Вы тут

На фестываль «Залатая пчолка» ў Клімавічы прыехалі пастаянныя чытачы «Звязды»


У перадапошнія дні мая ў Клімавічах было як у вялікім горадзе — шмат людзей, гандлёвых палатак, выставачных экспазіцый пад адкрытым небам. На фестываль прыехалі дэлегацыі з Расіі, Арменіі, Узбекістана, Кыргызстана, Малдовы, Сербіі. Адных толькі юных удзельнікаў было больш чым 400 чалавек.


У парку свае найлепшыя дасягненні ў мастацтве, рамесніцтве, народнай гаспадарцы дэманстравалі прадстаўнікі розных раёнаў Магілёўскай вобласці. Нехта прывёз свае вырабы, нехта — выстаўку або, напрыклад, казку. Імжыў дожджык, але настрой у людзей быў бадзёры і прыўзняты. «Звязда» таксама ў баку не засталася, прыехала на свята з падарункамі і разам з клімавіцкім участкам паштовай сувязі арганізавала на фестывальнай пешаходцы Дзень падпісчыка. І хутка да нас завітала адна з самых адданых чытачак «Звязды» Таццяна Грышаева разам з сынам Жэнем.

— Вельмі люблю газету, бо яна на беларускай мове — нашай родненькай, — прызналася яна. — Нават удзельнічала ў конкурсе падпісчыкаў і выйграла прас. Дагэтуль ім карыстаюся. Вельмі люблю блог Алены Ляўковіч, яна заўсёды ўздымае важныя тэмы. А мой сын цікавіцца здымкамі Анатоля Клешчука. Для нас гэта эталон у фотасправе. А яшчэ шмат чаго цікавага даведваюся пра падарожжы, бо люблю вандраваць. Здаецца, шмат што ведаю пра родны край, а вось заўсёды знаходжу ў газеце нешта новае. Бяру на заметку ўсё, што збіраюся паглядзець гэтым летам.

На жаль, сёння такіх адданых чытачоў, як Таццяна, не вельмі шмат. Да нашай паштовай палаткі часцей падыходзілі, каб купіць марожанага. З цікавасцю глядзелі на чырвоныя «звяздоўскія» блакноты з душэўным надпісам «Да чытача — з любоўю» і пыталіся: «А колькі каштуе?» І ўздыхалі, калі чулі, што трэба спачатку падпісацца. Нататнік — гэта ж усяго толькі наш прэзент чытачу.

— Вось раней падпіска была вялікая, не трэба было нікога заклікаць, — спачувала Ірына Зайцава, прадавец трэцяга гарадскога аддзялення клімавіцкага ўчастка паштовай сувязі. У гэтай сістэме яна адпрацавала, лічы, усё жыццё і ведае іншыя прыклады, калі машыны прывозілі на пошту з друкарні цэлыя горы газет і часопісаў, а паштальёны, нагрузіўшы імі свае сумкі, ішлі па адрасах. Тады, напэўна, не было чалавека, які б не чытаў перыёдыку. Нават дзеці. На вачах Ірыны адбываліся ўсе тыя гістарычныя перамены, калі вузкі спецыфічны асартымент пошты — газеты, часопісы, пасылкі, лісты — пашырыўся да неабсяжных памераў. Цяпер пошта гандлюе ўсім, пачынаючы ад прадуктаў, заканчваючы дыванамі і бытавой тэхнікай.

Усцешыла, што на гэтым фоне «Звязду» ўсё роўна купляюць. Ёсць нават пастаянныя пакупнікі. Суразмоўніца згадала мясцовага ўрача-інфекцыяніста, які і ў звычайным жыцці карыстаецца роднай мовай.

На экспазіцыйных сцежках «Залатой пчолкі» сустрэлася і з нашымі прыхільнікамі з Мсціслава. Мікалай Віктаравіч Феданенкаў, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа, адзін з іх. Лічыць, што ў каледжа шмат чаго агульнага са «Звяздой». Газета піша пра захаванне народнай спадчыны, культуру і традыцыі беларусаў. А ў каледжы ёсць вялікі музей «Спадчына» з чатырма экспазіцыйнымі заламі. «Звязда» пра яго, дарэчы, пісала ў праекце «Вандроўка патрыёта». Мікалай Віктаравіч прызнаўся, што ўстанова пастаянна выпісвае больш за дзесяць асобнікаў газеты.

— А мая жонка Ірына Рыгораўна, настаўніца Мушынскай сельскай школы, наогул пастаянная падпісчыца «Звязды», — удакладняе ён. — Ёй падабаецца, што газета беларускамоўная, яна ў першую чаргу праглядае матэрыялы пра адукацыю. А я больш цікаўлюся гісторыяй. Хоць выданне шматграннае, інфармацыі там на любы густ. На жаль, не заўсёды хапае часу ўсё прачытаць. Але праглядаем газету ад вокладкі да вокладкі.

У Клімавіцкім раёне некалькі дзясяткаў пастаянных чытачоў «Звязды», і сярод іх шмат хто выпісвае выданне гадамі. Як вядомы фалькларыст, казачнік і краязнавец з вёскі Судзілы Аляксандр Галкоўскі.

— Гэта, лічы, надзейныя сябры выдання, не здраджваюць яму ні пры якіх абставінах, — заўважае начальнік Клімавіцкага ўчастка паштовай сувязі Дзіна Кузмянкова. — Хоць на працягу апошніх дзевяці гадоў цікавасць да друкаваных СМІ ў насельніцтва паступова падае. Людзі аддаюць перавагу тым з іх, якія спецыялізуюцца на нейкіх асобных кірунках — агародніцтве, рукадзеллі, кулінарыі і гэтак далей. Але мы праз паштальёнаў і падчас сустрэч з насельніцтвам пастаянна нагадваем, што адзіны шанц атрымаць праўдзівую, нескажоную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне і за яе межамі, гэта выбраць для сябе дзяржаўнае грамадска-палітычнае выданне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Клімавіцкі раён

Фота аўтара

Таццяна Грышаева — адзін з актыўных чытачоў «Звязды».

Загаловак у газеце: Дзякуй газеце за родную мову!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент

Грамадства

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Спё­ка — час для эка­но­міі ці па­лі­ву ага­ро­даў?

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.