Вы тут

Новыя паслугі з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій карыстаюцца попытам у кліентаў


Новыя паслугі з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій карыстаюцца попытам у кліентаў як у абласным цэнтры, так і ў рэгіёнах Брэстчыны

Што мы з вамі прывыклі рабіць, калі тэрмінова і неадкладна трэба транспартаваць з аднаго горада ў іншы важны дакумент? Звычайна ідзём на пошту і накіроўваем яго заказным пісьмом. Тады наш адрасат гарантавана атрымае пасланне. А калі чакаць некалькі дзён не выпадала, то, скажам, раней нашаму чалавеку заставалася хіба сядаць у цягнік і везці дакумент самому. Гэта цяпер мы сталі карыстацца паслугай паскоранай пошты, калі адпраўленне могуць даставіць сёння на заўтра.


Каля паштамата ў Брэсце.

Імгненная дастаўка

А калі і сутак у запасе няма?

— Цяпер стала цалкам магчымай імгненная дастаўка любога дакумента з поўнай гарантыяй аховы інфармацыі і яе канфідэнцыяльнасці, — расказвае начальнік камерцыйнага аддзела Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» Кацярына КОЗЕЛ. — Зусім нядаўна ва ўжытак увайшоў абмен электроннымі паштовымі адпраўленнямі, які стаў магчымы пасля ўкаранення РУП «Белпошта» Нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы. Яна цікавая для кліентаў, якія адпраўляюць і простыя, і заказныя пісьмы.

Перасылка мае два фарматы. У першым выпадку абодва суб'екты — і адпраўшчык, і атрымальнік — зарэгістраваны ў Нацыянальнай паштовай сістэме, тады і становіцца магчымай імгненная дастаўка пісьма. Другі фармат прадугледжвае адпраўшчыка, які з'яўляецца карыстальнікам Нацыянальнай паштовай сістэмы. У гэтым выпадку сістэма вельмі хутка распазнае, што атрымальніка ў ёй няма, тады яна раздрукуе пасланне, запакуе ў канверт, а пошта ўжо даставіць яго ў любы населены пункт краіны.

Выгада тут відавочная. Дастаткова прайсці рэгістрацыю на інтэрнэт-партале «Белпошты», завесці персанальны электронны кабінет і можна ў любы зручны час сутак адпраўляць пісьмы адрасатам. Калі гаворка ідзе аб простых пісьмах, то апісанай працэдуры дастаткова, можна прымацоўваць пісьмы накшталт перапіскі па электроннай пошце і адпраўляць. Калі адпраўленне заказное, прадугледжаны парадак аплаты праз інтэрнэт. Ну і, вядома, у выпадку заказнога пісьма паведамленне аб дастаўцы будзе абавязкова накіравана адпраўшчыку.

Безумоўная перавага такой перасылкі — вельмі хуткая дастаўка. Сістэма гарантуе бяспеку і канфідэнцыйнасць перапіскі. Пісьмы ідуць па абароненых каналах перадачы даных з выкарыстаннем сертыфікаваных сродкаў крыптаграфічнай аховы інфармацыі. Адпадае неабходнасць траціць паперу, купляць канверты, маркі, гэта значыць, маем відавочную эканомію затрат. Акрамя таго, з'яўляецца магчымасць аператыўна атрымліваць паведамленні аб паступленні паштовых адпраўленняў, аб іх дастаўцы, аб прачытанні. Такая інфармацыя паступае на электронную пошту кліента альбо на тэлефон у выглядзе СМС-паведамленняў. Гэта несумненная зручнасць.

Сапраўды, яшчэ вельмі шмат неабходных і важных для работы дакументаў перасылаецца ў канвертах. Цяпер многія працуюць дыстанцыйна. А вось, напрыклад, уласны карэспандэнт газеты так працаваў заўсёды. Камандзіровачныя пасведчанні, авансавыя справаздачы даводзіцца перасылаць туды-сюды пастаянна, гэта стварае немалы дакументазварот. Варта, відаць, ставіць пытанне аб пераводзе яго ў электроннае поле. Кацярына Аляксееўна лічыць, што гэта пытанне часу. Калі ўстановы і арганізацыі прымуць у сябе пастановы, якімі прадугледзяць, што сканаваная копія, напрыклад, камандзіровачнага пасведчання мае юрыдычную сілу, то працэс стане намнога больш хуткі і эканамічны.

— Цяпер ідзе актыўная работа па напаўняльнасці базы. Чым больш з'явіцца кліентаў у Нацыянальнай паштовай сістэме, тым больш аператыўна і дакладна будуць дастаўляць паведамленні, — разважае начальнік аддзела.

Паштамат 24/7

Лічбавыя тэхналогіі адкрываюць неабмежаваныя магчымасці для пошты. Напрыклад, нядаўна ў Брэсце з'явіўся першы паштамат. Гэта зручны спосаб атрымання міжнародных паштовых адпраўленняў. Яго перавага відавочная: не трэба ісці ў паштовае аддзяленне, займаць чаргу — паштамат працуе ў рэжыме 24/7. Для атрымання адпраўленняў трэба зарэгістравацца ў асабістым кабінеце і прайсці ідэнтыфікацыю ў аддзяленні паштовай сувязі з прад'яўленнем дакумента, рэквізіты якога былі выкарыстаны пры рэгістрацыі.

Першы паштамат у абласным цэнтры ўстаноўлены па Варшаўскай шашы, 11. Вось што сказала кліент новай паслугі Святлана Ромах:

— Мяне зацікавіў паштамат, як толькі ён паявіўся. Па-першае, я жыву побач, па-другое, карыстаюся інтэрнэт-магазінамі. І калі атрымала запрашэнне ад пошты скарыстацца гэтым сэрвісам, адразу ж зарэгістравалася і перанакіравала свой заказ, які аформіла ў той жа дзень, на паштамат. Апошні вельмі просты ў карыстанні, інструкцыя знаходзіцца побач. Каб забраць пасылку, спатрэбілася ўвесці код, які быў высланы на тэлефон. Калі ўвяла код, адчынілася ячэйка, і я забрала сваё адпраўленне. Уся аперацыя здзейснілася менш за мінуту.

Застаецца дадаць, што адпраўленне трэба перанакіраваць да моманту яго паступлення на мытны кантроль. Захоўваецца яно ў паштамаце тры дні з моманту дастаўкі. Калі кліент па нейкіх прычынах не змог забраць яго за гэты час, пасылка будзе перанакіравана ў аддзяленне паштовай сувязі, якое вас абслугоўвае. Паслуга запатрабавана. У хуткім часе паштаматы будуць устаноўлены таксама ў Баранавічах, Пінску, яшчэ адзін з'явіцца ў Брэсце.

СМС-код для атрымання

Кацярына Козел расказала пра шэраг цікавых паслуг, якія сталі магчымыя літаральна ў апошнія месяцы. Напрыклад, атрыманне паштовых адпраўленняў з дапамогай СМС-сувязі. Для гэтага патрэбныя заява і рэгістрацыя. І тады не варта будзе насіць дакументы з сабой, запаўняць бланкі. Дастаткова назваць прозвішча і нумар паведамлення. Пасля гэтага на тэлефон паступіць СМС-код. Яго кліент паведамляе аператару і забірае сваю пасылку. Гэтую форму вельмі актыўна скарыстоўвае моладзь. Адным словам, паштовая сувязь развіваецца ў кірунку выкарыстання найноўшых лічбавых тэхналогій на карысць і для зручнасці кліентаў. Гэта датычыцца і паскоранай пошты EMS, якая дазваляе забяспечыць перасылку і дастаўку дакументаў і тавараў па тэрыторыі нашай краіны.

Але разам з тым Кацярына Аляксееўна настойліва заклікае не забывацца пра звычайнае пісьмо і паштоўку, асабліва на свята, каб родныя і знаёмыя адчулі вашу любоў і прыязнасць. Нішто не заменіць слова, якое ідзе ад душы і напісана ад рукі. Чым больш будуць укараняцца электронныя стасункі, тым большую каштоўнасць набывае напісанае ўласнаручна і адрасаванае канкрэтнаму чалавеку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.