Вы тут

«Жавароначкі» пад небам Айчыны


35-я ўгодкі сёлета ў дзіцячага ўзорнага калектыву, які працуе пад кіраўніцтвам Наталлі Баяльскай — таксама юбіляркі.


Наталля Баяльская і некаторыя артысты з яе «Жавароначкаў». Фота Аляксандра Стральца.

З чаго пачынаецца песня? Відаць, з пачуццяў, што імкнуцца пераўтварыцца ў гарманічныя гукі. Так і ў птушак бывае, так і ў людзей... А ў гурта «Жавароначкі», які хораша, з густам, з прыгожымі спевамі ды вялізным тортам адзначаў нядаўна 35-я ўгодкі, песні пачынаюцца з Наталлі Паўлаўны. Настаўніца спеваў, якой сёлета 65, не проста ўсе гады кіруе сваімі «птушанятамі» (а колькі ўжо іх у гурце перамянілася!..) — Наталля Паўлаўна ўсіх іх любіць. У 2004-м яна ўшанавана медалём «За асабісты ўнёсак у развіццё культуры Беларусі», аўтар песеннага зборніка «Жавароначкі, прыляціце!». У яе творчым калектыве рэалізуюць свае таленты і першакласнікі, і студэнты, і навучэнцы каледжаў. Паядноўвае ж іх не толькі сама кіраўніца, але й любоў да беларускіх песень, танцаў, мелодый — да вялікай, шматграннай народнай культуры, якую маем у спадчыну ад папярэднікаў.

Хоць месца творчай прыпіскі ў гурта цяпер — у мінскім гарадскім Палацы культуры, але важным філіялам застаецца й 206-я мінская школа, што ў паўднёва-заходнім мікрараёне Малінаўка, па вуліцы Ясеніна, 101. Там ёсць прасторная зала для рэпетыцый, прыдатная атмасфера для юных артыстаў. Дырэктарка школы Таццяна Мікалаеўна Радзько не проста ганарыцца скарбам пад назвай «Жавароначкі», але й падтрымлівае таленты, з задавальненнем наведвае канцэрты гурта. Ведае юных артыстаў. На святочнай імпрэзе, напрыклад, згадала галасістую Ганну Мінец з трэцяга класа. З гэтай жа школы ў гурце Валерыя Зянько, Ірына Мяркулава. Між тым 206-я даступная, адкрытая для юных талентаў з іншых месцаў. Прыкладам, Карына Грыневіч — з 155-й школы, Маргарыта Гурская, Ангеліна Карчэўская, Вікторыя Багумаз, Ангеліна Молчан — з 205-й. Марыя Корац навучаецца ў Каледжы мастацтваў. Юры Астрамовіч — студэнт, але застаецца ў творчай чарадзе, бо, прызнаецца, палюбіў мастацтва, якое дапамагае яму жыць паўнакроўным жыццём. І Стас Жуковіч, хоць прадаўжае вучобу ў будаўнічым каледжы, знаходзіць магчымасць кожную рэпетыцыю быць з сябрамі, у творчым калектыве.

Усіх нават цяперашніх «Жавароначкаў» і не пералічыць: іх амаль 40. І кожны прыўносіць у агульную творчасць жывую часцінку сэрца, сваю нотку, мелодыю, вібрацыю душы. Дарэчы, новая юбілейная праграма ў «Жавароначкаў» мае назву: «Спявай, душа Беларусі!». Яна ўвабрала ў сябе вясновыя, летнія, восеньскія ды зімовыя абрадавыя дзеянні, па-майстэрску адаптаваныя да сучаснай сцэны. Пад кожны абрад у артыстаў — свае сцэнічныя касцюмы. А дадайце яшчэ ў гэтую плынь традыцый бліскучыя промні дзіцячай, маладзёжнай весялосці, карагодна-сцэнічных спеваў і дзеяў — і вы зразумееце, чаму так хораша пачувае сябе кожны на канцэртах «Жавароначкаў»: і юныя артысты, і ўдзячныя гледачы-слухачы.

І на гэты раз вельмі шчыра, з адкрытымі сэрцамі, гарачымі апладысментамі сустракалі мы «Жавароначкаў» на сцэне мінскага гарадскога Палаца культуры, што па вуліцы Маякоўскага, пры знакамітым Лошыцкім парку. Раней, нагадаю, то быў ДК Камвольнага камбіната, і новае жыццё абноўлены будынак распачаў з мая 2018-га. Юбіляраў прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі як гарадскіх улад, так і Саўміна, Мінадукацыі, Мінкультуры, Беларускага фонда культуры, дэпутаты Нацыянальнага сходу. Былі дырэктары мінскіх школ, бацькі й родныя артыстаў-«жавароначкаў», былыя ўдзельнікі гурта. Віншавалі калег, выступалі таксама іншыя калектывы: народны ансамбль народнай песні ды музыкі «Шчодрыца», ансамбль народнай музыкі «Кросны» Мінскага каледжа мастацтваў, выхаванцы Акадэміі мюзікла «Ревю», а таксама салістка Тэатра фальклору «Матуліна хата» Кацярына Пяршлевіч.

Святочная імпрэза падарыла радасць як дзецям, так і дарослым. І шмат радасці было, калі ў фінале канцэрта на сцэну Палаца культуры выкацілі вялізны торт! Кранальна было бачыць, як удзячныя юбілярам — і Наталлі Паўлаўне, і «Жавароначкам» — былыя выхаванцы гурта вышлі на сцэну з вялікім кошыкам кветак. Спадзяюся, і цяпер агонь творчасці, распалены ў іх сэрцах, не згасае.

Мікола Котаў, фалькларыст, удзельнік свята

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?