Вы тут

Спявачка Мішэль: Я люблю пераадольваць свае страхі


Мая гераіня занялася спартыўнымі трэніроўкамі падчас пандэміі, бо, як кажа сама, характар не дазваляе сядзець без справы і руху. І сапраўды, пры першай сустрэчы адразу ж заўважаеш яе вытанчаную фігуру, імпэт і энергічнасць, прыгажосць вачэй, шчырую ўсмешку... Нягледзячы на тое, што мая суразмоўніца лічыць сябе добрай гаспадыняй, у доме якой пахне пірагамі і ўсё блішчыць ад чысціні, яна цудоўна сумяшчае свае творчыя камандзіроўкі па краіне і педагагічную дзейнасць. А яшчэ яе песня «Кудзеля» 23 тыдні трымалася на першых прыступках хіт-параду тэлеперадачы «Наперад у мінулае». Як ёй удаецца знайсці ў сутках 25-ю гадзіну, чытайце далей у нашым інтэрв'ю.


«Была ў шоку, калі прайшла на бясплатнае»

Фота Антона Кузняцова.

— Яшчэ ў школе мне падабалася вывучэнне замежных моў, другой мовай была французская, — пачынае гутарку з гісторыі ўзнікнення свайго творчага псеўданіма Мішэль. — Надышоў момант паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, вельмі хацелася быць артысткай, бо падчас вучобы ў бараўлянскай гімназіі я займалася ў сур'ёзным калектыве «Арфей» пад кіраўніцтвам Таццяны Солдак. Мы ўдзельнічалі ў розных конкурсах — «Усе мы родам з дзяцінства», «Сузор'е надзей», атрымлівалі Гран-пры. Бацькі мяне падтрымалі, сказалі, што дапамогуць на шляху да мары, а ці змагу я выкарыстаць свой шанц у жыцці або не — будзе мой выбар! Я не мела права расчараваць бацькоў! Вядома, я была ў шоку, калі прайшла на бясплатнае, а там такі конкурс! Я паступіла на вакальна-эстраднае аддзяленне, нас аказалася ўсяго трое на бюджэце, гэта, канешне, было вельмі прыемна. Я пазнаёмілася з Леанідам Шырыным, які пісаў мае першыя песні... Тады і спытаў, які хачу псеўданім. Ведаў, што я захаплялася французскай мовай, кажа, а няхай будзе Мішэль. Я згадзілася, бо гэта можна было звязаць і з памяццю аб маім дзядулі, якога звалі Міхась, ён быў добры, адкрыты чалавек. Цяпер мяне амаль паўсюль называюць Мішэль, нават дома (смяецца).

Фота Рахіма Давыдава.

«Барацьба — гэта прыемна»

— Конкурсы, як і спаборніцтвы, нясуць у сабе момант барацьбы. Аднак для мяне вельмі важныя стасункі — я набываю мноства новых сяброў, а гэта вялікі плюс. Заўсёды хочацца перамагчы, аднак, калі бачу, што ёсць людзі, мацнейшыя за мяне, і калі яны перамагаюць, гэта насамрэч зразумела. На конкурсе Turkvіsіon-2020, напрыклад, вельмі кампетэнтнае журы, гэта было відаць па балах. Мы, артысты, таксама сачылі і рабілі стаўкі. Калі ёсць шчырая канкурэнтная барацьба — гэта заўсёды прыемна. Мне аднойчы сказалі: не імкніся быць першай сярод самых слабых, няхай ты будзеш дваццатай, але сярод самых моцных у свеце, — і я стараюся гэтага прытрымлівацца. Напрыклад, мне шчыра падабаецца песня «Кудзеля», якую выконвала ў тэлеперадачы «Наперад у мінулае». Памятаю, прыехала на студыю да Сяргея Сухамліна, ён кажа: «Ну давай, паспрабуем запісаць». Праспявала, ён гаворыць: «Усё, запіс прайшоў, ты выканала з першага дубля бездакорна». Песня пайшла ў народ. Цяпер знаходжуся на дошцы гонару гэтай перадачы (смяецца). А яшчэ думаю аб творчым канцэрце і хачу яго запланаваць на пачатак будучага года, люблю да ўсяго рыхтавацца адказна.

«Зрабіла сабе карэ»

— Люблю, калі гавораць праўду ў вочы. І на сцэне стараюся весці сябе так, як і ў жыцці. Напрыклад, калі спяваю песню «Хаціна», у мяне заўсёды слёзы, бо гэты твор дарагі: успамінаю сваіх бацькоў... Мяркую, глядач бачыць, калі артыст шчыры, гэта, мне здаецца, вельмі важна. Да крытыкі стаўлюся адэкватна. Калі цябе крытыкуюць, значыць, табой цікавяцца, чымсьці ты зачапіў. У мяне заўсёды былі доўгія валасы. І ў нейкі момант вельмі блізкі мне чалавек сказаў: «Слухай, нешта ў творчасці ты заварылася, давай зменім прычоску». Я пайшла і зрабіла сабе карэ ды чолку. І праз месяц паўдзельнічала ў нацыянальным адборы на «Еўрабачанне» ў неверагодным вобразе, мяне не пазнавалі! Цяпер я спакойна стаўлюся да змены вобраза. Складана, напэўна, для мяне перафарбаваць валасы ў рыжы, аднак, думаю, настане той момант, калі і гэта можа адбыцца (смяецца).

«Ніколі не кажы «ніколі»

— Пасля вучобы ва ўніверсітэце і атрымання спецыяльнасці «Артыст эстрады. Выкладчык вакалу» я апынулася па размеркаванні ў Радашковічах, у Доме культуры. Ездзіла кожны дзень на маршрутцы на работу. Выкладала там у вакальнай студыі «Мішэль». Цяжка спачатку даводзілася, бо трэба ж назапашваць педагагічны вопыт. У мяне былі вельмі добрыя дзеці, слухаліся. Вясёлы быў час: адначасова ў Дом культуры размеркавалі трох маладых спецыялістаў — рэжысёра, харэографа і вакалістку. Мы пасябравалі, адпрацавалі на адным дыханні. Пасля я для сябе вырашыла, што выкладанне — не маё. Але аднойчы патэлефанаваў мой знаёмы і кажа: «Дапамажы: выкладчык паехаў на гастролі, трэба замяніць». Гэта была прыватная школа. Я пачала падымаць усе свае ўніверсітэцкія запісы: там жа дарослыя людзі, і трэба было заявіць пра сябе, вельмі перажывала. Але так уцягнулася, што мне пачалі званіць па рэкамендацыях. Тады падумала: ніколі не кажы «ніколі». Цяпер у мяне свая прыватная школа вакалу. Сярод вучняў — і актрыса, і трэнер па фігурным катанні, і нават маленькія дзеткі. Запісацца на прыватныя ўрокі можа кожны ахвотны, бо, лічу, калі чалавек хоча — гэта ўжо паўшляху да поспеху.

Фота Таццяны Глушаковай.

«Калі заплюшчыць вочы — кітаянка»

— Адзін з прадукцыйных і бясцэнных вопытаў адбыўся у маёй творчасці 11 гадоў таму — гэта вывучэнне песні на кітайскай мове падчас гастроляў з Дзяржаўным ансамблем танца Беларусі па Кітаі. За месяц мне сказалі: «Ты з намі ляціш»: колер валасоў — тое, што трэба для Кітая, нос — таксама (смяецца), аднак трэба вывучыць песню на кітайскай мове. Я сядзела днём і ноччу, перапісвала рускімі літарамі кітайскія гукі, кожны дзень адкрывала для сябе нешта новае. У Кітаі мясцовы імпрэсарыа за дзень да выступлення папрасіў зрабіць здачу канцэрта. Я выйшла, праспявала. Падыходжу, пытаюся: «Можа, трэба нешта паправіць», бо яна ўвесь час маўчала. Тая гаворыць: «Якія праблемы, вы праспявалі, калі заплюшчыць вочы, як кітаянка». Пасля ўжо нам з маім калегам неабходна было падрыхтаваць твор на кітайскай мове для дуэта. Скажу шчыра, мы вывучылі песню за ноч у цягніку. Вельмі прыгожа атрымалася.

«З гэтым я спраўлюся»

Трэба прайсці любы бар'ер, які нам ставіць жыццё, бо я дакладна ведаю: калі страшна, туды трэба ісці і гэты страх прайсці. У дзяцінстве я правалілася пад лёд, і ў дарослым жыцці ездзіць кожны год на мора і заходзіць у ваду па калена лічыла недарэчным. Вырашыла, што з гэтым спраўлюся. Знайшла сабе цудоўнага інструктара і наноў навучылася плаваць. Я люблю пераадольваць свае страхі. Заўсёды гавару сабе: у мяне ўсё атрымаецца. Мяне запэўнівалі, што я ніколі не буду кіраваць машынай, я сказала: «Буду». І цяпер без «абаранкі» не ўяўляю жыццё! (Смяецца.)

Гэтая ўпартасць у мяне з дзяцінства. Памятаю, калі была маленькай, у мяне быў вельмі ціхі голас. Аднак так хацела стаць салісткай. Тата расказваў, калі яны з мамай з'язджалі, я ўключала песні і спявала гучней, займалася на фартэпіяна па чатыры гадзіны штодзень, вялікі дзякуй маёй настаўніцы Вользе Леанідаўне Івановай, бо менавіта яна дапамагла ў дзяцінстве здзейсніць мару — займацца музыкай, паверыла ў мяне, і я дагэтуль сябрую з ёй! Таму, абапіраючыся на свой дзіцячы вопыт, разумею: калі чалавек сапраўды хоча, ён абавязкова прыйдзе да выніку.

«Са мной невыносна жыць»

— Мне чамусьці заўсёды дораць мядзведзікаў, а знаёмыя называюць мядзведзікам. Аднак, мне здаецца, я не такая ўжо і мяккая (смяецца) — са мной невыносна жыць.

Я такі чалавек — люблю, каб заўсёды ў доме быў парадак, каб ежа была нагатавана. Нядаўна сур'ёзна хварэла — ангіна, тэмпература амаль 40. Ляжу і бачу: на падлозе — пыл. Не, думаю, ляжаць я не буду. Вяртаецца муж з работы і гаворыць: «Ты ж хворая, навошта прыбірала, а суп навошта варыла, адбіўных нарабіла?.. Добра, а торт навошта спякла?!» (Смяецца.) Я не магу без справы сядзець і вельмі люблю гатаваць. Увогуле, рыса майго характару — яна ж устаноўка — ніколі не спыняцца. Бывае, выязджаю з дому а 9-й гадзіне, а прыязджаю а 23-й, а то і пазней. І думку, што можна крыху паспаць, стараюся праганяць, бо лянота спараджае рэгрэс. На мяне нават трэнер сварыцца пастаянна, не дапусціў да трэніроўкі, калі хварэла, хоць я вельмі таго хацела, бо самае цяжкае для мяне — ляжаць і нічога не рабіць.

Характар у мяне той яшчэ. Разумею, што дзесьці можна было б і прамаўчаць, бо сужэнец і бацькі вельмі дапамагаюць з дачкой. Урокі, праўда, на мне, я сама так вызначыла. Хоць, здаецца, мой муж, архітэктар, многага не заўважае, за 18 гадоў ён ужо прывык. Калі сур'ёзныя мерапрыемствы ці канцэрты, прашу, каб муж з дачкой паехалі да маіх бацькоў на пэўны час, каб я змагла дома выспацца, падрыхтавацца. Бо калі Аліса дома, я люблю з ёй чым-небудзь цікавым заняцца: памаляваць, паляпіць, паглядзець фільм і г. д. Бывае, яна заходзіць да мяне на кухню і кажа: «Мама, перашкаджаю?» Я кажу: «Не», а яна: «Пагаворым?» І пачынае... (Смяецца.) Дачка, дарэчы, таксама ўжо гатуе. У васьмігадовай Алісы ёсць свае фірменныя рэцэпты печыва — толькі яна займаецца цестам для яго, сама пячэ прысмакі на святы ў школу.


Пажаданне ад зоркі

Усе мае песні пра каханне. Таму жадаю чытачам знайсці сваё каханне, а калі знайшлі — то захаваць і ўтрымаць яго, не даць адбыцца якой-небудзь памылцы, што можа парушыць два жыцці. У мяне ёсць песня «Зоры», (аўтары Фёдар Жыляк і Надзея Ждан), раю паслухаць. Я заўсёды слухаю тэкст, каб абавязкова ў ім быў сэнс. І калі адчуваю водгук у сэрцы, бяру ў свой рэпертуар.

Надзея ЗУЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.