Вы тут

Міні-палігоны — на кантролі ўлад і эколагаў


Мінімізаваць уздзеянне на навакольнае асяроддзе палігонаў цвёрдых камунальных адходаў — адна з задач, што актуальныя сёння для рэгіёнаў. Згодна з Нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі да 2030 года плануецца адкрыць 30 міжрэгіянальных сучасных аб'ектаў для сартавання, выкарыстання, а таксама экалагічна бяспечнага пахавання адходаў.


Фота БелТА.

Адзін з такіх шматфункцыянальных комплексаў да 2023 года пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю і на тэрыторыі Гомельскага раёна. Сучасны аб'ект не толькі паспрыяе забеспячэнню належнага санітарнага стану тэрыторыі абласнога цэнтра і Гомельскага раёна, але і вырашыць экалагічныя праблемы: эпідэміялагічную ахову людзей, ахову глебы і вады ад забруджвання — для Чачэрскага, Веткаўскага, Добрушскага, Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў. Глыбіня перапрацоўкі адходаў на новым шматфункцыянальным комплексе складзе каля 70 %.

Між тым у Гомельскім раёне працягваецца планамерная работа па закрыцці пляцовак для часовага складзіравання адходаў. У адпаведнасці з вышэйадзначанай нацыянальнай стратэгіяй неабходна ліквідаваць у рэгіёнах усе міні-палігоны да 2022 года, а зваленую зямлю далучыць да сельгасабароту або перадаць у лясны фонд. Але пакуль закрыццё пляцовак для часовага ўтрымання адходаў выклікае пэўную напружанасць, стала складана забяспечваць санітарны парадак, адзначаюць у сельсаветах.

На тэрыторыі Шарпілаўскага сельсавета няма ніводнага міні-палігона (апошні закрылі летась), таму вываз цвёрдых камунальных адходаў — адна з актуальных праблем. Па словах старшыні сельвыканкама Дзмітрыя Яршова, сітуацыя пагаршаецца тым, што на тэрыторыі сельсавета шмат дамоў сезоннага пражывання: у Шарпілаўцы лецішчаў — 40 %, у Новых Дзятлавічах — каля 70 %.

— Мы пастаянна праводзім тлумачальную работу з вяскоўцамі, расказваем пра карысць цэнтралізаванага вывазу цвёрдых камунальных адходаў, таму многія жыхары сельсавета і нават некаторыя дачнікі заключылі дагаворы з Гомельскім райжылкамгасам, — адзначае Дзмітрый Яршоў. — Аднак сёння камунальная служба прапануе аплачваць гэтую паслугу на працягу ўсяго года, што нявыгадна для тых, хто пражывае тут усяго некалькі месяцаў.

Калі на тэрыторыі сельсавета дзейнічалі два міні-палігоны, людзі вывозілі туды адходы, хай і без аплаты, але ўсё-ткі везлі да месца іх размяшчэння. Цяпер жа ўсё часцей можна ўбачыць адходы, у тым ліку старую бытавую тэхніку, на кантэйнерных пляцоўках паблізу грамадзянскіх могілак. Вядома, несанкцыянаваны вываз адходаў пагражае штрафам.

— Лічу, што з улікам сітуацыі, якая склалася, закрываць міні-палігоны неабходна толькі пасля ўводу ў эксплуатацыю комплексу па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, — дзеліцца старшыня сельвыканкама.

Сёння, улічваючы запланаваныя тэрміны ўводу гэтага комплексу, Гомельскі райвыканкам разглядае пытанне аб працягу эксплуатацыі пяці міні-палігонаў да завяршэння будаўніцтва названага аб'екта.

— На дадзены момант на тэрыторыі Гомельскага раёна дзейнічаюць сем міні-палігонаў агульнай плошчай 14,7 гектара. Яны размешчаны ў населеных пунктах Урыцкае, Бабовічы, Даўгалессе, Яроміна, Клімаўка, Новыя Цярэшкавічы і Рудня Марымонава. З-за таго, што ў мінулым годзе на тэрыторыі раёна былі закрытыя і рэкультываваныя сем міні-палігонаў, нагрузка на тыя, што працуюць, значна ўзрасла. Між тым у бягучым годзе будуць закрыты і рэкультываваныя яшчэ дзве пляцоўкі для складавання адходаў, — адзначыла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гомельскага райвыканкама Валерыя Шаціла.

Наладжванне работы па абыходжанні з адходамі ўскладняецца таксама і таму, што ў Гомельскім раёне адсутнічае буйны палігон для адходаў.

— У выпадку закрыцця ўсіх невялікіх пляцовак вывазіць цвёрдыя камунальныя адходы будуць на палігон «Барацьба» Веткаўскага раёна, размешчаны
за 60 кіламетраў ад абласнога цэнтра. Гэта значна павысіць кошт паслугі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі для насельніцтва, — тлумачыць Валерыя Шаціла.

Сёння ў раёне на дзеючых міні-палігонах вядзецца работа па ўшчыльненні адходаў, прыбіранне навакольных участкаў і пад'язных шляхоў. Каб абараніць прылеглую тэрыторыю ад забруджвання, неабходна ахоўнае збудаванне — абвалаўка вышынёй не менш за тры метры. Гэтыя работы будуць выкананы на ўсіх міні-палігонах.

Дарэчы, сёлета на Гомельшчыне ў цэлым плануюць рэкультываваць 25 міні-палігонаў для цвёрдых камунальных адходаў. Летась было закрыта 47. Ужо ў 12 раёнах міні-палігонаў няма наогул. І ўсё ж поўнае спыненне іх эксплуатацыі патрабуе больш высокага ўзроўню арганізацыі збору адходаў ад насельніцтва, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці. Да гэтага часу ў некаторых раёнах застаецца нізкім узровень развіцця інфраструктуры для збору адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў. За мінулы год, напрыклад, тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды выявілі амаль 4,5 тысячы фактаў размяшчэння адходаў у несанкцыянаваных месцах, да адказнасці было прыцягнута каля 400 чалавек.

У тэму

На тэрыторыі Гомельскага раёна паспяхова працуе тэхналагічная лінія сартавання другасных матэрыяльных рэсурсаў, што адкрыта ў аграгарадку Яроміна. Сюды паступаюць адходы з пластыку, паперы і шкла. За змену работнікі вытворчасці сартуюць у сярэднім да трох тон адходаў з розных населеных пунктаў Гомельскага раёна.

З уводам лініі ў эксплуатацыю ўдалося не толькі вырашыць праблему збору і сартавання другасных матэрыяльных рэсурсаў, але і атрымаць даход ад здачы другаснай сыравіны перапрацоўчым прадпрыемствам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.