Вы тут

Абсалютны рэкардсмен. Чытач выпісвае «Звязду» ўжо на працягу 66 гадоў!


З сённяшняга дня мы будзем знаёміць вас з нашымі адданымі чытачамі, якія на працягу дзесяцігоддзяў выпісваюць газету «Звязда». Гэтыя людзі раслі і сталелі на нашых публікацыях, некаторыя самі станавіліся аўтарамі. Ва ўсіх іх — цікавыя лёсы, якія заслугоўваюць нашай увагі.


У гасцях у Анастаса Семяновіча, нашага шматгадовага падпісчыка, карэспандэнты «Звязды» былі ўжо не раз. І не толькі таму, што жыве ён недалёка ад Мінска. Справа ў тым, што Анастас Лявонцевіч — вельмі цікавы апавядальнік. А яшчэ гэта гасцінны і працавіты чалавек: нягледзячы на свае 89 гадоў, ён і градку ўскапае, і траву на ўчастку пакосіць, а яшчэ гіру ў 16 кілаграмаў падыме і ў лазні папарыцца.

Наўрад ці сярод нашых чытачоў шмат тых, хто выпісвае «Звязду» з чэрвеня 1955 года. Даўняе сяброўства з газетай у яго пачалося на Мінскім трактарным заводзе, куды пасля службы ў войску Анастас Семяновіч прыйшоў працаваць электрыкам.

— Як сёння памятаю, калі мне прапанавалі выпісаць якую-небудзь газету, — успамінае Анастас Лявонцевіч. — Выбар тады быў вялікі. Я ж вырашыў, што выпішу толькі «Звязду». І ніколі з таго часу не здраджваў роднай газеце. Мову люблю з дзяцінства. На ёй заўсёды размаўляю, ды і чытаць люблю толькі па-беларуску.

Падмануў, каб трапіць у войска

Анастас Семяновіч нарадзіўся пад Слуцкам. У вёсцы Сахалін і прайшло ўсё яго дзяцінства.

— Вёску з двух бакоў атачала рака Случ, — тлумачыць наш чытач паходжанне назвы. — Вясной, падчас разводдзя, вада выходзіла з берагоў і падступала да самых хат. Жылі як на востраве.

Ён з’явіўся на свет у сям’і звычайных сялян, у якой выхоўвалася шасцёра дзяцей. Галеча, нястача. Таму каб аблегчыць жыццё сваім родным, хлопец вырашыў раней за тэрмін пайсці ў армію. Калі яго спыталі, колькі класаў скончыў, сказаў, што восем. Насамрэч, за плячыма ў Анастаса Семяновіча была толькі сямігодка — каб пайсці на службу, прыйшлося прыпісаць сабе год. Спачатку накіравалі ў лётную часць, у Баранавічы. Пасля даслужваў у групе савецкіх войскаў у Германіі, дзе абслугоўваў ваенныя самалёты. Анастас Лявонцевіч згадвае, які зруйнаваны пасля Вялікай Айчыннай вайны быў Дрэздэн, немцы яго адбудоўвалі наноў.

Аўтар назваў і добры гаспадар

У 1955 годзе старшы сяржант Анастас Семяновіч дэмабілізаваўся. У ваенкамаце яму прапаноўвалі працягваць службу, але ён не захацеў: хапіла армейскага жыцця. Пайшоў на трактарны завод, паралельна заканчваў 8-мы, 9-ты і 10-ты класы, вучыўся ва ўніверсітэце.

За плячыма Анастаса Семяновіча — два інстытуты: політэхнічны (цяперашні БНТУ) і інстытут Губкіна (сёння — Расійскі дзяржаўны ўніверсітэт нафты і газу імя Губкіна), які скончыў з адзнакай. У Германіі вучыўся у Вышэйшай партыйнай школе. Амаль 40 гадоў Анастас Лявонцевіч адпрацаваў у «Белтрансгазе» галоўным спецыялістам Дзяржгазнагляда СССР, стаў заслужаным работнікам Мінгазпрама СССР. Красамоўны факт: менавіта па яго ініцыятыве «Захадтрансгаз», як раней называлася прадпрыемства, стаў «Белтрансгазам».

Прыдумаў Анастас Лявонцевіч і назву вуліцы, на якой жыве ў пасёлку Лясны Бараўлянскага сельскага Савета. Гэта цяпер Бярозавы гай — адна з асноўных вуліц населенага пункта. Калі ж будаваўся наш падпісчык, тут было ўсяго некалькі хат. Праўда, адраса яны некаторы час не мелі. «А як гэта, каб вуліца была безназоўная? — задаўся пытаннем наш чытач і пайшоў у адміністрацыю. — Ці то жартам, ці то не, мяне папрасілі прапанаваць варыянты назваў. Я і кажу — Бярозавы гай. Пытаюцца: чаму? Кажу ім: ідзіце да мяне на падворак і паглядзіце, што ўвесь агарод у бярозах».

У сельскім Савеце назву адобрылі. Сёння, праўда, бяроз ужо не так шмат: дрэвы выцеснілі новыя асабнякі. Але ў Анастаса Лявонцевіча некалькі бяроз захавалася. Яны займаюць пачэснае месца побач з туямі і яблынямі. Увогуле, на ўчастку ў Анастаса Семяновіча — дагледжаны агарод, цяпліца, вялікая колькасць самых розных кветак — дзякуючы ўмелым рукам нявесткі яны квітнеюць ад ранняй вясны да позняй восені. Наш чытач таксама без справы не сядзіць: і градку ўскапаць можа, і лазню натапіць (і гэта ў 89 гадоў!), а таксама ён косіць траву — сучаснай касілкай, вядома, але тым не менш. Яшчэ нядаўна трымаў якую-ніякую гаспадарку, сёння ж ужо можа спраўляцца толькі з курамі.

Скарб ад цара і падарунак ад маршала

Мы сядзім на падворку ў Анастаса Семяновіча, любуемся прыродай. Раптам ён згадвае свайго бацьку. Аказваецца, селянін з-пад Слуцка ахоўваў Мікалая ІІ. Падчас рэвалюцыі многіх сваіх людзей цар адпусціў, перад гэтым шчодра ўзнагародзіўшы за верную службу. Гаршчочак з манетамі, а былі там і залатыя, закапалі ў садзе. Калі той спатрэбіўся, знайсці скарб, падораны Мікалаем ІІ, не атрымалася.

Яшчэ адзін красамоўны факт: бацьку нашага героя сам Жукаў зрабіў падарунак. Толькі маршалам Георгій Канстанцінавіч тады яшчэ не быў. Да вайны будучы палкаводзец служыў у Слуцку — камандаваў 4-й кавалерыйскай дывізіяй імя Варашылава. Старэйшы Семяновіч быў у яго забеспячэнцам. За добрую службу Жукаў аддаў яму свайго сабаку, які шмат гадоў верна служыў свайму новаму гаспадару.

— У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы тройчы забіралі Грэкса (нямецкую аўчарку, падораную маршалам. — Аўт.), — расказвае Анастас Лявонцевіч. — І тройчы давалі за яго паўмяшка солі. Але жывёліну не падманеш: сабака ўсё роўна вяртаўся дамоў.

У канцы нашай размовы пытаюся ў гаспадара, адкуль у яго такое незвычайнае імя.

— Калі ў 1944 годзе пайшоў у сельскі Савет па пасведчанне аб нараджэнні, у графе «імя» мяне запісалі як Анастасія, — кажа суразмоўнік.

— Відаць, пераблыталі: так звалі маю сястру. У той час моцна не думалі. Замест таго, каб перарабіць дакумент, перапісалі апошнюю літару. Сказалі, Анастасіем буду. Так у мяне з’явілася новае імя. Хоць дагэтуль звалі мяне ўсе Станіславам.

Вераніка КАНЮТА,

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА,

Пасёлак Лясны.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.