Вы тут

Навіны «Славянскага базару ў Віцебску». Што новага?


Да пачатку самага маштабнага на постсавецкай прасторы фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» застаецца паўтара месяца. Прадстаўнікі больш як трыццаці краін возьмуць у ім удзел.


Фота: ctv.by

Навіны агучылі віцебскім журналістам у першы летні дзень. Дарэчы, як і летась, прэс-канферэнцыя адбылася на сцэне Летняга амфітэатра — галоўнай сцэнічнай пляцоўкі «базару». Культурны праект сёлета пройдзе трыццаты раз (з 14 да 19 ліпеня).

Наконт адмены ўдзелу некаторых артыстаў кіраўнік дырэкцыі «базару» Глеб Лапіцкі лічыць, што гэта права тых, хто адмовіўся... Такое было і раней шмат разоў па розных прычынах, адзначыў ён. Самая аператыўная інфармацыя — на сайце фестывалю, і толькі там трэба сачыць за змяненнямі ў праграме.

Па-ранейшаму сярод галоўных падзей — конкурсы маленькіх і маладых выканаўцаў. Усяго іх больш за трыццаць.

Пётр Падгурскі, начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, падкрэсліў, што сталіца Падзвіння зноў з гонарам прыме ўдзельнікаў і гасцей. І цяжка падзяліць падзеі на асноўныя і спадарожныя. Усё будзе цікава, бо ў праграме — канцэрты, выставы, паказы і іншае для людзей розных інтарэсаў і ўзростаў. Робіцца многае, каб у Віцебск прыехала больш майстроў народных рамёстваў, самадзейных калектываў. Беларусь пакажа «вясёлку» свайго культурнага багацця, і традыцыйнае мастацтва будзе побач з сучасным, падкрэсліў ён.

Віктар Глушын, намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта, нагадаў, што рыхтавацца да будучага «базару» традыцыйна пачынаюць адразу пасля заканчэння чарговага. Як заўсёды, генеральнай рэпетыцыяй стане свята горада. Сёлета яно адбудзецца 26 і 27 чэрвеня.

Дарэчы, гэтай вясной у Віцебску высадзілі шмат цюльпанаў. Сэлфі і здымкі на фоне гэтай прыгажосці ўжо папаўняюць архівы аматараў рабіць летапіс свайго жыцця пры дапамозе смартфонаў. Вядома, і ў Дзень горада, і падчас фестывалю будзе багаты вулічны гандаль з падворкамі, лакацыямі для кухараў, рамеснікаў, народных талентаў, якія прадстаўляюць культуры раёнаў Віцебшчыны.

Кацярына Лабука, дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, расказала, што, як і ў мінулыя гады, на вуліцах і плошчах можна будзе паназіраць за мастацтвам мажарэтак і барабаншчыц з розных краін.

Адбудзецца конкурс традыцыйнага бытавога танца «Танчым разам». Аказваецца, ёсць і танец «базар», што вельмі сімвалічна. У вялікім карагодзе, змейкай танцоры ў нацыянальных касцюмах пройдуцца па цэнтральных вуліцах Віцебска. Сёлета агульная колькасць удзельнікаў праекта — каля пяцісот.

Парадуе праект «Віват, аркестр!», які правядуць на плошчы Свабоды. Будзе цікавым зводны нумар з фанфарамі з удзелам музыкантаў духавых аркестраў. Упершыню правядуць конкурс «Спяём з аркестрам».

Вельмі чакаюць на «базары» конкурс цацкі «Забава». Яго арганізуюць на адной з пешаходных вуліц і ў  дворыку каля ратушы. Можна будзе купіць цацкі, паназіраць за тым, як майстры іх робяць.

Праект «Лялечны квартал» стане «каралеўствам» для дзяцей. Але будуць спектаклі і для дарослых. Сёлета «квартал» правядуць восьмы раз. У Віцебск прыедуць артысты з Расіі, Украіны. Упершыню пакажуць свае спектаклі артысты з Арэнбурга і Пскова. Па традыцыі будуць і бясплатныя выступленні лялечнікаў на вуліцы.

Таццяна Старынская, дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, паведаміла, што падчас фестывалю музеі будуць закрывацца на некалькі гадзін пазней.

Упершыню ў Віцебску пройдзе нацыянальная філатэлісцкая выстава, дзе можна будзе ўбачыць творы з васьмідзесяці калекцый розных краін. Маркі прадэманструюць у будынку ратушы.

Адбудзецца цікавая выстава з прыватнай калекцыі, прысвечаная культуры і традыцыі каракаў. Экспанаты яе зроблены з біўняў маржа, рыбнай лускі, рагоў аленя. Народны ансамбль выканае традыцыйныя карацкія песні.

У рамках правядзення традыцыйнага праекта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў Віцебску прадставяць хахламу. Некаторыя экспанаты можна будзе купіць. А яшчэ будуць паказаныя творы майстрых залатога шыцця з Таржка.

Дырэкцыя заўважыла, што шмат ахвотных стаць як валанцёрамі, так і ўзяць удзел у VІІ Фэсце вулічнага мастацтва «На сямі вятрах».

З'явіцца магчымасць убачыць бокс на рынгу, які размесцяць на пляцоўцы каля Летняга амфітэатра. На сёння вядома, што сярод удзельнікаў будуць і баксёры з далёкага Пакістана.

Як і ў мінулыя гады, адбудзецца тэатральная праграма: чатыры спектаклі пакажуць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

А ў Віцебскай абласной філармоніі будзе гучаць джаз.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: «Базар» нават станцуюць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.