Вы тут

Жывая музыка, жывое слова, жывая цікаўнасць


Для Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры сёлетняя «Ноч музеяў» дзясятая. Чакаючы цікаўных наведвальнікаў, музей распачынае імпрэзу музыкай у выкананні выхаванцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Яны Вайцяховіч, Эміліі Кімпель, Фёдара Громава і Івана Кавалёва. 


Знаёмства з музеем.

Афіцыйна акцыя пачынаецца з прывітальнага слова намесніка дырэктара па навуковай рабоце Анастасіі Кальцовай. Яна знаёміць тых, хто ўжо паспеў далучыцца, з гісторыяй акцыі і тым, што чакае наведвальнікаў у залах музея. Тут няма строгай праграмы, распісанай па часе, — шэраг актыўнасцей па залах і чатыры гадзіны на тое, каб пазнаёміцца з імі.

«Сёлета мы працягваем слаўную традыцыю: «Усёй сям’ёй у музей» — так гучыць дэвіз гэтага года, пад якім праходзяць многія знакавыя мерапрыемствы нашага музея. Не выключэннем стала і гэтая “Ноч музеяў”, — адзначыла Анастасія Кальцова. Музей зрабіў стаўку на наведвальнікаў з дзецьмі, і не прагадаў. Увагу маленькіх аматараў беларускай літаратуры найбольш прыцягваў майстар-клас, на якім прапаноўвалася зрабіць кнігу сваімі рукамі. Месцы вакол стала з нажніцамі і паперай былі заняты на працягу ўсёй акцыі.

Частка актыўнасцей, разлічаных на дзяцей, прыйшлася даспадобы і дарослым. Першаадкрывальнікамі гульні-хадзілкі «Звязка беларускіх казак» сталі дзеці, але ўжо праз паўгадзіны далучыліся і дарослыя. Ім было нават цяжэй: у гульні трэба згадваць розныя дэталі з беларускіх народных казак. Паспрабуй успомніць, якімі дакладна словамі заканчваецца «Піліпка-сынок», калі чытаў ці не 20 гадоў таму.

Другую дзіцячую лакацыю — інтэрактыўную экспазіцыю «Азбука Васі Вясёлкіна», прымеркаваную да юбілею Васіля Віткі, аблюбавалі дарослыя. Да каляровых пазлаў, вокладак і загадак дзеці даходзілі толькі пасля таго, як заканчвалі рабіць кнігу сваімі рукамі ў папярэдніх залах.

Частка экспазіцыі другога паверха ўсё ж такі была прызначана менавіта дарослым аматарам літаратуры. Тут, каля стэндаў, прысвечаных беларускай літаратуры 1950—70-хгадоў, для жадаючых праводзілі міні-лекцыю пад назвай «Васіль Быкаў. Справа аўтамабільная». Малодшы навуковы супрацоўнік Музея-дачы Васіля Быкава, што знаходзіцца ў Ждановічах, Ірына Князева распавядала пра нечаканае захапленне знакамітага празаіка. Аказваецца, Быкаў быў вялікім аматарам аўтамабіляў і замалёўваў розныя прыгоды і здарэнні на дарозе.

Апошнія залы дэманструюць часовыя экспазіцыі. «Чарнобыль — 35…» — выстаўка да гадавіны трагедыі — змяшчае архіўныя фотаздымкі, рукапісы і кнігі, дакументуе рэакцыю многіх беларускіх пісьменнікаў на падзею. Асобную залу прысвяцілі празаіку, публіцысту, кіраўніку грамадскага аб’яднання «Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль» Васілю Якавенку з нагоды 85-годдзя. Яго фігура, можа, менш заўважная ў літаратуры, але надзвычай важная ў справе асвятлення падзей Чарнобыля.

Апошняя зала — выстаўка «Фёдар Дастаеўскі: Жыццё і творчасць», зробленая сумесна з Літаратурным музеем Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, які знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. Гэта новы праект у межах міжнароднай дзейнасці музея, які стаў першым з трох запланаваных сёлета. Экспазіцыя распавядае пра сувязь знакавых твораў рускага класіка з перыядамі яго жыцця. Асобная вітрына прысвечана беларускім караням Дастаеўскага — маёнтку Дастоева ў Іванаўскім раёне, які продкі пісьменніка атрымалі яшчэ ў XVI стагоддзі.

Майстар-клас «Зрабі кнігу сваімі рукамі».

Падарожнічаць па залах музея значна цікавей з квэстам «Таямніцы літаратурнага…», падрыхтаваным музейнымі супрацоўнікамі. Пытанні ў ім прымушаюць зазірнуць у кожную залу, пільна прыгледзецца да вітрын, да схем, подпісаў пад экспанатамі. Але «Ноч музеяў» знаёміць не толькі наведвальнікаў з музеем, але і наадварот. Міжнародная акцыя — падстава для развіцця музейнай справы. «Так склалася практыка, што ідэі святкавання «Ночы музеяў» у нас з’яўляюцца ледзь не на наступны дзень пасля папярэдняй акцыі, — распавяла Анастасія Кальцова. — Штогод мы падводзім вынікі правядзення чарговай музейнай «Ночы», вызначаем свае плюсы і мінусы, пачынаем выпрацоўваць новыя канцэпцыі для правядзення «Ночы музеяў» ужо ў наступным годзе. Мы аналізуем патрабаванні і жаданні нашых наведвальнікаў, вывучаем сучасныя тэндэнцыі арганізацыі “Ночы музеяў” на міжнароднай арэне. Непасрэдная падрыхтоўка, грунтоўная праца пачынаецца за 3-4 месяцы да правядзення “Ночы”, фарміруецца назва, задачы мерапрыемства, і ў залежнасці ад агульнай канцэпцыі падбіраюцца і распрацоўваюцца праграмы, квэсты, гульні, ствараюцца адмысловыя фотазоны, прэзентуюцца новыя экспазіцыі».

Адзіная зафіксаваная па часе частка праграмы ў гэты раз — літаратурная імпрэза «Ад слова жывога пачатак», падрыхтаваная народным літаратурным тэатрам «Жывое слова», які дзейнічае пры БДПУ імя Максіма Танка. Створаны ў 1966 годзе, тэатр сёлета праводзіць 50-ы, юбілейны сезон. «Ад слова жывога пачатак…» — праграма, прымеркаваная да падзеі, і паказалі яе ў лекцыйнай зале Музея гісторыі беларускай літаратуры, дзе прадстаўлена часовая экспазіцыя да юбілею беларускіх класікаў Івана Мележа і Івана Шамякіна. Для тэатра выступленне сімвалічнае.

«Мы любую канцэртную праграму пачынаем з урыўка з рамана «Людзі на балоце» Івана Мележа. Так сімвалічна, што мы робім праграму на выстаўцы, прысвечанай стагоддзю Івана Мележа і Івана Шамякіна. І пачынаць будзем, як звычайна, з першага спаткання Васіля і Ганны, — распавёў кіраўнік тэатра Алесь Мойскі. — Мы сябруем з многімі філіяламі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, традыцыйна выступаем на «Ночы музеяў» менавіта ў літаратурных установах. Цікава, што на другім паверсе адкрылася выстаўка «Фёдар Дастаеўскі: Жыццё і творчасць», дзе прадстаўлены пераклады Дастаеўскага на беларускую мову Андрэя Каляды — заснавальніка нашага тэатра».

Фрагмент экспазіцыі «Мова хаты»

Юбілейная праграма «Жывога слова» складаецца з вершаў, мініяцюр, харавога чытання — «Калі паміраюць дрэвы» Уладзіміра Караткевіча і «Страцімлебедзь» Максіма Багдановіча, казкі Максіма Танка, іншыя творы. Своеасаблівая разынка імпрэзы — жартоўныя мініяцюры, якія ствараліся самімі ўдзельнікамі тэатра, што распавядаюць пра студэнцкае жыццё.

«(Не)Ноч у музеі» была разнастайная: дзіцячыя забаўляльныя пляцоўкі суседнічалі з інтэлектуальнымі экспазіцыямі. Праходзячы квэст, даводзілася лічыць то вясёлкі на вокладках кніг, то народных пісьменнікаў Беларусі. Спрыяльную атмасферу стварыла адвольнасць праграмы — магчымасць знаёміцца з усім, што прапаноўвае музей у адвольным парадку. А літаратурны спектакль у канцы літаральна ажывіў сцены музея — прымусіў партрэты і кнігі з вітрын размаўляць чалавечымі галасамі.

Ганна ІВАНОВА

Фота Іны Коктыш 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».