Вы тут

У Беларусі выбралі каралеву студэнцтва — 2021


Высокатэхналагічная сцэна, подыум, яскравыя касцюмы і эфектныя нумары — такім выдаўся юбілейны, трыццаты конкурс прыгажосці сярод студэнцкай моладзі. Сёлета спаборніцтва красунь, заснавальнікам якога з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, змяніла традыцыйную назву «Каралева вясна» на «Каралева студэнцтва Беларусі — 2021», бо нават фінальнае спаборніцтва будзе мець працяг — у верасні беларуская прыгажуня паедзе на наступныя спаборніцтвы, якія пройдуць у Расіі.


Больш за дзве сотні дзяўчат з 29 ВНУ краіны змагаліся за высокае званне. А калі адшумелі конкурсы ўнутры навучальных устаноў і абласцей, трынаццаць самых эфектных і таленавітых прыгажунь прыехалі рыхтавацца да фіналу ў Мінск, дзе іх чакалі рэпетыцыі, майстар-класы па дэфіле і аратарскаму майстэрству, фотасэты, здымкі прафайлаў і культурная праграма.

У фінальным шоу, што прайшло ў сталічнай канцэртнай зале Prime Hall, абыгрывалася тэма кветак. Маўляў, дзявочая прыгажосць такая ж далікатная і патрабуе захаплення, догляду і ўвагі.

Пры адборы ўдзельніцам неабходна было прадэманстраваць сцэнічную культуру, уменне наладжваць кантакт з аўдыторыяй, камунікабельнасць, веданне этыкету, пачуццё гумару, артыстычнае майстэрства.

Каб стаць каралевай, мала мець эфектныя знешнія даныя. Многія з фіналістак займаюцца танцамі, вакалам, наведваюць мастацкія студыі, тэатральныя калектывы. І гэтыя ўменні і таленты спатрэбіліся, калі дзяўчаты ўражвалі сваімі творчымі нумарамі. Сярод загатовак фіналістак былі не толькі гарачыя танцы і пранікнёныя спевы. У сваіх выступленнях дзяўчаты ўздымалі хвалюючыя тэмы — экалогіі, дапамогі блізкім, шанавання сваіх каранёў. Адна з канкурсантак паспела за кароткі прамежак часу стварыць партрэт Францыска Скарыны.

Акрамя дэфіле і паказаў новых калекцый адзення, дзяўчатам давялося пазмагацца і ў конкурсе аратарскага майстэрства, прычым красуням была зададзена няпрастая тэма — «13 заганаў чалавека». Дзяўчатам на сцэне давялося не проста дэманстраваць на сцэне нянавісць, ганарыстасць, гнеў, зайздрасць, абыякавасць, прагнасць і іншыя складаныя эмоцыі, але і паказаць, як іх перамагчы.

У гэтым годзе ўпершыню два самых высокіх тытулы ўдалося перахапіць дзяўчатам з адной ВНУ — Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Студэнтка трэцяга курса факультэта вытворчых тэхналогій Вікторыя ВАРАБ’ЁВА стала першай Віцэ-каралевай студэнцтва. А галоўную ўзнагароду атрымала будучая таваразнаўца Валерыя ФОМЧАНКА. Падчас узнагароджання дзяўчына найперш падзякавала сваёй матулі, якая выхоўвала яе адна, за веру і падтрымку, і за тое, што ёй удалося вырасціць вось такую маленькую каралеву.

Паралельна вёўся падлік галасоў ад прыхільнікаў прыгажунь у сацыяльных сетках УКантакце, Інстаграм і месенджары Тэлеграм. У анлайн-галасаванні на ўсіх гэтых рэсурсах перамагла студэнтка 2-га курса факультэта славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Валерыя БУРЛІЙ.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?