Вы тут

Аляксандр Дарковіч: Важна правільна выбіраць арыенціры (Працяг)


З першым намеснікам старшыні савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі гаворым пра тое, як адладзіць гарманічны дыялог пакаленняў, умацоўваць і развіваць беларускую дзяржаву, не паўтараць памылак мінулага — каб зберагчы незалежнасць Беларусі.


Заканчэнне. Пачатак у №4 за 26 красавіка 2021 г. і па спасылцы)

— Аляксандр Васілевіч, вы адзначылі, што сёння вельмі важная праца з моладдзю ў патрыятычным кірунку. А ці ёсць водгук маладых людзей на вашыя мерапрыемствы, прыкметы іх цікавасці да такой тэмы?

— Вядома ж, ёсць, і не толькі ў форме звыклых цяпер лайкаў. Мы актыўна, сістэмна займаемся патрыятычным выхаваннем моладзі. Ні нам, ні тым, хто прыйдзе пасля нас, нельга забываць гісторыю роднага краю і трэба, скажу як ёсць, мэтанакіравана выхоўваць патрыётаў. Мы атрымалі ў спадчыну выдатныя гены — іх яшчэ называюць генамі пераможцаў — якія дапамаглі нашым бацькам, бабулям і дзядулям, прабабулям і прадзедам выйграць Вялікую Айчынную вайну. Нам ёсць на каго раўняцца, ёсць з каго «рабіць жыццё». Цяпер відавочна, што з кожным годам рытм жыцця паскараецца, і маладыя людзі пагружаныя ў бягучыя клопаты, ім хочацца жыць «тут і цяпер». Ім ужо для асобаснага росту недастаткова сустрэч і аповедаў пра нашу гісторыю, пра далёкую для іх вайну. Такая рэальнасць. Таму нам трэба ўлічваць гэта: вучыцца дзейнічаць у новых умовах, ісці ў нагу з часам, прымаць новыя формы і метады працы. Прычым іх трэба пастаянна ўдасканальваць. Зносіны маладых людзей сёння ідуць у асноўным праз сацсеткі. Значыць, трэба актыўна карыстацца гэтым рэсурсам: ствараць мабільныя прыкладанні, гульні, звязаныя з гісторыяй, і гэтак далей. Другі момант. Мы павінны арыентавацца і на розум, і на пачуцці маладых людзей. Прывучаць іх пры тым да годных, высокіх узораў народнага мастацтва, напрыклад — а не проста дзяўбці: «Любі Радзіму!». Для гэтага, дарэчы, нядаўна ФНКА Беларусаў Расіі падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з Наталляй Карчэўскай, новым рэктарам Белдзяржуніверсітэта культуры й мастацтваў. Мы знайшлі з Наталляй Уладзіміраўнай у гэтым пытанні поўнае паразуменне: што культуру беларускую трэба за мяжой прадстаўляць на высокім узроўні. Бо ёсць тыя, хто займаецца гэтым прафесійна, і ёсць аматарства... Мы нацэленыя на супрацу ў першую чаргу з педагогамі беларускіх кафедраў, рэжысёрамі з Універсітэта культуры. Каб годна была прадстаўлена культура наша ў Расіі — мы з імі гатовыя супрацоўнічаць. А таксама з тэатральнымі дзеячамі, пісьменнікамі... Каб не было кумаўства, як мы называем, а быў у гэтай важнай справе добры, прафесійны ўзровень.

— Вы пакуль арыентуецеся на мерапрыемствы ў рэжыме анлайн?

— Да гэтага, вы ж бачыце, змушае нас «баявая абстаноўка». Але мы гатовыя й да масавых мерапрыемстваў. Ёсць нямала й такіх праектаў. Падумваем аб правядзенні ў Расіі Дзён беларускай культуру пад сцягам ФНКА — у адным з рэгіёнаў, дзе ў нас моцныя, актыўныя арганізацыі. Сёлета плануем пасяджэнне выязнога савета, і туды ж культурныя сілы падцягнем. У планах — запрасіць, можа, і тэатральную трупу, і выставу правесці, і майстар-класы...

— Гэта ўсё сумесна з аддзяленнямі Пасольства Беларусі ў Расіі думаеце праводзіць?

— Камунікацыі, адміністра­цыйны рэсурс Пасольства нам, вядома ж, у такой працы лішнімі не будуць. Але ў прынцыпе мы маем досвед самастойнага правядзення такіх мерапры­емстваў на высокім узроўні. Патлумачу. У студзені 2019-га ў Расіі быў зацверджаны «План рэалізацыі ў 2019-2021 гадах Стратэгіі дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі». Гэта цэлы комплекс мер, накіраваных, у прыватнасці, «на гарманізацыю сацыяльна-эканамічных умоў для эфектыўнай рэалізацыі дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі, садзеянне этнакультурнаму развіццю народаў Расіі». У адпаведнасці з дакументам цяпер Федэральным агенцтвам па справах нацыянальнасцяў выдзяляюцца сродкі ФНКА — і не толькі нашай — для рэалізацыі статутнай дзейнасці пад заяўленыя праекты. І сістэма прэзідэнцкіх грантаў у нас ёсць, але гэта — як рэзервовы варыянт. Мы сфарміравалі ўжо дзве заяўкі: адна — з рэалізацыяй у Крыме, другая — у Томску. Магчыма, з Крымам справімся сваімі сіламі, а ў Томску праект рэалізуем з калектывамі з Беларусі. Дарэчы, напрацоўкі добрыя ў нас ёсць. Скажам, на Купалле-2019 у нас быў народны ансамбль народнай песні «Вязанка»: прыязджаў з вёскі Вяззе Асіповіцкага раён Магілёўшчыны. Проста супер выступілі! Аўтэнтычна, душэўна, прыгожа. І «Святкі», калектыў з Мінска, тады прыязджаў — пра яго я ўжо згадваў. З раніцы да ночы было ў нас Купалле. (На старонцы «Вязанкі» ў Фэйсбуку ёсць фотаздымкі, запіс: «3 ліпеня 2019 г. Яшчэ трошкі беларускага Купалля ў Маскве. Дзе б мы ні былі — ці то ў Вільнюсе, ці то ў Маскве — а беларускія традыцыйныя танцы заўсёды запальваюць людзей, выклікаюць усмешкі, радасць. Майстар-клас па танцах мы праводзім з задавальненнем!!! Іrіna Zabavskaya». — Рэд.)

Прадстаўнікі кіраўніцтва ФНКА Беларусаў Расіі ў Мінску на сустрэчы з Упаўнаважанам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандрам Румакам. Люты 2021г.

— Ці ёсць зваротная сувязь ад маладых людзей, на якіх у працы вы арыентуецеся?

— Не буду казаць за ўсю арганізацыю — выкажу асабістае меркаванне. Шмат цяпер гавораць аб працы з моладдзю, яе патрыятычным выхаванні. Але ж ці ідзем мы ў нагу з часам? Што можам прапанаваць маладым людзям цікавае? Згадваю, да нас у школу ў 70-я паклікалі ўдзельніка Грамадзянскай вайны, які ваяваў у конніцы Будзёнага. На той час такая форма выхаваўчай работы была звыклай. Хоць, самі разумееце, ні пафатаграфаваць, ні лайкі сабраць было тады немагчыма. Цяпер многія грамадскія інстытуты займаюцца выхаваннем. Пачынаючы з сям’і. Сацыялізацыя чалавека праходзіць праз дзіцячы сад, школу, ВНУ ці прадпрыемства, войска. Плюс розныя грамадскія арганізацыі. Вынік? Мы бачым... Хоць нічога трагічнага і няма ў тым, што маладыя людзі па-рознаму шукаюць сваё месца ў жыцці. Нават у падзеях мінулага года ў Беларусі трагедыі не было. Рубікон, пагадзіцеся, не быў прой­дзены. На шчасце, не ўспыхнула грамадзянская вайна — вобразна кажучы, з тачанкамі-кулямётамі. Мы ведаем з гісторыі: тады белыя наступалі на чырвоных і наадварот, забівалі-расстрэльвалі адзін аднаго. Канфлікты ж у 2020-м былі, што хаваць. Але без масавых радыкальных формаў. І ўсё ж высновы мы зрабіць павінны. Адна з іх: формы й метады работы з моладдзю і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў іншых месцах на постсавецкай прасторы павінны пастаянна ўдасканальвацца. Не варта спыняцца. Дзяржмашыны не павінны зацягваць на гады рашэнні, якія датычацца моладзі, а значыць — нашай з вамі вельмі блізкай будучыні. Моладзі патрэбна, кажучы яе слэнгам, дзвіжуха, патрэбна самарэалізацыя. А як гэта прапанаваць, у якіх формах? Канцэрты? Не ўсе пойдуць. Кнігі? Нямногія маладыя людзі чытаюць іх — прынамсі, у друкаваным выглядзе. Выйшаў чалавек са школы, адкрыў смартфон — і жыве далей у гэтай інфармацыйна-эмацыйнай прасторы.

— І яшчэ рознымі камп’ютарнымі гульнямі цяпер школьнікі захапляюцца...

— А што мы, хто нібыта клапоціцца пра ваенна-патрыятычнае, маральна-этычнае, інтэрнацыянальнае выхаванне нашых дзяцей, унукаў, прапанавалі ў такія тэмы з камп’ютарных гульняў? А гэта ж магчыма! Праз гульні можна рэалізаваць прынцып: забаўляючы — адукоўваць. Займальна распавядаць пра нашу ваенную гісторыю. У мяне на гэты конт ёсць шэраг ідэй — хто зацікавіцца, магу падзяліцца. Праз гульні можна крэатыўна пры­адкрываць факты з гісторыі, распавядаць пра культуру, традыцыі розных народаў. І гэта нядорага, у прынцыпе, каштуе: у раёне 2 мільёнаў расійскіх рублёў. Для дзяржавы — зусім невялікія грошы. Гэта я да чаго? Калі цяпер моладзь уся ў інтэрнэце — то менавіта там з ёй і трэба размаўляць. На яе мове. Каб там была і гульня, і спаборнасць, і пазнавальная інфармацыя, ну і свядомасць маладых людзей да важных для грамадства пытанняў спакваля трэба там паварочваць.

— Адзін з нашых аўтараў з Санкт-Пецярбурга прапанаваў цікавую ідэю: высадзіць Зялёны пояс партызанскай славы ў месцах, дзе праходзілі жорсткія баі партызан з нямецкімі часткамі, якія замыкалі кальцо блакады вакол Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. Дарэчы, ва Ушачах у памяць пра тыя падзеі створаны мемарыял «Прарыў». Палкоўнік запасу, ураджэнец вёскі Матырына Ушацкага раёна Васіль Шалак прапаноўвае пашырыць мемарыял, сіламі моладзі прызыўнога ўзросту, непасрэдна прызыўнікоў рэалізаваць праект. Прызываюць, скажам, хлопца ў войска — і ён дрэва ў памяць аб такой важнай падзеі саджае... Альбо па прыходзе з войска — таксама варыянт! Мы пра задуму пісалі: «Радасць і боль „Прарыву“» (ГР, 20.05.2019). На жаль, падтрымкі ў Беларусі Васіль Іванавіч не знаходзіць. А ў Расіі, як вядома, рэалізавалі ж у 60-я гады знакавы праект: па ініцыятыве паэта Міхаіла Дудзіна стварылі Зялёны пояс славы Ленінграда. Ён уключае каля 50 аб’ектаў, пояс — гэта амаль 200 кіламетраў дарог па месцах абароны блакаднага горада. Мабыць, ведаючы пра тое, беларус-афіцэр з Піцера й задумаў на малой радзіме Зялёны пояс. У ім закладзена як патрыятычная ідэя абароны Айчыны, так і экалагічная: абароны Маці-Зямлі. Бо не сакрэт, што найлепшым чынам ад глабальнага пацяплення, змяненняў клімату абараняюць планету менавіта дрэвы, зялёныя насаджэнні.

— Задума цікавая, можна будзе да яе прыгледзецца, і актывістаў беларускай дыяспары да гэтага падключыць. Скажам, у наступным годзе па вясне закласці гэты Зялёны пояс... Але, вы ж разумееце, немінуча ўзнікне шэраг тэхнічных пытанняў — у прыватнасці, з адвядзеннем зямель, фінансаваннем праекта.

Анатоль Ярмоленка ды ансамбль «Вязанка» — творчыя партнёры ФНКА Беларусаў Расіі

— Дзякуй за разуменне, Аляксандр Васілевіч! Калі складзецца — мы гатовыя выступіць інфапартнёрам пры рэалізацыі праекта. А вы самі адчуваеце духоўныя повязі з Палессем, з Давыд-Гарадком, дзе нарадзіліся? Падтрымліваеце кантакты з малой радзімай?

— Апошні раз быў там летась: калі ў Давыд-Гарадку святкавалі Каляды, праводзілі ў чарговы раз абрад «Конікі».

— У нас выйшаў тэкст «З Падмаскоўя — у „Конікі“» (ГР, 17.02.2020), прычым аўтар, харэограф Мікола Котаў, напісаў, што ў абрадзе паўдзельнічалі госці з Падмаскоўя, Гедымінас Таранда...

— Лепш за ўсё «Конікі» на свае вочы ўбачыць. А яшчэ лепш — у тым абрадзе паўдзельнічаць. І я рады, што нам тое ўдалося. Едуць людзі, як той казаў, станоўчыя эмоцыі атрымаць. Мы для таго аўтобус арандавалі, з намі прыязджалі прафесійныя артысты, абрадавыя калектывы, якія ўдзельнічаюць у фестывалях па ўсёй Еўропе. Сам антураж, дух вясёлага народнага карнавалу ўражвае, прыцягвае людзей з розных краін, а гасціннасць і шчодрасць гарадчукоў, якія больш за 100 гадоў зберагаюць тыя традыцыі, самі рыхтуюцца й праводзяць свята, па водгуках усіх гасцей робяць яго сапраўды ўнікальным. А ёсць і «Дажынкі», і «Мотальскія прысмакі» ды іншыя імпрэзы, якія паказваюць шырокую душу беларускую. Мы ж хацелі пайсці далей і ў гонар 920-годдзя горада зрабіць новы фэст: Дзень лодак, або Лодкавы фэст. Але пакуль не склалася — з-за сітуацыі з каранавірусам. Правя­дзем у будучыні. Усё для таго ўжо зараджана. Вы ж ведаеце: на гербе Давыд-Гарадка ёсць выявы ракі й залатога судна. Гедымінаса Таранду гэта, як убачыў, вельмі ўразіла. І ўзнікла цікавая ідэя. Усё ідзе да таго, каб праводзіць Лодкавы фэст у два дні — разам з Днём горада. Задумалі зрабіць гістарычную рэканструкцыю — у жывых гарадскіх дэкарацыях, пры Замкавай гары, прысвечаную заснаванню горада князем Давыдам. Спонсараў мы знайшлі, многія адгукнуліся: беларускія міністэрствы культуры, спорту й турызму, федэрацыя веславання на байдарках і каноэ, шэраг арганізацый спартыўных, рэканструктары з Расіі.

— У вас асабіста больш цёплыя пачуцці выклікае Давыд-Гарадок ці Брэст?

— Абодва месцы па-свойму дарагія для мяне. У Давыд-Гарадку, як вы ведаеце, нарадзіўся: на вуліцы Талстога, 52, і дом той стаіць, я пражыў там шэсць гадоў. У памяці засталіся яркія ўспаміны пра ўнікальны старажытны горад. Суседка там, дарэчы, што жыла насупраць, неяк мяне пазнала: «Ой, Саша...». А з шасці гадоў не бачыла! У Брэсце я заканчваў школу, бацькі там жывуць. За кошт сваіх сувязяў магу я сабе дазволіць пасільна дапамагаць у рэалізацыі культурных праектаў, якія спрыяюць умацаванню расійска-беларускага братэрства. Я ўвогуле вельмі люблю Палессе: там адчуваеш усю шырыню й глыбіню Беларусі. Там дзівосная прырода, мноства ўсякіх птушак: дзікіх гусей, буслоў... Запаведны край. А недалёка — й знакамітыя Альманскія балоты, на якіх у савецкі час дзейнічаў Мерлінскі палігон. Думаю, там ёсць месцы, дзе, як кажуць, нага чалавека не ступала. Зайцы, алені, казулі, кабаны... Неяк сваяк мой убачыў больш за 120 зайцоў ды ў адным месцы! Я падумаў спачатку — прыкол, а ён сфоткаў і даслаў. У яго сад вялікі, поле, і ён з восені нешта не прыбраў: капусныя храпкі, ці што, заставаліся на полі. Раніцай выходзіць — усё поле ў зайцах! Гэта на Століншчыне, у вёсцы Беражное.

— Такімі здымкамі народ на фотасафары завабліваць. Толькі капусту высаджвай...

— Такія месцы, як Давыд-Гарадок і ваколіцы, унікальныя і людзьмі. Там здаўна ўсе вельмі працавітыя, у аснове іх жыцця — праца на зямлі. А яна там урадлівая, і ўмеюць палешукі рукі да яе прыкласці. Шмат чаго вырошчваюць і прадаюць. За савецкім часам кветкі, насенне прадавалі па ўсім Саюзе. Цяпліцы ставілі. Тэхналогіі адпрацавалі: агуркі вырошчваюць (успомнім Альшаны...) і экспартуюць, шмат чаго яшчэ. Прычым па частцы эканомікі там вялікіх пераменаў, мне здаецца, не прадбачыцца. Чыгункі няма — а без яе складана развіваць прамысловую вытворчасць. А можна развіваць турызм. І яшчэ адзін фэст — для сезоннай раўнавагі — Давыд-Гарадку прыйдзецца вельмі дарэчы. Але яго за год на ногі не паставіш. І «Конікі» трэба на міжнародны ўзровень выводзіць. Паедуць на яго аматары жывых народных традыцый. А ўлетку — Лодкавы фэст. У заходне­еўрапейскіх краінах ёсць гарадкі, якія за кошт фэст-праектаў і развіваюцца.

— Як у ФНКА Беларусы Расіі ставяцца да падзей 2020 года ў Беларусі?

— Ёсць розныя меркаванні, погляды. І таму, каб не сыходзіць у спрэчкі, мы цалкам выключылі з нашага парадку дня палітыку. І другое: вырашылі больш актыўна ўдзельнічаць у розных культурных імпрэзах. Запрашаць беларускія калектывы ў Расію і наадварот. Думаю, важна і беларусам, і расіянам у гэты няпросты час адчуваць, што мы побач, што мы блізкія людзі, прадаўжаць культурны дыялог. Што да мяне асабіста, то перажываў я за тое, што адбываецца ў Беларусі. Але давайце назавем гэта цяжкасцямі росту маладой беларускай дзяржавы. Для гісторыі ж 30 гадоў — тэрмін невялікі: 27 ліпеня 1990 года Вярхоўным Саветам БССР была прынята Дэкларацыя «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». А ў Расіі ўжо больш чым тысячагадовая гісторыя. Або возьмем Персію, Грэцыю, Італію... Нават ЗША ўжо 200 гадоў. У вас жа толькі пачатак станаўлення дзяржаўнасці.

3 кіраўніцай беларускай суполкі «Нёман» Людміла Дзёміна з унучкай Марыяй у Дзень Перамогі. Тальяці,  2021.

— Давайце ўдакладнім, Аляксандр Васілевіч: гэта калі казаць пра новую беларускую дзяржаўнасць. Але была і «старая», ранейшая. Вы, пэўна ж, у курсе, што выйшла 5-томная «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». У першым томе нашы навукоўцы пастараліся раскрыць вытокі, асаблівасці яе развіцця ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. Разгледзелі, ахарактарызавалі яе такія формы, як Полацкае княства (зямля), Тураўскае княства, Кіеўская Русь, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая. Гэта ўсё — таксама наша гісторыя! У часе прэзентацыі першага тома, на пачатку 2019-га, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя заявіў: «Гістарычны досвед сведчыць, што за больш чым тысячагадовую гісторыю фарміравання беларускай дзяржаўнасці Беларусь ніколі не была каланіяльнай тэрыторыяй. Беларускі этнас, знаходзячыся ў складзе Кіеўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, заўсёды выступаў як складнік дзяржаваўтваральнага працэсу». Навуковец адзначыў, што гэта ўдалося «не толькі сфармуляваць, але й паказаць на аснове найбагацейшага археалагічнага матэрыялу, архіваў еўрапейскіх краін, Расіі. Мы не проста народ талерантны — мы народ, які насуперак усім складанасцям збярог сваю мову, культуру, традыцыі, звычаі ды ўрэшце здабыў сваю дзяржаўнасць».

— Пры ўсёй павазе да гістарычных дакументаў і меркаванняў навукоўцаў — факт застаецца фактам: на складаным гістарычным шляху беларусам не ўдалося зберагчы пераемнасць дзяржаўных традыцый, назавем гэта так. Вы згодныя?

— Чаго ж тут адмаўляць: былі ў нашай гісторыі цяжкія часы... Нават мову беларускую знішчалі, забаранялі, навучальныя ўстановы зачынялі, эшалонамі людзей у Сібір везлі ці ў Германію...

— Так, мы гэта цяпер ведаем і памятаем. І падтрымліваем сувязі з вёскамі ў Сібіры, Забайкаллі, у якіх жывуць беларусы. Іх шмат. Самае дзіўнае, што нашы супляменнікі там збераглі й сваю мову, сваю культуру. Гэта нашчадкі перасяленцаў-самаходаў, якія на рубяжы ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў кампактна сяліліся на далёкіх прасторах Расіі. Большасць з іх пра гістарычную Бацькаўшчыну ведаюць па аповедах, які перадаюцца з пакалення ў пакаленне і ні разу ў ёй не былі. Што да цяжкіх часоў, то я думаю, складзецца ўсё ўдала, калі ўсе гэтыя этапы, «узроўні» росту будуць пройдзеныя разумна й правільна, калі пры падтрымцы братоў з Расіі Беларусь знойдзе сваё месца ў складанай сусветнай абстаноўцы.

— На што, на ваш погляд, варта звяртаць асаблівую ўвагу на гэтым шляху?

— Ну вы ж ведаеце, што самы важны, стратэ­гічны рэсурс у Беларусі — гэта людзі. Таму цяпер вось за іх свядомасць і вядзецца жорсткая барацьба... Тут удалося зберагчы з савецкіх часоў і развіць вельмі добрую, якасную сістэму адукацыі. І важна яшчэ, каб адукаваныя маладыя людзі заставаліся людзьмі, якія не страцілі свае нацыянальныя рысы характару ў барацьбе за месца пад сонцам. А барацьба, паўтаруся, жорсткая. Кажуць жа і пра інфарма­цыйныя, пра гібрыдныя войны. Вельмі важна, каб чалавек умеў у такіх умовах заставацца чалавекам. Прыадкрыю сакрэт. Самая галоўная праца, якую праводзіла ФНКА Беларусаў Расіі — праз родзічаў, знаёмых, сяброў — зрабіць усё, каб не дапусціць у Беларусі фізічнага гвалту. Прычым я лічу: маленькі свой унёсак у гэтую справу мы-такі зрабілі. Не ўсё пакуль можна расказаць, але паверце: праца ішла месяцамі. Цяпер ці то пратэстныя дзеянні завершаны, ці то адкладзеныя да пэўнага часу — я не ведаю. Але нашу пазіцыю ў гэтай барацьбе мы агучылі, праявілі.

— Была інфармацыя ў СМІ, што і беларусы Масквы прыходзілі да беларускага Пасольства, прычым з рознымі думкамі.

— Не ўспрымайце блізка да сэрца тое, што хтосьці прыйшоў туды і там пастаяў. Па-першае, беларусаў у Маскве паводле дадзеных апошняга перапісу больш за 35 тысяч чалавек. З іх каля Пасольства было, мяркуючы па фатаграфіях, не больш за 10 чалавек. Некаторыя з іх ніякага дачынення да беларусаў не маюць, яны перыядычна ўдзельнічаюць у розных акцыях і каля іншых пасольстваў. У Санкт-Пецярбурзе, да прыкладу, жыве каля чатырох з паловай тысяч беларусаў — а прыйшлі да аддзялення Пасольства чалавек 5. Ну і што? Якую небяспеку яны нясуць для Беларусі? Аніякай. Як па мне, то калі хто-небудзь хоча ўплываць на тыя працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, то ён тут і павінен жыць, мець падтрымку народа. Схавацца на тэрыторыі якой іншай дзяржавы і ваяваць за свае ідэалы? Гэта мне, як чалавеку ваеннаму, не зусім зразумела. І не зусім этычна, скажам так. Памятаеце сюжэт з фільма пра Чапая — з бульбай? Мабыць, тыя, хто сёння з-за бугра спрабуюць кіраваць пратэстнымі настроямі ў Беларусі, рухаць адтуль беларусамі — як бульбай... — урокі Васіля Іванавіча дрэнна засвоілі. А яшчэ паглядзіце фільм «Вяселле ў Малінаўцы» са зрушэннем тых кіношных вобразаў на сучасную Беларусь — таксама ж атрымаеце цікавы досвед. Бо класіка — яна заўсёды сучасная.

— Аляксандр Васілевіч, якой вам бачыцца беларуска-расійскія дачыненні ў будучыні?

— Дружалюбнымі, брацкім, душэўнымі. Як чалавек з беларускімі родавымі каранямі, які жыве ў Расіі, я зусім не хачу, каб паміж нашымі дзяржавамі, а тым больш народамі былі межы. Калі ж праект Саюзнай дзяржавы атрымае другое дыханне, калі будзе павага да суверэнітэту кожнай дзяржавы, то штучна збудаваць такія межы нікому не ўдасца.

— Ёсць яшчэ такі выраз: ідэі кіруюць светам.

— Так і ёсць. Вядома ж, не за адзін дзень штосьці важнае робіцца. Але трэба разумець: прымаючы тую ці іншую ідэю развіцця, мы закладваем рытм руху, кірунак развіцця грамадства, народа, дзяржавы. Трэба глыбока пралічваць і думаць: да чаго гэта прывядзе. Вы ж ведаеце: у Беларусі ды Расіі трохі цяпер адрозніваюцца падыходы да эканомікі, да прыватнай уласнасці. У вас яшчэ шмат буйных вытворчасцяў знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы. На іх ускладзена вялікая нагрузка па забеспячэнні сацыяльнай сферы. Паверце, не хацелася б, каб мая Беларусь прайшла выпрабаванне шокавай тэрапіяй, якую прайсці без страт практычна немагчыма. Мне хочацца, каб мая Бацькаўшчына зберагла свой вялікі чалавечы, кадравы, прамысловы патэнцыял і правільна выбірала арыенціры ў сваім руху ў будучыню.

Іван ЖДАНОВІЧ

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».