Вы тут

Шанаваць. Памятаць. Вывучаць


19 цікавых дакладаў прагучала на «Беларускіх чытаннях» у Даўгаўпілсе. Канферэнцыя сабрала навукоўцаў і даследчыкаў з пяці краін.


Другая канферэнцыя Беларускія чытанні прайшла ў анлайн-фармаце. zdim.lv

У лютым, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) правёў у рэжыме анлайн ужо другую канферэнцыю «Беларускія чытанні». На гэты раз у ёй паўдзельнічалі даследчыкі, навукоўцы з Латвіі, Беларусі, Польшчы, Чэхіі ды Эстоніі.

ZOOM у дапамогу

Першая Міжнародная канферэнцыя «Беларускія чытанні» прайшла год таму ў Даўгаўпілсе, сабрала спецыялістаў, якія вывучаюць розныя дачыненні Латвіі ды Беларусі, беларускую дыяспару за мяжой. Форум і ў 2020-м быў прымеркаваны да Дня роднай мовы, а па выніках яго стала зразумелым: варта добрую справу прадоўжыць. «Беларускія чытанні», акцэнтую ўвагу, гэта не навукова-прыкладная канферэнцыя. Гэта максімальна шырокая пляцоўка для міжкультурнага дыялогу з навуковым ухілам.

Сёлета з-за каранавірусных абмежаванняў канферэнцыя перанеслася ў інтэрнэт-асяроддзе, а ZOOM «адкрыў» межы: дзякуючы гэтай тэхналогіі да Латвіі й Беларусі далучыліся Польшча, Чэхія, Эстонія. Прагучала на чытаннях 19 дакладаў, па тэматыцы падзеленыя на тры тэмы: культура, гісторыя, дыяспара.

Удзельнікаў імпрэзы вітаў намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі. Падкрэсліўшы значнасць падзеі, ён распавёў пра ўдзел горада ў конкурсе на статус «Культурнай сталіцы Еўропы-2027».

Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Ілья Лапуць у вітальнай прамове адзначыў: «Беларускае сэрца для Даўгаўпілса заўсёды адкрытае. Мы заўсёды ўмелі знаходзіць агульную мову, нягледзячы на любыя складанасці, любыя праблемы, якія вельмі часта пракочваліся праз нашыя краіны. Мы тут жылі, мы застаемся добрымі суседзямі. Гэта трэба шанаваць, гэта трэба памятаць, гэта трэба вывучаць».

Культуры ўзбагачаюцца праз дыялог

Адкрыў працоўную частку канферэнцыі даклад Аляксандра Сушы — кандыдата культуралогіі, намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Ён прысвячаўся выданню буквароў для беларускіх школ Латвіі ў міжваенны перыяд. Коратка пазначыў дакладчык дзейнасць Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына» (1921 год заснавання, першы старшыня — Ян Харлап) у наладжванні беларускай адукацыі ў міжваеннай Латвіі. У той перыяд дзейнічала 60 беларускіх школ. Дзеці вучыліся чытаць на роднай мове па кнігах: А. Смоліч «Зорка» (1922 г., Вільня), К. Езавітава «Беларуская школа» (1926, Рыга), Я. Лёсіка «Наша Крыніца» (1927 г., Рыга), В. Бароўскай «Васількі» (1935 г., Рыга).

Кандыдат гістарычных навук Раіса Зянюк (НАН Беларусі) даследавала й расказала, як ішло навучанне й падрыхтоўка каталіцкіх святароў у Краслаўскай семінарыі аж да часу яе закрыцця. Досведам выкладання гісторыі латышскай літаратуры ў плыні дысцыпліны «Літаратура блізкага замежжа» дзялілася кандыдат філалагічных навук Ганна Гладкова (Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П. Машэрава). Адзначу, што наш ЦБК і ўніверсітэт звязвае пагадненне аб супрацоўніцтве. Тэму прадоўжыў Андрэй Ціхаміраў (Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі), які вывучае пераклады латышскай літаратуры на беларускую мову на пачатку ХХІ стагоддзя. А доктар філалогіі Міраслаў Янковяк (Пражскі ўніверсітэт) прааналізаваў беларускія дыялекты ў Латвіі. Дарэчы, на гэтую тэму ўжо выйшлі дзве яго манаграфіі. Даследчык Андрэй Герберг (Віцебскі дзяржаўны медуніверсітэт) вывучае архітэктурны стыль, які назваў «Латгальскім барока». Старадаўнія будынкі з чырвонай цэглы яшчэ захаваліся і ў Віцебску.

Сляды на дарогах гісторыі

Пра «Ганненскі кірмаш», які з даўняга штогадовага рэгіянальнага кірмашу ў нашым часе адрадзіўся ў якасці фестывалю, распавялі прадстаўнікі райцэнтра Зэльва (Гродзенская вобласць). Менавіта на тэме фестывальнага кірмашу й пазнаёміліся, сталі партнёрамі Даўгаўпілскі ЦБК і Зэльвенскі райаддзел культуры. А вось імя гісторыка Аляксея Сапунова нечакана злучыла Віцебск і Даўгаўпілс. Бюст заслужанаму земляку цяпер устаноўлены ля будынка Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава. А ў Даўгаўпілсе напярэдадні яго 170-х угодкаў выдалі працу гісторыка пра Польскія Інфлянты. Пра тое займальна расказала супрацоўніца Цэнтра рускай культуры з Даўгаўпілса Галіна Іванова.

Яшчэ адну адметную асобу згадвалі ў часе чытанняў: Аляксандру Бельцавую, вядомую у Латвіі мастачку. Яе наша дыяспара лічыць беларускай мастачкай, а дакладчыца Ларыса Кайміня прадставіла творчасць спадарыні Аляксандры як сімбіёз культур.

Выклікаў дыскусію даклад Максіма Каралёва (Варшаўскі ўніверсітэт), які шмат гадоў вывучае культуралагічныя сувязі Латвіі ды Беларусі, шмат публікуецца. На гэты раз даследчык гаварыў пра выдадзеную ў Мінску ў 1933 годзе кнігу Янкі Доўгага «Беларускі нацыянал-фашызм у Латвіі». Як аказалася, назва яе не адпавядае зместу. А гісторык Аляксандр Ніканаў (Віцебскі дзяржаўны медуніверсітэт) расказаў пра ўдзел латышоў у партызанскім руху ў Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны.

Сваю гісторыю ўжо мае інтэлектуальна-спаборніцкі рух «Што? Дзе? Калі?», які ўзнік у канцы ХХ стагоддзя. Як супрацоўнічаюць, куды рухаюцца клубы знаўцаў Латвіі ды Беларусі — пра тое распавёў даследчык Жан Бадзін (Даўгаўпілскі ўніверсітэт).

Жанна Раманоўская — адна з арганізатараў «Беларускіх чытанняў».

Дыяспара: мы памятаем свае карані

Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры, як арганізатар канферэнцыі, таксама прадставіў два даклады. Адзін быў прысвечаны нацыянальнай кухні як феномену ў сістэме культурных маркераў беларусаў Даўгаўпілса, другі — конкурсу эсэ, які праводзіўся ў нас да 100-х угодкаў пісьменніка Івана Шамякіна, творы якога ў свой час многія з нас вывучалі ў школе.

Плённым аказаўся і абмен досведам працы паміж беларускімі таварыствамі Даўгаўпілса, Таліна й Нарвы. Цэнтр нацыянальных меншасцяў «Радзіма» ў Таліне, напрыклад, папулярызуе беларускую культуру сярод эстонскіх дзяцей. А дзейнасць нядзельнай школы «Вясёлка» Даўгаўпілскага таварыства «Уздым» арыентаваная найперш на дзяцей з сем’яў, якія маюць беларускія родавыя карані. У часе размовы кіраўнікі Нарвскага таварыства «Сябры» засяродзілі ўвагу на тым, што ў суполцы, што дзейнічае ў эстонскім горадзе, практычна не гучыць родная беларуская мова.

Дыктант як пазнавальны тэст

У плыні ІІ-й Міжнароднай канферэнцыі «Беларускія чытанні» прайшла традыцыйная дыктоўка па беларускай мове — таксама анлайн. Завуч Рыжскай беларускай школы імя Я. Купалы Ганна Іванэ выбрала для дыктоўкі ўрывак з рамана-хронікі «Людзі на балоце» Івана Мележа: сёлета яго 100-я ўгодкі. На гэтую тэму спадарыня Ганна як настаўніца беларускай мовы й літаратуры зрабіла зай­мальны, эмацыйны даклад на канферэнцыі. Дыктоўку пісалі супрацоўнікі ЦБК і Амбасады Беларусі ў Латвіі, Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе, педагогі Рыжскай беларускай школы, актывісты беларускіх таварыстваў «Уздым» (Даўгаўпілс), «Мара» (Ліепая), «Вытокі» (Рыга), «Сябры» (Нарва, Эстонія). Лісты адаслалі на праверку ў Рыжскую беларускую школу.

Як лічаць арганізатары, на «Беларускіх чытаннях» удалося захаваць цёплую атмасферу, сустрэцца са старымі сябрамі, завязаць новыя кантакты. Па матэрыялах першай канферэнцыі ўжо выдадзены зборнік, які атрымалі ў падарунак усе ўдзельнікі другіх «Беларускіх чытанняў» па пошце. А другі зборнік будзе значна больш аб’ёмным.

Жанна РАМАНОЎСКАЯ, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».