Вы тут

​Выпрабаванне Нобелем, або Кожнаму сваё


У Новым драматычным тэатры, што ў Мінску, прайшоў шэраг прэм’ерных спектакляў паводле п’есы беларускага журналіста Валянціна Пепеляева «Нобелеўскі тыдзень». На адной з прэм’ер мы і пабывалі.


Прызнаемся, былі прыемна здзіўлены, узрадаваліся, калі наш калега запрасіў на прэм’еру і паведаміў, што спектакль пастаўлены па яго п’есе. У той дзень у зале было шмат маладых людзей. І, шчыра кажучы, мы засумняваліся, ці будзе ім цікавая тэма, пазначаная ў праграмцы. Дарэчы, прама перад уваходам у залу, злева ад дзвярэй, на электронным табло можна было прачытаць, якую «страву» падрыхтаваў нам тэатр. Цытуем:

«У камедыі „Нобелеўски тыдзень“ у іранічнай і парадаксальнай форме распавядаецца пра тое, як незаўважна для саміх сябе ў нейкі момант мы здраджваем ідэалам юнацтва і сваім ранейшым марам. Як аказваемся ўцягнутымі ў вір чужой волі і чужых меркаванняў, як незаўважна для саміх сябе замест жывой натуральнай гаворкі раптам пераходзім на мову штампаў і стэрэатыпаў мас-медыя і сацыяльных сетак. Як незаўважна з цягам часу ў нас прарастае зайздрасць да чужога поспеху, лянота і бяздзейнасць. Як немагчыма часам у нейкі момант вызначыць — дзе мы сапраўдныя, а дзе прыдуманыя.

Валянцін Пепеляеў, лаўрэат нацыянальнага конкурсу «Залатая літара-2020» ў намінацыі «лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі», падчас уручэння спецыяльнага прыза Нацыянальнай тэатральнай прэміі — ганаровага Дыплома Беларускага саюза тэатральных дзеячаў і Беларускага саюза літаратурна-мастацкай крытыкі «за яскравае і таленавітае асвятленне тэатральнага працэса ў 2016-2018 гадах». Фота: Аляксандра Кушняра.

Зборныя вобразы сучасных інтэлектуалаў і „абывацеляў“, парадыйны любоўны трохкутнік, элементы абсурду і фарсу — нагода паразважаць пра супрацьстаянне побыту і пачуццяў, свабоды і няволі, пра ўзаемаадносіны інтэлігенцыі і грамадства, высокіх ідэалаў і абыякавасці. Пры гэтым нельга быць упэўненым да канца ў тым, што ўсё сапраўды адбываецца на яве і не з’яўляецца гульнёй фантазіі, якая надта разгулялася».

А цяпер пра сюжэт. У правінцыйным мястэчку Драгічыне ў кватэры мужа і жонкі Хамутовых разгортваецца дзеянне. Яны разам ужо шмат гадоў. І нават з пачатковага дыялогу герояў можна зразумець: жывуць яны па звычцы побач, існуючы нібы ў паралельных светах, якія перасякаюцца толькі на побытавой глебе. Аніякай духоўнай блізкасці паміж імі няма. Алег (Сяргей Шырочын) — журналіст, працуе ў мясцовай газеце, у студэнцтве пісаў вершы, якімі ганарыцца. Яго жонка Уліта (Людміла Баталава) — бібліятэкар. Дні жыцця іх падобныя адзін на другі. У звыклы побыт Хамутовых, якія ўпрэжаны ў правінцыйны жыццёвы хамут, урываецца навіна: Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымлівае іх аднакурсніца Мелання Вамп (Мілана Іванова), у якую Алег быў закаханы ў студэнцкай маладосці. Больш за тое, яна прыязджае ў Драгічын, каб не толькі наведаць сваіх аднакурснікаў і падзяліцца асабістай радасцю, але і паслухаць народ. Магчыма, для сваіх новых пісьменніцкіх сюжэтаў. Ёй цікава, чым тут людзі жывуць, чым дыхаюць. На самай справе аказваецца, што «народ» лянівы, інэртны і нават дурнавата зацыклены на сваіх праблемах. Жаданне Меланні заклікаць мясцовых жыхароў жыць узнёсла, больш актыўна, прыгадаць высокія ідэалы юнацтва і свае мары, гучыць дысанансам: людзі анічога не хочуць зменьваць у сваім жыцці.

Такі сацыяльны міні-зрэз спектакля. Суседка Люся (Наталля Капітонава) як звіхнулася на пластычных аперацыях, бо ўпэнена: калі стане больш прыгожай, то выйдзе замуж. Натэла (Аксана Баранок) перакананая, што выкрадалі яе іншапланецяне. А Іван Фідэлевіч (Ігар Нікалаеў) усім даводзіць, што ён — сын Фідэля Кастра. Абсурд, ці не так? І смех скрозь слёзы...

Працаваць над сатырычнай камедыяй, у якой у гратэскавай форме паказаны падзеі, што адбываюцца з персанажамі, і яны самі, рэжысёру Сяргею Кулікоўскаму дапамагалі рэжысёр Елізавета Машковіч, мастак-пастаноўшчык Лідзія Малашэнка, рэжысёр па пластыцы Марына Баранава, мастак па святле Таццяна Кудзінава. Удала ўпісалася ў канву спектакля і відэаграфіка (Сяргей Сумін), і, вядома ж, музычныя нумары. Песні, якія арганічна падсвятляюць сутнасць таго, што адбываецца, гучаць вельмі прыгожа. А музычная кампазіцыя «Не плач» Тані Буланавай, дзе яна спявае пра маладосць і няздзейсненыя мары, вельмі «смачна» кладзецца ў кантэкст спектакля. І гэта ўжо не хвалі памфлета ці сатыры, а хвалі душэўнасці, якія падымаюцца з самых глыбінь пастаноўкі.

Рэальнасць і фантастыка, праўда жыцця і трохі містыкі (адзін Чалавек з шафы Васіля Ніцко чаго варты!), узвышанасць і плоскі побыт персанажаў, лірыка і дурнаватая імпульсіўнасць — усё гэта падахвочвае нас, гледачоў, адначасова смяяцца і перажываць, стрымліваючы міжвольныя слёзы, прымушае думаць пра сябе, пра сваё жыццё і тых, хто побач. Такое своеасаблівае «выпрабаванне Нобелем»...

«Нобелеўскі тыдзень» — спектакль шматслойны. Ён дае падставы паразважаць: жыццё такое хуткабежнае, а слава — пані зманлівая, бо асабістага шчасця і душэўнага спакою, на жаль, яна Меланні Вамп, нашай гламурнай гераіні, не прынесла. І ці ж у сацыяльнай паспяховасці, ўрэшце, шчасце? Кожны «маленькі» чалавек на сваім месцы можа быць шчаслівы, калі толькі зразумее, у чым жа каштоўнасць і таямніца жыцця.

Акцёры Мілана Іванова і Сяргей Шырочын у ролях Меланні і Алега Хамутова.

Што, заўважым, прыемна: маладыя людзі ў зале глядзелі спектакль, затаіўшы дыханне, з цікавасцю. І адэкватна рэагавалі на тыя сэнсавыя моманты пастаноўкі, якімі ў 20-25 гадоў, як правіла, не надта цікавяцца. Пра ўсё гэта і пра такі жанр як драматургія мы і гутарым з Валянцінам Пепеляевым.

— Валянцін, ты напісаў п’есу пра людзей прадпенсінага ўзросту. Чаму? Публіка ж любіць маладых і прыгожых, паспяховых і стыльных.

— У пэўным сэнсе для мяне гэта гісторыя пра пакаленне маіх бацькоў. Іх маладосць прыйшлася на савецкі час. Сталасць — на перыяд распаду СССР. Элегантны ўзрост — на час суверэннай Беларусі як незалежнай дзяржавы. Я задумаўся: у які гістарычны перыяд яны адчувалі сябе найбольш камфортна? Прадуктам якой эпохі сябе лічаць? Маё меркаванне: яны так і засталіся савецкімі людзьмі са сваімі комплексамі, страхамі, марамі. Яны і ёсць той праславуты «чырвоны чалавек», па фармулёўцы Святланы Алексіевіч, з якой сёння можна не згаджацца, спрачацца, але творчасць якой для вывучэння, на мой погляд, цікавая. Сказаў бы нават — абавязковая.

— І ўсё ж пра ўзрост. Эйджызм — з’ява распаўсюджаная, на жаль, гэта ўжо нібы норма нашага жыцця. Грамадства старэе, негатыўнае стаўленне да «ўзроставых» людзей у маладых, прыгожых, здаровых і паспяховых у соцыуме ўсё яшчэ захоўваецца. Не баяўся ты ў гэтай сувязі, што п’еса, у якой фігуруюць пажылыя персанажы, не зацікавіць рэжысёраў?

— Не баяўся. Я б і не сказаў, што эйджызм — галоўная тэма п’есы і спектакля. Я наогул не думаў пра гэты аспект. Там ёсць гераіні ва ўзросце 30 +, памешаныя на пластычнай хірургіі ці тыя, што вераць ў пазаземныя цывілізацый. І хай гэта застаецца на іх сумленні. Але мне сапраўды цікавей выбудоўваць кампазіцыю і мастацкі свет п’есы з пажылымі героямі: яны больш дасведчаныя, у іх сфарміравалася карціна свету, выразная сістэма поглядаў, што можа служыць залогам моцнага светапогляднага канфлікту, неабходнага для любой п’есы. Думаю, узроставыя героі заўсёды цікавыя і рэжысёрам. Культ маладосці ўсё-ткі для мяне сінонім пошласці, характэрны для маскульта. Да таго ж у гэтай гісторыі для мяне важныя постмадэрнісцкія паралелі з «Візітам старой дамы» Фрыдрыха Дзюрэнмата, адной з маіх любімых п’ес у сусветнай драматургіі, дзе асноўныя героі таксама ва ўзросце.

— Чаму журналіст, можна сказаць ас у тэатральнай журналістыцы, «раб рампы», чыю калонку з задавальненнем чытаюць калегі, вырашыў паспрабаваць сябе ў драматургіі? Што падштурхнула?

— Адчуванне прафесійнай прабуксоўкі, самапаўтора, нейкага глабальнага ўнутранага тупіка. У нейкі момант я зразумеў, што ведаю, чаго чакаць ад таго ці іншага тэатра — і гэтае прадчуванне амаль заўсёды пацвярджалася. Думаю, і тэатры ўжо ведалі, чаго чакаць ад «крытыка». Само культурнае поле ў нас дастаткова абмежаванае. І пра тэатр мы часам у прафесійным коле гаворым больш, чым ён, на мой погляд, таго заслугоўвае. Сапраўдных прарываў і адкрыццяў на беларускай сцэне пакуль няма. Вялікая інэрцыя, ціск аўтарытэтаў... Мабыць, таму мне захацелася распачаць творчы акт, які французкі пісьменнік Мішэль Уэльбек вынес у назву адной са сваіх кніг:"Пашырэнне прасторы барацьбы«. Думаю, людзей, якіх я раздражняў як журналіст і крытык, я прадоўжу раздражняць і ў якасці драматурга. Напрыклад, артыкул у газеце «Культура» ў гэтым плане, дзе аўтар захлынаецца ў сваёй бездапаможнай жоўці, выклікае ў мяне аптымізм.

Наш век схіляе да фанфаронства, самалюбавання і самарэкламы. І ў гэтым запале самарэкламы, мабыць, многім хочацца падавацца разумнейшымі, чым яны ёсць на самой справе. Неяк, размаўляючы з адным рэжысёрам з нагоды чарговай прэм’еры, улавіў лёгкі папрок: маўляў, лёгка крытыкаваць, грамадзянін добры, паспрабаваў бы ты сам нешта напісаць для Яго Вялікасці Тэатра, тады і пагаворым... На аргумент, што крытык, журналіст-аглядальнік і драматург — гэта ўсё ж такі розныя прафесіі, рэжысёр увагі не звярнуў. Так у мяне і зарадзілася авантурная ідэя напісаць драматычны твор на сучасным матэрыяле. Напісаць, зацікавіць некага з рэжысёраў і ўбачыць вынік на прафесійнай сцэне.

— Чаму ты выбраў Новы драматычны тэатр?

— Гэты тэатр вядзе свой радавод ад легендарнага Тэатра-студыі «Дзе-Я?», Ён узнік у 1987 годзе. Кіраваў тэатрам таленавіты эксперыментатар Мікалай Трухан. Гэта выдатная тэатральная спадчыннасць. І ў лепшых сваіх сённяшніх работах Новы драматычны дэманструе лёгкасць, гарэзлівы пачатак студыйнасці і грунтоўнасць, дакладнасць высокага прафесіяналізму. Працуе ён на вуліцы Лізы Чайкінай у Заводскім раёне Мінска, і ў зале часта аказваецца глядач неспрактыкаваны. Тым цікавей выконваць творчыя задачы. Не марачы пра вялікія нацыянальныя тэатральныя пляцоўкі, дзе аўтар-пачатковец вымушаны ўступаць у канкурэнцыю з Чэхавым, Шэкспірам і Горкім, з самага пачатку я нацэліўся на таленавітую трупу Новага драматычнага тэатра.

Дырэктар тэатра Васіль Мартэцкі адкрыты да новых прапановаў, заўсёды чуе свой калектыў, гатовы творча рызыкаваць. Галоўны рэжысёр тэатра Сяргей Кулікоўскі ўжо выявіў сябе як вялікі фантазёр, які мае цягу да прыгожых жэстаў і здаровага наватарства. (Пра тое, што наватарства часам бывае нездаровым, на жаль, і спрачацца не даводзіцца). Разам Мартэцкі і Кулікоўскі ствараюць моцны прафесійны тандэм, здольны ўвасабляць самыя розныя праекты.

— Ці сапраўды табе, дастаткова маладому чалавеку, настолькі цікавыя праблемы, якія падымаюцца ў п’есе?

— Хіба б я тады яе пісаў? Хвалююць сапраўды! Над п’есай я працаваў два гады, і калі б тэма не хвалявала, то задуму можна было б кінуць на паўдарозе. Дачыненні інтэлігенцыі і часткі грамадства, як кажуць «простага народа», умоўных інтэлектуалаў і рабацяг, сталіцы і правінцыі — гэта здаецца мне сёння вузлавой і ключавой праблемай для беларускага грамадска-палітычнага кантэксту. Я бачу раскол, нежаданне чуць апанентаў, адчуваю нарастанне варожасці. Кульгае культура публічнай дыскусіі. Замест аргументацыі ў ход ідуць абразы. Мне, чалавеку, які фарміраваўся ў пару яркага грамадскага дыялогу пачатку 90-х, які слухаў выступленні Сахарава, Ліхачова, які не мінаў ніводзін выпуск праграмы «Взгляд», які мае па бацьку ўральскія карані, узыходзячыя да Віктара Пепеляева, расстралянага разам з Калчаком, за гэтай дэградацыяй назіраць балюча. Новая лічбавая або тэхналагічная дыктоўка не прынесла нам нічога, акрамя праблем. Гаджэтаў стала больш, свабода самавыяўлення стала самамэтай, а новыя сэнсы не фармулююцца. Людзі пераліваюць з пустога ў парожняе, спрабуюць уцюхаць адзін аднаму, што называецца, леташні снег. Мы ходзім па крузе навязаных нам уяўленняў пра жыццё і грамадскую светабудову. Стэрэатыпы няшчадна ўплываюць. Аднак, каб пазбегнуць маралізатарства і нуды, да сваіх думак я дадаў гульнявы карнавальны пачатак, успомніўшы фармулёўку Бахціна «карнавалізацыя культуры» (Міхаіл Міхайлавіч Бахцін — рускі філосаф, культуролаг, літаратуразнаўца, тэарэтык еўрапейскай культуры і мастацтва — Рэд.). Па вялікім рахунку, «Нобелеўскі тыдзень» — гэта сучасны тэатр масак, камедыя дэль артэ, але з вядомымі архетыпамі сучаснай поп-культуры, вуснай народнай творчасці, анекдотаў накшталт «муж-прасцяк», «нялюбая жонка», «сяброўка — разлучніца», "сусед-філосаф","спрытная развядзёнка«ды іншых.

— У адным з інтэрв’ю ты сказаў: «З рэальным жыццём тэатр павінен узаемадзейнічаць наўпрост». Гэта як, па-твойм, павінна адбывацца?

— Пісьменнік і драматург Юрый Палякоў у інтэрв’ю, якое даваў мне, назваў драматургію «прамым масажам сэрца.» На тое, каб раман выйшаў да чытача і быў прачытаны — патрабуюцца гады. Драматург можа звяртацца да рэальнага жыцця, да рэальных праблем і казаць пра іх са сцэны, абыходзячы такі доўгачасовы прамежак. Гэта не значыць, што трэба выкарыстоўваць прынцып «раніцай — у газеце, увечары — у куплеце », але не рэагаваць на болевыя кропкі часу, на праблемы тваёй краіны і выклікі часу, як бы гэта пафасна ні гучала, аўтар, які думае, не можа. Тэатр для мяне па-ранейшаму і кафедра, і храм, і грамадская трыбуна. І калі магчымы і цалкам прымальны для мяне публіцыстычнае пачатак у тэксце спалучаецца з высокай тэатральнай паэзіяй, то для мяне гэта і ёсць высокі клас. Я не люблю бязадраснасць у мастацтве, сухія абстрактныя канструкцыі без жывых характараў і сітуацый, як і тупое «развлекалово», як і чарнуху «новай драмы»...

— Якая, на тваю думку, роля драматурга ў тэатры будучыні?

— У заходнееўрапейскіх тэатрах — у прыватнасці ў нямецкіх — ёсць такая пасада: «штатны драматург». Ён працуе пры тэатры і піша п’есы, зыходзячы з магчымасцяў трупы і тых тэмаў, якія хвалююць рэжысёра. Мне здаецца, мы таксама да гэтага прыйдзем. Драматург не павінен пісаць у стол. Не павінен гадамі абіваць парогі тэатраў. П’есу трэба іграць на сцэне, толькі тады яна становіцца завершаным мастацкім выказваннем. Таму я бачу драматурга ў цэнтры тэатральнага працэсу — як фігуру ключавую, як таго, хто структуруе хаос.

— Ці правільна цябе зразумеў Сяргей Кулікоўскі?

— Калі я запытаў рэжысёра Кулікоўскага, вядомага сваім вострым прачытаннем сучасных і класічных п’ес, што ж яму падалося ў гэтай гісторыі галоўным, ён адказаў:

«Для мяне, па вялікім рахунку, гэта гісторыя пра каханне і смерць на вострым сацыяльным зрэзе. Яшчэ ў некалькіх герояў я ўбачыў у маналогах сапраўдны боль, які там прарываецца. Мы не навешваем ярлыкі, не становімся ні на чый бок... Тут ёсць падстава для любых ацэнак і роздумаў. Многія пытанні, якія хвалююць герояў сёння, гучаць вельмі актуальна». І мне ягны адказ па душы. Думаю, кожны для сябе знойдзе свой адказ.А што, Валянціна, знайшла ты? Адкажаш? Цікава было б даведацца?

— Чаму не? Я выйшла з залы ў прыўзнятым настроі, узрадавалася: дэбют майго калегі як драматурга адбыўся. Таму цябе, Валянцін, мы шчыра віншуем. Дзякуючы спектаклю яшчэ больш умацавалася ўдумцы пра тое, што сваім жыццём асабіста я задаволеная. Бо гэта вынік маіх магчымасцяў і памкненняў, амбіцый, нарэшце. Мне падабаецца, што я не стаўлюся скептычна да таго, што маю, не зайздрошчу людзям, якія стаяць вышэй за мяне на сацыяльнай лесвіцы. Зрэшты, вышэй-ніжэй — усяго толькі прынятая «гульня» ў соцыуме. Ды і то для тых, хто па рохных прычынах занадта шмат надае гэтаму «стаянню» ўвагі. Для мяне больш важна, наколькі прафесійная і чалавечная асоба на сваёй пасадзе, ці развіваецца наогул. Прызнаюся, прыемна было адзначыць для сябе, пра сябе пасля спектакля: я задаволена вынікамі сваёй працы, у якой імкнуся рухацца. Мне падабаецца, што мяне разам з мужам і калегам Беларускі саюз журналістаў у 2015-м адзначыў сумесным «залатым пяром, прычым у такой «элітнай намінацыі», як нарыс.. Мне таксама падабаецца, што мы пешшу ў 1996 годзе прайшлі ўздоўж Дзяржаўнай мяжы Беларусі 2810 км. Ніхто ў свеце да нас сваю краіну не абышоў пешшу! І пасля нас таксама. Толькі цяпер, праз гады я пачынаю ганарыцца тым, што мы гэта зрабілі! Я цаню сваю прафесію, свой сціплы побыт, які не перашкаджае мне займацца любімай справа1:пісаць. Усё гэта — вынік майго выбару. І навошта мне тужыць пра тое, што, скажам, я не ствараю вершаў, ці не спяваю на сцэне Вялікага тэатра, або ніяк не дапішу свой раман... Адчуванне радасці жыцця як асновы быцця ўва мне нараджаецца кожны раз, калі я расплюшчваю вочы, каб сустрэць новы дзень. Мне падабаецца, што я разумею, як кажа пра тое індыйскі містык Садхгуру: сутнасць жыцця — не ў дасягненні фінішнай рысы, але ў самым падарожжы. Ці ж не выдатна гэта ўсведамляць! Але з людзьмі, вобразы якіх мы бачым у тваёй п’есе, якіх не задавальняе іхняе жыццё, узаемадзейнічаць прыходзіцца. Гэта тыя, для каго рух, самаразвіццё — пусты гук. Ці гульні розуму. Так і хочацца сказаць ёй ці яму: калі ў табе зарадзілася незадаволенасць сабой, ці жонкай альбо мужам, сціплай пасадай, зарплатай — варушыся! Жыві больш актыўна. Бяры і рабі! Мала грошай — працуй больш і лепш. Муж не задавальняе? Сыходзь! Праца не падабаецца — ідзі туды, дзе спадабаецца... Рухайся, не шукаючы вінаватых, не зайздросць бліжняму

Вось на такія думкі наштурхнуў мяне спектакль па тваёй п’есе.

— Мне прыемна чуць пра тое, што пастаноўка выклікала такія асацыяцыі...

— Можа быць, табе, Валянцін, падасца дзіўным, але ў дыялогу галоўнага героя ў выкананні Сяргея Шырочына з Меланняй мне ўбачыўся яго прарыў ва ўсведамленне цалкам прымальнымі, зручнымі для жыцця ягоных з жонкай сціплых правінцыйных рэалій побыту, сваёй прафесіі. Алег далёка не банальны тып. Такім яго малюе акцёр. Гэты журналіст сумленна адпрацоўвае заданні на службе ў газеце. Пакуль, па-мойму, ён проста не можа сябе прыняць такім, якім ёсць на самой справе. Алег — чалавек таленавіты! Акцёр выдатна сыграў у дыялогу з Меланняй дзіцячасць душы свайго персанажа, калі казаў пра вершы. І ў той момант ён не выглядае стомленым чалавекам ва ўзросце, незадаволеным жыццём. Так, яго, вядома ж, мучаць сумненні аб «правільнасці» свайго жыцця. І жонка Уліта (Людміла Батала), пераконваючы мужа, маўляў, усё ў іх добра, блізкая да прыняцця свайго жыцця такім, якое яно ёсць. З яго бядой (сын —наркаман) ды іншыя клопаты. А тут з’яўляецца «выбуханебяспечная» Мелання... Дарэчы, нам зразумела, чаму яна, аднагодка двух галоўных герояў п’есы, такая прыгожая і маладая... Тут, мяркуем, і прачытваецца думка пра маладосць і хараство душы чалавечай. Мне здаецца, гэта ўдалая знаходка рэжысёра. Бо, як ты казаў, Мелання па п’есе гераіня таксама ўзроставая ...

— Так, я згодны з тым, што маладосць Меланні працуе на ідэю спектакля. Чарада ж другарадных персанажаў была задумана як галерэя адкрытых фарсавых вобразаў, якія маюць адзін відавочны і ўтрыраваны «бзік» у псіхіцы. Яны нібы сышлі з тэлеэкрана... Хтосьці памешаны на пластычнай хірургіі, хтосьці верыць у тое, што ён пазашлюбны сын Фідэля Кастра, хтосьці ўпэўнены, што меў кантакт з іншапланецянамі... Напэўна, гэта прадыктавана нейкімі ўнутранымі праблемамі. Напрыклад, акцёру Ігару Нікалаеву ў ролі Івана Фідэлевіча ўдалося ўвасобіць цэлую сацыяльную з’яву правінцыйных «канапавых крытыкаў», якія смела разважаюць пра лёсы свету з чаркай у руцэ. Акцёр па-снайперску трапіў у гэты камічны і ў той жа час горкі вобраз. Ні зменшыць, ні дадаць.

Фота Уладзіміра Паўлава.

— Але пагадзіся: усе гэтыя «выкрутасы», адхіленні якраз і нараджаюцца ад незадаволенасці сабой, ад унутраных праблем. А твой «чорны» Чалавек з шафы — гэта такі класны напамін пра тое, як нешта дробнае, ліслівае, брыдкае, слізкае хаваецца ўнутры нас, тое, што не боскае, а цмянае... І тое «яно» штурхае нас часам на непрыстойныя ўчынкі, на плёткі, на завышаную самаацэнку і ганарлівасць, на апраўдванне самога сябе, любімага... Бліскучая праца акцёра Васіля Ніцко, чый герой па-майстэрску адлюстроўвае "цёмны бок«нутра чалавечага, выцягвае на свет белы не лепшыя нашы якасці... А якая выдатная пластыка!..

— Яго героя нават з дэманам параўноўваюць. Паўтаруся, кожны ў спектаклі Новага драматычнага тэатра знойдзе, пабачыць, адчуе нешта сваё. Можа быць, і сваіх дэманаў. Вядома, калі душу чалавека наша пастаноўка зачэпіць. Але нават калі кагосьці, хто прыйшоў з благім настроем у тэатр, спектакль трохі пацешыць, адцягне ад асабістых праблем, то гэта ж таксама нядрэнна.

Гутарылі Валянціна і Іван ЖДАНОВІЧЫ

Фота: sb.by, minsknews.by, Аляксандра Кушняра, Уладзіміра Паўлава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?