Вы тут

5 парад па вырошчванні трускалкі


pixabay.com

1. Выконвайце севазварот: 5-цігадовы план на градкі з трускалкай

Кусцікі клубніц хутка старэюць і страчваюць ураджайнасць, таму не рэкамендуецца трымаць іх на адным месцы даўжэй за 4-5 гадоў. Ідэальны варыянт — кожны год высаджваць новую градку, а праз пяць гадоў выдаляць яе. Такім чынам у вас з'явяцца пяць рознаўзроставых дзялянак:

  • 1-гадовая — новая пасадка трускалкі;
  • 2-гадовая — клубніцы першага года плоданашэння (з невялікім ураджаем);
  • 3-гадовая — пладаносная дзялянка трускалкі;
  • 4-гадовая — другая прадукцыйная дзялянка;
  • 5-гадовая — састарэлая дзялянка трускалкі, якую пасля збору ўраджаю перакопваюць і рыхтуюць пад гародніну.

Напэўна, знойдуцца тыя, хто паспяхова вырошчваў садовыя суніцы на адным месцы 6-7 гадоў і даўжэй. Нічога неверагоднага ў гэтым няма. Не ўсе сарты старэюць хутка, ёсць і «доўгажыхары». І ўсё ж лепш своечасова мяняць і расліны, і месца іх пасадкі — гэта знізіць распаўсюджванне шкоднікаў і хвароб, дапаможа аднавіць урадлівасць глебы.

2. Праводзьце ратацыю сартоў трускалкі

Абнаўляць сартыменты прыходзіцца не толькі з цікаўнасці: калі з года ў год вы вырошчваеце адны і тыя ж сарты, узбуджальнікі хвароб паступова прыстасоўваюцца да іх імуннага профілю. Сорт як бы сам «выхоўвае» сваіх нахлебнікаў — больш ці менш шкодныя расы грыбоў, падтыпы вірусаў здольныя «расколваць» яго абарону.

Ратацыя сартоў трускалкі дазваляе не толькі вылучыць самыя смачныя і прыдатныя для вашага саду, але і знізіць пагрозу распаўсюджвання хвароб. Праўда, ні рэклама, ні рэкамендацыі «бывалых» не даюць поўнага ўяўлення. Колькі людзей, столькі і меркаванняў аб тым, якія павінны быць ідэальныя клубніцы. Найлепшае выйсце — не грэбуючы парадамі знаёмых, назапашваць уласны вопыт, рэгулярна купляючы і выпрабоўваючы па некалькі асобнікаў розных сартоў. А ўпадабаныя размнажаць.

3. Пазбаўляйцеся ад пустазельнай «трускалкі»

Самасевам або з выпадковай купляй у пасадкі садовых суніц могуць укараніцца агрэсіўныя пустазельныя сарты: Падвеска, Бахмутка, Жмурка, Дубняк. Яны крыху адрозніваюцца паміж сабой: адны наогул не цвітуць, іншыя ўтвараюць пустацвет або дробныя крывыя ягады пры любым, нават самым добрым доглядзе.

Пустазельная суніца адрозніваецца магутным вегетатыўным ростам. Яе расліны, як правіла, больш буйныя, чым культурныя суродзічы, і даюць незлічоную колькасць вусоў. Нават адзін экземпляр за сезон можа распаўсюдзіцца на вялікай плошчы, «прыдушыўшы» сартавыя расліны, якія растуць побач.

Прыглядайцеся да пасадак, выяўляйце і знішчайце агрэсіўныя неўраджайныя адзінкі.

4. Размнажайце трускалку правільна

Новую плантацыю трускалкі звычайна закладваюць часткова набытымі раслінамі, часткова сваім пасадачным матэрыялам. Падрыхтоўку расады лепш пачынаць падчас збору ўраджаю. У гэты час ацэньвайце кусты трускалкі і адзначайце самыя лепшыя. Не спакушайцеся, убачыўшы на кусце трускалкі адну ягаду памерам з курынае яйка: калі за адзінай буйной ягадай на расліне спее жменя «клубнічнага гароху», значыць, генетычныя задаткі ў расліны невысокія і ніякім доглядам ні ад яе, ні ад яе нашчадкаў ураджайнасці не даб'ешся.

Выбірайце і пазначайце расліны з вялікай колькасцю здаровых і больш-менш аднолькавых па памеры ягад — яны самыя прадукцыйныя, ад іх і толькі ад іх варта браць пасадачны матэрыял для закладкі наступнай дзялянкі.

Калі на «абраных» раслінах пачынаюць з'яўляцца вусы, з укараненнем іх лепш не зацягваць — прамаруджванне адаб'ецца на якасці пасадачнага матэрыялу. Выбірайце найбольш магутныя разеткі першага парадку (якія адыходзяць ад мацярынскага куста). З разетак другога і наступнага парадкаў (якія адыходзяць ад іншых даччыных разетак) атрымліваюцца больш слабыя кусты.

Каб атрымаць максімальны ўраджай, суніцу лепш саджаць у ліпені, на добра асветленым участку (нават рухомы цень ад дрэва перашкаджае расліне цвісці і пладаносіць). Глеба на месцы новай пасадкі павінна адпачыць ад садовых суніц (4 гады), ад бульбы, таматаў і іншых паслёнавых (мінімум 2 гады). Звычайна выбіраюць месцы, якія прыкладна ў сярэдзіне лета вызваляюцца ад спаржавай фасолі і гароху, радыскі, салаты, цыбулі, часнаку, зяленіва. Прыдатныя папярэднікі — буракі і морква, але пажадана, каб гэта былі асобныя градкі, пасаджаныя «для летняга спажывання», паколькі ў верасні, калі прыбіраюць асноўны ўраджай буракоў і морквы, саджаць трускалкі ўжо пазнавата.

5. Садовая суніца цвіце, а ягад не прыносіць? У гэтай праблемы можа быць некалькі прычын

  1. Пацямнеў цэнтр кветкі — рыльца пацярпела ад замаразкаў і стала няздольае да апладнення.
  2. Няма завязяў на асобных кустах, а іншыя пладаносяць нармальна — пустазельныя сарты.
  3. Завязь усыхае разам з кветаножкамі і адвальваецца — «папрацаваў» жук-даўганосік.
  4. Ягад мала і частка з іх драбнейшая, чым звычайна — недахоп апылення. Гэта бывае ў гады з моцнымі дажджамі падчас цвіцення клубніц або ў мясцовасцях, дзе знікаюць пчолы і чмялі.

І так бывае

У мяне клубніцы растуць на адным месцы вось ужо 14 гадоў. Да сваёй тэхналогіі я прыйшла выпадкова: на набытым участку клубніцы раслі «дзікім полем» — ні дарожак, ні асобных кусцікаў — усё спрэс дываном. А ягад было вельмі многа.

Вырошчваю такім чынам: пасадкі раблю, як звычайна, у два рады. Абразаннем вусоў асабліва не займаюся, часам зразаю ўсю лістоту з вусамі. Летні догляд — паліў, праполка, рыхленне — усё злёгку, без фанатызму. Самае галоўнае — ранняй вясной пракапаць віламі без пераварочвання (лістоту не прыбіраю), прасекчы дарожкі і засыпаць раслінным перагноем ці проста зямлёй, каб былі схаваныя ўсе леташнія «адкіды». Усё! Расліны самі сябе ўгнойваюць і рэгулююць.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.

Грамадства

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

У апошнія тыдні на краіну абрынулася небывалая спякота... 

Калейдаскоп

Чым апырскаць памідоры ад фітафторы, калі на іх ужо завязі і кветкі

Чым апырскаць памідоры ад фітафторы, калі на іх ужо завязі і кветкі

Як і любую іншую хваробу, фітафтароз лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

Культура

Беразіно: цэнтр на шляху «з вараг у грэкі»

Беразіно: цэнтр на шляху «з вараг у грэкі»

Радзімазнаўства. Адрасы пісьменства. Сумесны праект Мінаблвыканкама і «Звязды».