Вы тут

Сяргей Плыткевіч: Дзікая прырода можа стаць сапраўдным брэндам Беларусі


Ёсць людзі, якія не толькі дапамагаюць убачыць гэты дзівосны свет, але і пракладваюць у ім свае турыстычныя маршруты. Сярод такіх аўтараў вандровак — вядомы фотажурналіст, дырэктар Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў» Сяргей Плыткевіч. Падчас сустрэчы ён расказаў, куды часцей за ўсё адпраўляецца ў экспедыцыі, як спецыяльнасць лётчыка-назіральніка дапамагае ў здымках з вышыні, і дзе ў глыбінцы можна пачаставацца сапраўднай кавай.


Па «моры Герадота»

Мы сустрэліся з Сяргеем падчас яго выстаўкі ў Гродне, таксама на тэму дзікай прыроды Беларусі. Ён якраз збіраўся ў чарговую экспедыцыю на Браслаўскія азёры і раку Прыпяць. Як прызнаўся суразмоўнік, назапашваецца матэрыял па турыстычным патэнцыяле Беларусі. Але спачатку аматары-рабінзоны пракладваюць сцежкі самі.

— Звышзадача — паказаць усю Беларусь, — адзначае Сяргей Плыткевіч. — У нашым багажы ўжо ёсць каля 25 тысяч населеных пунктаў краіны, усе яны маюць свае фотарэзюмэ. Цяпер тое ж самае робім з азёрамі. Іх каля 10 тысяч, здымкі ёсць толькі адной тысячы. Прычым мы здымаем і зверху, робім іх апісанне, у тым ліку і тых турыстычных маршрутаў, якія ўжо ёсць. На сайце працуе функцыянал «едзем самі» з лагістыкай, інфраструктурай, мясцовымі славутасцямі.

Цяпер на чарзе новы праект — «Палеская Амазонка, альбо Мора Герадота». Экспедыцыя праходзіць па пойме Прыпяці. Як правіла, вясной тут даволі вялікая паводка, бывае, што і навакольныя вёскі «плывуць». Магчыма, таму што тут у далёкія часы было сапраўднае мора, звесткі аб якім ёсць і на старажытных картах.

Для тых, хто жадае паехаць і ўбачыць паводку, распрацавана некалькі маршрутаў. Для звычайных наведвальнікаў гэта выглядае экзатычна, а вось мясцовым жыхарам такая сітуацыя прыносіць нямала клопатаў: нярэдка турыстаў прыходзіцца эвакуіраваць. Бывае, што вада падымаецца на метр, як гэта было ў 2017 годзе, распавядае фотажурналіст. Пасля экспедыцыі фотаздымкі кладуцца ў аснову выстаўкі і кніжнага выдання.

Беларуская экзотыка?

Суразмоўнік прыгадаў сустрэчу ў адной з вёсак у глыбінцы. Каля заказніка «Чырвоны Бор» жыве аўстрыец, былы кіраўнік прадстаўніцтва Аўстрыйскіх авіяліній у Мінску. Ён жанаты на беларусцы, мае чацвёра дзяцей, пераехаў у вёску, адкрыў там аграсядзібу і варыць цудоўную каву. Можна прыехаць і пачаставацца.

Вядома, кава — гэта яшчэ не экзотыка, за якой аматары дзікай прыроды адпраўляюцца вандраваць. Ці даступныя простаму падарожніку тыя відовішчы, якія давялося бачыць спецыяльнай экспедыцыі? Аказваецца, такія магчымасці таксама ёсць. Па словах прафесіянала, цяпер адкрываецца шмат цікавых маршрутаў. Напрыклад, у заказніку «Альманскія балоты» ўладкавана экасцежка з драўляным насцілам.

Ляснікі-правадыры гатовыя арганізаваць фотапаляванне. Для гэтага ствараюцца зручныя хованка, нават невялікія хацінкі. Работнікі прыкормліваюць жывёл, напрыклад, выдраў, баброў, соў, іншых драпежных птушак. У краінах Еўропы фотапаляванне стала адным з кірункаў турыстычнага бізнесу, расказвае суразмоўнік. Пры гэтым у Беларусі ўсё не так рэгламентавана, як за мяжой.

— У мяне ёсць кніга «Беларуская экзотыка», — кажа Сяргей Плыткевіч. — Калі яе задумаў, рэдактар спытаў: ну, якая ў нас у Беларусі экзотыка? Я адказваю: азёры, балоты, флора і фаўна — для нашых гараджан ужо экзотыка. А для замежніка асабліва. Пры ўмове, што будуць належная інфраструктура, парадак, бяспека. Можна ўбачыць безліч прыгожых мясцін і вярнуцца з рэдкімі кадрамі і незабыўнымі ўражаннямі.

І гэта не міф. Вось на фота заяц на задніх лапах стаіць, а зайчыха быццам пляскае ў далоні, сям’я мядзведзяў са сваімі малымі, еўрапейскія муфлоны ў вальеры, плошча якога 20 квадратных кіламетраў. Вось рэдкая птушка ўдод аказвае сваёй сяброўцы знак увагі і дорыць... чарвяка. Зубр у «чарнобыльскай зоне»...

Фотамастак прапануе звярнуць увагу на заказнік «Чырвоны Бор» у Віцебскай вобласці. На яго думку, гэтае месца пакуль недастаткова «раскручанае», як, напрыклад, Браслаў, Нарач альбо Аўгустоўскі канал. Праўда, сёння інтарэс да яго ўзрос, ёсць попыт на паслугі і паляўнічай гаспадаркі, і гасцінічнага комплексу. Тут сапраўды ўнікальны пейзаж: і бярозавы гай, і балота, і пагоркі, і некранутыя азёры...

— Вакол шмат унікальнага. Па-першае, сам ландшафт, па-другое, насельнікі дзікай прыроды. Упэўнены, што гэта варта папулярызаваць як брэнд Беларусі, — лічыць фотамастак.

З вышыні — найпрыгажэй!

Сяргей Плыткевіч — прафесійны журналіст, ён скончыў журфак БДУ. Але ёсць у яго і яшчэ адна спецыяльнасць — лётчык-назіральнік. Гэта той, хто разам з пілотамі робіць аблёты на пажарных самалётах і верталётах, каб зафіксаваць ачагі агню і перадаць каардынаты службе МНС. Такі вопыт вельмі дапамог і ў рабоце фотажурналіста:

— Калі-нікалі знаёмыя лётчыкі бралі мяне з сабой на аблёты, я мог здымаць ландшафты з вышыні птушынага палёту. У выніку выдаў фотаальбом «Беларусь. Від зверху». Хаця спачатку выкарыстоўваў для такіх здымак будаўнічыя вышкі.

Здаецца, што на вышыні губляюцца дэталі, адметнасці. Але ў Сяргея свой аргумент. Ён лічыць, што толькі з нябёсаў можна ўбачыць і ацаніць размах і прыгажосць беларускіх ландшафтаў. Рэкі, азёры, старажытныя гарадзішчы, запаведныя мясціны... Напрыклад, возера Крывое ва Ушацкім раёне з вышыні нагадвае нарвежскія ф’ёрды. А мясцовасць паміж Жыткавічамі і Туравам падчас паводкі на Прыпяці — амаль што Амазонка. Ёсць тут і востраў у форме сэрца. Яго фотамайстар любіць здымаць кожную пару года. Дарэчы, лясісты востраў-сэрца ёсць і на Аўгустоўскім канале, але на Прыпяці яно больш акруглае.

Фатограф не хавае свайго захаплення здымкамі з вышыні.

— Наогул, я люблю лятаць. Хоць цяпер гэта няпроста. Для здымак зверху неабходны спецыяльны дазвол, як на сам палёт, так і на дрон. Напрыклад, калі рыхтаваў фотаальбом «Нечаканая Беларусь», кансультаваўся з Генштабам, усе фота праходзілі цэнзуру, атрымаў візу, што забароненых аб’ектаў на іх няма. Для пагранічнай зоны патрэбны яшчэ і дазвол пагранкамітэта, пры гэтым здымкі вядуцца ў суправаджэнні пагранічніка. Магчыма, гэта робіцца для таго, каб пазбегнуць кантрабанды, якую могуць пераправіць з дапамогай дронаў.

Як аматар дзікай прыроды Сяргей Плыткевіч не раз аказваўся ў цэнтры падзей, у тым ліку драматычных. бачыў вынік барацьбы двух аленяў, якія счапіліся рагамі так, што адзін загінуў. Другі цягнуў яго метраў сто, але і сам загінуў, бо не змог вызваліць свае рогі. Быў выпадак, калі падчас здымак гнязда беркута Сяргея амаль не знесла з дрэва моцная бура. Ён успамінае, як яго штурхала да зямлі, дождж ліў сцяной, але нейкім цудам удалося ўтрымацца, хоць некалькі разоў зрываўся, галіны ламаліся, ды ад сур’ёзных траўмаў выратоўваў мяккі мох.

Аднойчы фатограф ледзь не страціў плён сваёй работы. У заказніку «Ельня» ў балоце згубіў свой квадракоптар. Дрон, які праляжаў некалькі тыдняў пад вадой, сапсаваўся, але флэшка з фатаграфіямі захавалася.

Увесь матэрыял аўтарам алічбаваны і сістэматызаваны. Гэта вельмі важна, лічыць Сяргей Плыткевіч, бо за 40 гадоў назбіраўся даволі багаты архіў. І нядзіўна. У дзень падчас экспедыцый яму ўдаецца зрабіць тысячу, а то і дзве тысячы кадраў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота planetabelarus.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.