Вы тут

Шчасце не ў грашах, а ва ўменні іх лічыць


Мы рэдка задумваемся пра тое, што дабрабыт чалавека можа залежыць у тым ліку і ад таго, якое стаўленне да грошай яму прывілі ў дзяцінстве, ці навучылі імі распараджацца. Тыя ж кішэнныя грошы ў дзіцяці — гэта выдатны інструмент для фінансавага навучання. І няхай напачатку малыя робяць шмат памылак, трацяць свае зберажэнні «не на тое», негатыўны вопыт таксама вельмі карысны. І няхай лепш хлопчыкі і дзяўчынкі пройдуць праз яго, распараджаючыся малымі грашыма, чым пасля будуць ламаць галаву, як пражыць ад заробку да заробку.


Сакрэты для Волечкі

Калі дачцэ споўнілася пяць гадоў, бабуля на дзень нараджэння падарыла ёй грошы. Ажно 50 тысяч. (Было гэта яшчэ да дэнамінацыі.) Малая пахвалілася старэйшаму сябру з дзіцячай пляцоўкі. Хлопчык адразу ўцяміў, як дзяўчынку «раскруціць» на грошы, захапіў дзве свае купюры па сто рублёў: «Вось у мяне дзве паперкі, ты бяры сваю, і мы закупім прысмакаў». Дзеці набралі цэлую торбу ўсялякіх «лахендрыкаў», а бабуля, якая заспела іх за паяданнем, адразу ўцяміла, на што пайшоў яе падарунак. Пасля сур'ёзнай гутаркі Волечка адкрыла для сябе шэраг грашовых сакрэтаў. Яна даведалася, што купюры маюць сваю вартасць, разабрала разам з бабуляй варыянты, што яшчэ магла б набыць за тую суму. Яны нават пралічылі, на якую пакупку дзяўчынка магла б назбіраць грошай. З таго часу бабуля ўключылася ў «фінансавае» выхаванне ўнучкі, тлумачыла, на што наогул ідуць грошы, паказвала, як робяцца камунальныя плацяжы. Разам хадзілі па прадукты і рэчы, пралічвалі агульную суму пакупак, прыглядаліся, што ў розных крамах цэны на адзін і той жа тавар могуць не супадаць. Да таго ж так бабуля замяніла курсы па падрыхтоўцы да школы. Падчас падобных фінансавых урокаў дзіцяці даводзілася назіраць, чытаць этыкеткі, канцэнтравацца, аналізаваць, лічыць пра сябе.

Давай дамовімся

Так, фінансавае навучанне дзіцяці можа пачацца з сумесных пакупак. Але калі малое толькі сочыць за тым, як вы ўсё робіце, асаблівай карысці не будзе. Можна выдзеліць яму невялікую суму і даць заданне, напрыклад, набыць асобныя прадукты на стол — няхай спрабуе само пралічыць, на што яму хопіць. Не старайцеся адразу выправіць памылкі, дзіця здолее самастойна іх прааналізаваць, каб наступным разам зрабіць лепшыя пакупкі. Можа, спачатку ваш сын выбера дзве машынкі, якія адразу паламаюцца, але наступным разам аддасць перавагу больш надзейным. У знаёмых хлопчык, калі просіць падарункі да дня нараджэння, адразу ставіць умовы: «Вы не набывайце мне некалькі канструктараў. Няхай ён будзе адзін, але дарагі, каб я мог з ім гуляць і зробленае не рассыпалася ў руках. А я вам абяцаю, што буду яго берагчы».

Наступным крокам можна даверыць дзіцяці пакупкі прадуктаў, якія раней рабілі дарослыя. І неабавязкова вы будзеце пасылаць яго толькі па хлеб з малаком. Няхай паступова вучыцца абслугоўваць сябе: напрыклад, набываць бутэлечкі з вадой, якія возьме на спартыўную трэніроўку, ці прадукты для перакусу ў школе, сшыткі, канцтавары, а ў падлеткавым узросце ўжо здолее выбраць сабе новыя красоўкі ці футболку.

Спачатку варта тлумачыць, на што вы даяце грошы. Але, каб фінансавае навучанне было паўнавартасным, важна, каб дзіця мела пастаянную крыніцу даходаў. Так, калі яно будзе ведаць, што ў пэўныя дні рэгулярна атрымае агавораную суму, зможа нават планаваць пэўныя пакупкі, прыглядацца да цэн у крамах, задумвацца, што лепш: набыць шакаладку ці паберагчы грошы для іншай пакупкі. Менавіта з уласных зберажэнняў падлетак набывае падарункі да дня нараджэння сяброў ці білеты ў кіно. Загадзя прагавораныя правілы дапамагаюць дзіцяці сарыентавацца ў сітуацыі. Яно будзе ведаць, што рабіць, каб атрымаць жаданы вынік, напрыклад, зможа адкладаць грошы на новы мабільнік ці паездку з сябрамі. А яшчэ ў сямейных дагавораў ёсць вельмі каштоўны «пабочны эфект»: дзеці вучацца супрацоўнічаць, дамаўляцца, абмяркоўваць умовы. Такія навыкі ім спатрэбяцца ў дарослым жыцці.

Грашовыя сумы могуць павялічвацца з узростам дзіцяці. Але важна не адступаць ад агавораных загадзя правіл. Калі ваш сын ці дачка «спусцілі» грошы на нешта не вельмі патрэбнае, не выдавайце яму дадатковую суму. Да таго ж з ростам патрэб такое стаўленне бацькоў паступова будзе падводзіць нашчадкаў да думкі аб магчымасці зарабіць. Наогул, карысным будзе прагаворваць з дзецьмі варыянт, што праз некаторы час яны будуць жыць самастойна.

Таксама можаце падключыць дзіця да распараджэння фінансавым бюджэтам сям'і. Напрыклад, скажыце, што вы можаце выдзеліць пэўную суму на дадатковае навучанне, і няхай дзіця само выбірае, што важней: курсы ігры на гітары ці спартыўная секцыя. А чаму б не абмяркоўваць з дзецьмі вялікія сямейныя выдаткі? Можна разам вырашаць, што лепш: набыць новы тэлевізар ці з'ездзіць адпачыць?

Важна фарміраваць правільныя адносіны да грошай, паказваць, што яны даюць новыя магчымасці. Гэта ці не лепшы матыватар для дзіцяці, каб удасканальваць сябе, вучыцца і ў далейшым атрымаць добрую працу.

Не ўсё можна купіць

Сямейныя канфлікты, завязаныя на грошах, таксама могуць уплываць на фарміраванне асобы дзіцяці.

Папрокі ў дрэнных заробках, завышаныя патрэбы, няўменне распараджацца грашыма могуць пачынацца там, дзе не хапае цеплыні. Псіхолагі адзначаюць: калі наладжваюцца ўзаемаадносіны паміж сужэнцамі, паступова закрываюцца і фінансавыя прэтэнзіі адзін да аднаго. Гэта міф, што з вялікімі грашыма можна адчуваць сябе спакойным, упэўненым і задаволеным. Гарманічныя адносіны не купіш ні за якія грошы.

На жаль, часта грашыма бацькі спрабуюць адкупіцца ад дзяцей. Новымі цацкамі, пачастункамі, білетамі ў забаўляльны цэнтр занятыя бацькі спрабуюць кампенсаваць недададзеныя дзецям час, увагу, клопат. І такім чынам фарміруюць у дзяцей няправільнае стаўленне да грошай і рэчаў. Малыя прызвычайваюцца да іх бясконцага паступлення. У выніку і тое, што яны ўжо маюць, часта не цэніцца. Такія хлопчыкі і дзяўчынкі не сочаць за сваімі рэчамі, не берагуць іх і ўвесь час патрабуюць новых падарункаў. Не трэба спяшацца адразу задаволіць усе запыты дзіцяці. Магчыма, малому патрэбна не столькі цацка, колькі пацвярджэнне, што яго любяць. Вось толькі яно не ведае, як данесці да родных людзей гэтае сваё жаданне.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Шчасце не ў грашах, а ва ўменні іх лічыць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.