Вы тут

Празмерная цікаўнасць не даводзіць да дабра


Позна ўвечары 18 мая ратавальнікам Жодзіна паступіла паведамленне: неабходна дапамога дзіцяці, нага якога трапіла ў барабан пральнай машыны. Патэлефанавала і папрасіла аб дапамозе мама хлопчыка. Калі ратавальнікі прыехалі на месца, высветлілася, што дзіця знаходзіцца ў такім становішчы прыкладна 20 хвілін. Падчас аказання дапамогі ратавальнікі гутарылі з падлеткам, падбадзёрвалі і супакойвалі. Незвычайная аперацыя была завершана паспяхова.


Напэўна, даросламу цяжка ўявіць, што дзіця можа трапіць у падобную сітуацыю. Аднак фантазія і забавы малых часам не маюць межаў.

У гэты ж дзень, пасля 19-й гадзіны ў службу ратавання Гомеля паступіў званок ад дзяўчынкі. Дзіця растлумачыла, што падчас гульні залезла на дрэва і цяпер не можа самастойна спусціцца. Праз некаторы час ратавальнікі з дапамогай трохкаленнай лесвіцы знялі дзяўчынку з дрэва, з вышыні каля пяці метраў — гульня скончылася добра. У гэтай сітуацыі выратавала тое, што ў дзіцяці з сабой быў мабільны тэлефон. Важна, што дзяўчынка не разгубілася і не запанікавала, а патэлефанавала туды, куды трэба, і папрасіла аб дапамозе.

Днём раней, 17 мая, сталічным ратавальнікам паступіў трывожны званок ад хлопчыка, які паведаміў, што яго сябру патрэбна дапамога. Надзвычайная сітуацыя адбылася на будаўнічай пляцоўцы па вул. Княгінінскай. Нага дзіцяці аказалася пад элементамі бетоннага блока. Работнікамі МНС з дапамогай гідраўлічнага інструмента ён быў дэблакіраваны, дзіця перадалі медыкам. На жаль, у гэтым выпадку не абышлося без траўмаў.

Ратавальнікі пастаянна паўтараюць, што будоўля — не месца для дзіцячых гульняў. Але ж менавіта будоўлі, пустуючыя катлаваны, кар'еры часта прывабліваюць дзяцей, хоць гэтыя месцы хаваюць у сабе небяспеку нават для дарослых. Дзятва любіць будаваць лабірынты, лазы, пячоры ў пяску, але пясок вельмі каварны. Абвальванне грунту адбываецца маментальна, і магчымасці выбрацца з-пад завалу практычна няма.

Усе пералічаныя выпадкі вельмі розныя. Але іх аб'ядноўвае адно — у кожнай надзвычайнай сітуацыі пацярпелымі сталі дзеці. Добра, што гэтыя сітуацыі скончыліся без ахвяр. Аднак наступствы могуць быць розныя: траўмы, інваліднасць, а часам і гібель дзіцяці. У любой падобнай сітуацыі дарослым даводзіцца вінаваціць толькі сябе за тое, што недагледзелі, не патлумачылі, не папярэдзілі, не навучылі...

З самага нараджэння малое імкнецца пазнаваць свет, таму нельга пакідаць яго без нагляду нават на секунду. Вельмі часта дзяцей прыцягваюць дробныя прадметы, якія можна праглынуць так хутка, што дарослы нават не заўважыць. Захоўваць такую драбязу трэба ў недаступным для дзіцяці месцы: манеты — у кашальках, батарэйкі — у скрынях і г. д. Цацкі дазваляць толькі тыя, што адпавядаюць узросту. Прадметы, прызначаныя для старэйшых дзяцей, могуць утрымліваць дробныя дэталі, а значыць, небяспечныя для малых. Нельга таксама выкарыстоўваць у якасці цацак прадметы побыту, напрыклад, пульт ад тэлевізара ці гадзіннік.

7 сакавіка ў Лунінецкім раёне з акна трэцяга паверха выпала пяцігадовая дзяўчынка. У гэты момант маці спала. Застаўшыся без нагляду, малая хацела вылезці на вуліцу праз фортку на кухні. Аб бядзе паведамілі суседзі. Дзяўчынку з траўмамі даставілі ў бальніцу.

Адчыненыя вокны выклікаюць у ратавальнікаў асаблівую трывогу. Гібель дзяцей і рознай ступені цяжкасці траўмы, інваліднасць — гэта можа быць вынікам пакінутага без нагляду дзіцяці каля адчыненага акна. Нават маскітная сетка на вокнах не з'яўляецца перашкодай. Не адзінкавыя выпадкі, калі, абапёршыся на яе, малое разам з сеткай аказваецца за акном. Вельмі важна не толькі забараняць, але і тлумачыць, чаму нельга гуляць каля адчыненага акна і якія могуць быць наступствы.

Доўгачаканыя летнія канікулы пачынаюцца ў школьнікаў. Вельмі важна, каб адпачынак дзяцей быў бяспечны. Спланаваць яго павінны, вядома ж, бацькі. Загадзя прадбачыць, дзе і што можа здарыцца, зразумела, немагчыма. Але пастаянныя стасункі з дзецьмі, тлумачэнне той ці іншай сітуацыі заўсёды дадуць станоўчы вынік. Магчыма, і самі дарослыя не заўсёды ведаюць правільны выхад у нейкай сітуацыі. Вучыцца ніколі не позна! Пазнавайце, вывучайце, асвойвайце разам з дзецьмі жыццёва неабходныя правілы.

Ратавальнікі жадаюць усім малым і дарослым бяспечнага летняга адпачынку!

Марына Васілеўская, галоўны спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра  прапаганды МНС

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.