Вы тут

Казка на спартыўнай пляцоўцы. Малым патрэбны не мульцікі, а мультыспорт


Усе малыя растуць на мультфільмах, спрэчкі аб карысці ці шкодзе якіх не сціхаюць, здаецца, ніколі. А некаторыя дзеці растуць на мультыспорце, карысць якога аднагалосна прымаецца спецыялістамі і пацвярджаецца вопытам. Пра гэта бясконца можа расказваць Настасся Лісоўская — адна з першапраходцаў канцэпцыі мультыспорту ў Беларусі. У мінулым гарналыжніца, удзельніца першых юнацкіх Алімпійскіх гульняў 2012 года ў Інсбруку, яна сама прайшла школу мультыспорту. Затым пазнаёмілася з замежнымі калегамі падчас юнацкіх алімпійскіх гульняў 2016 і 2018 гадоў, дзе прадстаўляла Беларусь у якасці маладога пасла. Практычныя веды Настасся ўмацавала тэарэтычнымі падчас вучобы ў Расійскім міжнародным алімпійскім універсітэце ў Сочы. І зараз багаты мультыспартыўны вопыт перадае вучням свайго спартыўнага клуба Leskі.


Чаму дзяцей трэба захапляць не мультфільмамі, а мультыспортам, Настасся Лісоўская расказала «Сямейнай газеце».

— Настасся, ці ёсць канкрэтнае азначэнне мультыспорту? Колькі відаў павінна быць аб'яднана, каб казаць пра яго?

— Канкрэтнага акадэмічнага азначэння няма. Калі я вучылася ў Сочы і сур'ёзна цікавілася тэмай, вывучаючы замежную практыку, заўважыла, што гэта не так шмат дзе развіта. Новая Зеландыя, Аўстралія, Канада — лідары. Там працуе мноства клубаў з вялікай колькасцю дзяцей самага маленькага ўзросту, якія займаюцца і баскетболам, і тэнісам, і валейболам, і яшчэ шмат чым. І вось гэта такі класічны мультыспорт. Чаму ў нас я займела нахабства казаць пра мультыспорт? Таму што галоўнае — не колькасць відаў спорту, а сістэмнасць заняткаў. Не так, што сёння адно, заўтра іншае. Усё павінна быць узаемазвязана. Гэтай зімой нашы дзеці займаліся ролікамі, і некаторыя па жаданні хадзілі на заняткі па горных лыжах. Падрыхтоўка па гэтых відах спорту пераплятаецца. Дзякуючы ролікам, яны ўмеюць трымаць баланс, раўнавагу, умеюць адштурхоўвацца і пераносяць гэта на лыжы.

— А хто першы пачаў выкарыстоўваць такую канцэпцыю ў рабоце з дзецьмі?

— Хто першы ў свеце, я не ведаю, імя першаадкрывальніка нідзе не згадваецца. Мне здаецца, гэта прыйшло з агульнай практыкі трэнераў. Шматлікія спецыялісты лічаць, што ранняя спецыялізацыя для дзяцей не проста не пажадана — яна нават шкодная для мышачнага і касцявога апарату, пры сур'ёзных занятках адным відам спорту пачынаюцца экстрэмальныя, сур'ёзныя практыкаванні... Прывіццё дзецям любові да актыўнай дзейнасці, а не да спорту, дзе абавязкова трэба перамагаць, першапачаткова гэта гульня — вось што добра. Прачытала недзе добры выраз пра тое, «як шмат дзяцей мы страцілі, калі перасталі з імі гуляць». І гэта асноўнае.

— А як ты пачала працаваць у гэтым кірунку?

— Практыка пайшла з уласнай практыкі. Калісьці я займалася горнымі лыжамі. Паколькі гэта складанакардынацыйны від спорту, зімой, акрамя саміх лыж і летніх збораў у Аўстрыі, было міжсезонне, і яго трэба было нечым займаць: ролікі, водныя лыжы, дадаткова мой тата вадзіў нас з братам на бадмінтон і тэніс. Усё гэта не паглыбляючыся, а каб атрымаць розныя навыкі. Дзякуючы тату мы крыху займаліся конным спортам, акрабатыкай.Падчас вучобы ў БДУФК з'явілася ўнутранае пытанне: што рабіць далей. І тата параіў аб'яднаць усё, што я ўмею і магу, дзеля агульнага аздараўлення і ўмацавання дзяцей.

— У якім узросце дзеці могуць пачынаць займацца мультыспортам?

— Аптымальны ўзрост — 3—3,5 года. Здавалася б, паўгода розніцы, але насамрэч яна адчувальная. У нас ёсць малы, які пачаў займацца ў тры гады і два месяцы, і ўжо відаць вынікі. І бацькі кажуць, што яму падабаецца хадзіць толькі на трэніроўкі, а не ў сад ці яшчэ кудысьці. Тут пытанне ў тым, што да трох гадоў дзецям патрэбна мама, яны жывуць у фармаце мама — малы.

— Колькі відаў спорту дзіця можа сумяшчаць адначасова і па якім прынцыпе яны аб'ядноўваюцца?

— Тут трэба шукаць залатую сярэдзіну і пастаянна эксперыментаваць. Практыка паказала, што дзеці за тры месяцы могуць засвоіць базавыя навыкі па кожным відзе спорту. Калі з нуля пачынаюцца, напрыклад, ролікі, то праз тры месяцы малыя ўжо не проста стаяць і тупаюць, а катаюцца. Вынікі ў гімнастыцы ці акрабатыцы складаней адсачыць, але відаць, што дзіця можа зрабіць кола, кулёк. А можа проста слухаць каманды трэнера і выконваць заданні, гэта нябачны вынік, але вельмі важны. У такім узросце важная і ментальная трэніроўка дзяцей, яны павінны разумець, што ёсць трэнер, мы яго слухаем і робім тое, што ён казаў. Няма прынцыповай важнасці, што за чым ідзе. Таму што наша мэта — развіццё, аздараўленне і жаданне дзяцей ісці на заняткі.

— А фізіялагічныя патрабаванні да сумяшчэння відаў спорту ёсць?

— Ёсць, канешне, але гэта не закон. Лепш за ўсё пачынаць з гімнастыкі. Яна дапамагае пасля лета, пасля канікул прывесці дзяцей у тонус, дысцыплінуе. Як я ўжо казала, добра, калі ролікі сумяшчаюцца з лыжамі. Абавязкова трэба ўключаць агульную фізічную падрыхтоўку. У кожным відзе спорту акцэнт робіцца на пэўную частку цела, а агульная падрыхтоўка задзейнічае ўсе групы мышц. Гэта базавыя веды, якія патрэбны ўсюды.

— Чаму такое папулярнае меркаванне, што дзеці павінны займацца плаваннем, што гэта бадай ці не галоўны від спорту для малых?

— Для дзяцей плаванне вельмі важнае. Нездарма ў нас так шмат школ па плаванні. Плаванне — гэта ўмацаванне мышачнага карсета, пазваночніка. Улічваючы, што ў нас нават дзеці вядуць малаактыўны лад жыцця, сядзяць у тэлефоне, плаванне расслабляе мышцы, эмацыйна разгружае. Мы ўсе з вады прыйшлі і з яе складаемся. Гэта вельмі добрая асяроддзе для дзяцей. Але вельмі важна трапіць у прафесійныя рукі трэнераў. Яны — «сланы», на якіх усё трымаецца.

— Настасся, у якім узросце ўжо можна думаць пра сур'ёзную спартыўную будучыню?

— Гэта вельмі надзённае пытанне. З дзецьмі ад 3 да 8 гадоў фармат мультыспорт і агульнае развіццё — выдатна. А прыкладна з васьмі гадоў у бацькоў узнікае патрэба вызначыцца, многім хочацца паглыблена займацца адным відам. І тут патрэбна працаваць і з бацькамі. Яны павінны разумець, што сур'ёзны спорт — гэта новае жыццё і для дзіцяці, і для бацькоў, гэта дысцыпліна, новы ўклад і іншы свет. Калі казаць пра ўзрост, то па некаторых відаць і ў чатыры, і ў пяць гадоў, ці чакае спартыўная будучыня.

— Вось што канкрэтна відаць?

— Напрыклад, ідзе трэніроўка па гімнастыцы, усе стаяць, робяць практыкаванні, а адзін не можа проста выстаяць на месцы, пастаянна яму нешта трэба рабіць. Ён пераходзіць на ролікі, дзе ўсе ганяюць, дзе ў іх свабода — і там ён у сваёй стыхіі. А тыя, хто сталі, зрабілі, добра пацягнулі насочкі, — гэта не іх, яны могуць развівацца ў той жа гімнастыцы. І вось такія якасці характару можна накіроўваць далей. Па адных адразу відаць, па іншых складана сказаць: там ужо трэба глядзець, куды дзіця ідзе з лепшым настроем. Каля шасці гадоў дзеці ўжо падужэлыя, у іх ёсць каардынацыйная база, добра развіты вестыбулярны апарат, яны ментальна больш гатовыя, ведаюць, як сябе паводзіць на трэніроўках. І, гледзячы на дзіця, можна выбраць аптымальны для яго від спорту.

— Ці ёсць нейкія звесткі, як склаліся спартыўныя кар'еры людзей, якія пачыналі менавіта з мультыспорту?

— Не, яны яшчэ не паспелі вырасці. Калі ўзяць прафесійных спартсменаў у любым відзе спорту, то тыя ж футбалісты займаюцца лёгкай атлетыкай, гімнастыкай, акрабатыкай. Яны вучацца цягнуць «насочак», трэніруюць выносліваcць, гнуткасць і іншае. У прафесійным спорце ўсе разумеюць, што трэба развіваць розныя навыкі.

— На твой погляд, якой павінна быць роля бацькоў у трэніровачным працэсе дзяцей?

— Я разумею мам, якім хочацца паглядзець, як усё праходзіць, як сябе паводзіць дзіця, як працуе трэнер. Для гэтага ёсць адкрытыя заняткі. Але практыка паказала, што добра, калі бацькі і дзеці не бачаць адзін аднаго. Зразумела, што дзеці паводзяць сябе інакш без нагляду бацькоў.

Напрыклад, бацькі прыводзяць да мяне дзіця на індывідуальны занятак па горных лыжах і кажуць, што яно сёння лянуецца, бурчыць. Я даю бацькам магчымасць прагляду заняткаў на адлегласці, без каментавання трэніровачнага працэсу. І бачу зусім іншае дзіця. А яны потым самі дзівяцца. Дзеці трансфармуюцца пад таго, хто з імі ўзаемадзейнічае і як. Асабіста я за тое, каб бацькі былі на адлегласці, каб яны маглі бачыць дзяцей, а дзеці іх — не. Гэта таксама і пытанне даверу да трэнера. Я за ўдзел бацькоў, але не за ўмешванне іх у працэс трэніроўкі — так падрываецца аўтарытэт трэнера. Бацькам я жадаю быць побач, падтрымліваць і ганарыцца сваім дзіцем, незалежна ад вынікаў.

— Як ты ставішся да таго, што некаторыя бацькі аддаюць дзяцей у спорт, жадаючы задаволіць свае амбіцыі?

— Сапраўды, ёсць такая праблема. Я бачыла шмат такіх сітуацый яшчэ падчас сваёй спартыўнай кар'еры. Добра, калі дзіцяці падабаецца тое, чым яно займаецца. У супрацьлеглым выпадку растуць псіхалагічна траўміраваныя дзеці. Я бачыла сітуацыі, калі трэнер-бацька прымушаў сваё дзіця праз сілу займацца спортам. І ў дзіцяці заўсёды былі апушчаны вочы. Іншы момант, што цяпер дзеці вельмі свабодалюбівымі становяцца, выказваюць бацькам, што ім падабаецца, што — не. Амбіцыі бацькоў — цяжкая вялікая тэма, і ў гэтым няма нічога добрага. Трэба ж разумець, што дзіця — іншы чалавек, пакуль маленькі фізічна, але ж чалавек! І трэба даваць ямусвабоду выбару і магчымасць выбраць сваё, і гэта ўсё павінна быць з задавальненнем.

— Настасся, які твой галоўны прынцып як дзіцячага трэнера?

— Самае галоўнае для мяне — бяспека. А бяспека раўняецца дысцыпліна. Падчас заняткаў дзеці павінны працаваць, ім патрэбна магчымасць пасваволіць, але гэта абавязкова павінна быць бяспечна для іх. А дысцыпліна, бяспека — гэта ўжо адказнасць і паказчык прафесіяналізму трэнера. Галоўнае — захоўваць гульню, гуляць з дзецьмі. І я, працуючы непасрэдна з дзецьмі, кожны раз лунаю з імі ў казках. Сёння ён матылёк, заўтра тыгр, паслязаўтра супермен, потым снегавік і яшчэ нешта. На трэніроўцы ў кожнага ёсць ролі, усё, што робім, звязана ў нейкі казачны ігравы сюжэт. У нас ёсць чароўная лыжа, мы павінны яе пацерціаб сняжок. Малы проста слізгае на лыжах і прывыкае да іх, трымае баланс. Я спецыяльна скончыла курсы па методыцы работы з дзецьмі на горных лыжах. Гэтая методыка каласальна адрозніваецца ад дарослай. З дзецьмі вы не проста коціцеся на адной ножцы, вы праязджаеце ўмоўны вадаём, таму трэба падняць нагу. У дзіцяці павінны быць візуальныя вобразы, а не проста «злева-справа», «уверх-уніз». У мяне гэта ўсё ідзе проста з галавы, бо канкрэтна пад кожнае дзіця патрэбен свой сцэнарый: яны ж усе розныя. Вядома, для трэнера гэта больш энергазатратна. З дарослымі можа працаваць практычна кожны трэнер, а з дзецьмі — іншая справа. Дзяцей не падманеш. Яны адчуваюць, як да іх ставіцца дарослы чалавек, і ад гэтага залежыць вынік.

— Пакуль ты вучыш дзяцей катацца на горных лыжах, чаму навучылася сама?

— Яны настолькі шчырыя ў сваіх праявах, што скакаць з імі, гуляць — такое задавальненне, такая любоў, і дзеці гэта адчуваюць. Мяне яны навучылі быць заўсёды сумленнай, шчырай. Самае галоўнае — быць справядлівай. Справядлівасць, сумленнасць — гэта ўсё пра дзяцей. Ты можаш быць строгім, але справядлівым, і яны будуць цябе любіць. А можаш недзе схітрыць, і яны гэта адразу адчуюць. Гэта такі антыстрэс: я з імі пра ўсё забываю — пра турботы, клопаты. Гэта чысты ліст, на які глядзіш і разумееш: яны да цябе прыйшлі — значыць, давяраюць, нечага чакаюць, і ты павінен гэтаму адпавядаць.

— На твой погляд, чэмпіёнамі нараджаюцца ці становяцца?

— Я думаю, што ўсё ж такі становяцца. А можа быць, і нараджаюцца... Але гэта можна сказаць не толькі пра спорт. Ёсць чэмпіёны ў мастацтве, навуцы. Але ўсё роўна галоўнае — знайсці зерне, якое можа прарасці. Усё вакол павінна сысціся ў адной кропцы, пачынаючы ад здольнасцяў дзіцяці. Яно можа быць тысячу разоў таленавітым, але не старанным. На адным таленце далёка не выедзеш. Працавітасць і самадысцыпліна таксама вельмі важныя.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.