Вы тут

Выстава як сапраўдная культурная падзея


Фестываль скульптуры SculptFest — першы маштабны выставачны марафон, які аб’яднаў на розных арт-пляцоўках беларускай сталіцы большасць дзеючых мастакоў-скульптараў краіны.


Гэты праект падрыхтавала секцыя скульптуры Беларускага саюза мастакоў. А яго мэтай было імкненне прадставіць шырокай публіцы творцаў і іх творы, выкананыя ў розных жанрах і матэрыялах, пазнаёміць з новымі тэндэнцыямі ў сучаснай беларускай скульптуры.

Трэба сказаць, што акрамя цэнтральнага мерапрыемства фестывалю — традыцыйнай групавой выставы ў вялікай зале Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» — працавалі асобныя экспазіцыі і на іншых пляцоўках. Напрыклад, экспазіцыя ў галерэі «Акадэмія» знаёміла з творчасцю маладых скульптараў. Цікавай падзеяй стала выстава анімалістычнай скульптуры ў прасторы арт-гасцёўні «Высокае месца». А ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі прэзентавалі экспазіцыю скульптуры «Героі. Падзеі», прысвечаную гісторыі краіны, яе выбітным дзеячам.

Усяго фестываль скульптуры SculptFest аб’яднаў дзевяць пляцовак Мінска, дзе было прадстаўлена 120 твораў больш за 60 аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі.

— Гэта вялікая культурная падзея, якая запомніцца на доўгі час. У першую чаргу з-за сваёй маштабнасці, — кажа член секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў, член куратарскай групы фестывалю, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Канстанцін Касцючэнка. — За апошнія дзесяцігоддзі гэта, мабыць, адзін з найбуйнейшых праектаў скульптуры, які задзейнічаў асноўныя выставачныя пляцоўкі Мінска, дзе выстаўляліся работы скульптараў, пачынаючы ад знакамітых мэтраў — заслужаных і народных мастакоў, і заканчваючы маладымі аўтарамі — студэнтамі і навучэнцамі мастацкіх устаноў.

У сваю чаргу старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў, член куратарскай групы фестывалю Сяргей Аганаў адзначыў дзве задачы пры правядзенні фестывалю:

— Мы хацелі прадэманстраваць наша мастацтва людзям. Тут мне складана судзіць, якое ўздзеянне на чалавека будуць аказваць нашы скульптуры. У той жа час мы выстаўляемся ў тым ліку і для сябе — гэта наша прафесійная дэманстрацыя работ адзін аднаму. Мы ўсе маем магчымасць паказваць свае працы ў інтэрнэце, сацсетках, у нас дастаткова добра развітая анлайн-візуалізацыя работ, дзе можна вывучыць творы мастакоў з усяго свету. Але ўсё ж такі, на мой погляд, анлайн-прастору не параўнаць з тым, што адбываецца афлайн. Напрыклад, экспануючы выставу, я сам убачыў шмат цікавых твораў іншых аўтараў, пра якіх раней не ведаў. Такім чынам, мы можам убачыць пэўны зрэз: што з намі адбываецца, куды рухаемся, паглядзець на сябе ў кантэксце сваіх калегаў як прафесіяналаў. І ў цэлым разгледзець, як выглядае беларуская скульптура ў адносінах да сусветнай.

Пра тое, што SculptFest — маштабны выставачны марафон, які аб’ядноўваў на розных арт-пляцоўках большасць дзеючых мастакоў-скульптараў краіны, казала першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч:

— Любая персанальная выстава цікавая і добрая, але ў фармаце фестывалю ёсць магчымасць не проста зрабіць рэтраспекцыю, а паказаць пэўны кірунак мастацтва ва ўсёй яго разнастайнасці. Мне здаецца, гэта вельмі значная, яркая, цікавая і запамінальная падзея. Нягледзячы на тое, што мінулы год быў складаны і ў гэтым працягваюцца тыя ж цяжкасці, хацелася б каб мастацтва жыло, дыхала, паказвала сябе. Мастацтва павінна быць, і рабіць яго можна ў любы час. Фестываль раскрывае вочы глядачоў на тую акалічнас­­ць, што ў нас ёсць фармальная і традыцыйная скульптура, шмат майстроў працуюць у гістарычнай, анімалістычнай тэматыках. Скульптура не можа заставацца на падлозе — яе трэба выстаўляць на добрых подыумах. І тут мы сутыкнуліся з тым, што скульптараў шмат і паказаць ёсць што. Мы вельмі рады таму, што адгукнуліся не толькі мінскія мастакі, але і з нашых абласных гарадоў. Гэта кажа аб тым, што калі ёсць жаданне і магчымасці, то ў выніку атрымліваецца такая цікавая падзея.

У межах фестывалю ў вялікай зале Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» была прадстаўлена і персанальная выстава магілёўскага скульптара Андрэя Вараб’ёва.

— Для мяне выстава — гэта заўсёды справаздача перад сабой і гледачом, таму ўключыў у экспазіцыю ў тым ліку свае новыя і самыя любімыя працы, — расказаў Андрэй Вараб’ёў.

Скульптура — адзін з самых цікавых відаў мастацтва. З аднаго боку, мае манументальныя формы, а з другога — таксама рэалізуе сябе ў пластыцы. І гэтая пластыка абсалютна вольная.

— Думаю, для мінчан і гасцей сталіцы гэты фестываль быў, сапраўды, добрым падарункам. Мы імкнуліся ахапіць як мага больш рэгіёнаў, таму тут выстаўляўся не толькі Мінск, — падзялілася сваім меркаваннем аб фестывалі член секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў, член куратарскай групы фестывалю Вольга Нячай.

Між тым, спачатку здавалася, што ідэя была асуджаная на правал: пустыя сцены вакол, сама па сабе скульптура, якая ў многіх музеях — проста цудоўны аксэсуар у даважку да жывапісу. Але на гэты раз зала ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі плошчай 850 квадратных метраў стала прасторай для сапраўднага мастацтва, у якога раней не было свайго месца ў Палацы. Каманда куратараў адбірала на выставу прадметы з любога матэрыялу, які можа быць сфарміраваны ў трох вымярэннях: шырыня, вышыня, глыбіня. Скульптуры гліняныя, драўляныя, мармуровыя, алюмініевыя, сіліконавыя. Складаныя рэльефы паднялі ўверх.

А наогул скульптура — мастацтва, з якім мы сустракаемся практычна штодня. Дзеля гэтага нават не трэба ісці ў галерэю, дастаткова проста азірнуцца па баках. У Мінску побач з Рэспубліканскай мастацкай галерэяй — велічны манумент Перамогі. Крыху далей — бронзавая кампазіцыя на плошчы Якуба Коласа. У найбліжэйшым парку — яшчэ скульптурныя варыяцыі. Глядзі і ўражвайся. Тым больш, што вясной так хочацца назіраць прыгажосць...

Веніямін МІХЕЕЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі