Вы тут

Не шкадуйце часу на дзяцей


У мінулую нядзелю мая хросная дачка ішла да першай споведзі. Гэта важны рытуал у католікаў, які сімвалізуе прыняцце Бога ў сваё сэрца. Да такога ўрачыстага дня дзеці рыхтуюцца доўгія два гады. Вучаць малітвы, спасцігаюць асновы рэлігіі, наведваюць з экскурсіяй святыя мясціны, кожную нядзелю ідуць у касцёл на святую імшу — малыя сталеюць духоўна, вучацца жыць па законе Божым.


У свой час мяне, школьніцу, таксама рыхтавалі да першай споведзі. Нягледзячы на тое, што хрысцілі ў царкве, у касцёл мне хадзіць ніхто не забараняў — бацька-католік, бабуля і дзядуля па яго лініі ўсяляк падтрымлівалі маё рашэнне стаць бліжэй да Бога. Не быў супраць і ксёндз: ён казаў, што калі пасталею, то сама вызначуся з канфесіяй, а пакуль наведванне касцёла пойдзе толькі на карысць. І гэта сапраўды было няблага. У нас тады ў вёсцы, акрамя школы, займацца асабліва не было чым. Ніякіх табе гурткоў і секцый, куды прынята вадзіць сучасных дзяцей. Таму не дзіва, што хадзіць «на рэлігію» імкнуліся амаль усе школьнікі. І гэта было цікава. Мы не толькі вучылі малітвы і каталіцкія песні, мы глядзелі пэўнай тэматыкі кінастужкі, аб'ездзілі ў акрузе ўсе храмы, рыхтавалі да штотыднёвай нядзельнай імшы выступленні.

Хрэсніца ж мая хадзіла на касцёльныя заняткі пад прымусам — наблізіць дзяўчынку да касцёла хацелі не столькі бацькі, колькі бабуля. Каб дагадзіць ёй, Аляксандра добрасумленна выконвала ўсе заданні, але заняткі не прыносілі ёй асаблівага задавальнення. Хоць бы з той прычыны, што замест адпачынку пасля школы і наведвання шматлікіх секцый трэба было спасцігаць іншую навуку. Магчыма, прычына і ў тым, што мала хто з сучасных падлеткаў шчыра верыць у Бога, яшчэ менш — тых, хто па сваім жаданні ходзіць у храм.

Калі мы хрысцілі свайго Цёміка (малому было тры месяцы), наш вясковы святар, айцец Мікалай, сказаў, што бацькі абавязкова павінны даць дзецям дзве рэчы — Бога і свой вольны час. Каштоўная парада мудрага чалавека. Дзіця, якое з маленства ходзіць у храм (няхай і не кожную нядзелю), ведае пра існаванне Бога, разумее, што крыжык, які вісіць на яго шыі, — не проста ўпрыгажэнне, а таксама імкнецца жыць па 10 запаведзях, вырасце як мінімум добрасумленным і прыстойным чалавекам. А каб яно было яшчэ адукаванае, развітое і выхаванае, сапраўды важна прысвячаць малому свабодны час. «Дзе яго ўзяць?» — скажуць занятыя працоўнымі абавязацельствамі бацькі, якія пасля рабочага дня хочуць адпачыць. Аднак не ва ўсіх атрымліваецца. Асабліва гэта датычыцца жанчын, якія пасля рабочай змены «заступаюць» на дамашняе «дзяжурства».

А што рабіць дзецям? Ім, у рэшце рэшт, усё роўна, прыбрана ў хаце ці не, памыта ці адпрасавана іх адзенне, мала іх хвалюе і тое, колькі часу марнуецца толькі на прыгатаванне ежы. Малыя, якія ўвесь дзень не бачылі сваіх бацькоў, хочуць пабыць з імі побач: не проста сядзець на кухні з мамай, якая абірае бульбу ці варыць суп. Дзеці чакаюць «зваротнай сувязі»: яны хочуць з намі гуляць, паказаць, чаму новаму яны навучыліся ў дзіцячым садку ці школе, проста разам з мамай ці татам паглядзець тыя ж мультфільмы, каб было з кім абмеркаваць убачанае.

Вядома, глядзець з малымі мульцікі, — для занятых бацькоў гэта вялікая раскоша. Аднак па сабе ведаю, што прыярытэты трэба мяняць. Пакіньце нейкую дамашнюю справу на заўтра, на выхадныя. Калі ж не атрымліваецца, падключайце да пэўных абавязкаў малых. Майму Цёміку, напрыклад, толькі за шчасце трымаць у руках пыласос альбо націскаць на распыляльнік сродку для мыцця вокнаў, накіроўваючы яго на шкло. Вядома, мые вокны ў выніку мама, а з пыласосам далей спраўляецца тата. Але малы адчувае, што ён патрэбны, а галоўнае, ён зрабіў нешта разам са сваімі бацькамі.

Не шкадуйце часу на дзяцей. Хадзіце з імі на шпацыры, малюйце ўсялякую бязглуздзіцу, абмяркоўвайце мульцікі і кінастужкі, чытайце разам кнігі — гэта не так шмат, каб ваша дзіця было шчаслівае. Паверце, ваша ўвага, якую вы прысвячаеце сваёй малечы, абавязкова вернецца вам у будучыні.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.