Вы тут

Сын Змітрака Бядулі перадаў рэдкае выданне свайго бацькі НББ


Празаічны зборнік Змітрака Бядулі «Танзілія» доўгія дзесяцігоддзі захоўваўся ў сям’і пісьменніка, а цяпер папоўніць фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і вельмі хутка трапіць да сваіх новых чытачоў, перадае прэс-служба ўстановы.


Нацыянальную бібліятэку Беларусі наведаў сын класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі — Яфім Самуілавіч Плаўнік. Сёлета адзначаецца 135-годдзе вядомага айчыннага творцы, чые творы ўваходзяць у школьную праграму і рэгулярна перавыдаюцца на працягу ўжо больш як ста гадоў. Аднак далёка не ўсе прыжыццёвыя выданні Змітрака Зядулі зберагліся нават у фондах галоўнай бібліятэкі краіны. Адным з такіх выключэнняў была яго кніга «Танзілія», выпушчаная літаратурным аб’яднаннем «Узвышша» у 1927 г. Менавіта гэта выданне Яфім Самуілавіч Плаўнік разам са сваёй жонкай перадалі ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, суправадзіўшы яго адпаведным дарчым надпісам.

Творчае знаёмства бібліятэкі з сям’ёй Змітрака Бядулі асабліва актывізавалася ў гэтым, юбілейным, годзе: 27 студзеня адбыўся навукова-практычны семінар «Шляхамі маладнякоўцаў», 15 красавіка ў зале беларускай літаратуры адкрылася выстава «Беларускі салавей», 23 красавіка бібліятэка прадставіла ўнікальныя дакументы для выставы ў «Беларускай хатцы», 29 красавіка ў бібліятэцы адбыўся юбілейны круглы стол «Беларускі салавей», а на восень запланаваны конкурс для маладых беларускіх творцаў. У многіх з гэтых мерапрыемстваў Яфім Самуілавіч прымаў непасрэдны ўдзел.

Фота — Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?