Вы тут

Гісторыя і сучаснасць Фундаментальнай бібліятэкі БДУ


Адна з найстарэйшых і найбуйнейшых бібліятэк вышэйшых навучальных устаноў Беларусі — Фундаментальная бібліятэка БДУ — была ўключана ў структуру Праўлення гэтага ўніверсітэта 23 мая 1921 года, і менавіта гэты дзень лічыцца датай яе заснавання. Складаны, поўны перашкод шлях стварэння, выпрабаванні 1930-х гадоў, трагічныя падзеі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, новыя ўмовы і патрабаванні апошніх дзясяцігоддзяў і сучаснага перыяду… Установа з драматычнай гісторыяй неаднойчы амаль знікала, але аднаўлялася — дзякуючы энтузіястам, аматарам кнігі. Ды ў краіне заўсёды разумелі: дзе навучанне, без бібліятэкі нікуды.

Універсітэцкая бібліятэка, якая сёлета адзначае стагадовы юбілей, мае цяпер амаль 2 млн тамоў універсальнай літаратуры, абслугоўвае больш за 25 тысяч карыстальнікаў, штогод ажыццяўляе звыш 1,5 млн кнігавыдач і зваротаў да электронных інфармацыйных рэсурсаў. Але найкаштоўнейшае ў ёй не фонды і не шматлікія залы, а людзі — прафесіяналы, адданыя сваёй справе. Так было заўсёды і будзе надалей.  


У гэтым будынку ў 1921 годзе часова размяшчалася ўніверсітэцкая бібліятэка.

Карані

Упершыню пра неабходнасць універсітэцкай бібліятэкі заявіў акадэмік Яўхім Карскі ў першым праекце статута беларускага ўніверсітэта, апублікаваным ў 1918 годзе. Але толькі пасля ўтварэння ССРБ у 1919-м была створана камісія па арганізацыі ўніверсітэта, старшынёй якой і стаў Яўхім Карскі. У яе склад увайшла і Яўгенія Гурвіч, якую прызначылі часовым вучоным бібліятэкарам. Мінская рэвалюцыянерка, яна мела дыплом аб заканчэнні швейцарскага ўніверсітэта, у розныя перыяды працавала ў Мінскай публічнай бібліятэцы імя А. С. Пушкіна, узначальвала пазашкольны аддзел Народнага камісарыята асветы. Таму ёй і даручылі практычную частку справы па заснаванні першай навуковай і ўніверсітэцкай бібліятэкі Беларусі. Крыху пазней яна стала загадчыцай кніжніцы, але працавала толькі год.

У афіцыйных дакументах таго часу сітуацыю з літаратурай у краіне называлі «кніжным голадам», тлумачыць некаторыя факты гісторыі дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір Кулажанка. Крыніцы паступленняў шукаліся самыя розныя: давалі аб’яву ў газету «Звязда» пра здачу кніг, атрыманых у бібліятэках да рэвалюцыі, публікавалі заклік камісіі дапамагчы ў стварэнні ўніверсітэта і ў зборы неабходных выданняў, прымаліся рашэнні аб тым, каб з усіх памешчыцкіх маёнткаў Мінскай губерні былі вывезены бібліятэкі… Былі спробы арганізаваць збор неабходнага абсталявання і кніг на тэрыторыі Віцебскай і Смаленскай губурній, якія тады ўваходзілі ў склад РСФСР, аднак мясцовыя ўлады не падтрымалі ініцыятыву.

Першым нешматлікім супрацоўнікам даводзілася працаваць у непрыстасаваных памяшканнях, без адпаведнага абсталявання і бібліятэчнай тэхнікі… Далучалі і некваліфікаваных работнікаў — студэнтаў універсітэта. Першы будынак, які аддалі пад рэктарат, рабочы факультэт і ўніверсітэцкую бібліятэку, — гэта былая гімназія Фальковіча (зараз вул. Чырвонаармейская, 6 — гістарычны факультэт БДУ). Крыху пазней кніжніцу перавезлі ў найбольш прасторны будынак былога Юбілейнага дома па вул. Захар’еўскай, 26 (цяпер пр-т Незалежнасці).

Аснову першапачатковага фонду склалі каля 40 тысяч тамоў, рэквізаваных у маёнтках Мінскай губерніі, кнігі з закрытых вучэбных устаноў Мінска, якія перадаў Народны камісарыят асветы ССРБ. У хуткім часе паступіла 20 тысяч тамоў бібліятэкі былой Мінскай духоўнай семінарыі. Да таго ж фонд папаўняўся і дзякуючы дарам з асабістых збораў вучоных (у розныя перыяды былі набыты прыватныя зборы кніг акадэмікаў Я. Карскага, М. Янчука, І. Карнілава, П. Жуковіча, В. Дылы, прафесараў А. Сапунова, І. Маркона, І. Гурвіча, народнага паэта Я. Купалы, сярод паступленняў былі кнігі, выдадзеныя Францыскам Скарынам, Статут ВКЛ 1588 года і інш.).

З 1922 года бібліятэка БДУ сумяшчала функцыі дзяржаўнай і ўніверсітэцкай кніжніцы, а таксама цэнтральнай бібліяграфічнай установы БССР (у складзе бібліятэкі былі створаны Беларуская кніжная палата і Бібліяграфічнае бюро). Для таго перыяду не было характэрна аднастайнасць у выкарыстанні афіцыйных найменняў: у назве выкарыстоўваліся такія словы, як «фундаментальная», «навуковая», «універсітэцкая» і «цэнтральная». У хуткім часе бібліятэцы перадалі яшчэ і суседні будынак былой духоўнай кансісторыі (цяпер пр-т Незалежнасці, 24 — Інстытут тэалогіі БДУ).

У 1926 г. бібліятэка ператворана ў цэнтральную дзяржаўную кніжніцу, якая атрымала назву «Беларуская дзяржаўная бібліятэка», і выведзена са складу БДУ. Практычна ўвесь фонд — а гэта каля 270 тысяч адзінак — перадалі Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы. А ў БДУ паступова пачалося фарміраванне асобнай кніжніцы… У 1928 годзе пастановай СНК было прынята рашэнне аб будаўніцтве ўніверсітэцкага гарадка, дзе пад бібліятэку планаваўся асобны корпус. Па розных прычынах з 1933 года кніжніцы знаходзілася ў галоўным корпусе БДУ, у 1944-м — у будынку фізіка-матэматычнага факультэта (сёння — рэктарат БДУ), з 1949-м — у біялагічным корпусе (сёння факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі). У 1962 годзе бібліятэка пераехала ў галоўны корпус БДУ.

Другая сусветная вайна — асобная старонка ў біяграфіі ўстановы. З пачаткам акупацыі Мінска ў памяшканнях універсітэта нямецкая адміністрацыя размясціла ваенныя ўстановы і шпіталь. У 1941 г. фонд складаў каля 200 тысяч экзэмпляраў, але падчас акупацыі Мінска гітлераўскія захопнікі знішчылі большую частку кніг, а значная колькасць каштоўнай літаратуры вывезена ў Германію. Кнігі на нямецкай мове фашысты проста забіралі сабе. Супрацоўнікі БДУ, якія засталіся ў акупаваным горадзе, імкнуліся захаваць частку абсталявання і кніг: у 1942—1943 гадах ім перыядычна дазвалялі наведваць унівесітэцкі гарадок, і яны здолелі перавезці некаторыя каштоўнасці ў корпус Політэхнічнага інстытута і драўляную гаспадарчую прыбудову на вул. Віцебскай. Большасць уратаваных кніг была знішчана ў пажарах у ліпені 1944 года.

Пасля аднаўлення работы БДУ у 1943 годзе на станцыі Сходня пад Масквой была адкрыта і бібліятэка. На набыццё кніг выдзялялася да 70 працэнтаў бюджэтных сродкаў універсітэта. Студэнты на электрычках ездзілі ў Маскву і адтуль у руках прывозілі вязанкі кніг. Вялікую дапамогу аказвалі і маскоўскія ВНУ, якія дзяліліся сваёй літаратурай. У выніку за год удалося назапасіць 70 тысяч асобнікаў. Між тым універсітэту не хапала плошчаў, таму ўдзень чытальныя залы выкарыстоўваліся для вучобы, а ўначы студэнты спалі на сталах. Дзейнасць бібліятэкі была адноўлена ў Мінску ў 1944 годзе. Страты, нанесеныя кніжніцы, ацанілі ў 3—3,5 млн рублёў. Аднаўленне фонду, страчанага падчас Вялікай Айчыннай вайны, расцягнулася да 1955 года.

Чытацкая канферэнцыя па кнізе І. Шамякіна «Петраград — Брэст».

Асоба

На жыццё бібліятэкі значна паўплывалі рэпрэсіі. Паказальная біяграфія Мікалая Гуткоўскага, загадчыка бібліятэкі з 1934 да 1937 год. Ураджэнец Случчыны, выпускнік юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, ён у розны час ён працаваў ва ўстановах Варшавы і Масквы, але падчас Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны і ў 1918 годзе апынуўся ў Крыме. З прыходам войскаў Урангеля, не маючы сродкаў на жыццё, Мікалай Гуткоўскі быў вымушаны паступіць на пасаду сакратара ў адну з устаноў, за што пазней, пасля прыходу Чырвонай арміі, жорстка паплаціўся.

У 1921 годзе Мікалай Гуткоўскі як бежанец быў эвакуіраваны з сям’ёй у Мінск. На радзіме працаваў вучоным сакратаром Акадэмічнага цэнтра, навуковым супрацоўнікам Інбелкульта, выкладчыкам у БДУ… Займаў пасаду і ў Пастаянным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе СССР, у апараце ЦВК СССР, у Камісіі заканадаўчых праектаў пры СНК БССР.

У 1928 годзе ў часопісе «Полымя» з’явілася паэма «Цені на сонцы» Андрэя Александровіча. У галоўным героі ўгадваўся Мікалай Гуткоўскі — названы былым сакратаром Урангеля, а цяпер — «канстультантам у савеце». Нягледзячы на адкрыты ліст, дзе ён апраўдваўся, ДПУ БССР арыштавала яго ў 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі», аднак у хуткім часе адпусціла з-за адсутнасці доказаў.

На пасадзе дырэктара Мікалай Гуткоўскі здолеў аднавіць паўнавартасную работу бібліятэкі БДУ, арганізаваў дзейнасць пунктаў абслугоўвання на факультэтах. У пачатку 1937 года, баючыся арышту, Мікалай Гуткоўскі з’ехаў у Маскву, але гэта не выратавала. Ён быў арыштаваны, асуджаны і расстраляны на палігоне «Камунарка». Пазней, у 1959 годзе, рэабілітаваны.

Сучаснасць

Найбольш спрыяльнымі для фарміравання фонду Фундаментальнай бібліятэкі БДУ былі 1970—1980-я гады, але справы значна змянілася ў пачатку 1990-х з-за зніжэння бюджэтных асігнаванняў. У той жа час бібліятэка актыўна пачала ўкараненне ў практыку новых тэхналогій, фарміраваць калекцыі ў лічбавым выглядзе, даваць доступ да міжнародных паўнатэкставых і рэфератыўных навуковых баз даных.

Сёння Фундаментальная бібліятэка БДУ — гэта каля 2 млн тамоў універсальнага фонду айчыннай і замежнай літаратуры (больш як 180 тысяч — алічбаваныя дакументы); больш за 25 тысяч карыстальнікаў; звыш 1 млн кнігавыдач і зваротаў да электронных інфармацыйных рэсурсаў. Да паслуг карыстальнікам — 15 інфармацыйных залаў, медыятэка, каворкінг «Лібраторыя» (усяго 846 месцаў). Штогод бібліятэка набывае больш за 25 тысяч асобнікаў новых выданняў, атрымлівае каля 400 найменняў айчынных і замежных перыядычных выданняў, дае доступ да 30 навуковых ліцэнзійных паўнатэкставых і рэфератыўных баз даных, вядзе міжнародны кнігаабмен з 75 навуковымі і навучальнымі арганізацыямі з краін СНД і далёкага замежжа. Між іншым, паводле міжнароднага рэйтынгу Transparent Rankіng of Reposіtorіes, Электронная бібліятэка БДУ ўваходзіць у тройку найлепшых універсітэцкіх рэпазіторыяў у свеце.

— Сёння можна ўпэўнена сказаць, што бібліятэка БДУ існуе ў дзвюх іпастасях: класічная і лічбавая. Апошняя — гэта наш рэпазіторый: адзін з найбольш шырокіх асартыментаў падпіскі на міжнародныя навуковыя базы даных. Галоўнае ў ім — працэс алічбоўкі, — адзначае Уладзімір Кулажанка. — Так, нядаўна Фундаментальная бібліятэка БДУ набыла ўнікальны кніжны сканер. З яго дапамогай можна адлічбаваць любыя выданні, перш за ўсё рэдкія і старыя кнігі. Гэта дапамагае зменшыць нагрузку на арыгіналы, забяспечыць іх захаванасць і разам з тым даступнасць для чытачоў.

Фонд рэдкіх і каштоўных выданняў, які склаўся гістарычна, уключае старадрукаваныя выданні; калекцыю рэвалюцыйнага друку і першых гадоў савецкай улады, першыя прыжыццёвыя і асабліва каштоўныя творы класікаў навукі, літаратуры і мастацтва, выданні, якія з’яўляюцца ўзорамі мастацкага афармлення і паліграфічнага выканання… Сярод найцікавейшых калекцый — выданні часоў вайны і мініяцюрныя кнігі.

Фундаментальная бібліятэка БДУ на працягу многіх дзесяцігоддзяў з’яўляецца каардынацыйным і метадычным цэнтрам сеткі бібліятэк (больш за 50) устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, на базе кніжніцы працуюць некалькі клубаў па інтарэсах: клуб аматараў паэтычнага слова «КЛУмБА», кінаклуб «Фруза». Дзейнічаюць Бібліятэка Кітая і Аманскі цэнтр арабскай мовы і культуры.

Электронная бібліятэка

Юбілей

Да 100-гадовага юбілею Фундаментальнай бібліятэкі БДУ была прымеркавана двухдзённая XXІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Менеджмент міжвузаўскіх бібліятэк». Удзельнікамі форуму сталі больш за 250 кіраўнікоў і спецыялістаў бібліятэк, устаноў вышэйшай адукацыі і навукі, інфармацыйных цэнтраў, выдавецтваў з васьмі краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Польшчы, Казахстана, Узбекістана і Кіргізіі. Асноўная тэма — выбудоўванне камунікацыі паміж універсітэтамі, а таксама з выдаўцамі ў абсалютна розных фарматах. Асноўныя напрамкі абмеркаванняў за апошнія гады: эфектыўнасць суправаджэння адукацыйнага працэсу, новыя рэсурсы і інструменты, падтрымка фармату адкрытага доступу да электроннага кантэнту, стварэнне інструментаў адкрытай навукі і г. д.

— Адна з важных задач бібліятэкі, каб тое, што робіць універсітэт, было бачна ўсяму свету. Мы імкнёмся, каб пошукавікі выдавалі той ці іншы тэкст на першай старонцы, — адзначае Уладзімір Кулажанка. — Летам, дарэчы, пэўны час працаваў сэрвісны студэнцкі атрад, які займаўся напісаннем артыкулаў пра ўніверсітэт у Вікіпедыю.

У межах святкавання векавога юбілею ў фае галоўнага корпуса БДУ працавала выстаўка да 100-годдзя Фундаментальнай бібліятэкі. Яе наведвальнікі змаглі ўбачыць эксклюзіўныя асобнікі з фондаў ФБ, якія рэдка дэманструюцца чытачам. Між тым днямі ў Міністэрстве замежных спраў адкрылася экспазіцыя «БДУ ў супрацоўніцтве з ЮНЕСКА». З асобамі і падзеямі знаёміць таксама анлайн-фотапраект «Сто гадоў — сто фота». Завяршае святкаваннне прэзентацыя трохгадовага праекта па алічбоўцы архіва газет БДУ ды іншых устаноў і размяшчэнні іх у Электроннай бібліятэцы, запланаваная на верасень. Да таго ж сёлета ўбачыла свет кніга «Фундаментальная бібліятэка БДУ: 100 гадоў універсітэцкай адукацыі», дзе сабраны ўспаміны прафесіяналаў і гістарычныя звесткі пра асноўныя перыяды бібліятэкі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта Фундаментальнай бібліятэкі БДУ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Загаловак у газеце: Лесвіца векавой гісторыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?