Вы тут

Мастацкі «Імунітэт» у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва


Мабыць, надышоў ужо час выказвацца беларускім мастакам пра сённяшнюю «кавідную» ізаляцыю, якая парушыла для многіх звыклыя жыццёвыя стэрэатыпы. Але падступіцца да гэтай тэмы вельмі складана. Як рэфлексаваць пра надзённае? З якой інтанацыяй і з якім пасылам?


Выстава «з кладоўкі» — так назваў вядомы віцебскі скульптар Сяргей Сотнікаў персанальную экспазіцыю для праекта «Імунітэт», што адкрылася ў крэатыўнай прасторы Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва на Талстога, 7. Тут яго гіпсавая студэнцкая пластыка, мадэлі да помнікаў, скульптурныя работы, зробленыя сумесна са студэнтамі Віцебскага мастацка-графічнага факультэта, — зрэшты, усё тое, што звычайна застаецца схаваным ад гледачоў у сценах майстэрні.

Гіпсавыя злепкі — недаацэнены матэрыял, які звыкла лічыцца прамежкавым у скульптуры, — у Сяргея Сотнікава нечакана выразна «агучылі» ідэю ізаляцыі і імунітэту ад яе. Медыцынская маска на гламурнай белізне гіпсавых твараў — аўтарскі крэатыў і выразны адсыл да сённяшняй абязлічанасці. Скульптурныя бюсты з надзетымі на іх маскамі зліваюцца ва ўяўленні прысутных у адзіны візуальны шэраг, у якім адсутнічае галоўнае — чалавечая індывідуальнасць. І невялікі перформанс, калі мастак сам адкрывае твары сваіх гіпсавых герояў, вяртае да рэальнасці і натуральнасці чалавечых пачуццяў.

Работы з выставы Сяргея Сотнікава асабіста я ўбачыла анлайн. Як і многія іншыя. І гэта не засмучае. Сёння шмат што анлайн: падзеі, сустрэчы, нават пачуцці... Жыццё па-за межамі рэальнасці. Эмоцыі схаваны за медыцынскімі маскамі. «Кавідныя» нюансы ва ўзаемаадносінах са светам...

Сённяшняе мастацтва ўвогуле існуе ў новай парадыгме — інфармацыйнай усёахопнасці інтэрнэт-сетак. За час каранціну ў сусвеце з'явілася нямала прыкладаў «уцёкаў» ад сітуацыі праз мастацтва, а разам з тым — і спроб справіцца з дапамогай творчасці. Шматлікія фэйсбук-чэленджы для мастакоў і ілюстратараў, запускі ў анлайн-фармаце выстаў, галерэй і нават аўкцыёнаў — культурны і крэатыўны сектары прыцягнулі ўвесь арсенал мастацкіх інструментаў і «выціснулі» з пандэміі многа арыгінальных формаў і прадуктаў.

Дарэчы, на розных этапах гісторыі чалавецтва здараліся маштабныя эпідэміі, на многія з якіх жыва рэагавала выяўленчае мастацтва. Змрочнымі сюжэтамі чумы, як у Пітэра Брэйгеля ў «Плясках смерці». Рэлігійнымі карцінамі, як у Тыцыяна, які, даглядаючы за хворым на чуму сынам (дарэчы, мастак заразіўся ад яго і хутка памёр у майстэрні), напісаў сваю апошнюю карціну «П'ета». Жывапісным экспрэсіянізмам Эдварда Мунка, як водгулле жаху перад іспанкай. Канцэптуальнымі кампазіцыямі амерыканца Хіта Харынга, хворага на СНІД. Войны і эпідэміі, подзвіг і боль — тэмы надзвычаных чалавечых эмоцый заўжды хвалявалі мастакоў, а сродкі выяўлення былі адпаведнымі часу.

Сёння каранавірус таксама канцэптуальна змяняе пасыл мастацкай творчасці. Два гады таму арт-крытыкі паглыбляліся ў сэнс праекта Маўрыцыа Катэлана «Камедыянт» (банан, прылеплены скотчам да сцяны, быў прадстаўлены на Арт-Базелі ў 2019 годзе і прададзены за 120 тысяч долараў). Сёння праект Пушкінскага музея выяўленчых мастацтваў «Медыякарантын» прапаноўвае слухаць цішыню ўнутры сябе, распавядаць пра іншы бок сну, рэфлексаваць пра знешнюю і ўнутраную свабоду. Альбо заняцца перфарматыўнымі практыкамі, няхай сабе і ў віртуальнай прасторы, як іранскі мастак Хамід Эбрахімніа, які акружае Пізанскую вежу гіганцкімі апаратамі ШВЛ і закрывае Эйфелеву вежу тканінай.

Выставачны праект Сяргея Сотнікава ў пэўнай ступені прарывае ў беларускім мастацтве заслону творчага маўчання і абазначае гатоўнасць нашых мастакоў да аўтарскага выказвання на тэму пандэміі і нашых гледачоў да яе ўспрымання ў такім кантэксце. Ну, а праект «Ізаляцыя» ў Віцебску будзе працягвацца. І вельмі цікава, як гэтую тэму будуць агучваць іншыя ўдзельнікі праекта.

Наталля ШАРАНГОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.