Вы тут

У Кобрынскім раёне створана прадпрыемства па перапрацоўцы рыбы


Комплекс па перапрацоўцы рыбы таварыства з абмежаванай адказнасцю «ЮдзісІнвест» у вёсцы Шамятоўка не проста функцыянуе, але ўвесь час паступальна развіваецца: вядзецца мадэрнізацыя, запланаваны ўвод у эксплуатацыю новых вытворчых цэхаў, складскіх і дапаможных памяшканняў. Тут паспяхова асвойваюць новыя віды прадукцыі, пашыраюць асартымент, працуюць над павелічэннем геаграфіі рынкаў збыту. І як вынік — у мінулым годзе агульны таваразварот кампаніі вырас на 120 працэнтаў.


Дырэктару прадпрыемства Дзмітрыю КАРАСЮКУ прапаную ўспомніць, з чаго пачыналася вытворчасць, як нарадзілася ідэя.

— Ідэя распачаць сваю справу па перапрацоўцы рыбы з'явілася, можна сказаць, разам з інфармацыяй аб продажы памяшкання былога магазіна ў Кобрыне. Будынак набылі ў 2013 годзе. Там і абсталявалі першы цэх па перапрацоўцы. Пачыналі з выпуску рыбных прэсерваў аднаго віду, маленькімі крокамі рухаліся ў бок пашырэння асартыменту. Справы пайшлі, як быццам, нядрэнна. Тады наш калектыў налічваў не больш за 10 чалавек. Наспявала патрэба пашырацца, паблізу ніякай пабудовы, што магла б стаць вытворчым памяшканнем, не было.

Тагачасны старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля параіў пачаткоўцам у справе бізнесу прыгледзецца да пустых пабудоў у вёсках. Прадпрымальнік так і зрабіў. Звярнуў увагу на двухпавярховы адміністрацыйны будынак у вёсцы Шамятоўка. Мясцовы калгас далучылі да іншага, былая кантора вызвалілася. Купілі яе тады за адну базавую велічыню. І ў 2017 годзе разгарнулі будоўлю — правялі рамонт і рэканструкцыю будынка. Сюды і пераехала асноўная вытворчасць «ЮдзісІнвест». З той пары ў вытворчую базу ў Шамятоўцы ўжо ўкладзена больш за 250 тысяч рублёў.

Зараз на прадпрыемстве працуюць два цэхі па перапрацоўцы, у планах — трэці. Сыравіна з Расіі, краін Еўропы, ад беларускага пастаўшчыка паступае на прадпрыемства ў выглядзе замарожаных тушак, якія ўпакаваны ў вакуумныя пакеты. Спачатку прадукт размарожваецца, а затым разбіраецца ў залежнасці ад канчатковага прадукту. Напрыклад, будучы селядзец рэжацца на кавалкі, упакоўваецца па тэхналогіі з прымяненнем розных залівак. Пэўная частка рыбы адпраўляецца ў спецыяльныя печы на вэнджанне.

Яшчэ адзін цэх на прадпрыемстве абсталявалі пад вытворчасць рыбазерневага корму для жывёлы. Па сутнасці, гэта лінія паглыбленай перапрацоўкі рыбы, калі ў ход ідзе тое, што засталося пасля вытворчасці прадуктаў харчавання. Сыравіна змешваецца са збожжам, праходзіць далейшае экструдзіраванне, і атрымліваецца высокакаларыйны корм для дамашняй жывёлы і птушкі. А для прадпрыемства такі від прадукцыі — рэальны крок да экалагічнай безадходнай вытворчасці.

Сёлета адчулі цяжкасці з закупкай збожжа, і каб цэх не прастойваў, вырашылі перапрафіляваць яго на выпуск прыкормкі для рыбалкі. Застаецца набыць лінію для фасоўкі, і можна будзе адгружаць у рыбалоўныя магазіны неабходны для рыбакоў тавар.

На вытворчасці занятыя прыкладна 60 чалавек. Намеснік дырэктара па вытворчасці Святлана БУКЛАГА гаворыць, што калектыў у іх вопытны і прафесійны. Большасць прыязджаюць на працу з Кобрына, арганізаваны падвоз. Кіраўніцтва заахвочвае жаданне работнікаў атрымліваць новыя веды і ўзнімацца па кар'ернай лесвіцы. Напрыклад, Галіна Бардзянюк пачынала работу ў 2013 годзе апрацоўшчыкам рыбнай прадукцыі, а зараз Галіна Фёдараўна тэхнолаг адной з самых прадукцыйных брыгад кампаніі. У цэлым жа поспех кампаніі ў многім залежыць ад эфектыўнай работы службы маркетынгу, майстэрства тэхнолагаў. З прыходам на сваю пасаду начальніка аддзела продажу Мікалая Старажука аддзел стаў значна больш эфектыўным. Усе тут працуюць адной камандай, падкрэсліла Святлана Мар'янаўна.

Старшыня Астроміцкага сельскага Савета Валянціна ВАЛАСЮК адзначыла кіраўніцтва «ЮдзісІнвест» як людзей, якія ўсебакова падтрымліваюць ідэю сацыяльнай адказнасці бізнесу:

— На любыя просьбы мясцовай улады аб удзеле ў жыцці вёскі тут нязменна адгукаюцца. Таварыства з абмежаванай адказнасцю не застаецца ўбаку, калі праводзім мерапрыемствы, святы. Яны аказвалі спонсарскую дапамогу малазабяспечаным сем'ям у Шамятоўцы, заўсёды падтрымліваюць у парадку навакольную тэрыторыю, праводзяць неабходнае добраўпарадкаванне. Пусты будынак, які да гэтай пары зусім прыйшоў бы ў заняпад, набыў новае жыццё, служыць на карысць людзям і справе.

Самае галоўнае, што створана больш за паўсотні рабочых месцаў, у раённы бюджэт рэгулярна паступаюць падаткі, — працягвае кіраўнік мясцовай улады. — А прыклад Дзмітрыя Карасюка і яго каманды можа паслужыць стымулам для іншых, тых, хто пакуль не адважваецца рухаць свой бізнес у глыбінку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: Новае жыццё пустога будынка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.