Вы тут

Кожнаму беспрацоўнаму Падзвіння — пяць вакансій


Паводле слоў намесніка старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, кіраўніка Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Хрыстафорава, сёння ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Падзвінні — прыкладна 0,3 %. І ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ён не змяніўся. На ўліку ў якасці беспрацоўных знаходзіцца менш за 1,5 тысячы чалавек.


pixabay.com

У той жа час наймальнікамі заяўлены звесткі аб больш чым 7,7 тысячы свабодных працоўных месцаў, што на 27,4 % больш, чым у мінулым годзе. Такім чынам, на аднаго беспрацоўнага прыпадае пяць вакансій.

Усё больш людзей цікавіцца магчымасцю атрымаць садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму. Усё больш у трэндзе быць рамеснікам.

Субсідыя даецца ў памеры адзінаццаці разавых велічынь бюджэту пражытковага мінімуму. На сёння гэта тры тысячы рублёў. А ў малых гарадах і раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы, а таксама ў сельскіх населеных пунктах — у памеры пятнаццаці разавых велічынь (4,1 тысячы рублёў). І яшчэ больш пры арганізацыі беспрацоўнымі бізнесу, звязанага з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак. Дарэчы, сёлета субсідыі атрымалі больш за сорак чалавек.

У беспрацоўных ёсць магчымасць пры фінансавай падтрымцы дзяржавы змяніць месца жыхарства. Пераезд і працаўладкаванне ажыццяўляюцца ва ўзгодненыя з наймальнікам тэрміны, прадугледжаныя ў дамове. Пры гэтым беспрацоўным робіцца выплата грошай (упраўленнем па працы па месцы знаходжання наймальніка) у памеры сяміразовай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму. Дадаткова — выплата ў памеры двухразовай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму пры перасяленні з гарадоў на новае месца жыхарства і работы ў малыя, сярэднія гарадскія паселішчы, у сельскую мясцовасць, а таксама гарады-спадарожнікі.

Як падкрэсліў Аляксандр Хрыстафораў, такім чынам, пачынаючы з 1990-х гадоў, змянілі месца жыхарства дзеля новай работы каля 2,3 тысячы сямей, у тым ліку сёлета — дзесяць.

Наколькі пандэмія паўплывала на ўсё, што звязана з рынкам працы?

У Віцебскай вобласці, якая мяжуе з Расіяй, яна паспрыяла вяртанню дадому многіх з тых, хто працаваў у суседняй краіне. Ды і наогул прайшоў час, калі было папулярна ездзіць «па рубель» у Маскву, Падмаскоўе і гэтак далей. Усё больш беларусаў разумеюць, што не такі ён ужо і «доўгі», гэты рубель, што нярэдка не абыходзіцца без падману. На радзіме ж, як мовяць, і сцены дапамагаюць.

COVІD-19 таксама стаў прычынай больш актыўнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій пры пошуку месцаў работы. А ў Прыдзвінні, дарэчы, першымі пачалі праводзіць электронныя кірмашы вакансій. Каб больш эфектыўна дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі знайсці сабе прымяненне, з пазамінулага года ўкаранілі практыку іх суправаджэння падчас працаўладкавання: з пачатку пошуку да сумеснага візіту да працадаўцы.

А якая сітуацыя ў віцебскай глыбінцы?

І там яна стабільная, канстатуюць эксперты. Пры гэтым прыдумваюць новыя падыходы. У прыватнасці, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Чашніцкага райвыканкама Людміла Галавешка расказала пра вопыт стасункаў з жыхарамі Новалукомля. Ім больш не трэба прыязджаць па пытаннях пошуку працы ў райцэнтр, бо па аўторках арганізаваны выязны прыём. Штоквартальна арганізоўваюць тэматычныя прамыя лініі. У сярэднім у раёне шукаюць работу менш за 2,5 месяца. Каб задаволіць інтарэс, актыўна выкарыстоўваюцца ўсе магчымасці. У прыватнасці, рэсурсы раённай газеты, дзе ёсць інфармацыя аб вакансіях.

Начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аршанскага раённага выканаўчага камітэта Марына Ляхава канстатуе, што ў грамадзян ёсць магчымасць атрымаць новую прафесію, пакуль яшчэ не звольнілі па скарачэнні штатаў. Вельмі шчыльна ў гэтым кірунку вядзецца супрацоўніцтва з ільнокамбінатам. Напрыклад, больш не запатрабаваныя на прадпрыемстве ткачы могуць стаць аператарам ільночасальнай машыны і кантралёрам якасці. Служба занятасці аплачвае выдаткі на перанавучанне. І гэта вельмі выгадна працадаўцам.

Асаблівая тэма — дапамагчы знайсці работу тым, хто адбываў пакаранне. У раёне дзве ўстановы папраўчай сістэмы. І зноў жа біржа працы фінансава падтрымлівае правядзенне майстар-класаў , каб на волі чалавек змог самастойна зарабляць. Такім чынам, толькі летась каля дваццаці пяці грамадзян атрымалі прафесіі, якія вельмі цэняцца: слесара, токара, маляра, станочніка дрэваапрацоўчых станкоў, рэзчыка па дрэве, фрэзероўшчыка, заточніка.

Сёння для ўсіх беспрацоўных вядзецца навучанне па трыццаці пяці прафесіям. Акрамя пералічаных вышэй, можна набыць прафесіі сантэхніка, цырульніка, кухара, кандытара, слесара па рамонце аўто, вадзіцеля пагрузчыка, майстра па манікюры і гэтак далей.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...