Вы тут

Таямніцы і адкрыцці. Цікавыя навіны з вобласці навукі


Вушастыя «археолагі»

Трусы зрабілі важнае адкрыццё

На востраве Скокем у Кельцкім моры ў праліве паміж Уэльсам і Ірландыяй навукоўцы выявілі ў кучы грунту, выкінутага трусамі з нары, каменныя прылады эпохі мезаліту і фрагменты керамікі бронзавага веку. Знаходкі ацанілі як значнае археалагічнае адкрыццё. Пра гэта паведаміла The Guardіan.

Непадалёк ад свайго дома навукоўцы Рычард Браўн і Жызэль Ігл, якія стала жывуць на востраве, заўважылі два прадметы каля трусінай нары. Адзін з іх аказаўся каменнай прыладай эпохі мезаліту, якую дзевяць тысяч гадоў таму паляўнічыя выкарыстоўвалі для апрацоўкі шкуры цюленяў. Другі артэфакт — гэта асколак урны бронзавага веку ўзростам каля 3750 гадоў. Гэтыя знаходкі даказваюць, што востраў быў заселены яшчэ ў часы эпохі мезаліту.

На наступны дзень Браўн і Ігл знайшлі побач з той жа трусінай нарой вялікія кавалкі грубага глінянага посуду: вялікі фрагмент гаршка, упрыгожаны лініямі ў верхняй частцы.

Пасля адмены каранцінных абмежаванняў Браўн і Ігл плануюць пачаць маштабныя раскопкі.


Бактэрыцыдныя малекулы

У бурштыне знайшлі раней невядомыя антыбіётыкі

Вывучыўшы састаў балтыйскага бурштыну, амерыканскія навукоўцы выявілі ў ім вялікую колькасць малекул раней невядомых антыбіётыкаў, эфектыўных супраць амаль непаражальных для іншых рэчываў мікробаў. Дадзеныя даследаванні прыведзены на платформе EurekAlert.

«Мы даўно ведалі, што ў балтыйскім бурштыне могуць быць малекулы антыбіётыкаў, аднак раней ніхто іх сістэматычна не вывучаў. Мы вылучылі з узораў акамянелай смалы некалькі злучэнняў, якія могуць знішчаць грамстаноўчыя мікраарганізмы, устойлівыя да антыбіётыкаў», — сказала Элізабет Эмброуз, адзін з аўтараў работы, дацэнт Мінесоцкага ўніверсітэта.

Бурштын, што ўяўляе сабой акамянелую выкапнёвую смалу, ужо даўно з'яўляецца прадметам цікавасці даследчыкаў. Фарміруючыся дзясяткі ці нават сотні мільёнаў гадоў, ён часта захоўвае ўнутры сябе не толькі бурбалкі паветра таго часу, але і насякомых, фрагменты раслін, пёры птушак і фрагменты скуры дыназаўраў.

Здаўна лічылася, што бурштын вызначаецца супрацьзапаленчым дзеяннем. Вынікі праведзенага даследавання сведчаць аб тым, што перакананне ў эфектыўнасці бурштыну супраць інфекцый і запаленняў мае свае падставы. Спецыялісты прааналізавалі хімічны састаў некалькіх дзясяткаў фрагментаў бурштыну, сфарміраваных прыкладна 40 мільёнаў гадоў таму са смалы вымерлых балтыйскіх парасонавых піхтаў.

Падрыхтаваўшы растворы на аснове парашку з дадзеных фрагментаў, эксперты даследавалі іх пры дапамозе храматографа. Такім чынам, у парашку былі выяўлены колападобныя малекулы арганічных кіслот, якія могуць мець бактэрыцыдныя ўласцівасці.

Для таго каб пераканацца ў наяўнасці гэтых уласцівасцяў, даследчыкі праверылі дзеянне атрыманага экстракту на хваробатворных мікраарганізмах. Была ўстаноўлена эфектыўнасць экстракту ў падаўленні жыццядзейнасці залацістага стафілакока. Акрамя таго, рэчыва аказала ўздзеянне нават на ўстойлівыя да сучасных антыбіётыкаў штамы.

Навукоўцы паведамілі, што сцыадапіцісы, якія з'яўляюцца сучаснымі сваякамі балтыйскіх парасонавых піхтаў, такімі рэчывамі не валодаюць. Разам з тым у гэтых раслінах былі знойдзены падобныя злучэнні, якія, як лічаць навукоўцы, можна выкарыстоўваць для стварэння аналагаў выяўленых выкапнёвых антыбіётыкаў.


Градус праблемы

Агучана рызыка абвальвання шэльфавых ледавікоў

Больш за траціну плошчы шэльфавых ледавікоў Антарктыкі можа абрынуцца, калі глабальная тэмпература вырасце на чатыры градусы па Цэльсію, паказала даследаванне навукоўцаў Рэдзінгскага ўніверсітэта, апублікаванае ў часопісе Geophysіcal Research Letters.

Пры гэтым аўтары даследавання падкрэсліваюць, што калі ўдасца ўтрымаць павышэнне тэмпературы на ўзроўні мэтавага паказчыка Парыжскага пагаднення ў два градусы, то плошча, якая падпадае пад рызыкі абвальвання, будзе ўдвая меншая.

Для правядзення даследавання навукоўцы выкарыстоўвалі метады мадэлявання рэгіянальнага клімату і пабудавалі прагнозную мадэль уздзеяння павышанага раставання і сцёку вады на стабільнасць шэльфавых ледавікоў вакол Антарктыды. Падчас эксперыменту высветлілася, што пры павышэнні тэмператур на планеце на чатыры градусы па Цэльсію да рызыкі дэстабілізацыі будуць схільныя 34 працэнты ўсіх шэльфавых ледавікоў Антарктыкі.

«Шэльфавыя ледавікі — важныя буферы, якія перашкаджаюць свабоднаму ходу ледавікоў з сушы ў акіян, што выклікае павышэнне ўзроўню мора. Калі тэмпература будзе працягваць расці цяперашнімі тэмпамі, мы можам страціць у найбліжэйшыя дзесяцігоддзі больш антарктычных шэльфавых ледавікоў, чым калі б там ні было. Атрыманыя даныя падкрэсліваюць важнасць абмежавання росту глабальнай тэмпературы, калі мы хочам пазбегнуць найгоршых наступстваў змены клімату», — падкрэсліла адзін з аўтараў даследавання, метэаролаг Эла Гілберт.


У абдымку з гаджэтам

Навукоўцы паведамілі пра ўплыў смартфона на якасць сну

Гаджэт не аказвае на спячага чалавека небяспечнага ўплыву, аднак здольны значна пагоршыць якасць сну, паведамілі кітайскія навукоўцы.

Па заявах магістра інжынернай фізікі з Кітая Шана Чжынаня, мікрахвалевыя печы і смартфоны не могуць уплываць на развіццё ў чалавека раку, перадае WeChat.

Электрамагнітнае выпраменьванне, якое зыходзіць ад бытавых прыбораў, у прыватнасці, і ад сотавых тэлефонаў, аказвае на чалавека ўздзеянне на працягу ўсяго жыцця. Напрыклад, чалавек трапляе пад выпраменьванне падчас праходжання камп'ютарнай тамаграфіі або пры даглядзе багажу ў метро. Аднак асцерагацца яго не варта, указаў Чжынань.

Згодна з дакладам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Міжнароднага агенцтва па вывучэнні раку і Міжнароднай камісіі па абароне ад неіанізуючага выпраменьвання, гаджэты аказваюць уздзеянне электрамагнітнага выпраменьвання звычайнай інтэнсіўнасці і няма доказаў таго, што іх электрамагнітнае выпраменьванне здольнае справакаваць злаякасныя захворванні, сцвярджае эксперт.

Пры гэтым адзначаецца, што, згодна з даследаваннямі, лепш адмовіцца ад выкарыстання мабільных тэлефонаў за паўгадзіны да адыходу да сну — і праз чатыры тыдні якасць сну значна палепшыцца.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.

Грамадства

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

У апошнія тыдні на краіну абрынулася небывалая спякота... 

Калейдаскоп

Чым апырскаць памідоры ад фітафторы, калі на іх ужо завязі і кветкі

Чым апырскаць памідоры ад фітафторы, калі на іх ужо завязі і кветкі

Як і любую іншую хваробу, фітафтароз лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

Культура

Беразіно: цэнтр на шляху «з вараг у грэкі»

Беразіно: цэнтр на шляху «з вараг у грэкі»

Радзімазнаўства. Адрасы пісьменства. Сумесны праект Мінаблвыканкама і «Звязды».