Вы тут

На вастрыні праўды і аб'ектыўнасці. Прэс-сакратары сілавых ведамстваў — аб пытаннях інфармацыйнай рэчаіснасці


Інфармацыйная вайна на нашым медыйным полі ўжо вядзецца не першы год — гэты факт трэба прызнаць. Асабліва востра, часта беспадстаўна, аўдыторыя чамусьці рэагуе на падзеі, якія адбываюцца ў сілавых структурах. Як працаваць у гэтых складаных умовах, якіх стратэгій прытрымлівацца на інфармацыйным полі бою, якім чынам узаемадзейнічаць сілавікам з журналістамі — пра гэта, а таксама шмат што іншае за круглым сталом на тэму «Інфармацыйнае супрацьстаянне сучасным выклікам і пагрозам: узаемадзеянне прэс-службаў сілавых структур і СМІ ў новых рэаліях», які адбыўся ў рэдакцыі газеты «Звязда», пагаварылі з медыйнымі экспертамі, якія ў сваіх сілавых ведамствах адказваюць за СМІ і сувязі з грамадскасцю.

Вострыя пытанні сённяшняй інфармацыйнай рэчаіснасці абмеркавалі афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Наталля ГАЎРУСІК, начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю цэнтральнага апарату Следчага камітэта Сяргей КАБАКОВІЧ, памочнік міністра — прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь НАВІЦКІ, начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў — прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Вольга ЧАМАДАНАВА.


Аператыўна — не заўсёды аб'ектыўна

Віталь Навіцкі: — У пэўнай колькасці людзей памянялася свядомасць, змяніліся некаторыя тэхналагічныя рэчы, аднак глабальна ў прынцыпах і падыходах ва ўзаемадзеянні са СМІ, калі казаць пра прэс-службу нашага ведамства, кардынальных змен не адбылося. Як заўсёды, мы даём аператыўную, дакладную інфармацыю аб дзейнасці дзяржаўнага органа, якая распаўсюджваецца на тых каналах і пляцоўках, якія ўжо існуюць. Як раней стаяла праблема, што рабіць з чуткамі (тады непраўдзівая інфармацыя называлася менавіта так), ёсць яна і цяпер: толькі ўся псеўдаінфармацыя стала фэйкам. Як была негатыўна настроеная частка грамадства актыўнай у сацыяльных сетках, так яна і засталася. Адзінае, у чым бачу істотныя змены: усё больш людзей, якія займаюць дзяржаўную пазіцыю, прыходзяць у той самы Facebook, які ў прынцыпе лічыўся пляцоўкай, дзе збіраюцца толькі тыя, хто нечым незадаволены. Усё часцей там з'яўляюцца людзі, частка якіх па пэўных прычынах не хоча афішыраваць месца сваёй працы, але па запісах, аватарках і каментарыях відаць, што яны займаюць канструктыўную пазітыўную пазіцыю, што не можа не радаваць.

Віталь НАВІЦКІ.

Сяргей Кабаковіч: — Сапраўды, у інфармацыйным полі стала вельмі заўважная прысутнасць людзей, якія хочуць данесці сваю думку аб тым, што яны падтрымліваюць дзяржаўную палітыку ў цяперашніх умовах, падтрымліваюць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Раней мы прызвычаіліся да таго, што ў інтэрнэт-прасторы знаходзілася актыўная меншасць, якая пастаянна была нечым незадаволеная, і мы змагаліся з недастатковай свядомасцю таго, што яны робяць. Безгалосых шмат, вельмі мала актыўных людзей, якія не баяцца гаварыць. Цяпер сітуацыя мяняецца.

Вольга Чамаданава: — Калі вярнуцца яшчэ ў 2018-ы, 2019-ы гады, то трэба сказаць аб тым, што прэс-службы сілавых структур не працавалі так, як яны працуюць цяпер. Яны пастаянна рэагуюць на інфармацыйныя ўкіды і процістаяць фэйкам. Раней нават слова такога не ўжывалі: мы казалі аб тым, што гэта недакладная інфармацыя. Інтэрнэт дае нам новыя тэрміны: «пранкеры», «хейтары»... Скажыце, мы раней карысталіся такой тэрміналогіяй? На ведамасных інфармацыйных пляцоўках ніякія чуткі, а тым больш блогерскія выхадкі, якія былі і два-тры гады таму, мы не лічылі патрэбным каментаваць. Сёння няважна, хто аўтар навіны, хто гэты чалавек, які вяшчае інфармацыйную тэму дня, — мы будзем рэагаваць. Вядома, ёсць некаторыя моманты, якія можна назваць пройгрышнымі з нашага боку. Навіна распаўсюджваецца сёння не проста хутка, а імгненна. На жаль, тыя экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, пра якія мы сёння ведаем, нярэдка першымі задаюць тон у інфармацыйным асяродку. Для нас узнікае дылема: як заявіць інфармацыю — аператыўна ці падрабязна і дакладна, але не адразу. І тут ёсць пэўны інфармацыйны вакуум, бо на некаторую інфармацыю, відавочна,  мы не можам адрэагаваць хутка. Але ўсе разумеюць, што самая першая навіна — рэзанансная, яе ўспрымаюць, абмяркоўваюць. У чалавека ўжо склалася пэўная карцінка, усё астатняе мы або дапаўняем, або абвяргаем.

Віталь Навіцкі: — 10 сакавіка 2018 года ў Гомелі адбылося крушэнне даху катка, і так атрымалася, што кіраўнік аднаго з паблікаў «УКантакце» знаходзіўся менавіта там. Ён аператыўна выклаў у інтэрнэт фотаздымкі, суправадзіў іх тэкстам. Пакуль на працягу чатырох хвілін супрацоўнікі МНС ехалі на месца здарэння, інфармацыя ўжо была змешчана ў інтэрнэце — адпаведна, без афіцыйнай версіі здарэння. Далей гэты нядобрасумленны чалавек інфармацыю, якую распаўсюджваў я, выдаваў за ўласную. Гэта да таго, што ў пагоні за аператыўнасцю абагнаць людзей з такім, мякка кажучы, непрафесійным падыходам не атрымаецца.

Разуменне — гэта і ёсць давер

Сяргей Кабаковіч: — Як фарміраваць давер грамадства, а самае складанае — канкрэтнага чалавека, да пэўнага ведамства або дзяржаўнай арганізацыі? Гэта няпроста: наўрад ці можна перавыхаваць хулігана. Таму ў большай ступені трэба фарміраваць пазіцыю не даверу, а разумення грамадствам таго, што мы робім. Каму даверыцца грамадзянін, калі на яго напалі злодзеі? Вядома, чалавек патэлефануе па нумары 102. Ён, што, не будзе давяраць міліцыянеру, які прыедзе яго абараняць? Каму давераць тушыць пажар? Натуральна, Міністэрству па надзвычайных сітуацыях. Маці, выпраўляючы свайго сына ў армію, не вязе яго на Далёкі Усход, яна давярае сваё дзіця Узброеным Сілам. Калі злачынцы падманулі чалавека ў інтэрнэце, ён пойдзе ў міліцыю — і Следчы камітэт узбудзіць крымінальную справу. Давер — гэта і ёсць разуменне таго, што мы робім. Каб яго пашыраць, мы павінны прыцягваць грамадства ва ўмоўнае выкананне пэўных нашых функцый, дакладна і аператыўна інфармаваць насельніцтва аб нашай дзейнасці. І тады не будзе паўставаць пытання, як мы будзем развенчваць пэўныя фэйкі і здагадкі.

Наталля Гаўрусік: — А чаму б і не ўспрымаць афіцыйныя сайты ведамстваў у тым ліку як крыніцу абвяржэння чутак?! Калі чалавек заходзіць на сайт і хоча паглядзець, што напісана там, а не толькі ў ананімным тэлеграм-канале, гэта ўжо поспех. Крытычнае ўспрыманне інфармацыі — гэта заўсёды выдатна. Каб зрабіць пэўныя высновы, трэба атрымаць інфармацыю з розных крыніц. Любы дарослы чалавек павінен умець адсякаць эмацыянальны фактар і ўдакладняць, што гэта за крыніца інфармацыі, на падставе чаго рабіць вывады. Гэта тое, што сёння модна называць інфармацыйнай гігіенай. У Мінабароны мы шмат прыкладаем намаганняў для таго, каб кожны грамадзянін быў зацікаўлены перш-наперш пачуць афіцыйную версію любога працэсу ці здарэння, каб паміж «інфармацыйным фастфудам» і фактамі ён выбраў апошняе. Гэта важны складнік інфармацыйнай бяспекі.

Вольга Чамаданава: — На ступень даверу грамадства да сілавых структур, безумоўна, уплывае час. Сёння ён складаны. Калі мы вернемся на дзесяць гадоў таму, гэта была адна ступень даверу, цяпер яна іншая. Я лічу, што прыйшоў час градацыі даверу ў дачыненні да службы міліцыянера, вайскоўца, любога сілавіка. Іншае пытанне — давер у інфармацыйнай прасторы. Хтосьці, магчыма, ніколі і не звернецца па дапамогу ў сілавыя структуры, але гэты чалавек з малых гадоў ведае, што міліцыя вызначае злачынцаў і адказвае за правапарадак, супрацоўнікі МНС ратуюць людзей, Міністэрства абароны знаходзіцца на варце нацыянальнай бяспекі. У чалавека ўжо сфарміраваны пэўныя адносіны да кожнай са структур — адпаведна, ёсць і пэўны давер. Бандыт, які ведае, што яму пагражае расплата, не сумняваецца ў праваахоўных органах: міліцыянер збярэ ўсе доказы яго віны, а Следчы камітэт узбудзіць крымінальную справу, будзе вынесены прысуд — у выніку яго чакае пэўная мера пакарання. У цэлым мы не страцілі тую функцыю, калі насельніцтва звяртаецца па дапамогу ў праваахоўныя органы. Гэта было, ёсць і будзе: людзі заўсёды патэлефануюць у міліцыю, МНС — туды, дзе яны могуць разлічваць на пэўную прававую абарону.

За няпраўду і паклёп — адказнасць

Вольга Чамаданава: — Усюды, дзе я бываю, сустракаюся з моладдзю: у школах, ва ўніверсітэтах. І ўсім задаю на сваіх сустрэчах пытанне: хто сёння ўключае тэлевізар? На нядаўняй сустрэчы, якая адбылася ў адной з ВНУ, больш чым са ста студэнтаў паднялі руку толькі некалькі чалавек.

Сяргей Кабаковіч: — Тым больш яны не чытаюць газет. Гэтае слова для падлетка ўвогуле малазнаёмае.

Вольга Чамаданава: — Вядома, што для сучаснай моладзі асноўная крыніца інфармацыі — гэта сацыяльныя сеткі. «Інстаграм» — самая распаўсюджаная сярод іх пляцоўка, у першую чаргу дыялогавая, дзе яны могуць пакінуць меркаванні, выказаць думкі. І ў тых, хто спажывае інфармацыю выключна з месенджараў і сацыяльных сетак, я заўсёды пытаюся, ці ўпэўнены яны, што гэтая крыніца тую ці іншую навіну выкладае праўдзіва. А навошта напружвацца і шукаць афіцыйныя акаўнты ведамстваў, каб даведвацца, што там было ў выніку?

Вольга ЧАМАДАНАВА.

Сяргей Кабаковіч: — Іх не цікавіць: праўда гэта ці няпраўда. Сучасную моладзь прыцягвае толькі карцінка таго, што адбылося. Калі, напрыклад, гэта ДТЗ, то іх цікавіць відэа, на якім зафіксаваны момант сутыкнення. Што далей будзе адбывацца: як працуюць міліцыянеры, следчыя, — многім проста ўсё роўна.

Вольга Чамаданава: — Сёння мы павінны рэагаваць абсалютна на любую навіну, якая датычыцца ведамства. І няважна, з якога месенджара або сацыяльнай сеткі яна прагучала. Раз навіна мае ўласцівасць распаўсюджвацца, у любым выпадку павінен у дачыненні да яе прагучаць каментарый: як мінімум пацвердзіць або абвергнуць, дадаць новую інфармацыю. Той час, калі тую ці іншую інфанагоду мы маглі пакінуць без увагі, варта забыць. Я вельмі добра памятаю, калі ў 2019 годзе прыйшла на сваю пасаду, той жа вядомы экстрэмісцкі тэлеграм-канал штодзённа ажыццяўляў інфармацыйныя ўкіды на міліцыянераў: даходзіла да таго, у якім адзенні яны прыходзілі на работу. Мы тады маўчалі, а нельга было! Трэба было адказваць той жа зброяй і абараняць кожнага міліцыянера, калі ён сапраўды варты гэтай абароны.

Сяргей Кабаковіч: — Людзі, якія пішуць негатыўную інфармацыю аб чалавеку, у тым ліку абвінавачваюць аўтараў афіцыйных каментарыяў, чамусьці думаюць, што застануцца незаўважанымі. Як у выпадку з самалётам, калі ў адрас загінулых лётчыкаў пасыпаліся абразы. Гэтыя людзі былі аператыўна ўстаноўлены супрацоўнікамі міліцыі. Паклёп — гэта адміністрацыйная адказнасць. Паклёп у адносінах да службовай асобы — крымінальна пакаральнае дзеянне. Чаму не карыстаецца папулярнасцю навіна, калі супрацоўнік міліцыі, напрыклад, выратаваў дзіця? Людзей цікавіць толькі негатыў. Праўду не трэба даказваць. Калі мы публікуем пэўную інфармацыю, яна ўжо з'яўляецца праўдзівай. Мы не будзем аб гэтым крычаць. Крычыць той, хто хоча распаўсюдзіць інфармацыю, якая з'яўляецца непраўдзівай. Калі чалавек бездапаможны, яму застаецца толькі крычаць.

Наталля Гаўрусік: — Сітуацыя з самалётам авіякампаніі Ryanaіr нам паказала, што часта сёння ўжо недастаткова проста даць аб'ектыўную інфармацыю. Пакуль праўда «адзявае штаны», хлусня абляціць паўсвету. Маланкападобна распаўсюдзілася навіна аб тым, што была ажыццёўлена прымусовая пасадка ваенным знішчальнікам. Насамрэч грамадзянскі самалёт ужо развярнуўся і ўзяў курс на пасадку ў Мінску, калі да яго далучыўся ваенны борт. МІГ-29 яго суправаджаў, а не перахопліваў — гэта істотная розніца. Мы аператыўна далі каментарый нашых Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, якія патлумачылі, як дзейнічалі дзяжурныя сілы, што не было ніякай прымусовай пасадкі (а гэта канкрэтны алгарытм дзеянняў). Што далі многія СМІ па ўсім свеце? Толькі тое, што Мінабароны пацвердзіла, што ў неба падняўся баявы самалёт. І ўсё! Інфармацыя распаўсюдзілася, але галоўнай мэты не дасягнула. Мы вымушаны былі на наступны дзень накіроўваць камандуючага ВПС і войскамі СПА на прэс-канферэнцыю, каб ён яшчэ раз пахвілінна патлумачыў дзеянні дзяжурных сіл. Мы прыйшлі да таго, што нават поўную і падрабязную інфармацыю, маючы пэўную мэту, можна ўзяць часткова і зрабіць на ёй рэзанансную навіну. І ў гэтым сэнсе вялікую дапамогу нам дае нават не сайт, які змяшчае ў асноўным навіны і афіцыйныя заявы ведамства, а сацыяльныя сеткі і тэлеграм-канал. Там мы можам даць кантэкст, які ўтрымлівае шмат дадатковай інфармацыі. Магчыма, гэтая меней фармальная камунікацыя з грамадскасцю дапаможа калі не развейваць міфы, то хоць бы даваць кантэкст чалавеку, каб ён сам зрабіў высновы.

Віталь Навіцкі: — На гэтым тыдні многія СМІ далі інфармацыю аб узгаранні стайні ў Ратамцы. Па-першае, трэба разумець, каб гэта была не Ратамка, а ўмоўна Верхнядзвінск, думаю, што і сёння аб гэтым ніхто нічога не ведаў, гэта нідзе не абмяркоўвалася б. Калі стаіць задача — вышукваць толькі пэўныя паскудствы, то самы лепшы варыянт напісаць «паведамляюць, што ратавальнікі прыбылі позна». Яшчэ адзін прыклад звязаны з Будслаўскім касцёлам. Для мяне абсалютна відавочна, што супрацоўнікі МНС рэальна выратавалі гісторыка-культурную каштоўнасць. Дэструктыўныя тэлеграм-каналы ніколі не напішуць нічога добрага, таму зразумела, што тэма гераічнай барацьбы за храм была апушчана: адлюстраванне подзвігу ратавальнікаў не адпавядае іх канцэпцыі. Я вырашыў дадаткова звярнуць на гэта ўвагу, напісаўшы пост у сваім Facebook, і было цікава назіраць, калі да мяне на старонку прыйшлі людзі, якія вядуць гэтыя каналы, з абвінавачваннем, што я рэкламую супрацоўнікаў МНС. Атрымліваецца, што ўсе добрыя, пазітыўныя рэчы, якія адбываюцца ў сілавых структурах, застаюцца незаўважанымі.

Вольга Чамаданава: — На чым сёння трымаецца інфармацыя? На вельмі рэзкіх загалоўках, якія крычаць. І такія загалоўкі не ўтрымліваюць рэальнай карціны падзеі, якая адбылася.

Сяргей Кабаковіч: — Часцяком яны маніпуляцыйныя, пададзеныя пад пэўным акцэнтам і ракурсам. Толькі нельга забываць, што калі мы транслюем пэўную інфармацыю, мы павінны быць за яе адказныя.

Вольга Чамаданава: — Праз шэсць месяцаў уступяць у сілу тыя змены, якія ўнесены ў Закон аб СМІ. І вось там з улікам падзей, якія мы назіралі ў мінулым годзе, шэраг момантаў чакае карэктывы. Вы памятаеце, як летась усе, каму не лянота, вялі стрымы ў анлайне і вяшчалі аб тым, што адбываецца на вуліцах нашага горада, за што, вядома, не прадугледжвалася ніякай адказнасці. Цяпер адказнасць у адносінах да тых журналістаў і не толькі, якія вядуць трансляцыю з такіх мерапрыемстваў, ужо прапісана нашым заканадаўствам.

Сяргей Кабаковіч: — Дадзеныя меры звязаны з распаўсюджваннем негатыву і падаграваннем інтарэсу да канкрэтных мерапрыемстваў. Акрамя таго, падчас такіх эфіраў людзьмі кіруюць, паказваючы рух сілавых структур. Канешне, пэўных юрыдычных момантаў насельніцтва не ведае. Аднак невыкананне закона не вызваляе ад адказнасці. Тое, што гэта будзе ўрэгулявана, — гэта вялікі крок да таго, каб людзі разумелі, што за сказанае прадугледжана адказнасць.

Як змагацца з псеўдафактамі і фальсіфікацыямі?

Вольга Чамаданава: — Мы адносна невялікая краіна, таму нам не складана атрымаць аператыўна тую ці іншую інфармацыю, прыняць рашэнне і адрэагаваць. І блогераў у нас не такая вялікая колькасць, каб гэтую інфармацыю падхопліваць і хутка распаўсюджваць. У інтэрнэце з'явілася шмат экспертаў, якія нешта абмяркоўваюць. Хоць мы, афіцыйныя прадстаўнікі сілавых ведамстваў, павінны быць у цэнтры ўвагі. І ў гэтым пытанні адзінымі з намі павінны быць і сродкі масавай інфармацыі. Калі ўзнікла канкрэтная сітуацыя — значыць даюць інфармацыю ўсе тыя, хто павінен аб гэтым сказаць: дзе і што б не адбылося. Па маім перакананні, мы і так ужо бачым вялікі прагрэс, як працуюць сёння журналісты нашых дзяржаўных каналаў і друкаваных выданняў. Змяніцца карэнным чынам нас прымусіла сітуацыя. Я таксама ў 2019 годзе не чакала, што ў 2020-м стане ўсё інакш, і прэс-служба МУС будзе працаваць як на перадавой.

Сяргей Кабаковіч: — Невыпадкова вельмі важна наладзіць сеткавае ўзаемадзеянне сілавых структур, дзяржаўных органаў па распаўсюджванні дакладнай інфармацыі, каб яна была данесена большай частцы насельніцтва. Калі, напрыклад, у «Інстаграме» МНС з'явіцца інфармацыя аб тым, што ў вайсковай часці патушаны пажар, танкі не гарэлі, — гэтага будзе дастаткова, і пытанне поўнасцю здымецца. Давайце аб'ядноўвацца на нашых вялікіх пляцоўках і адзін аднаго падтрымліваць.

Сяргей КАБАКОВІЧ.

Вольга Чамаданава: — Бываюць выпадкі, што, калі мы аператыўна даём інфармацыю, яна можа адрознівацца ад тых абставін, якія высвятляюцца і ўстанаўліваюцца пазней. І калі мы разумеем, што інфармацыя недакладная або ў ёй не хапае пэўных фактаў, мы ўсё роўна іх дабавім, як мінімум дапоўнім. Калі наступае час ікс, думаць няма калі. Твая задача — аператыўна прымаць рашэнні, і тут ты павінен дзейнічаць хутка. Любая вайна пачынаецца з інфармацыйнай. У нас ужо ёсць пэўны вопыт, якім мы дзелімся ў міжнародным фармаце. Сёння шэраг краін зацікаўлены прыязджаць да нас і вывучаць вопыт інфармацыйнага процідзеяння ў перыяд беспарадкаў мінулага года. Трэба сказаць, што ўся гэтая сітуацыя нас толькі аб'яднала, зрабіла яшчэ больш моцнымі.

Віталь Навіцкі: — Бачу шлях у нарошчванні ўласнага кантэнту на шматлікіх пляцоўках і ва ўзаемадзеянні ведамстваў, усіх дзяржаўных структур з тымі, у каго няма мэты знішчаць, разбураць, распальваць. Трэба працаваць у тым ліку з недзяржаўнымі СМІ і інтэрнэт-пляцоўкамі, якія займаюць адэкватную пазіцыю і да сілавога блоку, і да дзяржавы ў цэлым.

Наталля Гаўрусік: — Ва ўсім свеце шукаюць спосабы барацьбы з псеўдафактамі і фальсіфікацыямі. Некаторыя краіны пайшлі па такім шляху, што заканадаўча замацавалі абавязак для сацыяльных сетак — сачыць за самацэнзурай. Калі ёсць скаргі на пэўны пост (з пункту гледжання дакладнасці, напрыклад), то сацыяльныя сеткі павінны візуальна гэта прадэманстраваць. І пост ужо не фігурыруе як проста рэтрансляцыя інфармацыі, ён адзначаны як інфармацыя, якая выклікае пытанні. Калі ж гэта не выконваецца ў сацыяльнай сетцы, прадугледжаны гіганцкія штрафы.

Вопыт, які зрабіў больш моцнымі

Сяргей Кабаковіч: — У любым выпадку, мы, людзі ў пагонах, згодна з канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі, павінны нейтралізаваць любыя пагрозы, у тым ліку ў інфармацыйнай сферы. Трэба абавязкова рэагаваць на распаўсюджванне недакладнай і наўмысна перакручанай інфармацыі. Насаджэнне грамадскасці пэўнай маніпуляцыйнай псеўдапраўды заўсёды будзе прадухіляцца. Фарміраванне спрыяльнай грамадскай думкі неабходна дзейнасці ўсёй сістэмы забеспячэння бяспекі краіны.

Віталь Навіцкі: — Сістэма развіваецца, яна мяняецца — я кажу як мінімум пра камунікацыю. Пры любым процістаянні розных сістэм выстаіць тая, якая лепш за ўсё арганізавана, якая здольная эвалюцыяніраваць, мяняцца — такая без варыянтаў і пераможа. Відавочна, што сістэма сілавых структур па інфармаванні грамадскасці аказалася гатовая да любых выклікаў і паспяхова развіваецца далей.

Наталля Гаўрусік: — У гэты складаны час гіганцкі скачок у плане камунікацыі зрабілі ўсе сілавыя структуры. У пэўным сэнсе мы вымушаны былі гэта зрабіць. Гэта сведчыць аб тым, што няма ліха без дабра. Мы аптымізавалі работу да такой ступені, што яна паскорылася ў некалькі разоў. Выпрацавалі кожны сваю схему, як паступаць у тых ці іншых крытычных сітуацыях, зрабілі пэўныя высновы: палепшылі ўзаемадзеянне або цвяроза паглядзелі на кантакты з пэўнымі СМІ. У нас ужо ёсць пэўны вопыт, які будзе выкарыстоўвацца нават тады, калі настане спакойны час. Вядома, як было раней, так ужо не будзе. Добра! Мы навучыліся хутчэй думаць, працаваць, дзесьці больш аператыўна прымаць рашэнні і прадбачыць наступствы, сталі больш мабільнымі. Але наперадзе яшчэ доўгі, складаны шлях. Так ці інакш — дарогу адолее той, хто ідзе.

Наталля ГАЎРУСІК.

Вольга Чамаданава: — Мне б не хацелася, каб паўтарылася тое, што прыйшлося нам перажыць: у першую чаргу, гэта датычыцца інфармацыйнага поля. Ёсць вялікае жаданне будаваць сённяшні інфармацыйны дзень крыху ў іншым кірунку. Вядома, гэта рэпутацыя ведамства, работа нашых супрацоўнікаў. На жаль, многія сёння не бачаць, як штодзённа рызыкуе міліцыянер у сваёй прафесійнай дзейнасці. Калі, напрыклад, дзяўчынка хоча скокнуць з моста і яе спыняе супрацоўнік праваахоўных органаў, міліцыянер у гэты момант не пазіруе на камеру: ён выконвае свой службовы абавязак. Нашы людзі становяцца яшчэ мацнейшымі, у тым ліку ў пытанні проціборства. Мы аб'ядноўваемся. Мы гэтую інфармацыю прымаем, а разам з тым разумеем, дзеля чаго служым. Кожны з нас думае не проста аб абароне сваёй Радзімы, кожны думае аб яе будучыні. Нас ніхто не запалохае. Мы атрымалі вопыт, але нам ёсць да чаго імкнуцца. Наш круглы стол — таму пацвярджэнне: у такі складаны перыяд мы знаходзім час, каб сустрэцца, бо мы неабыякавыя да таго, што адбываецца.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: На вастрыні праўды і аб'ектыўнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».