Вы тут

​Газетчыкі з бранскіх лясоў


Беларусы Браншчыны ўшанавалі памяць ваенных журналістаў.


Удзельнікі акцыі ля Знака-помніка франтавым журналістам.

Напярэдадні Дня Перамогі сябры Беларускага зямляцтва на Браншчыне разам з навучэнцамі 28-й школы Бранска на чале з настаўніцай Аленай Голасавай пабывалі ля Помніка ваенным журналістам. Там яны ўшанавалі памяць усіх воінаў, якія перамаглі фашызм у Вялікай Айчыннай вайне, усклалі кветкі да помніка.

Кіраўнік зямляцтва, палкоўнік дзяржбяспекі ў адстаўцы Мікалай Голасаў распавёў удзельнікам святочнай акцыі, што якраз на месцы, дзе пасля вайны была створана, добраўпарадкавана «Паляна журналістаў», у жніўні-верасні 1941 года выдаваліся і газета Бранскага фронту «На разгром врага», і газета «За Савецкую Беларусь». У бранскім лесе ў ліку тых, хто выдаваў газеты, плячо ў плячо з іншымі ваеннымі журналістамі працавалі маладыя тады беларускія пісьменнікі Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Пімен Панчанка, Міхась Лынькоў. Адарваныя ад роднай зямлі яны выдавалі баявую газету, што несла друкаванае слова нянавісці да ворагаў. Газеты не толькі паступалі ў вайсковыя злучэнні, але й перакідваліся цераз лінію фронту ў Беларусь, якая была ў варожай акупацыі, у партызанскія атрады. Газеты дапамагалі ў змаганні з ворагам, падтрымлівалі ў людзях на­дзею, што вораг будзе разбіты і Беларусь вызваліцца ад гітлераўцаў.

Намеснік старшыні зямляцтва, журналіст Рыгор Кажурын распавёў пра гісторыю стварэння помніка, пра тое, як у гады вайны на гэтым месцы загінулі ваенныя журналісты. Яны ў 1943 годзе прыехалі сюды, знайшлі схаваныя ў 1941-м друкарскія шрыфты — і тады грымнуў выбух. Сябар зямляцтва Іван Іванішка згадаў, як сам у маладосці, калі быў адным з кіраўнікоў камсамольскай арганізацыі, то з таварышамі добраўпарадкаваў помнікі загінулым воінам Чырвонай Арміі. Алена Голасава звярнула ўвагу вучняў на выбітыя ў граніце вядомыя радкі з «Песні ваенных карэспандэнтаў». Удзельнікі акцыі сфатаграфаваліся са сцягамі Расіі ды Беларусі, са стылізаваным сцягам-рэплікай беларускага партызанскага атрада. Пры вяртанні ў Бранск удзельнікі міні-аўтапрабега ўсклалі кветкі ля першага Знака-помніка франтавым журналістам, адкрытага ў Савецкім Саюзе яшчэ 7 мая 1990 года, а таксама ля помніка воінам-кіроўцам. На трасе сустрэчныя аўто віталі ўдзельнікаў акцыі гукавымі сігналамі.

Канстанцін Хамінскі, г. Бранск

Фота: Рыгор Кажурын

Ад рэдакцыі. У маі 2013 года ў Бранску прэзентавалася кніга «Мы помним» кіраўніцы школьнага Музея гісторыі Бранскага фронта Аляўціны Пастуховай. Ёсць выданне і ў некаторых бібліятэках Беларусі. Аляўціна Еўдакімаўна працавала ў 56-й ды 60-й школах горада — і ў абедзвюх стварыла музеі. Разам з вучнямі ды іншымі педагогамі вяла велізарную работу па зберажэнні памяці пра вайну, і ў тым ліку пра ваенных журналістаў. Згаданая кніга сама па сабе — своеасаблівы помнік ім, аднаўленне й зберажэнне памяці пра тых, хто у ваенны час рабіў газеты «На разгром врага» і «За Савецкую Беларусь». Ідэйным натхняльнікам аўтаркі ў працы над кнігай быў бранскі журналіст, былы ваенны карэспандэнт франтавой газеты Аляксандр Карлавіч Лапін. У кнізе асобныя старонкі прысвечаны й згаданым беларускім пісьменнікам — старонкі сфатаграфаваў, даслаў у рэдакцыю Мікалай Голасаў.

Сама ж Паляна журналістаў створана ў бранскім лесе, за 15 км ад доследнай базы Бранскай тэхналагічнай акадэміі. Абсталявана памятнае месца столікамі, лаўкамі, альтанкай ды месцам для вогнішча, на паляне ўсталяваны помнік у форме стылізаванага пяра з двума старонкамі паходнага блакнота. Першы памятны знак там з’явіўся ў 1960-я гады, у маі 1990-га там адкрылі памятны знак у форме пяра, з зорачкай у цэнтры й надпісам пад ёй. З часам помнік разбурыўся, праект новага зрабіў Аляксандр Музалькоў, галоўны архітэктар Бранска — помнік урачыста зноў адкрылі 17 верасня 2005 года.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».