Вы тут

Салдат невядомы і родны


У тэматычнай экспазіцыі «Музея Памяці», што ў Храме­помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяры, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, збіраюцца звесткі пра ўдзельнікаў і ваенныя падзеі шматлікіх гістарычных перыядаў, у тым ліку й часоў Вялікай Айчыннай вайны.


Музейная экспазіцыя перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Прадметы часоў Вялікай Айчыннай сабраны ў асобным тэматычным комплексе. Многія з іх прынеслі для экспанавання прыхаджане храма. Гэта ўласныя рэчы, фотаздымкі, узнагароды іх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія здабывалі для нас свабоду, але не вярнуліся з вайны. Памяць пра іх жыве ў сэрцах нашчадкаў. Цяпер яна рэхам адгукаецца і ў душах наведнікаў экспазіцыі. А імёны загінулых за нашу Радзіму што­дзень у малітвах узносяцца да Усявышняга.

«Мы бачым: экспазі­цыя не пакідае абыякавым нікога. І ўжо тыя, хто пабываў у Храме-помніку, вяртаюцца да нас са сваімі артэфактамі, расказваюць пра гераізм сваіх родных і блізкіх у гады вайны. Таму мы ўпэўнены, што яна будзе пастаянна папаўняцца», — расказвае кіраўніца музея Ганна Зайцава.

Ідзем з ёй па зале экспазіцыі «Наша памяць пра кожнага загінулага свяшчэнная!», прысвечанай заключнаму этапу вайны, калі Савецкая армія вызваляла ад фашызму краіны Еўропы. Дамінантай мастацкага вобраза гістарычна-этнаграфічнага комплексу «У роднай хаце» стала выява Беларускай Маці — манекен жанчыны ў натуральную велічыню. Яе правобразам паслужыла вядомая многім Анастасія Купрыянава, беларуская партызанка і маці-гераіня, усе сыны якой загінулі на вайне. Манумент маці-патрыётцы і яе загінулым сынам адкрылі ў 1975 годзе ў Жодзіне (Мінская вобласць). (Пра тое ды ўшанаванне памяці Пятра Купрыянава мы трохі пісалі: «Сын-Герой Анастасіі Купрыянавай» — ГР, 15.11.2018. — Рэд.) У «Музеі Памяці» Беларуская Маці трымае ў руках пахаронку на сына, што загінуў. Вобраз кранальны й шчымлівы. Шмат беларускіх жанчын атрымлівалі ў ваенныя й пасляваенныя гады такія весткі, за кожнай з іх — боль, роспач і слёзы. У храме сабраны цэлы комплекс такіх пахаронак.

«Гэта калекцыя з 20 вестак аб смерці, якія прыносілі матулям ці жонкам на іх сыноў і мужоў, — тлумачыць Ганна Іванаўна. — Ствараючы тэматычны комплекс, прысвечаны загінулым у краінах Еўропы ў часе вайны жыхарам Беларусі, па дапамогу мы звярнуліся ў архіў Мінабароны Беларусі. Папрасілі перадаць некалькі такіх дакументаў для нашай экспазіцыі. Усе яны на байцоў, прызваных з Мінска й Мінскай вобласці ў 1944 годзе, калі Савецкая армія была абяскроўлена, і вызваляць краіны Еўропы ў часе маштабнай наступальнай аперацыі набіралі маладых байцоў».

Храм памяці нашай.

Атрымаць такую пахаронку маці было балюча, ды, пэўна, яшчэ больш гора несла вестка, што іх сын ці муж прапаў без вестак і невядома, дзе пахаваны. Сёння родныя такіх салдат і афіцэраў могуць даведацца пра іх лёсы непасрэдна ў храмавай экспазіцыі. Супрацоўнікі папаўняюць базу дадзеных са спісамі савецкіх салдат і афіцэраў, якія былі прызваны з беларускіх ваенкаматаў і загінулі ў перыяд з 1941 па 1945 гады. Іх асноўную частку прадаставіла Міністэрства абароны Беларусі: каля 24 тысяч прозвішчаў байцоў. Арыгіналы спісаў утрымліваюцца на мультымедыйных рэсурсах Расіі, у Абагульненым электронным банку дадзеных «Мемориал» і на сайце «Память народа».

Добраахвотнікі, якія імкнуцца расшукаць салдацкія медальёны на палях бітваў, спадзяюцца: з іх дапамогай удасца ўстанавіць і прозвішчы салдат, якія прапалі без вестак. Пошукавікі атрада й клуба «Виккру» з Магілёўшчыны, напрыклад, перадалі «Музею Памяці» некалькі такіх знаходак. У тым ліку персанальных салдацкіх медальёнаў з папяровымі ўкладышамі. Адзін з іх дапамог устанавіць імя Аркадзя Цімафеевіча Рашэтнікава, 1925 года нара­джэння, ураджэнца Расіі — з Омскай вобласці, Амуцінскага раёна, вёскі Савінава. Ён быў прызваны ў армію ў сакавіку 1943-га. Прапаў без вестак у 1944-м, а дакладней — загінуў пры фарсіраванні Дняпра пры вёсцы Буйнічы Магілёўскага раёна. Пошукавы атрад «Виккру» выявіў медальён на месцы бою ў 1998 годзе. Аднасяльчане Аркадзя Рашэтнікава накіравалі тэлеграму з удзячнасцю кіраўніку пошукавага атрада Мікалаю Барысенку. Парэшткі воіна былі перапахаваныя ў брацкую магілу, якую даглядаюць навучэнцы Буйніцкай сярэдняй школы. Экспануецца таксама й медальён разведчыка Івана Васільевіча Рубана, 1916 года нараджэння, ураджэнца вёскі Печанюгі Ноўгарад-Северскага раёна Чарнігаўскай вобласці Украіны. Ён загінуў у 1941 годзе ля вёскі Сідаравічы Магілёўскай вобласці. На момант гібелі быў бацькам траіх дзяцей. Пошукавікі «Виккру» знайшлі яго медальён у 2018 годзе.

Шэраг прадметаў пада­равалі музею й святары храма. Настаяцель Храма-помніка протаіерэй Фёдар Поўны перадаў некалькі дзясяткаў каштоўных экспанатаў розных гістарычных перыядаў, якія склалі аснову музейнай калекцыі, а протаіерэй Мікалай Сухановіч — самаробную партызанскую запальнічку часоў вайны, зробленую з кулямётнай гільзы. Калі яе рэстаўравалі, то выявілі дагэтуль нябачны воку надпіс «В. Т. Кулю. 1943 год». Экспанат выклікаў цікавасць у музейных супрацоўнікаў. Цяпер музейшчыкі хочуць даведацца: кім быў той чалавек. Ужо высветлена, што запальнічка — падарунак невядомаму пакуль В. Т. Кулю ад камандзіра партызанскага атрада, які дыслацыраваўся ў 1943 годзе, мажліва, на тэрыторыі Асіповіцкага раёна.

Імёны абаронцаў, якім не была аддадзена належная пашана раней, прадаўжаюць устанаўлівацца па нашыя дні. Але многія беларусы й дагэтуль не ведаюць, дзе пахаваны іх родныя, што загінулі ў часе Вялікай Айчыннай. Таму й пачалі збіраць зямлю з месцаў баёў, размяшчаць яе ў капсулах у крыпце Храма-помніка, што ў Мінску. Адной з самых значных у плыні падрыхтоўкі да святкавання 75-годдзя Перамогі летась стала Міжнародная акцыя «На славу агульнай Перамогі!». Тысячы людзей далучыліся да яе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ды за яе межамі. Зямлю з палёў бітвы збіралі й накіроўвалі ў Беларусь жыхары Нарвегіі, Польшчы, Сербіі, Фінляндыі, Малдовы, Украіны, Латвіі, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Эстоніі, Расіі. Яна была дастаўлена з Цэнтральных могілак Вены (Аўстрыя), Мемарыяльных могілак Керэпешы ў Будапешце (Венгрыя), Трэптаў-парку і Мемарыяла загінулым савец­кім воінам у Ціргартэне ў Берліне (Германія), Могілак-маўзалея савецкіх воінаў у Варшаве (Польшча), Мемарыяльных могілак Славін у Браціславе (Славакія), Мемарыяла савецкім воінам на Альшанскіх могілках (Чэхія), Мемарыяльных Антакальнскіх могілак у Вільнюсе (Літва), Мемарыяльнага комплексу «Вызваліцелям Бялграда» (Сербія), з магіл савецкіх воінаў-вызваліцеляў у Кіркінэсе (Нарвегія)... Цяпер, каб пакланіцца магіле невядомага салдата, дастаткова прыйсці ў Храм-помнік, дзе ў крыпце й захоўваюцца капсулы з зямлёй.

Каля манітора са спісамі загінулых беларускіх салдат.

Экспазіцыя «Музей Памя­ці» — гэта лагічны працяг крыпты. З усяго свету ў гэтыя месцы сцякаюцца звесткі пра ваенныя падзеі перыяду XІ—XXІ стагоддзяў, у тым ліку і 1941-45 гадоў, устанаўліваецца, колькі жыхароў Беларусі загінула на палях бітваў, удакладняюцца іх імёны. Навуковая канцэпцыя экспазіцыі была распрацавана ў 2018 годзе, праца над яе рэалізацыяй заняла каля трох гадоў. Амаль 500 артэфактаў і прадметаў музейнага значэння размясціліся на плошчы ў 300 квадратных метраў на ніжнім узроўні храма.

Збор матэрыялаў прадаў­жаецца. Наперадзе ў спецыя­лістаў Храма-помніка вялікая праца па фарміраванні агульнага Зводнага спісу ўсіх вязняў лагера смерці «Трасцянец» і стварэнне ў наступным годзе Інфармацыйнага цэнтра экскурсійнага абслугоўвання з музейнай экспазіцыяй на тэрыторыі былога лагера. Яна, як вядома, знаходзіцца ў межах Заводскага раёна Мінска і Мінскага раёна.

Ганна ЛАГУН

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.