Вы тут

Стваральная сіла сяброўства


Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак сустрэўся з намеснікам старшыні Усеўкраінскага саюза беларусаў Ігарам Мошкіным.


Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак перадае Ігару Мошкіну камплекты беларускіх нацыянальных касцюмаў. Фота Яўгена Пясецкага.

Беларусаў ва Украіне — каля 240 тысяч, і, пэўна ж, не менш украінцаў цяпер жыве ў Беларусі. Таму зразумела, што духоўныя ды крэўныя, роднасныя повязі між нашымі народамі, краінамі надзвычай моцныя. У часе сустрэчы Аляксандр Румак расказаў госцю, як у Беларусі жывецца прадстаўнікам розных нацыянальнасцяў — якіх тут больш за 150. Упаўнаважаны падкрэсліў: нягледзячы й на змену месца жыхарства, людзі схільныя зберагаць свае нацыянальныя традыцыі, і беларуская дзяржава таму спрыяе: «У іх ёсць жаданне не забыць родную культуру, родную мову, а ў такіх пытаннях дапамога з боку дзяржавы вельмі важная. Сёння ў Беларусі зарэгістравана 205 нацыянальных суполак і 25 нацыянальных супольнасцяў. Пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў працуе Кансультатыўны міжэтнічны савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі амаль усіх нацыянальных супольнасцяў. Пры тым яны самастойна вырашаюць: як размеркаваць тую фінансавую дапамогу, якую аказвае ім дзяржава на правядзенне статутнай дзейнасці».

Грошы ж выдаткоўваюцца найперш на культурнае развіццё, адукацыйную дзейнасць, выданне кніг пра жыццё прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў у Беларусі, на правядзенне імпрэзаў, якія ла­дзяць па краіне гэтыя суполкі. Да таго ж актывісты нацыянальна-культурных аб’яднанняў рэгулярна ўдзельнічаюць у акцыях «Нашы дзеці», «Тыдзень лесу» ды іншых. «Агульныя справы вельмі збліжаюць лю­дзей, — дадаў Аляксандр Румак. — Таму для нас важна, каб жылі традыцыі, былі магчымасці для супляменнікаў збірацца разам, займацца грамадска карыснымі справамі. Наша дзяржава шмат робіць для таго, каб кожны мог развівацца з уплывам сваіх нацыянальна-культурных традыцый. У 2020 годзе было выдзелена больш за 37 тысяч рублёў на падтрымку працы нацыянальна-культурных суполак».

Ігар Мошкін расказаў пра дзейнасць Усеўкраінскага саюза беларусаў, скіраваную на зберажэнне й развіццё самабытнай культуры беларусаў Украіны. Адзначыў: на тэрыторыі Украіны жыве каля 240 тысяч нашых супляменнікаў. Там рэгулярна праходзяць імпрэзы, што спрыяюць пашырэнню беларускай культуры, мовы, нашых традыцый і звычаяў. А Дзень Незалежнасці Беларусі, Дзень роднай мовы і, вядома ж, Дзень Перамогі беларусы адзначаюць па ўсім свеце. «Кожная краіна і нацыянальнасць маюць права на існаванне, калі яны памятаюць сваю гісторыю. Украіна і Беларусь маюць вялікую агульную гісторыю. Калі ўзяць нават апошнія 100 гадоў — мы памятаем пра агульную Вялікую Айчынную вайну. Ваявалі беларусы з украінцамі, рускімі, прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў плячо ў плячо, разам адстаялі права на жыццё. Дзень Перамогі адзначаецца і ва Украіне, і ў Беларусі. Усе пра тое памятаюць. Перамога была агульная, ніхто яе не дзяліў», — адзначыў Ігар Мошкін. На яго думку, нягле­дзячы на тое, што Украіна ідзе па еўрапейскім шляху развіцця, эканамічныя сувязі між нашымі краінамі варта пашыраць.

На сустрэчы Аляксандр Румак ды Ігар Мошкін абмяняліся памятнымі падарункамі. Прадстаўнік Усеўкраінскага саюза беларусаў павёз з сабой сувеніры, кнігі, нацыянальныя касцюмы для актывістаў беларускіх дыяспар у Чарнігаве, Кіеве, Міргарадзе. Спецыяльна для заснавальніцы, старшыні чарнігаўскай суполкі «Сябры» Галіны Варажбіт, якая сёлета была дэлегаткай ад Усеўкраінскага саюза беларусаў на VІ Усебеларускім народным сходзе, Аляксандр Румак перадаў беларускі нацыянальны касцюм. Прычым пашылі яго майстры па мерках, знятых з жанчыны, калі яна была на Бацькаўшчыне.

Намесніца Упаўнаважа­нага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка знаёміла госця з Украіны, журналістаў з фотавыставай «Беларусь шматнацыянальная». На ёй прадстаўлены фатаграфіі, што адлюстроўваюць як багатае жыццё прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў у Беларусі, так і сустрэчы з актывістамі беларускіх суполак замежжа, з якімі апарат Упаўнаважанага цесна супрацоўнічае.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Дарэчы

Сяброўка газеты з Чарніга­ва Галіна Варажбіт пахвалі­лася абноўкай: выставіла фотаздымкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Лайкаў, слоў захаплення сабрала шмат! Што цікава: нядаўна яна прымала віншаванні з днём нараджэння — і падарунак з Бацькаўшчыны якраз паспеў, дзякуючы Ігару Мошкіну, да святочнай імпрэзы. І мы далучаемся да шматлікіх віншаван­няў, што атрымала вядомая супляменніца з розных краін. Дзякуем за вашу творчую працу на карысць Бацькаўшчыны, шаноўная Галіна! А пра вашы надзвычай папулярныя майстар-класы на канале Ютуб (дзясяткі тысяч праглядаў!) па вырабе традыцыйнай беларускай паляндвіцы, «пальцам пханай» каўбасы, пра створаны вамі разам з мужам Анатолем Дамашні беларускі музей — плануем расказаць больш падрабязней.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».