяткі тысяч гектараў глебы з высокім утрыманнем радыенуклідаў, сотні адселеных вёсак, дзе засталіся без жыцця дыхтоўныя дамы... Гомельская вобласць прыняла на сябе асноўны ўдар: на яе тэрыторыі выпала да 70 % усіх радыеактыўных ападкаў.


Але ўплыў радыяцыі на прыроду, флору і фаўну ў цэлым нечакана аказаўся меншым, чым меркавалі спецыялісты. Сур’ёзна пацярпелі толькі тыя жывёлы і расліны, якія атрымалі звышвялікія дозы радыяцыі адразу пасля выбуху.

Па назіраннях навукоўцаў, дзікая прырода даволі хутка пачала ажываць пасля таго, як тэрыторыю адчужэння пакінулі людзі. Тое, што на навакольны свет знікла антрапагенная нагрузка ад гаспадарчай дзейнасці чалавека, па сутнасці, стварыла ідэальныя ўмовы для росквіту расліннага і жывёльнага свету. «Сумныя высновы: прысутнасць чалавека і яго жыццядзейнасць аказваюць на дзікую прыроду значна больш негатыўны ўплыў, чым атамная катастрофа», — пісаў вядомы вучоны-біёлаг прафесар Пятро Рыгоравіч Козла. 

У 1988 годзе ў Беларусі на тэрыторыі трох найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў — Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага — быў арганізаваны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Непасрэднай мэтай стварэння яго было вывучэнне ўплыву розных доз радыяцыі на жывыя арганізмы. За тры дзесяцігоддзі без умяшання чалавека прырода ў пойме ракі Прыпяць набыла амаль некрануты свой першапачатковы выгляд. На гэтай унікальнай тэрыторыі сёння можна сустрэць бурага мядзведзя, рысь, барсука, зуброў, коней Пржэвальскага і іншых рэдкіх звяроў, дзясяткі відаў птушак і раслін, занесеных у Міжнародную Чырвоную кнігу і Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

​Сёння Беларусь — прызнаны сусветны лідэр па колькасці жывучых у вольных стадках зуброў: каля 40 працэнтаў ад агульнай колькасці. Усяго ў нас цяпер жывуць каля за 2 000 зуброў, у Польшчы — прыкладна столькі ж, у Расіі — 1400, Германіі — каля 600.

У ліку першых біёлагаў, якія працавалі вахтавым метадам на заражанай тэрыторыі, была вядучы навуковы супрацоўнік аддзела экалогіі фаўны НАН, кандыдат біялагічных навук Таццяна Георгіеўна Дзярабіна. Мы папрасілі яе расказаць пра тое, як рэалізоўвалася Нацыянальная праграма «Зубр» у Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку.

Лясны волат

Зубр у сучаснай прыродзе — гэта такая «дапатопная істота», адзін з самых старажытных прадстаўнікоў мамантавай фаўны, росквіт якой прыходзіўся на сярэдні і позні плейстацэн (70–50 тысяч гадоў назад). Гэта самы буйны від наземных млекакормячых Еўропы, які стагоддзямі служыў у тым ліку і ежай для людзей. Паляваць на ляснога волата было няпроста, аб чым расказвае у сваім эпічным творы «Пан Тадэвуш» Адам Міцкевіч. Другі вядомы паэт Мікола Гусоўскі напісаў паэму «Песня пра зубра», у якой услаўляе велічную моц і неўтаймаваны характар ​​дзікага звера. Сустрэча з зубрам выклікае заўсёды шквал першабытных пачуццяў і эмоцый.

Так сталася, што зубр перажыў у пачатку XX стагоддзя сваю «клінічную смерць». Беларусь таксама ўнесла важкі ўклад у агульную справу выратавання і захавання гэтага віду на Зямлі. Таму з поўным правам мы можам казаць, што гэта наш нацыянальны здабытак і гонар.

На Беларускім Палессі еўрапейскі зубр з’явіўся дзякуючы Нацыянальнай праграме ў 1996 годзе. Менавіта тады ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку была створана новая мікрапапуляцыя віду Bison bonasus Linnaeus. Засяленне адбылося на тэрыторыях, якія падвергліся інтэнсіўнаму забруджванню даўгавечнымі радыенуклідамі і былі практычна выведзены з гаспадарчага карыстання. З Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» завезлі 16 жывёл, і пасля адаптацыі ў загоне яны былі выпушчаны на вольны выпас. Дастатковая лясная расліннасць, вялікая тэрыторыя запаведніка (216,5 тыс. га), адсутнасць людзей і асаблівы рэжым аховы спрыялі хуткай акліматызацыі зуброў. За першыя пяць гадоў колькасць іх павялічылася ў 5 разоў; у запаведніку нарадзілася 92 цяляты.

Пад апекай чалавека

Зубры палескай папуляцыі ніколі не падвяргаліся селекцыйнаму адбору, чалавек не ўмешваўся ў фарміраванне полаўзроставай структуры іх статка. Асваенне тэрыторыі пражывання адбывалася як і ў старажытнасці — натуральным шляхам.

З 2007 года на запаведнай тэрыторыі вольна адчуваюць сябе коні Пржэвальскага — новы для Беларусі від міжнароднага ахоўнага значэння.

Гэта толькі на першы погляд здаецца ўсё проста: тут зубры пасуцца, а там яны адпачываюць. На самай справе іх прасторавае размяшчэнне — цікавая з’ява, якая адыгрывае пэўную ролю ў іх жыцці. Участкі самцоў заўсёды размяшчаюцца на невялічкіх лясных астраўках пасярод лугавых палеткаў, дзе буяюць травяныя расліны, каштоўныя ў кармавым значэнні. Для адпачынку часцей зубры выбіраюць дубровы — з граба або дуба, змешаныя з насаджэннямі вяза, алешыны і ясеня.

Запаведнік як дзяржаўная ўстанова нясе адказнасць за захаванне і забеспячэнне аптымальных умоў для існавання віду. Таму зубры тут на асаблівым, можна сказаць, нават прывілеяваным становішчы. З усіх насельнікаў запаведніка толькі яны знаходзяцца пад апекай чалавека: для іх робіцца выключэнне і ў асенне-зімовыя месяцы выкладваецца падкормка, падтрымліваюцца ў належным стане месцы іх вадапояў і саланцы, падсяваюцца кармавыя палі і інш.

Нідзе так наглядна не праяўляецца строгая іерархія, уласцівая гэтаму віду, як пры раздачы корму. У першую чаргу да кармушак маюць доступ толькі моцныя дарослыя самцы і самкі, якія стаяць на самай высокай іерархічнай прыступцы. Калі ў гэтых самак ёсць малыя цяляты, то і яны пад прыкрыццём маці таксама могуць аказацца ў першым шэрагу.

Затым карміцца падыходзяць самкі рангам ніжэй. Маладыя самцы, якія перажылі дзве зімы, дзеляць з гэтымі самкамі доступ да корму. Зубраняты мінулага года нараджэння, якія ўжо выйшлі з-пад апекі маці, стаяць ззаду ўсіх. Пры абмежаваным ліку кармушак і недастатку кармоў яны, як і аслабленыя хваравітыя жывёлы ніжэйшага рангу, могуць застацца без ежы. Такі натуральны біялагічны адбор.

Ёсць у зуброў і смешная, па сутнасці, «дзіцячая» прыхільнасць: пясочныя купанні. Купалкі яны ладзяць там, дзе ёсць магчымасць пакачацца ў рыхлай глебе ці пяску. Варта толькі насыпаць непадалёк ад падкормачнай пляцоўкі невялікую кучу пяску — зубры абавязкова прыдуць купацца. Уявіце сабе такую карціну: агромністы бык раптам валіцца на спіну, задзірае ногі ўгору і дрыгае імі ў клубах пылу. Дзіўна, што і пры гэтай працэдуры зубры захоўваюць іерархію, як і каля кармушкі або пры вадапоі.

Колькасць палескай папуляцыі еўрапейскага зубра на сёння вырасла ў дзесяць разоў і складае каля 170 лясных волатаў. Перасяленне белавежскага зубра можна лічыць паспяховым.

Алена ВАСІЛЬЕВА,

Фота Таццяны ДЗЯРАБІНАЙ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.