Вы тут

Як сябры нашы меншыя дапамагаюць вызначаць злачынцаў?


Аб жудасным забойстве, здзейсненым у верасні 2003 года, доўгі час гаварылі жыхары маленькага Іўя, што на Гродзешчыне. У калодзежы аднаго з прыватных падвор'яў было знойдзена цела 70-гадовай гаспадыні дома. Следчыя адразу ўстанавілі: на няшчасны выпадак гэта непадобна. Аднак па гарачых слядах адшукаць злачынцу не атрымалася, і доўгія амаль 18 гадоў асабліва цяжкае злачынства заставалася нераскрытым...


Фота: Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.

Неверагодна, але дапамаглі расследаваць даўняе забойства сабакі. Гэта стала магчымым дзякуючы ўкараненню спецыялістамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз новай методыкі. На фрагменце цэглы, знойдзенай на месцы злачынства 18 гадоў таму, быў выяўлены пах чалавека, які супаў з пахам 44-гадовага жыхара Іўя.

Каб на свае вочы ўбачыць, як сабакі дапамагаюць ідэнтыфікаваць рэчы падазраваных асоб і рэальных злачынцаў, карэспандэнт «Звязды» наведала адну з лабараторый Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Пазнаць злодзея па паху

У эксперыменце задзейнічаны трое чатырохногіх. Рэквізіт — дзесяць шклянак з невялікім кавалачкам фланелевай тканіны ўнутры. На кожным фрагменце ўтрымліваецца пах адной з асоб, якую правяраюць. І толькі адзін супадае са стартавай пробай, якую даюць панюхаць сабакам у пачатку эксперымента. Задача жывёл — з дзесяці пазіцый выбраць адну, поўнасцю ідэнтычную стартавай пробе.

У лабараторыю сабак заводзяць па чарзе — для чысціні эксперымента. Нямецкая аўчарка занюхвае прапанаваную ёй пробу. Разам з экспертам яна ідзе па крузе, пранюхваючы кожную шклянку, арыентуючыся на пах, які адчувала ў самым пачатку. Раптам сабака сядае каля той пробы, якая з'яўляецца дакладнай копіяй стартавага ўзору. Жывёле дзякуюць, даюць ласунак і выводзяць з лабараторыі. Эксперымент завершаны — спецыялісты падводзяць вынікі.

Аднак бываюць сітуацыі, калі жывёлы па паху вызначаюць злачынцу, а ён да апошняга не прызнаецца ў здзейсненым. Ці могуць сабакі памыліцца?

— Каб выключыць верагоднасць памылкі, у методыку даследавання закладзена некалькі сістэм праверак, — гаворыць старшы эксперт аддзела даследавання пахавых слядоў чалавека цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей РУБАН. — Напрыклад, на этапе эксперымента спецыялісты выкарыстоўваюць эталонную пробу, якая дазваляе нам пераканацца ў працаздольнасці сабакі. Таксама мы прапануем жывёле панюхаць на старце пробу чалавека, які дакладна не мае дачынення да канкрэтнага злачынства: для таго каб выключыць наяўнасць пахавых перашкод на пробах, якія даследуюцца. Калі гэтага не зрабіць, сабака можа адрэагаваць на пах, які па пэўнай прычыне прыцягнуў яе ўвагу. Таму, каб выключыць верагоднасць ілжывай пасадкі, мы правяраем наяўнасць пахавых перашкод на аб'ектах, якія даследуюцца.

Дзеля дакладнасці ў даследаванні ўдзельнічае не менш за тры сабакі. Экспертызу праводзяць два эксперты. Адзін фарміруе пахавы рад, потым фіксуе ўсе вынікі даследавання. Другі эксперт водзіць жывёл. Гэта робіцца з мэтай прадухілення памылковых пасадак у чатырохногіх сяброў: той, хто вядзе сабак, можа чыста механічна аказаць на іх уздзеянне. Справа ў тым, што жывёла як біядэтэктар счытвае любую інфармацыю: адчувае сэрцабіццё, дыханне, пульс. Яна можа адшукаць патрэбную пробу толькі таму, што спецыяліст ведае, дзе яна знаходзіцца.

Усюды сунуць нос

Вызначаць пах злодзея на знойдзеных на месцы злачынства аб'ектах чатырохногіх вучаць самі эксперты. Кожная парода сабак прызначана для пэўнай мэты: адны выкарыстоўваюцца ў пошуку злачынцаў, іншыя добра падыходзяць для аховы. Сабак, якія ўвогуле не паддаюцца навучанню, як лічаць спецыялісты, не існуе.

У аддзеле даследавання пахавых слядоў чалавека цэнтральнага апарату ДКСЭ служаць нямецкія і бельгійскія аўчаркі. Гэтыя сабакі ўраўнаважаныя, спакойныя, удумлівыя. Сюды яны трапляюць яшчэ шчанюкамі, якім усяго па паўгода. На працягу года іх вучаць станавіцца сабакамі-дэтэктарамі. За кожным сабакам замацаваны свой эксперт, які займаецца падрыхтоўкай жывёлы.

— Спачатку даём час сабаку асвоіцца ў лабараторыі, — расказвае Аляксей Рубан. — Як правіла, шчанюкі вельмі цікаўныя і праблем у навучанні з імі не ўзнікае: яны ўсюды сунуць свой нос. За кожны пранюх мы іх заахвочваем ласункам, хвалім: сабака ўжо разумее, што робіць нешта правільна. Для таго, каб жывёла навучылася хадзіць па радзе, спачатку кладзём у шклянкі ежу: сухі корм або кавалак сыру. Калі яна ўжо ўмее пранюхваць шклянкі, мы пачынаем задаваць ёй моцны пах на старце — такі ж самы будзе ў адной са шклянак у даследаваным радзе.

Трэніроўкі з сабакамі-дэтэктарамі праводзяцца кожны дзень, часта — па некалькі разоў. Важна не перагрузіць гадаванцаў і не адбіць жаданне працаваць. Пад апекай Аляксея Рубана двое чатырохногіх сяброў — Герда і Норд. Ён не толькі іх вучыць, але і прагульваецца з сабакамі, удзельнічае ў іх доглядзе. Цікава, што ў лабараторыі вадзіць жывёл можа любы судовы эксперт: сабакі ведаюць, як сябе паводзіць, і разумеюць, што ад іх хочуць. А вось ужо на вуліцы, падчас прагулкі, яны слухаюць толькі свайго гаспадара.

Прыбора не прыдумалі

— Малекулы паху валодаюць здольнасцю выветрывання і рассейвання, — адзначае старшы эксперт аддзела даследавання пахавых слядоў чалавека. — Аднак на крыві, якая ўжо высахла, гэтыя малекулы могуць захоўваюцца доўгія гады.

У сувязі з гэтым на судовую экспертызу пахавых слядоў чалавека ў цэнтральны апарат Дзяржкамітэта судовых экспертыз пачалі дасылаць матэрыялы нераскрытых крымінальных спраў мінулых гадоў. У некаторых выпадках, калі іншыя віды даследаванняў не далі станоўчага выніку, праваахоўнікі разлічваюць толькі на сабак-дэтэктараў.

Апошнія, напрыклад, пралілі святло на крымінальную справу, фігурантамі якой выступалі родныя браты, якія скралі аўтамабіль. Адзін быў за рулём, другі сядзеў на пярэднім пасажырскім сядзенні. Пад падазрэнне трапілі абодва. На экспертызу прыйшлі чахлы з сядзенняў аўтамабіляў і кроў юнакоў. Атрымалі пахавыя пробы, правялі экспертызу. Высветлілася, што сядзеў за рулём малодшы з братоў, непаўналетні, — менавіта па гэтай прычыне старэйшы браў усю віну на сябе.

Цікавы факт: нават сярод родных людзей жывёлы могуць вызначыць, каму канкрэтна належыць біялагічны матэрыял. Калі ў аднаяйцавых блізнят генатып аднолькавы, то пах адрозніваецца — сабакі-дэтэктары з лёгкасцю ідэнтыфікуюць іх рэчы. Кроў з'яўляецца найбольш чыстай крыніцай індывідуальнага паху чалавека. Прыбора, які б з высокай дакладнасцю аналізаваў бы яго, яшчэ не прыдумалі. Лепш за сабак з дадзенай задачай справіцца пакуль ніхто не можа.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Сабакі-дэтэктары

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.