Вы тут

Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам кіраўніка адміністрацыі індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Аляксандра Ярашэнку


Беларуска-кітайскі праект «Вялікі камень» прыцягвае рэзідэнтаў асаблівымі фінансавымі, інфраструктурнымі, лагістычнымі ўмовамі. Колькасць кампаній-удзельнікаў прырастае ў год амаль на 15 %. Сёння іх зарэгістравана ўжо 69 з 13 краін свету. Асноўныя кірункі (так званыя кластары), якія найбольш цікавы адміністрацыі парка, — аўтакампаненты; электратранспарт і электрабудаванне; медыцынская прадукцыя, фармацэўтыка; комплексная лагістыка.


Планы адміністрацыі на бліжэйшую пяцігодку — павялічыць прадстаўніцтва рэзідэнтаў у 2,5 разы, прыцягнуць інвестыцыі ў 1 мільярд долараў ЗША. Планы амбіцыйныя, улічваючы, што суседнія дзяржавы таксама робяць шмат для фарміравання асаблівых эканамічных зон і запрашэння туды кампаній. Відавочна, каб заставацца цікавым партнёрам, прававыя ўмовы «Вялікага каменя» павінны ісці ў нагу з часам, прыстасоўвацца да рэчаіснасці. З гэтай мэтай урадам падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта па карэкціраванню ўмоў дзейнасці парка: спрашчэння адміністрацыйных працэдур, большай самастойнасці органаў кіравання парка, пашырэння відаў дзейнасці.

Абмеркаванне прапанаванага дакумента па ўдасканаленні нормаў кіравання і дзейнасці парка, па словах Прэзідэнта, і стала нагодай сустрэчы.

«Экасістэма парка прыцягальна асаблівымі фінансавымі ўмовамі, развітой інфраструктурай, лагістыкай і геаграфічным месцаразмяшчэннем. Пра эта кажа стабільны і паступальны рост колькасці рэзідэнтаў парка (я ўзяў даведку: на 10-15 працэнтаў у год) і ствараемых імі вытворчасцяў. То-бок туды ідуць кампаніі, ствараюць свае вытворчасці і працуюць на пэўных умовах, што асобна былі вызначаны для парка «Вялікі камень», — адзначыў Прэзідэнт.

Як дадаў Аляксандр Лукашэнка, значныя льготныя ўмовы ў парку стваралі, каб прыцягнуць у краіну высокія тэхналогіі, навучыць ім людзей і вопыт праекта выкарыстаць у вытворчай сферы і іншых відах дзейнасці перанесці на Беларусь.

«Вы мне не далажылі ў канкрэтных лічбах, фактах, што мы атрымалі ў сувязі з тымі льготнымі ўмовамі, створанымі для інвестараў, для эканомікі, для краіны, для людзей? Калі вы мне гэта прапішаце, што мы не надумана, а рэальна атрымалі, тады мы будзем рабіць нейкія дадатковыя крокі», — заявіў кіраўнік краіны.

Ён сцвярждае, што нельга прымаць нарматыўна-прававыя акты, не ўпэўніўшыся ў выніках папярэдніх падобных рашэнняў. Прэзідэнт дадаў, што ў парку рэалізуюцца праекты 69 рэзідэнтаў з заснавальнікамі з 13 краін (гэта і Кітай, і Германія, і Швейцарыя, і ЗША), капіталаўкладанні каля 1,5 мільярда долараў.

«Нядрэнны вынік. Але практыка паказала, што асобныя кірункі прававога рэгулявання, магчыма, патрабуюць удакладнення і развіцця. Жыццё ж ідзе. Колькі парку сёння гадоў? Ну, 10 гадоў ён ужо пражыў на пэўных прававых умовах. Склаўся там ужо цэлы горад са сваімі, можна сказаць, не супярэчлівымі Рэспубліцы Беларусь норавамі, маралі і вытворчасцямі», — заўважыў Прэзідэнт.

Па яго словах, у парка ёсць значныя вынікі асабліва ў плане павелічэння інвестыцыйных укладанняў, нарошчвання эканамічнага эфекта.

«Як я ўжо сказаў, урадам падрыхтаваны праект указа, у якім прапаноўваецца адкарэктаваць нейкія ўмовы функцыянавання гэтага парка, а таксама палепшыць рэгуляванне бізнесу ў ім. Пра гэта сёння і павінна пайсці размова. Прапануецца стварэнне кластараў там прамысловых і іншых, падтрымка інавацыйнай дзейнасці», — адзначыў кіраўнік краіны.

Што датычыцца кластараў і іх арганізацыйнай структуры, ён падкрэслівае, калі яны неабходныя, будзем ісці гэтым шляхам.

«Паляпшэнне інавацыйнай дзейнасці, падтрымка інавацыйнай дзейнасці — што яшчэ неабходна да таго, што ўжо створана? Таму што льготныя ўмовы, рэжым у парку вельмі прыцягальны. Магчыма, мы чагосьці не стварылі. Зыходзіць будзем выключна з інтарэсаў інвестара і інтарэсаў нашай эканомікі, нашай дзяржавы, нашага грамадства. Тут павінен быць наш інтарэс: што мы атрымаем дадаткова. Калі мы нешта атрымліваем, значыць, трэба прымаць нейкія меры. Калі мы проста каб дагадзіць нейкім інвестарам гэта робім, без карысці дзяржаве, наўрад ці такія прапановы мною будуць падтрыманы», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


Каментарый у тэму

Кіраўнік адміністрацыі індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка пасля нарады выказаў спадзяванне, што Указ будзе падпісаны ў бліжэйшы час. Па яго словах, гэта ўжо чацвёрты нарматыўна-прававы акт Прэзідэнта аб развіцці парка. Першы падпісаны ў 2012, другі ў 2014, трэці чатыры гады таму.

«Перспектывы праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка вельмі вялікія. І для таго, каб надаць дадатковы імпульс гэтаму праекту, на разгляд кіраўніку краіны ўнесены шэраг навацый. Яны, перадусім, накіраваны на спрашчэнне, дэбюракратызацыю вядзення бізнесу, прыцягненне інвестараў», — сказаў Аляксандр Ярашэнка. Як прыклад, выкарыстанне навацыйных нормаў у будаўніцтве паспрыяла скарачэнню тэрмінаў узвядзення прадпрыемства «МАЗ-Вэйчай».

Па праекце Указа прапануецца адміністрацыі парка надаць дадатковыя паўнамоцтвы, якія раней былі ў мясцовых выканаўчых улад. Кіраўніцтва парка такім чынам набудзе каля 900 працэдур адміністрацыйна-дазвольнага характару.

«Гэта спрашчае, надае празрыстасць і эфектыўнасць працэдурам. Больш за тое, свае адміністрацыйныя працэдуры ўсе мы ажыццяўляем у электронным выглядзе. І наша задача на преспектыву ў тым, каб максімальна працэдуры ажыццяўляць у беспапяровым выглядзе», — дадаў кіраўнік парка.

Яшчэ адна магчымая навацыя для парка — развіццё стартапаў. У «Вялікім камені» ў снежні 2020 адкрыўся цэнтр супрацоўніцтва ў галіне трансфармацыі навукова-тэхнічных дасягненняў. Як паведаміў Аляксандр Ярашэнка, папрасілі ў Прэзідэнта даць магчымасць ідэям, што туды прыходзяць, працаваць у льготным парадку.

«Гэта не рэзідэнты, а інавацыйныя стартапы, якія будуць падтрымлівацца праз наданне льготных палітык, што ёсць у рэзідэнтаў. Гэта права мы даем на два гады», — сказаў кіраўнік «Вялікага каменя».

Навацыі па Указе таксама дазволяць прыцягнуць якарныя, буйныя інвестпраекты, прастымулююць стварэнне субпаркаў у правінцыях КНР і заснаванне сумесных тэхналагічных кластараў.

«Галоўнае патрабаванне кіраўніка краіны пры разгляданні гэтага праекта — вынікі эканамічныя і фінансавыя ад праекта „Вялікі камень“ пры прыняцці адпаведай новай заканадаўчай базы. Мы лічым, што такія магчымасці сур’ёзныя. Галоўнай мэтай ставім — дасягнуць значных эканамічных вынікаў. Мы не гонімся за колькасцю рэзідэнтаў, за паказчыкамі. Важна, каб гэты праект працаваў ва ўзаемадзеянні і на эканоміку Рэспублікі Беларусь, і для нашых грамадзян», — заявіў Аляксандр Ярашэнка.

Ён адзначыў, што ў парку больш за 80 % супрацоўнікаў — беларусы і сярэдні заробак каля 2700 рублёў.

Па словах Аляксандра Ярашэнкі, з прыняццем акта будзе заснавана юрыдычна-прававая норма для ўкаранення тэхналогій 5G і штучнага інтэлекту. Сур’ёзным чынам разглядаюць перспектыву працы ў кірунку традыцыйнай кітайскай медыцыны.

«Жыццё патрабуе навацый, таму што нельга на месцы стаяць у заканадаўчым плане. І пэўныя аспекты на будучыню, пра якія мы далажылі, даюць і нам, і нашым кітайскім партнёрам, і іншым замежным інвестарам пасыл, што мы застаемся вернымі прынцыпам прыцягення інвестараў на самых выгадных умовах, а Кітайска-беларускі індустрыяльна парк „Вялікі камень“ дае самыя лепшыя ўмовы вядзення бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь», — рэзюмаваў кіраўнік установы.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».