Вы тут

Павучыцца ў нас дакладнаму земляробству прыехалі спецыялісты нават з Афрыкі


Ужо традыцыйна ў першы дзень лета ў нашай краіне праводзіцца міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра-2021». Падчас урачыстага адкрыцця выставы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін адзначыў, што сёлета мерапрыемства праходзіць у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», і гэта не проста супадзенне. «Аграпрамысловы комплекс, перапрацоўка і ўсе спадарожныя галіны ўжо па праве займаюць месца сярод высокатэхналагічных галін. Невыпадкова Нацыянальная акадэмія навук дэманструе тут новыя тэхналогіі», — сказаў Аляксандр Субоцін.


Ён адзначыў, што цяпер актуальныя дакладнае земляробства і інтэлектуальная жывёлагадоўля. Высокія тэхналогіі выходзяць на першае месца. Толькі з іх дапамогай мы зможам павышаць ураджайнасць і дасягаць новых вынікаў.

 «Што датычыцца экспарту сельгаспрадукцыі, мы гандлюем з 116 краінамі, нас ведаюць ва ўсім свеце. Мы інтэнсіўна развіваемся, летась пастаўкі за мяжу склалі ўжо 5,8 млрд долараў», — падкрэсліў віцэ-прэм'ер. «Ад тэхналогій да новых прадуктаў — праграма абяцае быць насычанай і цікавай. Ёсць добры патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі, у тым ліку з краінамі Афрыкі», — сказаў Аляксандр Субоцін.

А экспарт беларускай сельгаспрадукцыі за пяць гадоў вырас амаль на 30 %. Так, нам ёсць чым ганарыцца, лічыць першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло. Па яго словах, у тры разы мы павялічылі продаж мяса. Краіна ўвайшла ў пяцёрку топавых экспарцёраў малочнай прадукцыі, выйшла ў лідары па экспарце ялавічыны і мяса птушкі. Сваю прадукцыю мы пастаўляем у больш за сто краін свету», — сказаў Ігар Брыло.

Актыўна растуць пастаўкі беларускай сельгаспрадукцыі ў Кітай. «Літаральна за пару гадоў яны сертыфікавалі нашу малочную галіну, мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы і шэраг птушкафабрык. Зараз мы імкнёмся пашырыць асартыментны пералік прадукцыі, якая пастаўляецца. Кітай ужо выйшаў на трэцяе месца па нашых пастаўках сельгаспрадукцыі, думаю, не за гарамі момант, калі ён выйдзе на другое месца — адразу пасля Расіі», — праінфармаваў першы намеснік міністра.

На выставе айчынныя вытворцы прапанавалі як серыйную тэхніку, так і ўзоры з будучыні. Гэта камбайны ад «Гомсельмаша», сучасныя трактары з Мінскага трактарнага завода і шмат чаго яшчэ. Адна з самых буйных экспазіцый — у холдынга «Амкадор».

Па словах намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях холдынга Аляксандра Санюка, на выставе прадстаўлена больш за 25 узораў серыйнай тэхнікі і навінак прадпрыемства. У тым ліку ўніверсальны пагрузчык, паўпрычэпы, сеялкі, шматлікае навясное і прычапное абсталяванне для апрацоўкі глебы і перадпасяўной і пасляўборачнай апрацоўкі збожжа.

Паводле яго слоў, многія сельскагаспадарчыя машыны спраектаваны і ствараюцца для таго, каб замяніць імі імпартныя аналагі. Наша тэхніка значна таннейшая, а па якасці абсалютна не саступае імпартным. Доказам таму служыць тое, што на прадпрыемстве наогул не існуе запасу тэхнікі — уся прадукцыя практычна прадаецца «з колаў».

Намеснік дырэктара адзначыў, што холдынг вырабляе шырокую лінейку з 125 мадэляў і мадыфікацый спецыяльнай тэхнікі, якая выпускаецца і рэалізоўваецца ва ўвязцы з поўнай закрытай тэхналогіяй у сферы дарожнага будаўніцтва, камунальнай гаспадаркі, у лясным і сельскагаспадарчым комплексах, для забеспячэння пагрузачна-разгрузачных работ. Усе прадпрыемствы холдынга інтэграваны ў адзіны тэхналагічны ланцуг. У холдынгу пастаянна распрацоўваюцца новыя мадэлі тэхнікі і праводзіцца работа па ўдасканаленні існуючых.

Сваім бачаннем аб рабоце гэтага прадпрыемства падзяліўся старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Васіль Сысоеў.

— Холдынг «Амкадор» нам вельмі блізкі, бо ён размяшчае свае асноўныя вытворчасці на тэрыторыі Мінскай вобласці, у такіх невялікіх гарадах як Дзяржынск. У гэтых мястэчках у цяперашні час існуюць праблемныя пытанні з працаўладкаваннем, а гэтае прадпрыемства стварае новыя працоўныя месцы плюс накіроўвае дастатковыя грашовыя патокі ў бюджэт вобласці. Таму мы рады такому ўзаемавыгаднага супрацоўніцтву вобласці і холдынга.

Акрамя таго, радуе тое, што «Амкадор» вырабляе шыроказахопную тэхніку. На сёння гэта вельмі актуальна для нашых гаспадарак. Бо за адзін праход апрацоўкі глебы мы выконваем работу, якую раней рабілі за два праходы. За кошт гэтага атрымліваем прамую эканомію паліва, людскіх выдаткаў і іншых матэрыяльных рэсурсаў. Яшчэ адзін плюс такога метаду апрацоўкі зямлі агрэгатамі, якія выпускаюцца ў Дзяржынску, у тым, што такая глебаапрацоўка дазваляе сёння выраўноўваць палі. А гэта падымае культуру земляробства ў нашай краіне ў разы, што потым адбіваецца на ўраджаях збожжавых, якасці сельскагаспадарчых культур і ўзроўні жыцця на вёсцы.

Экспазіцыю Беларускага прамысловага тыдня дапоўняць выставы «Белферма» (апошнія дасягненні ў галіне жывёлагадоўлі) і «Белпрадукт» (прадукты харчавання). Аграрны форум традыцыйна збірае разам не толькі беларускіх аграрыяў і работнікаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасцяў, але і іх замежных калег і партнёраў. Сёлета ўдзел у выставе прымаюць звыш 400 кампаній з 16 краін: Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Нідэрландаў, Літвы, Кітая, Польшчы, Сербіі, Швецыі, Эстоніі, Італіі, Даніі, Чэхіі, Іарданіі. Асобнымі экспазіцыйнымі блокамі будуць прадстаўлены прадпрыемствы Германіі і абласцей Расіі: Варонежскай, Растоўскай, Кіраўскай.

Сёлета выставу наведала вельмі прадстаўнічая сумесная дэлегацыя краін Афрыкі. Гэтая дэлегацыя мае вельмі цвёрдыя намеры закупляць нашу, на іх погляд, досыць надзейную тэхніку і зразумелае абсталяванне.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».