Вы тут

Раім схадзіць


Спектакль у жанры імправізацыі, Беларускі народны строй, кінапаказы пад адкрытым небам,«Фрыда Кала і Дыега Рывера» і іншае — афіша «Звязды».


«Гаральд». Спектакль у жанры імправізацыі

Дзе: Арт-прастора БДУ, г. Мінск, вул. Кастрычніцкая, 10

Калі: 9 чэрвеня, 19:00

Колькі каштуе: бясплатна

Спектакль, які ствараецца на вачах у гледача. Ад выбару тэмы, праз жэсты, з якіх выплываюць сцэны, маналогі, да спробы скласці завершаную кампазіцыю. Задаецца толькі структура, з якой гледача знаёмяць напачатку дзеі ў сваеасаблівай дэмаверсіі. Далей усё імправізуецца — спосаб існавання, тэкст, дзеянне, форма, музыка. У другой частцы тэмы для імправізацыі задае глядач.

Упершыню гэткі спосаб ствараць спектаклі выпрабавалі ў Сан-Францыска ў 1967 годзе, ў тэатральнай трупе «Камітэт» (The Committee). Назва нарадзілася з жарта аднаго з акцёраў, Allaudin (Bill) Mathieu, які перафразіраваў адну з рэплік музычнай камедыі «A Hard Day’s Night» — адказу Джорджа Харысана на пытанне: «Як завецца ягоная фрэзура».

Задача, якую ўдзельнікі ставяць перад сабой, абуджаць гучанне Тэмы і адшукваць творчы спосаб яе выражэння.

  • Рэжысер: Андрэй Саўчанка
  • Акторы: Яраслава Федчанка, Наста Караткевіч, Аляксей Любчанка, Павел Міхаленя, Алена Зуй-Вайцехоўская, Мікола Варабей, Аня Рудак, Хрысьціна Шваякова.
  • Музычныя імправізацыі: Эрык Шымкус-Арлоў.
  • Светлавыя імправізацыі: Сяржук Голік, Андрэй Бельскі.
  • Афіша: Хрысьціна Шваякова.
  • Працягласць: 1,5-2 гадзіны.

Запіс: +375 (29) 624-89-02 альбо праз чат у тэлеграме. Калі хочаце падтрымаць, можна набыць квіткі.

Тэатр На Балконе — студыйны, лабараторны, эксперыментальны, аўтарскі. Заснаваны ў 1946 годзе ў БДУ. Назву атрымаў у 1998 годзе разам з пляцоўкай, якая месцілася на балконе актавай залы галоўнага вучэбнага корпуса. У 2019 кіраваць тэатрам запрасілі рэжысера-педагога Андрэя Саўчанку.

Разам са студэнтамі БДУ ў тэатры бяруць удзел прафесійныя акцёры, мастакі, музыкі, ды іншыя творцы. Першыя две прэм’еры прадстаўлены на фестывалі Тэатральны куфар 2020 у снежні. Гэта «Азірніся ў гневе» Джона Озбарна і «Баладына» Юльюша Славацкага.

У студзені 2021 выйшла яшчэ адна эксперыментальная праца — акцёрскія імправізацыі «Гаральд». Спектакль нараджаецца ў сам момант стварэння, ў выбары тэмы і акцёрскага складу ўдзел бярэ глядач. Самыя смелыя гледачы могуць прыйсці на рэпетыцыі і самі могуць паспрабаваць існаваць у імправізацыі.


Беларускі народны строй

Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо, Мінскі раён, Мінская вобл.

Калі: да 31 жніўня

Асобнае месца ў калекцыях музея займае збор элементаў народнага адзення, які фарміраваўся цягам 1977-2020 гг. і дэманструе народныя строі гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Народны строй – комплекс адзення, які склаўся на беларускіх землях цягам стагоддзяў і адрознівае беларусаў ад суседніх народаў, з’яўляецца часткай мясцовай і нацыянальнай ідэнтычнасці.

Жаночы строй складаецца з кашулі, спадніцы, фартуха, абутку і галаўнога ўбора. У залежнасці ад рэгіёна да гэтага комплексу таксама дадаецца гарсэт альбо камізэлька, пояс. Мужчынскі строй складаецца з нагавіц, кашулі, пояса, абутка і галаўнога ўбора. У некаторых рэгіёнах прысутнічае камізэлька, шыйная хустка. Адрозніваюць мужчынскі і жаночы строй таксама характар упрыгожвання. Асноўнымі элементамі дэкору строя з’яўляюцца вышытыя альбо тканыя ўзоры, пераважна геаметрычныя.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены строі 2-й паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., якія прэзентуюць народнае адзенне беларусаў, рэгіянальныя адрозненні ў аздабленні, уплыў гарадскога асяроддзя і суседніх народаў.


Cinemascope #shhh: сезонныя кінапаказы пад адкрытым небам

Дзе: Музей-майстэрня З. Азгура, г. Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: да 29 чэрвеня

Колькі каштуе: 7 BYN

У скульптурным дворыку Музея-майстэрні З. І. Азгура аднаўляюцца сезонныя кінапаказы пад адкрытым небам у рамках праекта Cinemascope #shhh.

Адметнай асаблівасцю праекта з'яўляецца выкарыстанне спецыяльных бесправадных навушнікаў, якія працуюць на радыёчастаце. Дзякуючы гэтай тэхналогіі, паказы праходзяць у бясшумным рэжыме і арганічна ўпісваюцца ў існуючае гарадское асяроддзе, не парушаючы спакой жыхароў навакольных дамоў.

Навушнікі можна атрымаць на ўваходзе ў панадворак пры прад'яўленні білета, пасля заканчэння сеансу яны падлягаюць вяртанню. Навушнікі падвяргаюцца апрацоўцы пасля кожнага выкарыстання.

У сувязі з тым, што паказы праходзяць пад адкрытым небам, рэкамендуецца браць з сабой цёплую вопратку, пледы. У выпадку неспрыяльнага надвор'я паказы пераносяцца ў Скульптурную залу музея. У памяшканнях музея неабходна выконваць масачны этыкет.

Усе фільмы ў рамках праекта Cinemascope #shhh дэманструюцца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.

  • 8 чэрвеня • Сцежкі славы | 1957, 88 хв. Стэнлі Кубрык
  • 11 чэрвеня • Бестурботны яздок | 1969 95 хв. Дэніс Хопер
  • 15 чэрвеня • Магазінчык за рогам | 1940, 95 хв. Эрнст Любіч
  • 18 чэрвеня • Пятніца 13-е | 1980, 95 хв. Шон С. Канінгэм
  • 22 чэрвеня • Дні жніва | 1978, 94 хв. Тэрэнс Малік
  • 25 чэрвеня • Апошні мамант Францыі | 2010 г., 91 хв. Бенуа Дэлепін, Гюстаў Керверн
  • 29 чэрвеня • Падазрэнне | , 1941, 99 хв. Альфрэд Хічкок

Найбуйнейшы сямейны фестываль «Букідс»

Дзе: Батанічны сад, г. Мінск, вул. Сурганава, 2в

Калі: 12-13 чэрвеня

Колькі каштуе: ад 15 BYN

12 і 13 чэрвеня дзяцей і іх бацькоў чакае Сямейны фестываль «Букідс. Прафесіі». На фестывалі і школьнікі, і зусім малыя змогуць «ўладкавацца» на сапраўдную працу. Выбар прафесій велізарны — цэлых 50 спецыяльнасцяў: пачынаючы са спецыяліста па афракосках і заканчваючы палеантолагам. Разам з мішкам Барні дзеці даследуюць вялізнага трохметровага дыназаўра.

На тэматычных пляцоўках будуць працаваць знаўцы сваёй справы, яны пакажуць і раскажуць, чым жа кожны дзень, часам без выхадных, займаюцца археолаг і доктар, ткач і сталяр, музыкант, гоншчык і пчаляр, страхоўшчык, садоўнік, ціктокер і дэкаратар.

Маленькія ўдзельнікі разам з дзіцячым харчаваннем Bambolina пасадзяць семечка ў сваім агародзе, зробяць аўтарскія майкі з Mark Formelle. Створаць рыцарскія шчыты на пляцоўцы «Белнафтастрах», пазнаёмяцца з майстрам гадзіннікаў і запусцяць механізм з кампаніяй «Прамень». Навучацца ствараць шэдэўры з дрэва ў суперменаў з Bosch і паўдзельнічаюць у забегах з газонакасілкамі.

Знатакоў аўтамабіляў чакае пляцоўка ад брэнда KIA. Тут можна будзе паспрабаваць свае сілы ў ролі супрацоўніка шынамантажу: замяніць колы і стварыць сваю аўтарскую машынку.

Юныя наведвальнікі дакладна адчуюць сябе дарослымі, бо яны атрымаюць працоўныя кніжкі і заслужаную зарплату, фестывальную валюту — букідсы. Усе фестывальныя грошы можна будзе абмяняць на падарункі: тавары для творчасці ад брэнда «Арт Тэрыторыя».

Таксама ў рамках фэсту пройдуць дзіцячыя тэатральныя прадстаўленні для ўсёй сям'і. На працягу двух фестывальных дзён выступяць больш за 10 дзіцячых тэатральных труп з усёй Беларусі. Пастаноўкі падабраныя такім чынам, што зацікавяць як школьнікаў і іх бацькоў, так і зусім маленькіх (0+).

Праграма тэатральнай пляцоўкі ўключае ў сябе інтэрактыўныя спектаклі, перфомансы, музычныя прадстаўленні ад самых вядомых беларускіх дзіцячых тэатраў і творчых калектываў. Разам з акцёрамі і партнёрам «Тэатра пад дрэвам», маленькія госці пабываюць на «вар'яцкім чаяванні» па матывах легендарнай «Алісы ў краіне цудаў», прымуць удзел у інтэрактыўным спектакль «Мама Му» на беларускай мове, задаволяць танцы на свежым паветры з музычным дзіцячым калектывам «Гузікі» і многае іншае.

Праграму цалкам глядзіце па спасылцы.


Выстава «Фрыда Кала і Дыега Рывера»

Дзе: Арцель, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 58/1

Калі: з 1 чэрвеня

Колькі каштуе: 12 BYN

З 1 мая 2021 года галерэя «Талака» запрашае жыхароў і гасцей горада Мінска на выставу рэпрадукцый карцін мексіканскіх мастакоў Фрыды Кала і Дыега Рыверы.

Фрыда Кала — адна з першых мексіканскіх мастачак, якія праславіліся на ўвесь свет. Адбітак на ўсё наступнае жыццё Фрыды наклала страшная аўтакатастрофа ў 18-гадовым узросце, у пэўнай меры якая паслужыла штуршком да пачатку яе творчай гісторыі. Будучая знакамітая мастачка была прыкаваная да ложка цэлы год пасля трагедыі, менавіта тады яна ўпершыню ўзяла ў рукі пэндзля і фарбы.

У працах Фрыды Кала адчуваецца моцны ўплыў народнага мексіканскага мастацтва і культуры старажытных цывілізацый Амерыкі дакалумбавых часоў. Яе творчасць працята сімвалізмам. Стылістыка наіўнага мастацтва таксама добра бачная ў яе карцінах.

Вялікі ўплыў на стыль жывапісу Фрыды Кала аказаў яе муж Дыега Рывера — мексіканскі мастак-мураліст, які праславіўся дзякуючы сваім маштабным работам у Мексіцы і некалькіх гарадах ЗША. Рывера вучыўся жывапісу ў Мехіка, больш за 10 гадоў пражыў у Парыжы, падарожнічаў па Еўропе. Да 1933 годзе ён ужо быў адным з самых вядомых мастакоў ва ўсім свеце.

Аб усіх падрабязнасцях і жыццёвых перыпетыях Фрыды Кала і Дыега Рыверы вас пазнаёмяць падчас экскурсіі. У экспазіцыі прадстаўлены 60 работ, выкананых у тэхніцы жыкле, фатаграфіі і малюнкі. Кожная праца суправаджаецца апісаннем сюжэтаў і гісторыяй яе стварэння. Жадаючыя змогуць набыць набыць сувеніры — прыемныя ўспаміны пра выставу.

Дадатковая інфармацыя — на афіцыйным сайце выставы vystavki-minsk.ru


Фестываль «Купальскае кола»

Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо, Мінскі раён, Мінская вобл.

Калі: да 31 жніўня

Колькі каштуе: ад 35 BYN

26 чэрвеня 2021 года ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам адбудзецца оpen-air фестываль «Купальскае Кола — XIII».

«Купальскае Кола» — адзін з нешматлікiх беларускіх фестываляў, які масава палюбіўся прыхільнікам роднай культуры. Фестываль прысвечаны старадаўняму народнаму святу — Купаллю, прымеркаванаму да дня летняга сонцастаяння, калі дасягаюць найвышэйшага росквіту жыватворчыя сілы зямлі. Як ніякае іншае, свята Купалле авеяна легендамі і міфамі, у яго абрадах цесна перапляліся старажытныя язычніцкія і хрысціянскія традыцыі, вераванні нашых продкаў. У традыцыях і абрадах Купалля найярчэйшым чынам раскрываецца душа беларускага народа. 

У праграме фестывалю:

  • рэканструкцыя аўтэнтычнага Купалля — пры падтрымцы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства будзе праходзіць апрананне Купалкі, завіванне купальчатай касы і вянкоў, будуць гучаць купальскія спевы з розных мясцін Беларусі;
  • выступленні гуртоў: Znich & Rutvica, Rokash, Relikt, Goryn, Іван Кірчук, Krumkac, Aquamorta, DAINAVA, Хтоніі, TRUBETSKOY і інш;
  • купальскае вогнішча;
  • рамесны кірмаш «Горад майстроў»;
  • бясплатны намётавы гарадок;
  • бясплатная паркоўка;
  • фудкорты;
  • экскурсіі па помніках музея.

Кошт квіткоў:

  • 35 рублёў, набыць можна да 13.06.2021,
  • З 13.06.2021 па 25.06.2021 — 40 рублёў,
  • у дзень мерапрыемства 26.06.2021 — 50 рублёў.

За дадатковую плату:

  • палёты на мотадэльтапланах і інш. (пры добрым надвор’і);
  • набыць сувеніры ад народных майстроў у касе музея і на кірмашы рамеснікаў;
  • харчаванне ў фудкорт-зонах і «Беларускай карчме», якая знаходзіцца на тэрыторыі музея.

Беларусь XVI–XVIII стст. у партрэтах і геральдыцы

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 13 жніўня

Колькі каштуе: 8 BYN

Дадзены доўгатэрміновы экспазіцыйны праект адлюстроўвае адзін з самых складаных і супярэчлівых перыядаў у гісторыі Беларусі — перыяд Рэчы Паспалітай (сярэдзіна XVI — канец XVIII ст.). Акцэнт робіцца на жыцці вышэйшых асоб грамадства краіны — магнатаў і шляхты, прадстаўнікоў арыстакратыі, якія адыгралі значную ролю як у стварэнні і развіцці, так і ў заняпадзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Зала падзелена на дзве часткі: у адной знаходзіцца своеасаблівая галерэя Завішаў, частка галерэі Радзівілаў, а таксама калекцыі зброі, шкла і фарфору; у другой — партрэты Радзівілаў, каралёў, выдатных дзеячаў дзяржавы, духавенства і шляхты, сярод якіх Канстанцін Астрожскі, Стэфан Баторый, Леў Сапега, Георгі Каніскі, Тадэвуш Касцюшка і інш. Тут жа прадстаўлены калекцыі нумізматыкі і сфрагістыкі.

Прадметы з калекцыі зброі, уведзеныя ў экспазіцыю, падкрэсліваюць мужныя рысы асобаў на «сармацкіх» партрэтах. Гэта рарытэтныя ўзоры халоднай і агнястрэльнай зброі. Вырабы з каштоўнага фарфору, вытанчаныя келіхі і флеты са шкла даюць падставу для размовы аб развіцці мануфактурнай вытворчасці прадметаў раскошы.

У экспазіцыі можна ўбачыць рэканструкцыю жаночага ўбора багатай віцебскай гараджанкі XVIII ст., які ўтрымлівае фрагменты арыгінальных тканін таго часу (аўтар — мастак па касцюмах Ю. Піскун). Апроч таго, наведвальнікі маюць магчымасць аддаць належнае майстэрству сучаснай рэканструкцыі гербаў са старажытных гербоўнікаў (аўтарскія работы мастака А. Леўчыка).

Дадзены праект бярэ свой пачатак з 2002 года, калі адкрылася выстава «Гістарычны партрэт Вялікага Княства Літоўскага XVI–XVIII стагоддзяў». У 2008 годзе адбылася яго рээкспазіцыя, напаўленне прадметамі выключна з калекцый музея, пасля чаго доўгатэрміновы выставачны праект атрымаў цяперашнюю назву.

Аўтар навуковай канцэпцыі — вядучы навуковы супрацоўнік Ірына Зварыка. Мастак — Уладзімір Гладкоў.


Праект «Мастак і горад», прысвечаны творчасці Леаніда Шчамялёва

Дзе: г. Мінск, вул. Няміга

Калі: да 20 верасня

Колькі каштуе: бясплатна

«Мастак і горад» — гэта выстава пад адкрытым небам, якая дазваляе жыхарам і гасцям Беларусі бліжэй пазнаёміцца з выдатнымі сучаснымі беларускімі мастакамі. У гэтым годзе праект адзначае 10-гадовы юбілей.

10-ы сезон выставачнага праекта «Мастак і горад» прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. У экспазіцыі 34 работы. Яны ўяўляюць сабой візуальную рэтраспектыву творчасці мастака, якая раскрывае асноўныя перыяды і напрамкі, жанравыя і тэматычныя перавагі аўтара з 1960-х да пачатку 2000-х гадоў.

Традыцыйна выстава адкрылася ў Мінску, аднак у гэтым годзе ўпершыню змяніла лакацыю — працы Леаніда Шчамялёва ўпрыгожылі пешаходную вуліцу Камсамольскую.

Рэпрадукцыі карцін суправаджаюцца апісаннем на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.


Хай вецер пяе ў роднай зямлі: выстава да 95-годдзя з дня нараджэння Барыса Аракчэева

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча,  г. Мiнск, вул. М. Багдановiча, д. 7а

Калі: да 25 чэрвеня

Колькі каштуе: 3 BYN

У родным краі ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваёй нуды...

Максім Багдановіч

Вядомы беларускі мастак, кавалер Ордэна Францыска Скарыны, заслужаны дзеяч мастацтваў, дацэнт Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў нарадзіўся ў 1926 годзе ў Расіі, а лёс звязаў яго з Беларуссю. Тут, у Мінску, ён атрымаў мастацкую адукацыю і дасягнуў прафесійных вышынь. Стаў вядомым выкладчыкам Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускай акадэміі мастацтваў.

Знакавыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, знайшлі адлюстраванне ў творчасці Барыса Аракчэева. У фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваюцца яго карціны − «Гады вучобы ў гімназіі», «Апошняя вясна ў ліцэі», «Дом у Яраслаўлі на вуліцы Любімскай, дзе з 1912 да 1914 года жыла сям’я Багдановічаў», «Яраслаўль. Сажалка ў Карабісе. Па сцежках М. Багдановіча».

На выставе «Хай вецер пяе ў роднай зямлі» прадстаўлены мастацкія творы і асабістыя рэчы Барыса Аракчэева, якія раскрываюць перыяды жыцця мастака: студэнцтва, выкладчыцкая дзейнасць, майстэрня мастака. Экспануюцца краявіды і нацюрморты з кветкамі, якія выкананы ў тэхніцы алейнага жывапісу і акварэлі, графічныя замалёўкі, заданні па чарчэнні часоў вучобы ў мастацкам вучылішчы. Упершыню на выставе можна ўбачыць некаторыя творы, сярод якіх «На плэнэры ў вёсцы з Віктарам Грамыкам і Аляксандрам Сямілетавым» (1951-1952), «Першы трактар» (1953) і іншыя.

Мастацкія працы Барыса Аракчэева — прыклад найвялікай любові да гэтай зямлі, да Беларусі. Яны, як сапраўдныя чараўнікі, умеюць спыніць Час, зафіксаваць Імгненне, захаваць Прыгажосць... І запрашаюць нас з вамі прайсці па слядах іх памяці...


Скарбонка памяці

Дзе: Лошыцкая сядзіба, г. Мінск, праезд Чыжэўскіх 8/2, 10

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 3 BYN

У музеі «Лошыцкая сядзіба» працуе выставачны праект «Скарбонка памяці: выстава народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.

Традыцыйная народная творчасць − адзін з найбольш дзейсных спосабаў самавыяўлення народа, магчымасць заявіць пра сябе ўсяму свету. Беларусы да сённяшніх дзён захавалі многія віды і формы народнай традыцыйнай творчасці: разьбярства, ганчарства, кавальства, ткацтва, роспіс, пляценне з прыродных матэрыялаў.

На выставе прадстаўлена больш за 500 прадметаў сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Артэфакты сабраны вядомым беларускім этнографам Яўгенам Міхайлавічам Сахутам у экспедыцыях, праведзеных па ўсёй Беларусі. У 2019 годзе частка калекцыі была перададзена ў фонды Музея гісторыі горада Мінска.

Многія даўбана-разьбяныя, ганчарныя, плеценыя, каваныя вырабы, якія экспануюцца на выставе, уражваюць першабытнай суровасцю, простасцю і магутнасцю формаў. У дэкоры драўлянага і керамічнага посуду, вышываных і тканых вырабах пераважаюць старажытныя геаметрычныя матывы, якія маюць даўняе сімвалічнае паходжанне. Да старажытных таксама адносяцца зааморфныя матывы драўлянай і глінянай пластыкі, цацак-свістулек.
Сярод найбольш каштоўных і цікавых прадметаў − саламяныя коні, чаплі і буслы, разнастайнае керамічнае начынне, калекцыя тэкстыльных і фарфоравых лялек, выцінанка.

Экспанаты, сабраныя на выставе, створаны майстрамі не аднаго пакалення з усіх этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі і з’яўляюцца адлюстраваннем шляху жыцця. За кожным прадметам, за кожным вырабам — ці жыццёвая сітуацыя, ці шчаслівая сустрэча, ці роздум у адзіноцтве. Магчыма, і ў наведвальніка яны закрануць запаветныя струны душы, адгукнуцца радасцю, разварушаць пачуцці і ўспаміны з дзяцінства.


Выстава «Мастацтва музейнай рэстаўрацыі»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 13 жніўня

Колькі каштуе: 8 BYN

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь — адзін з найбольш папулярных музеяў краіны. Яго збор — найбуйнейшы па колькасці артэфактаў, ён налічвае амаль 500 тысяч адзінак музейных прадметаў. Гэта археалагічныя знаходкі, мэбля, грашовыя знакі, іконы, фатадакументы, кніжныя выданні, музычныя інструменты і іншыя. Многія з іх здабылі другое жыццё дзякуючы працы рэстаўратараў.

Выстава распавядае пра тую частку музейнай дзейнасці, якая звычайна схаваная ад вачэй наведвальнікаў — пра рэстаўрацыю, якая дазваляе вывучыць, захаваць музейныя каштоўнасці ад разбурэння і прадставіць гледачу. Рэстаўрацыя, рэканструкцыя, аднаўленне і кансервацыя — гэта не проста «рамонт» прадметаў, гэта складаны і шматгранны працэс, спалучаны з самакантролем, пастаянным прыняццем рашэнняў і адказнасцю за іх. Перад спецыялістамі штосекундна стаіць праблема выбару таго ці іншага метаду ўмяшання ў сапраўдную «тканіну» музейнага прадмета.

Дадзеная выстава — гэта вынік велізарнай, працаёмкай і карпатлівай працы аддзела рэстаўрацыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, у якім на сённяшні дзень працуе 5 мастакоў-рэстаўратараў. У экспазіцыі прадстаўлены розныя па характары, матэрыялах і часу стварэння артэфакты з калекцый музея. Гэта знакаміты веджвудскі фарфор XIX ст., чыгунны прас, прыгожы столік з бронзы, размаляваны кітайскі чайнік XVIII ст., савецкі самавар і іншыя. Усе яны з’явяцца ў вітрынах дзякуючы намаганням музейных рэстаўратараў.

Таксама 28 мая на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь пройдзе семінар «Айчынная рэстаўрацыя: вопыт і перспектывы», прысвечаны пытанням захавання, кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў з удзелам вядучых спецыялістаў у гэтай галіне.


Выстаўка жывапісу Алены Шлегель «Калекцыя ілюзій»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: па 4 ліпеня

Колькі каштуе: 6 BYN (ільготны 3 BYN)

Праект Алены Шлегель пачынае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне выяўленчага мастацтва 2020 года.

Прыгожыя аксэсуары жаночага свету, кругазварот прыемных дробязяў разам з выявай свету ідэй аб’яднаны ў жывапісе Алены ў стылістыцы тонкага і далікатнага варыянту «беларускага этнасюррэалізму». Містычны, міфалагічны змест твораў мастачкі зачароўвае гледача якасцю фарбаў, але бачым ў яе любімыя колеры — залацісты, зялёны і чырвоны — лепшае спалучэнне для казачных сцэн. Шлегель мае свой асаблівы, творчы почырк. На працягу 15 гадоў работы аўтара застаюцца аднолькава якаснымі і цікавымі; эстэтыка падачы, малюнак і палітра даўно знайшлі сваіх прыхільнікаў. І не дзіва, што прызнанне дзяржавы — перамога ў намінацыі «Жывапіс» — дасталася менавіта нашай мастачцы.

Шлегель Алена Генадзьеўна

Нарадзілася 16 ліпеня 1965 года ў Мінску.
1980-1984 — Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава. Дыпломная работа — насценны роспіс «Пралог» у фае ММВ імя А. К. Глебава.
1986-1991 — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Дыпломная работа — насценны роспіс «Казка» ў сярэдняй школе № 197.
З 1988 — удзел у рэспубліканскіх і міжнародных мастатацкіх выстаўках ды праектах.
1989 — сябра маладзёжнага аб’яднання Саюза мастакоў БССР.
1996 — сябра Беларускага саюза мастакоў.
1996-1999 — выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў.
1998 — лаўрэат рэспубліканскай мастацкай выстаўкі «Час. Прастора. Асоба» (2-я прэмія ў намінацыі «Жывапіс»). РМГ БСМ, Мінск.
1998 — сябра творчага аб’яднання «Міжнародная гільдыя жывапісцаў».
2004 — сябра творчага аб’яднання «Артэль».
2005 — стыпендыят Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
З 2006 — выкладае на кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
2019 — лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці.
2020 — лаўрэат Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне выяўленчага мастацтва ў намінацыі «Жывапіс».


Экспазіцыя «Туды, на захад!» (Абаянь — Мінск) да 100-годдзя вяртання Якуба Коласа ў БССР

Дзе: Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Калі: 15 мая — 15 чэрвеня

Колькі каштуе: 6 BYN (школьнікі 3 BYN, студэнты — 3,50 BYN)

15 мая 2021 года а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі да 100-годдзя вяртання паэта ў БССР.

Першая сусветная вайна прымусіла паэта да пераезду ўглыб Расійскай імперыі, дзе ён быў прызваны ў Рускую імператарскую армію.

З верасня 1917 года беларускі пісьменнік жыў у горадзе Абаянь Курскай губерніі і працаваў настаўнікам у вёсках Малыя Крукі, Другі Ліпавец, затым школьным інструктарам.

На пачатку 1921 г. Народны камісарыят асветы Беларускай ССР накіраваў Наркаму асветы РСФСР А. В. Луначарскаму тэлеграму з просьбай вярнуць у Беларусь «школьнага інструктара Канстанціна Міцкевіча (псеўданім — Якуб Колас), аднаго з лепшых беларускіх пісьменнікаў». 15 траўня 1921 г. Я. Колас з сям’ёй пераехаў з Курскай губерніі ў Мінск, дзе яму давялося працаваць старшым выкладчыкам у Беларускім педагагічным тэхнікуме (1922 — 1930 гады)  і ў Дзяржаўным беларускім універсітэце дацэнтам кафедры беларускай мовы на педагагічным факультэце.

Поруч з выкладчыцкай і творчай дзейнасцю паэт займаўся і навуковай працай. У 1920-я гады ён працаваў у літаратурна-даследчай камісіі Інстытута беларускай культуры.

Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры ў Беларускую Акадэмію навук Якуб Колас быў зацверджаны правадзейным членам акадэміі, а 26 кастрычніка 1929 года абраны віцэ-прэзідэнтам. На гэтай пасадзе паэт працаваў 28 гадоў, да апошніх дзён жыцця. Актыўная навуковая, грамадская, асветніцкая дзейнасць Якуба Коласа па вяртанні на Бацькаўшчыну, спалучалася з літаратурнай — галоўнай справай жыцця паэта.

На часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены матэрыялы аб педагагічнай дзейнасці Якуба Коласа на Куршчыне, у Белпедтэхнікуме, БДУ, настаўніцкіх курсах у Слуцку, навуковай дзейнасці ў Інбелкульце, Акадэміі навук, рукапісы і фотаздымкі пісьменніка, выданні твораў розных гадоў.


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: 18 мая — 31 кастрычніка

Колькі каштуе: уваход у дзень адкрыцця вольны 

18 мая а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры адкрыў часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць”.

Выстава экспануецца ў межах сумеснага праекта з Літаратурна-мемарыяльным музеем Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Вялікія пісьменнікі застаюцца вялікімі на стагоддзі, нягледзячы на тое, што іх творы напісаны шмат гадоў таму. Іх героі і творы працягваюць жыць, таму што не пакідаюць раўнадушнымі чытачоў новых пакаленняў.

Па-сапраўднаму вялікім і ўніверсальным на ўсе наступныя эпохі пасля свайго жыцця застаецца Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі (1821—1881). Веліч яго асобы і спадчыны вылучаецца ў першую чаргу тым, што ў сваёй творчасці ён узняў вечныя філасофскія праблемы быцця чалавека, духоўнасці, веры.

На тэрыторыі Беларусі ёсць вёска Дастоева – гэта вёска Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Месца адметнае тым, што раней тут размяшчалася сядзіба Дастаеўскіх, продкаў Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага па мужчынскай лініі. Менавіта ў гэтай вёсцы і бярэ пачатак род Дастаеўскіх. І нават само прозвішча Дастаеўскі паходзіць ад назвы гэтай вёскі. Сам вялікі пісьменнік у гэтай сядзібе і вёсцы ніколі не бываў. У гады яго жыцця сядзіба належала ўжо іншым уладальнікам. Дастаеўскія страцілі яе ўжо ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. Некаторы час дадзеная сядзіба належала Ордам, сваякам вялікага беларускага культурнага дзеяча – Напалеона Орды. Сёння сядзіба цалкам страчаная. Тым не менш, у памяць пра тое, што менавіта з беларускай вёскі Дастоева паходзіць род Дастаеўскіх, тут усталяваны помнік вялікаму рускаму пісьменніку – Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму.

На экспазіцыі прадстаўлены: банерная выстава з Літаратурна-мемарыяльнага музея Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) пра жыццё і творчасць Ф. М. Дастаеўскага, пераклады твораў пісьменніка на беларускую мову, крытычныя і аналітычныя працы Ф. Дабранравава, А. Доліна і інш. аўтараў па творчасці Ф. М. Дастаеўскага, выданне твораў Фёдара Дастаеўскага канца ХІХ ст. з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.


Выстаўка памяці Алы Непачаловіч «Патаемнае»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: па 4 ліпеня

Колькі каштуе: 6 BYN (ільготны — 3 BYN)

13 мая ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь на Някрасава, 3 адбылося адкрыццё выстаўкі памяці Алы Непачаловіч «Патаемнае». Праект працягвае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ў галіне выяўленчага мастацтва 2020 года. Куратар выстаўкі — Таісія Халамава.

Ала Іванаўна запомніцца пазітыўным, поўным энергіі і творчых планаў чалавекам. Заўсёды знаходзілася ў «кветніку» студэнтак і майстрых, на фоне якіх вылучалася сваёй мастацкай графікай на тэкстылі. На працягу жыцця Непачаловіч падрыхтавала 26 лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў; 9 стыпендыянтаў і ўладальнікаў Спецыяльнай прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Разам з сяброўкамі-калегамі Наталляй Сухаверхавай, Аленай Обадавай, Вольгай Рэднікінай была «рухавіком» айчыннага ткацтва і габелена; асобай, вядомай далёка за межамі Беларусі.

Непачаловіч Ала Іванаўна нарадзілася 23 снежня 1951 г. у г. Моніна Маскоўскай вобл., Расія. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975), вядучым выкладчыкам яе быў П. В. Масленікаў. Да 1996 года па размеркаванні працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва ў галіне габелена, мастацкага ткацтва і сцэнічнага касцюма.

«Тэкстыльныя кампазіцыі Алы Непачаловіч — гэта вобразна-асацыятыўныя дэкаратыўныя творы, якія з’яўляюцца галоўным кірункам творчасці прафесійнага майстра ткацкага мастацтва. На тэкстыльных палотнах аўтар адлюстроўвае свой асабісты свет. З дапамогай простых формаў і арнаментальных малюнкаў Ала стварае сучасныя вобразныя структуры, у якіх ясна прасочваецца нацыянальны стыль. У іх ёсць выразнасць дакладна прадуманых ліній і зачаравальная таямнічасць паўтаральных арнаментаў. Але ў іх ёсць і ўласцівае сучаснаму мастацтву імкненне да лаканічнасці, вобразнага мінімалізму, выразнага кода і знака. Вобразы дадзеных дэкаратыўных кампазіцый нараджаюць нечаканыя асацыяцыі. Мастак перадае стан прыроды: плынь вады, звонкае маўчанне цішыні, нябеснае мігценне святла месяца і зорак. Уражанне ад сапраўды вывераных элементаў арнаменту і іх майстэрскага злучэння, рытму ліній і палос узмацняецца вытанчаным каларыстычным рашэннем. У тэкстыльных кампазіцыях Алы Непачаловіч прадэманстраваны своеасаблівы сінтэз ідэі і матэрыялу, арыгінальныя стылістычныя распрацоўкі і наватарскія тэхналагічныя прыёмы, прасочваецца цесная сувязь з нацыянальнымі традыцыям» (Н. В. Шаранговіч).

Лаўрэат ІІ ступені Другой рэспубліканскай трыенале беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў намінацыі «Захаванне традыцый» 2013 года; лаўрэат I прэміі конкурса візуальных мастацтваў ART-SESSIO XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянский базар в Витебске» ў намінацыі «Мастацкі тэкстыль» (2014); лаўрэат ІІ ступені Міжнароднага фестывалю «Мастацкая кераміка», Гжэль, РФ у намінацыі «Дызайн у кераміцы» катэгорыі «Прафесіянал» (2017); лаўрэат ІІ ступені Х юбілейнага міжнароднага фестывалю «Мастацкая кераміка» ў намінацыі «Дызайн у кераміцы» катэгорыі «Прафесіянал», Гжэль, РФ (2018).


Выстава Вячаслава Бахметава «Сярэбраны альбом»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 4 ліпеня

Колькі каштуе: 6 BYN (3 BYN — ільготны)

7 мая а 18:30 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3) адкрылася выстава Вячаслава Бахметава «Сярэбраны альбом». Глядач убачыць больш за два дзясяткі работ аўтара. «Сярэбраны альбом» — альбом маіх амбратыпаў за два гады. Гэта блізкія мне людзі, рэчы, думкі і адчуванні — мая сям’я, сябры і дом».

Па словах фатографа, прадстаўленыя творы — своеасаблівая рэфлексія да сямейных аматарскіх альбомаў фатаграфій, якія захоўваюцца ў многіх дамах і якія людзі пераглядаюць, калі збіраюцца разам падчас святаў. «Цяпер усе глядзяць у камп’ютар і тэлефоны. Хочацца, каб традыцыя рабіць сямейныя партрэты родных і проста друкаваць фотаздымкі захавалася. Такая тэхніка атрымання выяў, як амбратыпія, адсылае нас да вытокаў з’яўлення фатаграфіі і дазваляе атрымліваць унікальныя дамашнія рэліквіі».

Амбратыпія (ад старажытнагрэч. Ἀνβροτός — «бессмяротны» і τύπος — «адбітак») — варыянт мокракаладыённага працэсу, які быў вынайдзены ў сярэдзіне 1850-х гг. У выніку гэтага працэсу атрымліваецца пазітыўная выява на шкляной пласціне, зафарбаванай з аднаго боку чорнай фарбай. Працэс гэты дарагі і працяглы па часе. З прылад, акрамя фотаапарата, патрэбныя шкло, лак, посуд і рэактывы. Усе дзеянні выконваюцца за 10-15 хвілін да высыхання калодыю.

Вячаслаў Бахметаў — фатограф з Гомеля, сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, уваходзіць у секцыю аналагавай фатаграфіі, секцыю трэвэл-фатографаў. Займаецца альтэрнатыўнымі фатаграфічнымі працэсамі: цыянатыпіяй, гуміалейным і гумбіхраматным друкам, алейным друкам.

Куратарка праекта — Алена Данброва.

Выстава Вячаслава Бахметава «Сярэбраны альбом» працуе да 4 ліпеня 2021 года.


Выстава-атракцыён па матывах мультфільмаў Алы Мацюшэўскай

Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Калі: да 1 жніўня

У выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно — філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь — у рамках святкавання 50-годдзя беларускага анімацыйнага кіно адкрылася выстава-атракцыён па матывах творчасці ветэрана беларускай анімацыі, мастака і рэжысёра Алы Мацюшэўскай.

Панараму беларускай анімацыі нельга ўявіць без самабытнага і ўнікальнага таленту мастака-пастаноўшчыка Алы Мацюшэўскай. Гэтаму майстру падуладна ўсё — і стылістыка дзіцячага малюнка ў стужцы «Лыжка для салдата», і глыбокае пранікненне ў візуальнае мысленне Марка Шагала ў карціне «Марк Шагал. Пачатак», і тонкае адчуванне эпохі Адраджэння ў фільме «Дантэ. Беатрычэ». Майстэрства Мацюшэўскай надае нашай анімацыі дыханне высокай выяўленчай культуры і нясе выразнае пачуццё стылю.

На выставе прадстаўлены аўтарскія эскізы Алы Мацюшэўскай, якія сталі асновай фаноў і вобразаў герояў амаль двух дзясяткаў мультфільмаў Студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і якія адлюстроўваюць творчы пошук аўтара, асноўныя этапы яго працы — раскадроўка (выяўленчы канспект будучага фільма), падрыхтоўчыя і стылявыя эскізы і, нарэшце, кадры з гатовых фільмаў, многія з якіх, дарэчы, адзначаны прызамі міжнародных кінафестываляў менавіта за выяўленчае рашэнне.

Арганічна дапаўняе і ўзбагачае экспазіцыю серыя гульнявых атракцыёнаў (аптычных ілюзій) на аснове кадраў і персанажаў прадстаўленых фільмаў, а таксама тэматычныя інсталяцыі і фотазона.

Пазнаёміць наведвальнікаў з багатым і шматгранным мастацкім светам Алы Мацюшэўскай, перадаць ім адчуванне святла, цяпла і радасці, якія пранізваюць яе творчасць, — так можна сфармуляваць звышзадачу ўсіх элементаў арыгінальна аформленага выставачнага праекта «Час — хуткая рака...»

На працягу працы выставы яе прадметная экспазіцыя будзе дадавацца экраннай — рэтраспектывай лепшых мультфільмаў Алы Мацюшэўскай.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.