Вы тут

Прэзідэнт наведаў прадпрыемства «Граніт» у Мікашэвічах


Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку даложаць аб ходзе сельскагаспадарчых работ і развіцці Брэсцкай вобласці і Лунінецкага раёна (да яго адносяцца Мікашэвічы). Кіраўнік краіны азнаёміцца з ужо існуючым гранітным кар’ерам і бязлюднай тэхналогіяй здабычы выкапняў на новым радовішчы «Сітніцкае», дзе рэалізуецца інвестыцыйны праект на 445 мільёнаў долараў па будаўніцтву горна-абагачальнага камбіната. Таксама ў графіку работы — размова з калектывам прадпрыемства і адказ на пытанні супрацоўнікаў.


Фота: БелТА.

Падчас наведвання прадпрыемства «Граніт» Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узяць на кантроль сітуацыю з працай на знешніх рынках.

Па словах генеральнага дырэктара «Граніту» Эдуарда Гаўрылковіча, экспарт прадпрыемства з-за закрыцця межаў пасля пачатку пандэміі прыкметна знізіўся. Складанасці да паставак за мяжу таксама дадаюць прынятыя ў Расіі меры нетарыфнага рэгулявання, якія абмяжоўваюць аб’ёмы ўвозу беларускай сыравіны.

«Неадкладна давесці прэм’ер-міністру гэтае пытанне, каб мы маглі прасоўвацца. Але што ўвесь час спіхваць праблемы наверх? Трэба і тут варушыцца, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэтую праблему трэба вырашаць, гэта не такая катастрафічная праблема».

Паводле яго слоў, ва ўрадзе дапамогуць вырашыць пытанне з пастаўкамі прадукцыі за мяжу, але і само прадпрыемства павінна больш актыўна займацца гэтай праблемай.


Лукашэнка азнаёміўся з інавацыямі пры здабычы друзу на «Граніце»

У ходзе рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з новымі тэхналогіямі здабычы гранітнага шчэбеню і работай айчыннай беспілотнай тэхнікі на радовішчы «Сітніцкае» РУВП «Граніт» у Лунінецкім раёне.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб рэалізацыі праекта «Інтэлектуальны кар’ер. Бязлюдная тэхналогія здабычы на ​​радовішчы «Сітніцкае» з выкарыстаннем тэхналогіі перадачы даных па каналах сувязі 5G.

Праект выконваецца сумесна ААТ «БелАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» (прадастаўленне тэхнікі і інфраструктуры), РУВП «Граніт» (прадастаўленне пляцоўкі), расійскай кампаніяй «Віст Майнінг тэхноладжы» (прадастаўленне рабатызаванага і дыстанцыйна-кіруемага абсталявання) і СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» (прадастаўленне абсталявання 5G).

Спецыялісты расказалі, што стратэгія БЕЛАЗа па лічбавізацыі гарнатранспартных работ прадугледжвае стварэнне комплексных рашэнняў па пастаўцы тэхнікі, інфраструктурных рашэнняў і сістэм кіравання. Адным з элементаў гэтых рашэнняў з’яўляецца прадастаўленне бязлюднай тэхналогіі здабычы, якая ў сваю чаргу дасць магчымасць забяспечыць работу кар’ернай тэхнікі БЕЛАЗ на новых рынках збыту і ў новых спажыўцоў.

Плануецца, што прымяненне бязлюднай тэхналогіі здабычы дазволіць нарасціць прадукцыйнасць здабычы да 30 працэнтаў, павялічыць каэфіцыент тэхнічнай гатоўнасці за кошт змяншэння прастояў, эканоміць на рамонце тэхнікі за кошт аптымальных рэжымаў яе работы. Акрамя таго, прымяненне аўтаномнага транспарту дасць магчымасць знізіць траўматызм пры правядзенні горных работ.

У рамках гэтага праекта праводзяцца выпрабаванні бязлюднай тэхналогіі здабычы з выкарыстаннем доследных узораў кар’ерных самазвалаў серыі БЕЛАЗ-7558R грузападымальнасцю 90 т і франтальнага пагрузчыка БЕЛАЗ-7825D.

Работы па праекце стартавалі 20 ліпеня 2020 года.

Для работы інтэлектуальнага кар’ера ўзведзены будынак сучаснага мабільнага дыспетчарскага пункта, праведзена сеткавая і электрычная інфраструктура, устаноўлена 48 мачтаў, праз якія працягнута больш за 4 км кабеляў. Устаноўлена 3 мачты, на якіх размешчана абсталяванне, што забяспечвае пакрыццё тэрыторыі аб’екта сеткай 5G для кіравання рабатызаваным кар’ерным комплексам. Праведзены тэсціраванне і наладка сервернага і сеткавага абсталявання збору, накаплення і перадачы даных. На тэрыторыі разгорнута сістэма відэаназірання кантролю доступу.

Рабатызаваныя кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-7558R, дыстанцыйна-кіруемы пагрузчык БЕЛАЗ-7825D уведзены ў эксплуатацыю.

За час рэалізацыі праекта перавезена 117 631 куб.м раскрыўной пароды, у тым ліку з дапамогай пагрузчыка БЕЛАЗ-7825D.

Спецыялістамі БЕЛАЗа распрацавана праграма методыкі выпрабаванняў комплексу ў розных тэхналогіях здабычы (люднай і бязлюднай). Праведзена першасная наладка бязлюднай тэхналогіі здабычы, па выніках якой выяўлена неабходнасць дапрацоўкі праграмнага забеспячэння прывода пагрузчыка для адаптацыі да ўмоў грунту (апрабаваны 8 алгарытмаў работы).

За час рэалізацыі праекта сумарна з бартавых устройстваў абодвух самазвалаў перададзена больш за 5,5 Гбайтаў інфармацыі для правядзення далейшай апрацоўкі і аналізу на серверах прадпрыемства з дапамогай інтэлектуальнай сістэмы маніторынгу кар’ернага транспарту. На аснове гэтых даных пабудаваны шматфактарныя матэматычныя мадэлі характэрных станаў кар’ернага транспарту (загрузка, пагрузка, рух з грузам і без). Праводзіцца таксама пастаянны маніторынг і аналіз тэхнічнага стану. Атрыманыя масівы даных выкарыстаны для распрацоўкі модуля пошуку анамалій у патоку даных, які стане асновай для фарміравання прагнознай аналітыкі, што дасць магчымасць пачаць пераход ад міжінтэрвальнага абслугоўвання да тэхабслугоўвання па патрабаванні.

Акрамя таго, у зімовы перыяд была праведзена адаптацыя работы сістэм аўтаномнага руху да цяжкіх умоў надвор’я (абледзяненне і вялікая колькасць снегу): зменены траекторыі руху і зніжана скорасць па маршруце руху. Змененыя алгарытмы былі апрацаваны і захаваны, што дазволіць у будучым аператыўна карэкціраваць параметры руху пры пагаршэнні ўмоў надвор’я.

У красавіку бягучага года завершаны працэс наладкі сістэм сканіравання акружэння, заснаваных на розных сэнсарах, такіх як 3D-лідары, леддары і радары. Была таксама праведзена праверка работы па дэтэктыраванні і ідэнтыфікацыі пабочных аб’ектаў на маршруце рабатызаванага самазвала і рэалізацыя сустрэчнага раз’езду самазвалаў.

Як расказалі спецыялісты, у красавіку-маі распрацавана і зацверджана праграма методыкі папярэдніх выпрабаванняў бязлюднай тэхналогіі здабычы. Цяпер праводзіцца наладка абноўленага праграмнага забеспячэння. На 11 чэрвеня запланаваны пачатак другога этапу выпрабаванняў.

 «Граніт» — найбуйнейшы вытворца шчэбеню ў краіне, доля якога амаль 94%. У склад прадпрыемства ўваходзіць гранітны кар’ер «Мікашэвічы». У пачатку года яго запасы карысных выкапняў складалі 320 мільёнаў кубаметраў, чаго прыкладна хопіць на наступныя 35 гадоў. З 2013-га на «Граніце» запушчаны інвестпраект «Будаўніцтва горна-абагачальнага камбіната на базе радовішча «Сітніцкае». На ім плануецца дабываць будаўнічы камень і створыць тры тэхналагічныя лініі вытворчасці нярудных будматэрыялаў. Разведаныя запасы камня там — 540 мільёнаў кубаметраў.


Сустрэча з работнікамі «Граніту»

«Мы вельмі лёгка аддаем свае рынкі для іншых»

Прэзідэнт у размове з калектывам адзначыў, што асноўная прычына яго прыезду на «Граніт» — даведацца, як ідуць справы па будаўніцтве горна-абагачальнага камбіната на базе радовішча «Сітніцкае». Па яго словах, «пакуль там разгарнуліся не вельмі», бо цяжка рэалізаваць аб’ёмы прадукцыі, якую дабываюць на ўжо распрацаваных месцараджэннях.

«Вы залежыце ад будаўніцтва — дарожнага, дамоў, вытворчых памяшканняў. Калі згортваецца будаўніцтва, то складана і вам, — ваша прадукцыя менш запатрабавана», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што існуюць меркаванні аб незапатрабаванасці новага завода, бо перапрацоўваць прадукцыю могуць і на існуючым.

«Перш за ўсё неабходна рэалізаваць тое, што вы сёння ствараеце. Праблема заключаецца ў тым, што дзесьці з Расіяй не спрацавалі. Зразумела, яны будуць захоўваць свой рынак. У іх таксама закрываліся вытворчасці і будаўніцтва ўпала (з-за пандэміі. — „Зв.“). Ім неабходна свой шчэбень спажываць і іншыя матэрыялы», — сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, праблемы не сур’ёзныя — неабходна пакрыху дабаўляць у экспарце ў Расію.

«Але ёсць яшчэ адна праблема — унутраны рынак. Мы вельмі лёгка аддаем свае рынкі для іншых. Зараз гэта ўжо няважна, але ў мінулым годзе мы пэўную колькасць прадукцыі завезлі з Украіны. Яны бар’еры нам выбудоўваюць, пачынаючы з паветра, заканчваючы іншымі таварамі, якія мы імкнёмся туды прадаць, а мы „растапырыліся“: давайце, вязіце! Ёсць шэраг мелкіх праблем, якія мы добра ведаем і вырашым у бліжэйшы час», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Ён заўважыў: у мінулым годзе былі добрыя паказчыкі і буйны рост прамыслоўцаў.

«Усе з-за пандэміі пазакрываліся, а мы працавалі, як бы ні было цяжка. Настаў час, калі запасы скончыліся, але людзям жыць трэба. І, пачынаючы ад халадзільнікаў, пральных машын да вашых матэрыялаў, з’явілася вялікая запатрабаванасць у прадукцыі, што ствараем у Беларусі. Вось прамысловасць і пачала расці», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка і заявіў, што турбуецца пра тое, каб такія тэмпы захаваліся і ў наступныя гады.

«Гэта звычайная канкурэнцыя»

Кіраўнік краіны расказаў аб прычынах «накатаў» на Беларусь з боку іншых краін.

«Накат пайшоў на Расію, а праз нас жа не пераскочыш. Ды і Украінай мы не можам стаць і ваяваць супраць Расіі. Рускія — нашы людзі, мы такія ж, як яны, таму і ідзе гэты накат», — абазначыў першую прычыну Прэзідэнт.

Другая, па яго словах, — канкурэнцыя ў эканоміцы.

«Свет у мінулым годзе сціснуўся на фоне ковіду, і месца ўсім не хапае. Таму трэба выстаяць, чаго б гэта ні каштавала, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Проста не будзе. Гэта звычайная канкурэнцыя. Навошта вы на рынку, калі Украіна можа ў два разы больш стварыць і прадаць? І Расія можа стварыць і прадаць. І гэтак далей. Такой вытворчасці ў свеце хапае».

Ён патлумачыў, чаму аб’явілі санкцыі і кампаніі «Белавія».

«Рабят спрабуюць пакараць ні за што. Чаму? Таму што дзяржаўная кампанія, не прыватная, а працуе лепш, чым любая кампанія ў свеце.

Як так можа быць: нейкая там Беларусь — лепш?! Ёсць шэраг іншых прычын, але гэта галоўнае — канкурэнцыя. Трэба прыбраць канкурэнта, будуць самі перавозіць людзей. „Lufthansa“, „Ryanair“ і іншыя — яны ж змагаюцца за рынак пасля гэтай хваробы. Галоўнае — канкурэнцыя, а ўсё астатняе потым — і дыктатар, Прэзідэнт не той», — выказаў меркаванне кіраўнік краіны.

Па яго словах, грамадству шмат расказваюць пра тое, што адбываецца ва ўнутранай і знешняй палітыцы краіны. Робяць гэта для таго, каб людзі зразумелі, што хацелі зрабіць з краінай у сярэдзіне мінулага года.

«Мы ў адной лодцы з імі»

Адна з супрацоўніц звярнулася да Прэзідэнта з праблемай штучнага, на думку работнікаў прадпрыемства, абмежавання з боку расійскіх партнёраў перавозак шчэбеню чыгуначным транспартам і папрасіла дапамагчы з вырашэннем праблемы.

«Ураду я даручыў, каб імгненна звязаліся з расіянамі. Паспрабуем тут вам дапамагчы. Магчыма, не адразу зробім тое, што вы хочаце, але абавязкова паспрабуем вам дапамагчы. Ёсць да гэтага тэндэнцыі зараз у адносінах з Расійскай Федэрацыяй — і яны, і мы апынуліся ў няпростай сітуацыі, бо ўсе нас хочуць прыціснуць. Нас, я вам сказаў, па якой прычыне, іх — каб Расія, ядзерная дзяржава, не падняла галаву. Таму мы ў адной лодцы з імі»,— сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што добры партнёр, Кітай, ёсць на ўсходзе.

«Бяздонны там рынак. Я і дырэктару вашаму сказаў, што неабходна шавяліцца. Неяк мы спрабавалі крыху ў Кітай прадаць гэты шчэбень — дарога пратаптана. Трэба па гэтай дарозе рухацца. Гэтаксама і ў іншыя краіны», — сказаў Прэзідэнт.

Ён паабяцаў дапамагчы павялічыць пастаўкі на ўсіх кірунках, але заявіў, што ўсё залежыць ад самога прадпрыемства.

«Вырашыце праблему на гэтым тыдні»

Супрацоўнікі санаторыя прадпрыемства расказалі Аляксандру Лукашэнку сваю праблему. З-за недастатковай колькасці ўрачоў першай катэгорыі, установа не можа атрымаць ліцэнзію на аказанне пэўных медпаслуг.

«Імгненна вырашыце праблему на гэтым тыдні. Перадайце міністру аховы здароўя, каб знялі гэтыя перашкоды. Бывае так, што спецыяліст без катэгорыі можа аказаць паслугу, пра якую кажа яна (медык, якая звярнулася з пытаннем. — „Зв.“), лепш, чым чалавек з катэгорыяй», — даў даручэнне прадстаўнікам ураду і сваёй Адміністрацыі Прэзідэнт.

«Закончу гэтую дарогу — і на пенсію пайду»

Яшчэ адно пытанне ад працоўных «Граніта» — рэканструкцыя дарогі М10 «Кобрын-Гомель». Прэзідэнт адзначыў, што некалі гэта была яго ініцыятыва, але справа рухаецца вельмі марудна. Ён даў загад намесніку кіраўніка сваёй Адміністрацыі Дзмітрыю Крутому заняцца ўважліва гэтым пытаннем і хутчэй рэалізоўваць праект. Па яго словах, на ўчастку ад Рэчыцы да Калінкавічаў ужо пачалі работу.

«Закончу гэтую дарогу — і на пенсію пайду. Хачу, каб гэта дарога была пабудавана. Гэта важна для нас і таму, што мы перахопім патокі з Украіны. Раней па Украіне ішлі патокі, а мы перахопім паўднёвыя кірункі з Расіі і як па (трасе. — „Зв.“) Брэст-Масква перакінем туды на захад. Гэта добрыя грошы», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён запэўніў, чаго б гэта ні каштавала, дарогу пабудуюць, і яна будзе лепшая, чым траса Брэст-Масква.

Марыя ДАДАЛКА, БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?