Вы тут

Панічныя атакі — гэта модна? Разбіраемся са сваімі падсвядомымі эмоцыямі разам з псіхолагам Андрэем Мяцельскім


Восеньская хандра, сезонная дэпрэсія, дзень сурка... Усім зразумела, пра што ідзе гаворка: з такім псіхалагічным станам кожны хоць аднойчы ды сутыкаўся. Чаму ўсё валіцца з рук і няма настрою ўжо з раніцы? Як хвароба выбірае сабе ахвяру? Разбіраемся са сваімі падсвядомымі эмоцыямі разам з псіхолагам, сэксолагам, першым у Беларусі сертыфікаваным НЛП-майстрам Андрэем Мяцельскім.


— Андрэй Віктаравіч, ці ўсё, што адбываецца з чалавекам, яму на карысць, усё для чагосьці патрэбна?

— Абсалютна згодны!

— Навошта тады некаторым, да прыкладу, панічныя атакі з прыступамі страху, тахікардыяй, трэмарам ды іншымі вымотваючымі сімптомамі?

— Каб адчуць сябе жывым. Усё ў нашым свеце стала прадказальным, усё — аўтаматызаваная руціна. Праца, дом, праца, дом — звыклы набор штодзённых дзеянняў. Але наш арганізм разлічаны на рэгулярныя пікавыя перагрузкі. Давайце ўспомнім, як старажытныя людзі палявалі на маманта: спачатку яго забівалі (які стрэсавы працэс!), потым месяц елі ды адпачывалі. Прагаладаліся — зноў беглі за мамантам...

.- Дык можна ж хадзіць у фітнес-клубы ці трэнажорную залу!..

— Толькі калі ты атрымліваеш ад гэтага сапраўднае задавальненне. А не таму, што трэба цягліцы падкачаць. Бо ў гэтым выпадку для мозга карысці няма аніякай. Таму дзяўчатам раю танцаваць стрыпданс ці бальныя: усе групы цягліц працуюць ды і занятак такі ім, як правіла, да спадобы. Хлопцам добра рукапашным боем заняцца, але толькі каб навучыцца бяспечна куляцца, ухіляцца — не для барацьбы. А хадзіць з «галавой уніз», цалкам пагружанымі ў сябе, — не раю. Там, унутры, звычайна нічога добрага няма.

— Але нічога страшнага там таксама няма — казаў мне неяк адзін псіхіятр на інтэрв’ю ...

— Справа ў іншым. Нас з дзяцінства прывучылі думаць пра тое, што ў гэтым свеце ўсё цяжка і не так, як хочацца. «Хлопчыкі не плачуць», «не крычы, ты не ў лесе», «плакаць непрыстойна», «што ты крычыш на людзях», «не трэба гучна выказваць сваё меркаванне» і гэтак далей. Вялікая колькасць падобных выказванняў, знаёмых амаль усім, прыводзяць да таго, што дзіця прывучаецца душыць свае эмоцыі. Бо выказваць іх небяспечна: што людзі скажуць? У нас не прынята прыслухоўвацца да сябе, да сваіх пачуццяў. Часам мы нават не ведаем, як называецца тая ці іншая эмоцыя. Ты плачаш зараз, таму што ў цябе туга або сум, ці смутак? А, можа, ад радасці? Няма, так званага, паняційнага апарату. Але ж падаўленыя эмоцыі, нават калі мы іх не пазначылі, нікуды не дзеліся. Аднойчы яны ўсё роўна напомняць пра сябе ў выглядзе псіхасаматычных праблем. І калі ў вас былі анкахворыя сваякі, то падаўленыя эмоцыі прывядуць да анкалогіі. Калі спадчыннасць абцяжарана псіхічнымі захворваннямі — могуць развіцца тыя ж панічныя атакі. Па прынцыпе — дзе тонка, там і рвецца. А можа яшчэ і так адбыцца: генетыка здаровая, усё добра, але ж у модным часопісе напісана, што панічныя атакі — папулярная з’ява. І яна ў вас пачнецца! У мяне цяпер кожны другі кліент прыходзіць з гэтай «хваробай»

— Пра моду на панічныя атакі чую ўпершыню. Шчыра кажучы, гучыць абсурдна...

— Але вы згодныя з тым, што глянец задае тон у свеце моды? Толькі вам нязвыкла думаць, што мода існуе не толькі ў сферы адзення і касметыкі, ці так? Я шмат гадоў чытаю гэтыя часопісы і выразна прасочваю відавочную тэндэнцыю. Спачатку была восеньская дэпрэсія. Праз год з’явілася вясенняя, яшчэ праз год — зімовая, летняя... А праз пяць — міжсезонная хандра. Прычым усё гэта апісваецца ў глянцы вельмі маляўніча, зусім не так, як у медыцынскім даведніку. І атрымліваецца, як у той показцы: вісіць надпіс на дзвярах кабінета тэрапеўта: паважаныя бабулі, седзячы ў чарзе, не дзяліцеся адна з адной сімптомамі, бо гэта абцяжарвае дыягностыку.

— Моцныя станоўчыя эмоцыі таксама шкодныя для псіхікі. Можа, варта навучыцца наогул нічога не адчуваць? Але ператварацца ў нячулую істоту не хацелася б...

— І таму некаторыя баяцца медытаваць. Думаюць, што стануць безэмацыйныя. Але гэта памылкова: чалавек проста збаўляецца ад некантралюемых эмоцый. Маю на ўвазе, напрыклад, трывожнасць. Дарэчы, яна і ёсць прычына панічных атак. Спачатку ў медытацыі надыходзіць спакой. А пасля зноў з’яўляюцца эмоцыі, толькі іх ужо можна кантраляваць. То-бок, ты сам выбіраеш эмоцыю, якую хочаш зараз адчуць.

— Што такое трывога з пункту гледжання псіхалогіі?

— Ва ўсіх ёсць нейкія патрэбнасці. Для іх задавальнення вылучаецца энергія. Калі ў мяне, напрыклад, з’явілася пачуццё голаду, то разам з ім з’явілася і энергія ўстаць з канапы і пайсці ды паесці. Калі я задаволіў сваю патрэбнасць, то-бок паеў, энергія выдаткавалася — усё добра, надыходзіць спакой. Як кажуць псіхолагі: гештальт завершаны. Да наступнай патрэбнасці. Але калі я не ўсведамляю, чаго хачу? (Памятаеце, мы казалі пра адсутнасць паняційнага апарату?) Ці па нейкіх прычынах не магу задаволіць сваю патрэбнасць. Куды падзець энергію, якая ўжо вылучылася? Можна рассеяць яе нейкім чынам, выпусціць у прастору: папаліць, выпіць, пабалбатаць ні пра што, семкі палускаць, неўсвядомлена патрэсці нагой туды-сюды... А можна, і гэта адбываецца часцей, паспрабаваць задушыць яе ўнутры сябе. Вось гэтая заглушаная энергія і ёсць трывога. Затым яна ператвараецца ў страх і гэтак далей, даходзячы да панікі. Трывога — гэта паведамленне арганізма пра тое, што ён не задаволіў нейкую сваю патрэбнасць. І калі з базавай — паесці, сагрэцца, быць у бяспецы — больш-менш зразумела, то што рабіць з жаданнем прызнання, увагі, уласнай значнасці і патрэбнасці? Пра гэта і казаць неяк нязручна. А патрэбнасць ёсць! І энергія на яе задавальненне вылучылася.

— І што рабіць?

— Найсці шлях, як задаволіць сваю патрэбнасць. Але спачатку яе неабходна ўсвядоміць. Часцей за ўсё патрэбнасць успрымаецца як голад: хочацца есці. Але паесці — не значыць задаволіць. На нейкі час і сапраўды лягчэе. Але ж патрэбнасць з’яўляецца зноў... І зноў здаецца, што хочацца есці. Гэта і ёсць адна з галоўных прычын, чаму людзі пераядаюць.

— Але чалавек можа і адмаўляцца ад ежы ў стане стрэсу. Як кажуць: «не лезе»...

— Так, і гэта больш здаровы стан арганізма. Калі хварэем, есці таксама не хочам. Бо ўсе сілы ідуць на барацьбу з інфекцыяй. Але калі піхаць у сябе ежу, асабліва гэта любяць рабіць «клапатлівыя» бацькі, то яна ператвараецца ў атруту. Дарэчы, у цягніку таксама апетыту няма, заўважалі? І гэта нармальна, бо нас нязвыкла гайдае. А калі яшчэ і ў плацкарце едзеш, дзе парушаныя асобасныя межы, — гэта наогул стрэс для арганізма, і лішняя нагрузка ў выглядзе ежы яму абсалютна не патрэбная. Але што мы робім у вагоне? Дастаем курыцу, яйкі і... панеслася.

— Раскажыце пра назойлівыя думкі, якія нібы мухі круцяцца вакол галавы: як «выплюнуць» ментальную жуйку?

— Трэба высветліць, навошта яна вам патрэбная — не проста ж так круціцца. Сам механізм «жавання» такі: спачатку з’явілася думка. Мы яе адразу падмацоўваем уяўнымі слайдамі, напаўняем эмоцыямі, якія гэтую думку пацвярджаюць. Напрыклад, я вырашыў, што дрэнны бацька. Падключыў эмоцыю — пачуццё віны. Мне ў галаву адразу прыходзяць ўсе выпадкі з жыцця, дзе я паступаў, як дрэнны бацька. Гэта змрочныя, цяжкія карціны, з-за якіх я пераконваюся: мне ёсць за што саромецца. Бо супрацьлеглае ў гэты момант не ўспомніцца, нават калі яно ёсць. Чаму? Таму што думка прыйшла «я дрэнны бацька», а не «я добры бацька». Вось іншы прыклад: іду па вуліцы, бачу прыгожую дзяўчыну. У мяне псуецца настрой. З чаго б гэта? А таму, што калі я бачу яе, у мяне ўзнікае ў галаве «кінастужка», дзе я падыходжу, каб знаёміцца, а красуня мяне ігнаруе. Ці наадварот: бачу прыгожую дзяўчыну, і ў мяне падымаецца настрой — проста «фільм» у галаве іншы.

— Можна «перазняць» сваю «кінастужку»?

— Вельмі складана. Але можна без эмоцый назіраць за плынню сваіх думак. Дазвольце цячы ім у адвольным парадку. Прыйшла адна думка, другая, сышла... Гэта, дарэчы, таксама можна назваць медытацыяй.

— Я часта чую скаргі людзей на адсутнасць сну ўначы. Накшталт лёг з жаданнем хутчэй «адключыцца», але ці думкі перашкаджаюць, ці ў два-тры ночы вочы самі расплюшчваюцца...

— Можна паспрабаваць абвінаваціць ва ўсім псіхатронную зброю. Але я лічу, што прычына простая: не стамляюцца людзі фізічна, няма моцнай нагрузкі. Дарэчы, мы пра тое ўжо казалі. Ну, хоць бы перад сном прайдзіцеся чатыры кіламетры! Але ж не!.. Увечары вып’юць кавы і яшчэ палову ночы будуць глядзець жахлівыя фільмы. І вось яны потым спрабуюць заснуць, а ў галаве круціцца: засталося ўсяго пару гадзін да працы, я дакладна не высплюся. А чаму б і не? Можна ж ноч пашырыць ў сваёй свядомасці і высыпацца за пару гадзін, як за дзесяць.

— Хіба ж гэта рэальна зрабіць?

— Усё залежыць ад нашых перакананняў. Вось, напрыклад, як вы кадзіруеце час у тыдні? Якое чысло будзе ў наступны чацвер?

— Я прыгадваю школьны дзённік...

— Менавіта так! А ў дзённіку ёсць толькі пяць дзён. Часам ёсць і шосты, але караценькі такі. Нядзелі ўвогуле няма. І таму пасля школы ў нашай ментальнасці выхадных няма, а дні пралятаюць хутка. Але можна ў дзённік уклеіць два велізарных стыкеры, як я зрабіў гэта даўным-даўно: субота і нядзеля — самыя вялікія дні. І таму мае выхадныя доўжацца нашмат даўжэй. Тое ж самае адбываецца і з «бясконцай» зімой, і з «караценькім» летам. Усё можна перарабіць, перакадзіраваць. А тое, што ноччу не спяць — гэта дрэнна. У цёмны час сутак выпрацоўваецца мелатанін — гармон шчасця, ды і не толькі шчасця. Ён за многае адказвае. Калі не спаць, гармону становіцца менш. І ўсе гэтыя начныя клубы, дыскатэкі ды, у цэлым, начны лад жыцця вядуць да знаёмых нам трывог і панічных атак. Так што працуйце не толькі са сваім розумам, але і з целам, спіце па начах і будзьце здаровыя!

Аліса ГЮНГЕР

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.