Вы тут

Яблынева-грушавы сад у гонар салдат–аднавяскоўцаў пасадзілі ў Юзяфоўцы


Вёска Юзяфоўка месціцца абапал асфальтавага бальшака Хоцімск — Батаева і асабліва нічым не прываблівае: па правым баку, у нізіне (адно толькі дахі выглядаюць), цягнецца стары пасёлак. Па левым — новая вуліца, якая будавалася ў 1960—70-х гадах і назва якой — Маладзёжная. Нядаўна на Маладзёжнай адбылася падзея, якая закранула амаль кожнага сённяшняга жыхара Юзяфоўкі: тут пасадзілі яблынева-грушавы сад у гонар аднавяскоўцаў — семдзесят чатыры саджанцы, што сімвалізуюць маладых вясковых хлопцаў, якія не вярнуліся з вайны. Кожнае дрэўца ў гэтым садзе імянное, побач з саджанцам усталявана шыльдачка з прозвішчам і імем. Сённяшнія жыхары вёскі — а іх засталося зусім няшмат — вядома, ганарацца незвычайнай падзеяй. У большасці ўсе яны ніколі не бачылі сваіх родных — дзядоў, дзядзькаў, іншых сваякоў і суседзяў, бо нарадзіліся пасля вайны. Памяць пра іх жыла і жыве ў фатаграфіях, якія ў рамачках вісяць амаль у кожнай хаце.


 

У сужэнцаў Міхаіла і Зоі Макаранкаў (яны на гэтым фота) родныя таксама загінулі на фронце. Дзякуючы захаваным партрэтам, яны і ведаюць сваіх мужных продкаў. Іван Драздоў, дзед Зоі, загінуў на рацэ Проні пад Чавусамі ў 1943-м, а дзядзька Міхаіла, Васіль Макаранка, — пад... У маладым садзе ў іх гонар пасаджаны два дрэўцы.

Адзіны сведка, які бачыў, як праводзілі на вайну юзяфоўскіх хлопцаў, — Іван Пешкін, якому сёлета пайшоў дзевяносты год. Іван Фёдаравіч на свае вочы бачыў, як абдымаліся з сынамі, братамі і бацькамі іх маці, сёстры, жонкі, праводзячы на фронт. І як галасілі, атрымаўшы пахаванкі. Памяць у Івана Фёдаравіча моцная, учэпістая, найстарэйшы жыхар вёскі ведае сапраўдную цану Перамогі, якую заплаціла яго Юзяфоўка, аддаўшы столькі маладых душ… Іван Фёдаравіч, калі працаваў у калгаснай будаўнічай брыгадзе, зрабіў помнік-абеліск у гонар загінулых аднавяскоўцаў: сціплы абеліск і сёння стаіць пры дарозе.

У праекта «Сад Перамогі» таксама ёсць свой заснавальнік — унук былых франтавікоў — жыхароў Юзяфоўкі Аляксандр Ракоўскі. Даўно няма на свеце дзеда і бабы, а памяць пра вёску, у якую кожнае лета ён прыязджаў на вакацыі, жыла. Нягледзячы на тое, што жыве ён у Мінскай вобласці, здолеў арганізаваць пасадку яблынь і груш. У высакароднай справе яму дапамагалі мясцовая ўлада і школьнікі. На кожнай шыльдачцы напісаны дэвіз праекта: «У імя кахання, вечнасці і жыцця».

Анатоль КЛЯШЧУК,

Фота аўтара,

Хоцімскі раён.

Загаловак у газеце: Юзяфоўка памятае...

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.