Вы тут

«Славянскаму базару ў Віцебску» — 30!


«Славянцы» — трыццаць!​ Так гавораць юныя і маладыя гараджане пра «Славянскі базар у Віцебску». Дарэчы, ужо другое пакаленне вырасла за час правядзення «Базару». І ён рос, набіраўся вопыту, мужнеў. Ні разу яго не адмянялі. Бадай, без гэтага фэсту ўжо не ўявіць Беларусі. Ён стаў брэндам, феерыяй індустрыі забаў, класікай відовішчаў, месцам, куды вельмі хочацца прыехаць і куды зноў хочацца вярнуцца.


Песні над пагоркамі

Напярэдадні юбілейнага «Базару» да месца згадаць гістарычныя факты, звязаныя з ім. Дарэчы, ён мог праводзіцца ў Мінску — такі варыянт разглядаўся. Бо не было ў правінцыйным Віцебску аб'екта, вартага для арганізацыі буйных фэстаў міжнароднага ўзроўню.

Летні амфітэатр на 5400 месцаў спраектавалі і пабудавалі меней чым за год, каб правесці ўсесаюзны фестываль польскай песні. Дарэчы, вялікія аб'екты для правядзення масавых мерапрыемстваў тады «пад ключ» здавалі праз гады чатыры ад пачатку рэалізацыі ідэі.

Згодна з дакументацыяй, будучая галоўная сцэнічная пляцоўка «Базару» мела назву «Пеўчае поле». Часта ў СМІ згадвалася і назва «Форум». Тутэйшыя пачалі называць «чаша». На сёння гэтая зала можа ўмясціць каля 6,3 тысячы гледачоў (была рэканструявана ў 2007 годзе, тады зрабілі дах).

Летам 1988-га адбыўся першы фэст польскай песні. У сусветным павуцінні ёсць розныя версіі таго, каму прыйшла ідэя рэалізаваць гэты праект. Але свята вырашылі правесці менавіта ў Віцебску, таму што ён — пабрацім польскай Зялёна-Гуры — «заходніх варот» краіны. Цікава, што горад стаіць на сямі пагорках. Віцебск, між іншым, таксама вельмі ўзгорысты, што адразу заўважаюць турысты.

У Зялёна-Гуры з 1965-га праводзілі фестываль савецкай песні, і Віцебск стаў ідэальным месцам, каб узмацніць сяброўскія сувязі дзвюх краін праз мастацтва. Тым больш, як сведчаць краязнаўцы, у Падзвінні праводзіліся абласныя конкурсы польскай песні аж з 1975 года.

«Польскія фэсты» ў Віцебску прайшлі з вялікім поспехам. Нягледзячы на тое што білеты на канцэрты каштавалі 3—5 рублёў (для параўнання: у кінатэатр — 25 капеек), іх было вельмі цяжка купіць, нават маючы добрых знаёмых у аргкамітэце.

Кіраўнік дырэкцыі польскага фэсту Радзівон Бас, які, як сцвярджаюць многія, прыдумаў назву «Базар» і доўгія гады ўзначальваў дырэкцыю, прызнаваўся журналістам, што не чакаў такога ажыятажу. Попыт перавышаў прапанову значна. Прыкладна ў тры разы павялічылі колькасць канцэртных праграм, у тым ліку і на стадыёне, што першапачаткова не планавалася, але і гэта не вырашыла праблему.

Другі і апошні фэст польскай песні правялі ў 1990-м.

«Праз мастацтва — да...»

СССР быў краінай, якая без праблем магла фінансаваць буйныя праекты ў галіне культуры. У маладой незалежнай Беларусі, канешне, не было такіх вялікіх грошай, тым больш на пачатку 1990-х. Але менавіта тады здолелі не проста правесці новы фэст, але і развіць яго.

Першы «Славянскі базар» стартаваў 18 ліпеня 1992 года. У Летнім амфітэатры сваё майстэрства прадэманстравалі таленты з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Канады, Аўстраліі, Польшчы і Грузіі. Акрэдытаваліся на «Базары» тады каля тысячы артыстаў і гасцей.

Самыя вялікія творчыя каманды на фестывалі былі з Беларусі, Расіі, Украіны: прыкладна па трыста чалавек. На галоўнай фестывальнай пляцоўцы арганізавалі каля дзесяці канцэртаў. У фестывальныя дні прэзентавалі тры выставы, правялі пяць прэс-канферэнцый.

Нагадаю, дэвіз фестывалю «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення!». І ён шмат разоў апраўдваў вялікія фінансавыя і творчыя інвестыцыі, станавіўся і месцам сустрэч палітыкаў, прэзідэнтаў брацкіх краін.

Хто б ні крытыкаваў «Базар», ён папулярны і сярод зорак, і сярод шматлікіх ахвотных на свае вочы ўбачыць гэты без двукоссяў цуд, што пацвярджаецца і вялікім конкурсам сярод кандыдатаў у валанцёры. Калі рыхтаваўся гэты артыкул, дырэкцыя фестывалю ў Facebook на старонцы, прысвечанай «Славянцы», паведаміла, што ў нядзелю, датэрмінова, спыняецца прыём заявак, бо іх колькасць у пяць разоў (!) перавысіла неабходную.

Фестываль — гэта і вялікая арганізацыйная праца, пачынаючы ад традыцыйнага «марафету» гарадскога асяроддзя да вырашэння задач лагістыкі. Аб тым, колькі заспакаяльных таблетак прымала дырэкцыя фестывалю, калі прадумвала, на чым прывезці чарговую капрызную зорку ў Віцебск, дзе пасяліць, чым накарміць, гісторыя замоўчвае.

І кветкавы раяль

Віцебск дзякуючы «Базару» становіцца з кожным годам усё больш прывабным і зручным для мясцовых жыхароў.

Зразумела, свой унёсак рабілі міністэрствы і ведамствы. Мясцовая ўлада, разумеючы адказнасць і высокі давер арганізоўваць самы маштабны фестываль на постсавецкай прасторы, стараецца, каб афармленне тэрыторый каля фестывальных аб'ектаў перыядычна мянялася. Такім чынам, у свой час у скверы каля будынка дырэкцыі ўсталявалі фантан, каля Летняга амфітэатра з'явіліся кветкавыя раяль і глобус. Валошкі, якія з'яўляюцца і элементамі асвятлення, — галоўны сімвал фестывалю — упрыгожваюць дахі дамоў у цэнтры Віцебска.

Сёлета ў горадзе высадзілі мора цюльпанаў — проста вачэй не адарваць. А які пах!

Для аматараў берагчы прыроду арганізаваны пракат электрасамакатаў.

Свае «фішкі» стараюцца прыдумваць і ў гатэлях. Напрыклад, у адным з іх ёсць «тэматычныя нумары»: «Бульбаш», «Смак кахання», «Паданні Мірскіх вежаў»... Закаханым, напэўна, вельмі спадабаецца спыніцца ў нумарах «Свежасць пачуццяў» або «Востраў мары».

А ў гатэлі «Віцебск», пабудаваным у 1973 годзе, самым старым і вялікім, прапануюць выбар: выдатны від з акна на гістарычны цэнтр (у тым ліку найстарэйшы храм XІІ стагоддзя) або на Летні амфітэатр і наваколлі — эпіцэнтр падзей фэсту. І, вядома ж, «Славянскі базар у Віцебску» з вышыні птушынага палёту — гэта карцінка, на якую хочацца глядзець і глядзець.

Многія прыезджыя любяць спыняцца падчас фестывалю ў аграсядзібах. Гаспадары гатовыя штодня вазіць пастаяльцаў у Віцебск і назад. Такі спосаб гасцявання дазваляе спалучаць шум фестывальнага горада і цішыню вёскі.

«Базар» сёлета будзе праходзіць з 14 да 19 ліпеня.

У тых, хто не зможа прыехаць, будзе магчымасць назіраць за ім па тэлебачанні і ў інтэрнэце. Летась, дарэчы, колькасць праглядаў падзей фэсту ў сеціве склала
7,5 мільёна.

Аляксандр ПУКШАНСКІ,

Фота Алега КЛІМОВІЧА

Загаловак у газеце: «Славянцы» — трыццаць!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...