Вы тут

«Вытокі» яркага лета знайшлі ў Оршы


Сонечна, па-творчаму ярка і па-спартыўнаму весела прайшло ў Оршы спартыўна-масавае мерапрыемства «Вытокі. Крок да Алімпу». Свой крок да Алімпу аршанцы зрабілі 5 чэрвеня, у кульмінацыйны дзень свята. А да гэтага ў горадзе прайшлі адукацыйныя лекцыі і семінары, круглыя сталы, выстаўкі і канцэрты.


Арганізавалі свята, якое гэтым летам аб'яднае ўсе рэгіёны краіны, Нацыянальны алімпійскі камітэт («Вытокі» — адзін з этапаў святкавання 30-годдзя арганізацыі), Федэрацыя прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь, кампаніі «АртХаос» і «БелБрэндАўдыт». Як адзначаюць арганізатары, беларускі брэнд «Вытокі» адлюстроўвае мэту ўсяго фестывалю — папулярызацыю нацыянальнай культуры, спорту, гісторыі, традыцый і падтрымкі малых гарадоў. У Оршы ўсё гэта мела месца. У першы дзень фестывалю прайшоў круглы стол «Орша: традыцыі ў сучаснасці». Удзельнікі яго наведалі знакавыя мясціны горада і нават пабывалі на традыцыйным вясельным абрадзе. З пачаткам фестывалю ў Оршы стала на дзве выстаўкі больш: у галерэі імя Грамыкі адкрыліся экспазіцыі «Кола часу» і выстаўка дзіцячага малюнка «Мой крок да Алімпу». А ўсе аматары жывапісу паўдзельнічалі ў лекцыі-прэзентацыі «Сучаснае беларускае выяўленчае мастацтва». Скончыўся першы дзень творчай сустрэчай з музыкантам Валерыем Шматам і канцэртам арганнай музыкі ў яго выкананні. Экскурсійная праграма працягнулася і ў другі дзень, які таксама быў насычаны мерапрыемствамі. Госці фестывалю наведалі Аршанскі льнокабмінат, абмеркавалі развіццё рэгіянальных брэндаў, пазнаёміліся з творчымі і інавацыйнымі праектамі. А аматары спорту папоўнілі свае веды на семінары-практыкуме па алімпійскай адукацыі. Яркай кульмінацыяй аршанскіх «Вытокаў» стаў трэці дзень: 5 чэрвеня кожны ахвотны мог адчуць сябе спартсменам, удзельнічаючы ў спартыўным квэсце.

«Вырасціць спартсмена без духоўнай спадчыны немагчыма»

«Сёння тут аб'яднаны і фізкультура, і спорт, і культура, і мастацтва — мы ўсе разам і ў Год народнага адзінства, што таксама сімвалічна. Мэта фестывалю «Вытокі» — прайсці ад пачатку, дзе зараджаліся нашы культура, мастацтва і спорт, і паціху, маленькімі крокамі да Алімпу. Важна паказаць развіццё рэгіё-
на, яго асаблівасці. Ідэя і заключалася ў тым, каб праводзіць гэтае мерапрыемства не ў Мінску ці ў абласных гарадах, а ў раённых цэнтрах, дзе людзям недастае такіх свят. І праз падобныя мерапрыемствы мы ўносім свой уклад у развіццё рэгіёнаў», — адзначыў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. Ён таксама расказаў, што Орша для яго — асаблівы горад: «Я правёў у Оршы сваё дзяцінства, тут жыве шмат родных. І мне заўсёды прыемна сюды прыязджаць. Вельмі прыгожы і гасцінны горад, калі сюды прыязджаю, душа радуецца».

Для Аляксея Талая фестываль «Вытокі» стаў не толькі добрым святам, якое ён сустрэў з дзецьмі, але і прычынай наведаць родны горад. Раней у інтэрв'ю «Звяздзе» спартсмен-параалімпеец адзначаў, што вельмі сумуе, калі доўга не атрымліваецца прыехаць у Оршу. «Вытокі» пазбавалі яго ад суму. «Вельмі важны фестываль, накіраваны на папулярызацыю здаровага спосабу жыцця, на тое, каб падштурхнуць людзей займацца спортам, фізічнай культурай, адцягнуць іх ад гаджэтаў. Мы ведаем, што свет змяняецца. І мы павінны быць моцныя, бадзёрыя і перадаць наступнаму пакаленню важныя навыкі, ісці наперад і перамагаць — гэта сёння асноўны парадак дня і мерапрыемства накіраваны на гэта», — адзначыў Аляксей Талай.

У наступным годзе Орша стане культурнай сталіцай Беларусі. Кіраўнік Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што фестываль «Вытокі» — добры старт, свята атрымае свой працяг на Віцебшчыне.

«Сама назва мае глыбокі сэнс, бо вырасціць спартсмена без духоўнай спадчыны, без ведання гісторыі немагчыма. Чалавек можа быць вялікім спартсменам, але з пустой душой ён не можа быць сапраўдным грамадзянінам, які любіць і паважае сваю Радзіму. Я мяркую, што гэты фестываль заклаў пачатак новай традыцыі, якая будзе працягвацца. Мы павінны паказаць дзецям нашы вытокі, чым мы багатыя, якая наша культура, і на гэтай глебе выхаваць спартсмена, які сапраўды будзе змагацца за нашу Радзіму», — сказаў кіраўнік аблвыканкама. Мікалай Шарснёў стварыў сапраўдную сенсацыю, паказаўшы, наколькі важна займацца спортам — кіраўнік вобласці выціснуў штангу вагой 215 кілаграмаў. Гэта рэкорд Беларусі ў паўэрліфтынгу ва ўзроставай катэгорыі да 60 гадоў і вагавой катэгорыі да 100 кілаграмаў. Выступленне Мікалая Шарснёва на памосце выклікала бурныя авацыі ўсіх прысутных і пэўнае здзіўленне тых, хто ведае яго толькі як чыноўніка.

Алімпійскія гульні раённага маштабу

А ўдзельнікаў спартыўнага квэсту здзіўлялі арганізатары. Каб атрымаць прыз, трэба было прайсці 15 пляцовак і паспрабаваць сябе ў розных відах спорту, сярод якіх гіравы, пажарна-выратавальны, конны спорт і брэйк-данс. Вялікі ажыятаж назіраўся каля пляцоўкі біятлона. І не толькі таму, што беларусы вельмі любяць гэты спорт. Майстар-клас тут праводзіла вядомая біятланістка Людміла Калінчык. «Бачыце, якая цікавасць у дзяцей, да нас выстраілася доўгая чарга. Мы гатовыя кожнага падтрымаць і параіць, як выканаць стральбу», — заўважыла спартсменка.

На цікавасць аршанцаў да біятлона звярнуў увагу і міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук.

«Гэта не проста індыкатар таго, што на Віцебшчыне трэба развіваць біятлон. Ужо зроблены першыя крокі. У Оршы ў паркавай зоне пракладзена сцежка для лыжаролераў. У перспектыве — да зімы зрабіць умовы для лыжаў. Віцебская вобласць знаходзіцца ў больш выгадным становішчы па снезе, чым іншыя рэгіёны краіны. І мы будзем абавязкова папулярызаваць біятлон. Тут Шуміліна, Гарадок, Наваполацк — ёсць да чаго імкнуцца і чаму вучыцца. І нам неабходна адкрываць новыя спартыўныя пункты на карце краіны. У тым ліку і для біятлона», — канстатаваў міністр. Сяргей Кавальчук таксама падкрэсліў, што такія мерапрыемствы, як «Вытокі», трэба праводзіць у кожным раённым цэнтры. «У нас усе дзеткі павінны прыцягвацца да здаровага спосабу жыцця», — заўважыў ён.

На спартыўным квэсце кожны змог знайсці занятак паводле сваіх густу і інтарэсаў. Міні-спаборніцтвы па баскетболе, хакеі, гандболе, валейболе, футболе, хакеі на траве, тэнісе. Імправізаваныя трэніроўкі па лёгкай і цяжкай атлетыцы, боксе, гіравым спорце, адзінаборствах, гімнастыцы, веласпорце... І пакуль дзеці знаёміліся з новымі відамі спорту і спрабавалі сілы ва ўжо знаёмых, бацькі атрымлівалі інфармацыю пра спартыўныя секцыі. А хтосьці толькі вызначаўся з заняткам на будучыню. Самы маленькі ўдзельнік квэсту, якому толькі год і тры месяцы, абраў для сябе шахматы. «Мабыць, наш малы вызначыўся з відам спорту. Старэйшыя дзеці ўжо займаюцца футболам, хакеем, плаваннем», — заўважыла мама, магчыма, будучага грасмайстра. Пагадзіўся з жонкай і Сяргей Пац, першы намеснік старшыні Аршанскага райвынкама. «Мы арыентавалі бацькоў прыходзіць сёння з дзецьмі... Такім мерапрыемствам мы падштурхнём малых займацца спортам. У нас шмат розных секцый, і хочацца, каб як мага больш дзяцей у іх займалася», — сказаў ён.

Квэст — гэта не толькі спорт, але і своеасаблівая прафарыентацыя. На пляцоўцы пажарна-выратавальнага спорту дзеці адчулі сябе сапраўднымі пажарнымі. Удзельнікі пераадольвалі паласу перашкод, злучалі часткі пажарных рукавоў і нават збівалі фішкі струменем. Як расказалі арганізатары, такія нарматывы здаюць пажарныя, заступаючы на баявыя дзяжурствы.

«Мы прайшлі амаль усе пляцоўкі. Але старэйшаму сыну больш за ўсё спадабалася паласа перашкод у пажарных. Гэта самае незвычайнае заданне», — падзяліўся Дзяніс Афанасьеў, які прыйшоў на свята з двума сынамі.

«Вытокі» — сапраўднае сямейнае свята. На адной з пляцовак дарослыя таксама маглі паказаць, на што яны здольныя. Фізкультурна-спартыўны клуб «Орша» арганізаваў пляцоўку, дзе бацькі спаборнічалі з дзецьмі ў такіх знакамітых забаўках, як класікі, набіванне мяча, скачкі на скакалцы, шашкі, дартс. «У дарослых і маленькіх удзельнікаў з'яўляецца столькі азарту, гэта добры спосаб прывучаць дзяцей да спорту! Стартаваць з перамогі больш прыемна, чым з паражэння. Мы ганарымся, што «Вытокі» праходзяць у нас у Оршы. Гэта вельмі важнае мерапрыемства, нашы аршанскія дзеці могуць прайсці праз усе пляцоўкі, усё паспрабаваць. І калі частка з іх прыйдзе ў нашу спартыўную школу ці проста палюбіць нейкі від спорту — значыць, задача выканана. Мы паказалі дзецям, што гэта такое, дзе гэта ёсць, і пазней яны могуць вырасці ў чэмпіёнаў, якія будуць праслаўляць нашу краіну і родны горад», — заўважыў Сяргей Колесаў, дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба «Орша».

«Вытокі» — гэта не толькі спартыўнае сямейнае мерапрыемства, культурны фестываль, але і яркі пачатак школьных канікул. «Вельмі спадабалася свята, усе такія радасныя, ва ўсіх добры настрой. Часцей бы ў Оршы праходзілі такія мерапрыемствы, тым больш летам, калі ў нас канікулы і хочацца нечага цікавага», — падзяліліся школьніцы з аграгарадка Межава Аршанскага раёна.

Для ўсіх і кожнага

Акрамя спартыўнага квэсту, заняткі для сябе знайшоў кожны. Мясцовыя арганізацыі пастараліся як мае быць. Аршанскі раённы цэнтр фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі прадставіў пешаходную экскурсію «Орша гераічная». Гульні, віктарыны, фотазоны ў адзенні ваенных часоў, магчымасць напісаць пісьмо салдату — у такой незвычайнай форме ўдзельнікі свята знаёміліся з ваеннай гісторыяй краю. «Вытокі» — гэта не толькі магчымасць для дзяцей адкрыць для сябе новыя віды спорту. Гэта вельмі добра, але не менш важна ведаць гісторыю сваёй сям'і, малой радзімы і краіны», — падкрэслілі арганізатары. Выстаўка тэхнікі, зробленая рукамі членаў кружкоў мадэлявання Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, зацікавіла як малых, так і дарослых. Караблі, аўтамабілі, самалёты, якія адрозніваліся ад сапраўдных хіба што памерамі, паказалі, наколькі таленавітыя людзі жывуць на Аршаншчыне. А мясцовыя рамеснікі паказалі разнастайныя майстар-класы па традыцыйных беларускіх рамёствах.

Спаборніцтвы на фестывалі былі не толькі спартыўныя, але і творчыя. Адразу пасля квэсту пачаўся конкурс спевакоў, у якім перамог аршанец Андрэй Кот. «Не чакаў такога поспеху. Проста імкнуўся душэўна і выразна выканаць сваю кампазіцыю. Выдатная атмасфера ў Оршы, надвор'е сонечнае. Фестываль, несумненна, атрымаўся», — прызнаўся пераможац.

Цэлы дзень удзельнікі фестывалю «Вытокі» назапашвалі станоўчыя эмоцыі, якія потым выліваліся на гала-канцэрце і дыскатэцы. А гэтыя тры дні сталі вытокамі выдатнага лета для аршанцаў, якое яны дакладна правядуць актыўна і пазітыўна. А ўжо 10—12 чэрвеня да іх далучацца жыхары Кобрына, пасля святочную атмасферу падхопяць Мазыр, Бабруйск і Жодзіна.

Валерыя СЦЯЦКО,

Фота НАК Беларусі

г. Орша.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

 У фінале спаборніцтваў па жаночай барацьбе яна ўступіла японцы Рысака Каваі. 

Грамадства

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаменціраваў вынікі сацапытання

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаменціраваў вынікі сацапытання

Па заказе ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» — АНТ з 5 па 21 ліпеня Аналітычны цэнтр ЕсооМ з прыцягненнем фонду «Украінская палітыка» правёў

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.