Вы тут

Глянец для пісьменнікаў


На Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве я паступіў у 1983 годзе. Гэта быў час росквіту застоя. Пісьменнікам за кнігі плацілі прыстойныя ганарары. Ім давалі кватэры з дадатковымі дваццаццю метрамі, без якіх, як справядліва лічыла ўлада, не гэтак добра ствараліся шэдэўры. На працягу года мы ездзілі ў Дамы творчасці. Я дасюль успамінаю іх — Кактэбель, Піцунду, Ялту, Дубулты, нарэшце.


Анатоль Вялюгін, Еўдакія Лось, Уладзімір Караткевіч. Фота: karatkevich.ru

А Вышэйшыя літаратурныя курсы былі патрэбныя пісьменнікам для набыцця глянцу. Калі табе, скажам, па нейкіх прычынах яго не хапала, ты браў накіраванне ў сваёй пісьменніцкай арганізацыі і выпраўляўся ў Маскву. Пакой у інтэрнаце на Дабралюбава, дзвесце рублёў стыпендыі, Цвярскі бульвар. Пры дапамозе гэтых састаўляючых навесці глянец можна было на каго заўгодна.

З беларускіх пісьменнікаў да мяне на літаратурных курсах вучыліся Аляксей Пысін, Пятро Прыходзька, Аляксей Карпюк, Вячаслаў Адамчык, Анатоль Грачанікаў, але галоўнае — мой кумір Уладзімір Караткевіч. Прычым аўтар «Дзікага палявання караля Стаха», «Чорнага замка Альшанскага» і «Каласоў пад сярпом тваім» акрамя літаратурных курсаў скончыў яшчэ і сцэнарныя. Значыць, на ягоным абліччы гралі водбліскі глянцу, нанесенага двайным слоем. Для мяне гэта мела вялікае значэнне.

— Добры пісьменнік, — сказаў Георгій Афанасьевіч Ладоншчыкаў, мой цесць, калі я ўпамянуў Караткевіча.

— Хто? — не зразумеў я.

— Валодзя Караткевіч.

Георгій Афанасьевіч, канешне, быў вядомы дзіцячы паэт, але прычым тут Караткевіч? Тым больш, якраз напярэдадні нашай размовы адзін з аўтараў «Литературной газеты» назваў Караткевіча знакамітым польскім пісьменікам. А Беларусі гэта ўспрынялі як абразу.

— Мы разам на Вышэйшых літаратурных курсах вучыліся, — сказаў Георгій Афанасьевіч, — і я ў іх быў старастам. Яны ж усе маладыя, а я ўсё-ткі вайну прайшоў. Шкада, у іх з Дусяю нічога не атрымалася.

— Якой Дусяю? — канчаткова заблытаўся я.

— Іх было двое з Беларусі — Уладзімір Караткевіч і Еўдакія Лось. На рэдкасць прыгожая пара. Рослыя, статныя, таленавітыя. Але жылі, як кошка з сабакам. Караткевічу тады іншая падабалася.

— Хто?

— Выкладчыца мастацтвазнаўства.

Гэта было падобна да Караткевіча. Калі ўжо выбіраць, дык мастацтвазнаўцу.

— Прыгожая? — дапытваўся я.

— Усе яны тады былі пргожыя. А за Дусяю ўвесь курс ухлёстваў.

Георгій Афанасьевіч паказаў мне апошні ліст Караткевіча.

«Дарагі Георгій! — пісаўён. — Дзякуй табе за «Зімовыя карцінкі». Вельмі мілыя, добрыя, прыгожыя вершы. Зайздрошчу тым, хто ўмее вершы для дзяцей пісаць. Я ўмею толькі казкі ў прозе. Рады, што табе кніга спадабалася. Выбачай мяне за тое, што пішу мала, што не распытваюся пра агульных знаёмых, пра якіх ты ведаеш, канечне, больш, і пра твае справы. Зараз сілы няма. І хачу паехаць на некалькі месяцаў. Памерла ў мяне жонка, сябар мой сапраўдны і добры. Даруй мяне. Твой назаўсёды У. Караткевіч».

І дата — 2 мая 1983 года.

— Часта пісаў? — спытаўся я ў Георгія Афанасьевіча пасля паўзы.

— Часта пісала Дуся. Яна мяне «таткам» называла. Хочаш, паглядзі гэтыя паштоўкі.

Я прачытаў пісьмо Караткевіча на дзвюх паштоўках з краявідамі Вільнюса і Каўнаса.

«Стараста наш дарагі! Не спадзяваўся атрымаць ад цябе вестачку. Значыць, усё-ткі ўспамінаеш іншы раз і курсы, і ўсю нашую кампанію (лепшай, па агульным меркаванні, не бывала, хаця ты і стараўся трымаць нас у вожыкавых рукавіцах), і мяне таксама іншы раз успамінаеш. А я цябе ўспамінаю часта, сачу за поспехамі тваімі і ўсіх, радуюся ім і бядую нашымі бедамі. Што ні кажы, а мы зрабіліся за тыя два гады як бы адзінай істотаю ўсе разам, і зачапі каго-небудзь — баліць усім. Дзякуй табе за АБВ, за тое, што помніш. Я ў Маскве вельмі даўно ўжо не бываў, але калі ты будзеш у Мінску — прытулак і хата ў цябе ёсць. Тэлефон мой 22-22-38. Прыязджай, не крыўдзі. У Арташэса Пагасяна тут дачка замужам, ён бывае ў яе і нядаўна яна зрабіла яго дзедам. Абдымаю цябе і цалую, жадаю поспехаў. Твой У. Караткевіч. 14 ліпеня 82 г.».

— А хто яшчэ з вамі вучыўся? — спытаўся я.

— Анатоль Знаменскі, Юрый Ганчароў, Каміль Султанаў, Адам Шагенцукаў... У тыя гады курсы былі папулярныя.

— Зараз Караткевіч самы, бадай, вядомы беларускі пісьменнік, — сказаў я. — Асабліва яго ў Еўропе любяць.

— На курсах яго таксама любілі, — кіўнуў Георгій Афанасьевіч. — Мне толькі Дусю шкада, рана пайшла з жыцця.

Еўдакія Лось памерла ў 1977, Уладзімір Караткевіч — у 1984 годзе, роўна праз год пасля нашай размовы...

Са мною на курсах вучыліся літаратары з розных куткоў Саюза. Былі нават два манголы. Нехта прыехаў у Маскву прабіваць у выдавецтве кнігу. У кагосьці ў сямейным жыцці надарыліся часовыя цяжкасці. У некаторых у інстытут паступілі сын ці дачка. Адным словам, прычыны вучыцца на курсах былі ва ўсіх, нават у мяне. Я пабраўся з масквічкаю, і пазнаёміцца са сталічным жыццём зручней за ўсё было на ВЛК.

Спасцігалі мы гэтае жыццё часцей за ўсё ў Доме літаратараў. Там былі два буфеты, бар і рэстаран у Дубовай зале. Стыпендыі хапала, каб наведваць гэтыя ўстановы, калі не штодзённа, дык праз дзень. Што толькі я там не бачыў. Адныя спрабавалі патаньчыць на стале. Другія спалі тварам у салату. Вядомы крытык біўся на кулаках з не меней вядомым празаікам. Юрый Кузняцоў чыста сімвалічна выпіваў зараз шклянку гарэлкі. Аляксандр Баброў спяваў пад гітару свае вершы.

Паэта Анатоля Перадрэева выводзілі з Дубовай залы пад рукі два міліцыянеры. Каля стойкі Стракатай залы ён раптам спыніўся.

— Я сам! — сказаў паэт.

Міліцыянеры яго адпусцілі. Перадрэеў азірнуўся па баках, ухапіўся за ніжні паднос, на якім стаялі ў тры ярусы чыстыя шклянкі, і таргануў на сябе. Грукат шкла, якое б’ецца, ні ў чым не саступаў разрыву снарада.

Перадрэеву за хуліганскія паводзіны на месяц было забаронена з’яўляцца ў Доме літаратараў.

Слухачы ВЛК былі не такія знакамітыя, як Перадрэеў, таму і паводзілі яны сябе цішэй. Ды і вучыцца трэба было. Семінар паэзіі ў нас вялі Межыраў і Ляснеўскі. Драматургію — Розаў і Вішнеўская. Прозу спачатку Шуртакоў, потым яго змяніў Эрнст Сафонаў, якому дапамагаў прафесар Максімаў, галоўны рэдактар часопіса «Руская мова ў школе». Прарэктарам па ВЛК у той жа час зрабіўся Валянцін Сарокін, які прыйшоў замест Мікалая Гарбачова. А рэктарам у нас быў сам Піменаў.

Асабліва я быў удзячны лінгвісту Максімаву. З яго дапамогаю мне зрабілася зразумелым, што пераклад з беларускай на рускую мову далёка не простая рэч. Але нават ягоных намаганняў часцяком не хапала. У маі 1985 года ў часопісе «Юность» выйшла маё апавяданне «Памылка», і калі я ўбачыў папраўлены супрацоўніцай аддзела прозы Таццянай Бабрынінай тэкст, дык толькі пачухаў патыліцу. Там было што паправіць.

Я часта ўспаімнаю хлопцаў і дзяўчат, якія вучыліся са мной на ВЛК.

Вася Траўкін, Міша Базанкоў, Коля Русу, Саша Лісняк, Таня Брыксіна, Федзя Камалаў, Валодзя Дагураў, Віктар Сліпянчук, Ала Цюцюнік, Алег Хлебнікаў, Юра Кобрын, Міша Андрэеў, Аляксандр Баркоў, Надзя Пермінава, Улугбек Есдаўлетаў, Йонас Калінаўскас, Мзія Хетагуры, Валодзя Касмачэўскі... Кагосьці ўжо і няма з намі. Але пра гэта, відаць, я напішу іншым разам.

Што ж датычыцца глянцу, такога неабходнага кожнаму, хто піша, дык яго, канешне, лепш за ўсё наводзілі на Цвярскім бульвары, 25. Там заўсёды былі штукары па гэтай частцы. Ёсць яны, вядома, і зараз.

Нам жа застаецца толькі пазайздросціць тым, хто вучыцца і будзе вучыцца ў Літінстытуце. У іх усё наперадзе.

Алесь КАЖАДУБ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.