Праз тры месяцы краіна будзе святкаваць Дзень народнага адзінства. Такое рашэнне прынята літаральна днямі. Размова пра дату 17 верасня. У кантэксце гэтай падзеі хацелася б крыху паразважаць пра тое, што ў перыяд польскага панавання ў Заходняй Беларусі надзвычай пакручастым, складаным быў шлях беларускага мастацкага слова да чытача, да простых беларусаў... Мо варта зараз узнавіць у друку, найперш — кнігамі, асобнымі выданнямі, многія творы, якія выступаюць сведкамі часу, мастацкімі дакументамі тых надзвычай складаных гадоў?
Максім Танк, Міхась Машара, Піліп Пястрак, Міхась Васілёк, Валянцін Таўлай, Сяргей Новік-Пяюн і шмат хто яшчэ з беларускіх пісьменнікаў заходнебеларускіх раёнаў адчулі на сабе ўвесь дыктат, усю сілу палітычнай рэпрэсіўнай машыны. Яны былі ў астрогах, турмах, забаранялі іх кнігі, не пускалі ў друк многія іх публікацыі... У савецкія гады, дзякуючы актыўнасці асобных гісторыкаў літаратуры, дзякуючы актыўнасці літаратуразнаўцаў, складаліся анталогіі, выдаваліся творы пра той час і перавыдаваліся творы таго часу. Дастаткова згадаць танкаўскі дзённік «Лісткі календара». А яшчэ — факсімільнае выданне кнігі вершаў народнага паэта Беларусі «На этапах», у якім Максім Танк востра і праўдзіва адлюстраваў тагачаснае жыццё, напоўненае барацьбой за самавызначэнне, супраць дыктатуры вынішчэння нацыянальнага, вольнага беларускага духу.
Сёння амаль не згадваецца імя празаіка і паэта Міхася Машары (1902 — 1976), які як пісьменнік сфарміраваўся ў Заходняй Беларусі. Драматург, паэт, празаік, перакладчык, ён прайшоў выпрабаванне, загартоўку як баец Чырвонай Арміі, разам з часцямі якой удзельнічаў у савецка-польскай вайне ў 1920 годзе. Воінскае фарміраванне, у якім ён ваяваў, было інтэрніравана ў Германію. 11 месяцаў будучы пісьменнік знаходзіўся ў палоне ў Зальцведалі ў Саксоніі. Пасля Рыжскага дагавора быў інтэрніраваны ў Польшчу. Восем месяцаў правёў у прафілактычным лагеры «Шчыпёрна»... З 1928 года рэдагаваў у Вільні газету «Наша воля». Быў зняволены за сваю грамадскую, літаратарскую дзейнасць. Звыш чатырох гадоў праседзеў у віленскай турме «Лукішкі». Адна з яго кніг 1930-х гадоў — зборнік «На сонечны бераг!» (1934 год)... Як паэт і публіцыст праз розныя мастацкія сімвалы ён шукаў шляхі да вызвалення роднага люду з-пад польскага ярма, з-пад польскага прыгнёту. Мне здаецца, што варта перагледзець творы Міхася Машары тых, 1930-х, гадоў і скласці яго новы паэтычны зборнік. Каб тым самым засведчыць павагу і да самога пакалення заходнебеларускіх пісьменнікаў, і каб нагадаць, што народ наш не быў маўклівым быдлам, а мог выказацца, праявіць гонар і годнасць, нягледзячы на ўсе тагачасныя наступствы. Дарэчы, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі Міхася Машару абіраюць дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі.
У пасляваенныя гады Міхась Машара звярнуўся да прозы, мастацкай і дакументальнай. Тэматыка яго кніг ужо па саміх назвах досыць зразумелая: раманы «Крэсы змагаюцца», «Сонца за кратамі», «Лукішкі», якія склалі трылогію, аб’яднаны агульным матывам вернасці свайму народу, агульным матывам супрацьстаяння польскаму дыктату ва ўсіх праявах грамадскага, сацыяльнага, палітычнага жыцця. А яшчэ напісаў раманы «Ішоў дваццаты год», «І прыйдзе час...», кнігу ўспамінаў «Старонкі летапісу»... І вельмі хацелася б звярнуць увагу беларускіх сучасных выдаўцоў да перавыдання гэтых твораў.
Сяргей Новік-Пяюн... У яго біяграфіі лагернага жыцця звышдастаткова. І астрог у Баранавічах у часы польскага панавання, і высылка ў 1920-я, і фашысцкі канцлагер Калдычэва, і яшчэ ГУЛАГ... Свае першыя кнігі ён выдаў у час польскай акупацыі. І яго мастацкая памяць вартая вяртання.
А яшчэ — Ганна Новік з Вілейшчыны, Ніна Тарас з Навагрудчыны... Зусім фактычна забытыя імёны. Анатоль Іверс са Слонімшчыны... Праўда, што датычыць Анатоля Іверса, паэта і падпольшчыка, шмат у апошнія гады для вяртання яго літаратурна-мастацкай спадчыны зрабіў краязнаўца са Слоніма Сяргей Чыгрын, за што яму толькі вялікая ўдзячнасць. Дарэчы, тэма заходнебеларускага грамадска-палітычнага жыцця — у полі зроку многіх сучасных краязнаўцаў краіны на месцах, у розных рэгіёнах Берасцейшчыны, Віцебшчыны, Гродзеншчыны, Міншчыны...
Нельга не згадаць, што надзвычай уважлівым да заходнебеларускай тэмы ў беларускай літаратуры быў берасцейскі літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік. Унікальны арганізатар літаратурна-мастацкага жыцця ў Брэсце, адзін з аўтараў легендарнай кнігі «Я — з вогненнай вёскі...» (нагадаем пра двух другіх аўтараў — Алесь Адамовіч, Янка Брыль), ён рыхтаваў да публікацыі творы заходнебеларускіх паэтаў. Укладзеныя ім анталогіі «Сцягі і паходні» (1965) і «Ростані волі» (1990) мелі шырокі розгалас, вярнулі ў літаратурны ўжытак імёны некаторых незаслужана забытых паэтаў Заходняй Беларусі, нагадалі пра творы вядомых аўтараў. Чаму б не перавыдаць якую з гэтых анталогій?! Магчыма, з сучасным каментарыем, з публікацыямі дакументаў архіўнага характару, якія раней не выкарыстоўваліся, не агучваліся. Тым болей, што набліжаецца і юбілей самога Уладзіміра Калесніка. У 1922 годзе — 100 гадоў з дня нараджэння вядомага даследчыка заходнебеларускай літаратуры.
Усё, зразумела, залежыць ад інціыятывы выдаўцоў, ад разумення імі вартасцяў даўно напісаных тэкстаў у выхаванні чытача, у выхаванні грамадства ўвогуле. Адным словам, шукаючы новыя словы, імкнучыся пра ранейшыя часы распавесці зараз, наўрад ці лагічна забываць ужо зробленае, занатаванае і пакінутае нам у спадчыну папярэднікамі. Хіба ж не з’яўляецца мастацкая літаратура аб’ектыўным адлюстраваннем часу?..
Максім ВЕЯНІС
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.