Вы тут

Асцярожна, «развод»! Тры разы правесці пыласосам па вентыляцыі — паслуга за 195 рублёў


На днях да мяне завіталі нечаканыя госці. У дзверы кватэры пазванілі. На парозе стаялі два хлопцы ў цёмна-сініх куртках са святлоадбівальнікамі, пазначаныя бэйджыкамі. І самае дзіўнае, з пыласосам і нейкай палкай ці кіем у руках.


pixabay.com

Не паспела я і слова сказаць, як яны паведамілі: маўляў, мы па дагаворы з ЖЭСам будзем чысціць у вас вентыляцыю. І імкліва пакрочылі ў кухню.

Без майго дазволу хлопцы ўключылі пыласос, адзін з іх стаў на табурэтку, каб дацягнуцца да выцяжкі. Я выключыла пыласос.

— Вы што, адмаўляецеся? У такім выпадку вам пагражае вялікі штраф, — пачалі палохаць яны.

— За што і ад каго? — запыталася я. — Ад вашай камерцыйнай фірмы? Але я не абавязана карыстацца паслугай, якую не заказвала. Па-першае, вы павінны праверыць цягу ў вентыляцыі, перш чым чысціць канал. А гэта планава робяць работнікі ЖЭСа, прычым бясплатна. І гэта простая працэдура. Да вентыляцыйнай рашоткі падносіцца запалка, якая гарыць, або чысты аркуш паперы. Нядаўна нас наведалі камунальнікі з планавай праверкай і ніякіх няспраўнасцяў не знайшлі. А калі б знайшлі, то папярэдзілі б уласнікаў, каб тыя тэрмінова выклікалі спецыялістаў адпаведнага профілю. Яны ажыццяўляюць прачыстку спецыяльным прыборам з даху або гарышча.

— Калі вы адмаўляецеся, мы выпішам вам штраф, — заладзілі нязваныя «госці». І сунулі пад нос нейкую паперчыну, нібыта дагавор на выкананне работ. Краем вока глянула ў гэты дакумент і вельмі здзівілася. Атрымліваецца,
што я сама па сваёй добрай волі звярнулася па паслугу да гэтых «майстроў». А кошт паслугі яны ацанілі аж у 195 рублёў.

Я папрасіла камерсантаў пакінуць кватэру. Але яны і не збіраліся сыходзіць, спадзеючыся выпатрабаваць грошы ў «гэтай незгаворлівай жанчыны». І толькі калі я ўзяла ў рукі тэлефон і сказала, што выклікаю міліцыю, яны неахвотна пасунуліся да дзвярэй.

А праз колькі часу зноў нехта звоніць. На парозе суседка — жанчына гадоў за семдзесят, якая пражывае адна ў двухпакаёўцы:

— Дзетачкі мае, якая ж я дурніца! Падпісала дагавор, аддала 195 рублёў, гэта амаль што палова маёй пенсіі. І за што? Яны ж некалькі разоў правялі пыласосам па вентыляцыі ды патыркалі туды нейкай палкай. І галоўнае, запатрабавалі разлічыцца наяўнымі грашыма.

Калі «майстры» пакінулі кватэру, жанчына вырашыла патэлефанаваць у ЖЭС, пацікавіцца, чаму такая дарагая паслуга. Ёй адказалі, што нікога не пасылалі для чысткі вентыляцыі. І тады да яе дайшло, што яе «развялі», як неразумнае дзіця.

«Як жа вярнуць грошы?» — лямантавала суседка. Мы параілі звярнуцца ў Таварыства абароны спажыўцоў. Магчыма, там дапамогуць, напішуць іск у суд. Але, як паказвае практыка, рэдка каму тое ўдаецца. Сам жа чалавек замацаваў дагавор уласным подпісам.

Як аказалася, такія масіраваныя «набегі» адбыліся ў кватэрах ўсяго пасёлка аўтазаводцаў, што ў сталіцы. «Майстры» ходзяць звычайна ў рабочы час, калі дома застаюцца пенсіянеры ці маладыя мамы з дзецьмі. Іх лягчэй «апрацаваць», напалохаць штрафамі, а то і страшнымі наступствамі, калі адмовяцца
ад паслугі. Маўляў, могуць адбыцца пажар, атручэнне газамі, якія назапшваюцца пры няспраўнай вентыляцыі. Але, запэўніваюць яны, няшчасце можна папярэдзіць. Толькі не трэба шкадаваць грошай, бо потым здароўя не купіш. А калі адбудзецца выбух, згарыць кватэра, давядзецца шукаць куток, туліцца па сваяках.

Сапраўды, навучаныя розным хітрасцям «спецыялісты» спачатку палохаюць людзей — кожны па сваім профілі. Напрыклад, так званыя фільтроўшчыкі — атручэннем ад спажывання няякаснай вады з крана, электрыкі — пажарам ад замыкання і г. д. Нягледзячы на тое што паслугі нятанныя, жыхары згаджаюцца за іх заплаціць. Работа здадзена. І нібыта ўсё па законе — дагавор жа заключаны. І толькі праз колькі часу разумееш, што зрабіў вялікую памылку. Як раяць людзі, якія трапілі ў падобную сітуацыю, перш чым пусціць у дом незнаёмцаў, трэба ўпэўніцца, што гэта не махляры, запатрабаваць пасведчанне. І калі засумняваліся ў іх праўдзівасці, званіць у ЖЭС. А калі і гэта не дапамагае, тэлефанаваць у міліцыю.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Асцярожна, «развод»!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.