Вы тут

Як лячыцца ад цягі да пакупак?


Шапагалізм — непераадольнае жаданне купляць рэчы без патрэбы. Ці небяспечны ён? Ці трэба з гэтым бегчы да псіхолага? Шапагалізм, як і любое псіхалагічнае расстройства, не шкодзіць здароўю непасрэдна. Аднак такія паводзіны могуць сведчыць пра вялікія псіхалагічныя праблемы. Пра іх расказаў псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Алег Сяліцкі.


pixabay.com

Паказчык поспеху ці залежнасць?

Немалую долю адказнасці за нарастаючую колькасць «наркаманаў ад шопінгу» нясуць гандлёвыя кампаніі. Прычым рэкламныя стратэгіі спецыяльна распрацоўваюцца з улікам псіхалогіі. Звычайна распісваюцца не рэальныя спажывецкія ўласцівасці тавару, а той псіхалагічны эфект, які дасягаецца з яго набыццём. Зразумела, эфект уяўны. Рэкламныя слоганы ціснуць на тонкія стрункі душы: «Ты ж гэтага вартая!», «Вам будуць зайздросціць!», «Магу сабе дазволіць» і іншае. Вытворцы сёння прадаюць не тавар, а мару пра каханне, любоў, павагу. А гэта — усё тое, у чым мае патрэбу кожны з нас.

— Цяга да пакупак не такая простая, як здаецца. Маючы ўсе відавочныя прыкметы абсэсіўна-кампульсіўнага расстройства, гэтым яна не абмяжоўваецца. Імкненне да назапашвання рэчаў у сучаснай культуры стала мэтай. Прычым мэтай, пазітыўнай для многіх. Паказчыкам поспеху.

Алег Сяліцкі падкрэслівае, што цяпер нямала і праціўнікаў культу спажывання.

— Зусім нядаўна можна было пачуць крытыку матэрыялізму як ідэі. Але адзін фінскі прадстаўнік духавенства ўдакладняе: людзі ў СССР не бачылі матэрыялізму! Сапраўдны матэрыялізм — гэта не ідэя першаснасці матэрыі перад духам, а веданне, дзе сёння вялікія зніжкі.

І гэтая спрэчка вечная, адзначае псіхолаг. Часта шапаголік можа фальшыва класіфікаваць сябе і адносіць да класа паспяховых спажыўцоў. А сумненні блізкіх — спісаць на іх ваяўнічую духоўнасць або сквапнасць. І тады пачынаецца ўтойванне пакупак, падман блізкіх людзей — шапаголік усё больш нагадвае залежнага чалавека.

— Здавалася б, шапагалізм відавочна паходзіць ад слова «шопінг». Што і ставіць на ім адбітак спрэчкі пра шкоду залішняга спажывання. Аднак не ўсё так проста. Калі паглядзець на сутнасць таго, што адбываецца, з'яўляюцца новыя сэнсы. Напрыклад, клептаманіі як псіхалагічна хваравітай цягі да набыткаў, але праз крадзяжы, — звяртае ўвагу Алег Сяліцкі.

Спецыяліст пагаджаецца, што шапагалізм не нясе ў сабе злачыннай афарбоўкі. Але ён таксама апісвае манію, залежнасць чалавека ад пачуцця набыцця. А любая сітуацыя несвабоды ў паводзінах, залежнасці ці немагчымасці сябе кантраляваць у псіхалогіі называецца неўрозам. Гэта і залежныя паводзіны ад гульняў або алкаголю, і страх перад замкнёнай прасторай або людзьмі — фобіі, і бескантрольны шопінг — шапагалізм.

Прычына — у невытлумачальнай трывозе

Псіхолаг тлумачыць, што за кожным бескантрольным дзеяннем крыецца трывога. На самай справе шопінг і набыццё не ёсць мэта шапаголікаў. Мэта — у зняцці сваёй невытлумачальнай трывогі. Яе прычына ў кожнага чалавека свая. А сітуацыя пакупкі прыемная, знаёмая і не выклікае трывогі. Вось чалавек і звяртаецца да куплі як да таго, што супакойвае.

— Аднак супакойваючыся і вяртаючыся да прыемнага такім спосабам, чалавек не вырашае праблему. І праз некаторы час гэтыя вымушаныя паводзіны паўтараюцца. Зноў і зноў робяцца непатрэбныя пакупкі, трацяцца грошы, марнуецца час, — адзначае пісхолаг.

Пры гэтым скупляцца можа нязначны тавар: кнігі, жуйкі, тавары крамаў адной цаны, бо таннымі таварамі задаволіць свой запал лягчэй. А можа, яшчэ і таму, што маючы неўладкаванасць у жыцці, многія не могуць разлічваць на вялікі прыбытак. Але такая цяга вельмі часта суправаджаецца спадарожнымі праблемамі.

— Трывога або агульны псіхалагічны дыскамфорт, незадаволенасць сваім жыццём — частыя спадарожнікі шапагалізму. Суправаджаць шапаголікаў могуць і іншыя бессэнсоўныя дзеянні: перамыванне па некалькі разоў рук, пераправеркі замкоў і выключанага святла. Частыя і фобіі, самая распаўсюджаная з іх — сацыяфобія. Адмяжоўваючы чалавека ад сяброў і кахання, гэтая фобія пакідае адзінае выйсце ў бясконцым спажыванні — шапагалізме і бясконцай рабоце — працагалізме, — кажа Алег Сяліцкі.

Як справіцца са звычкай рабіць некантраляваныя пакупкі?

Калі вы сутыкнуліся з шапагалізмам або са спадарожнымі сімптомамі, то прытрымлівайцеся наступных правілаў. Па-першае, не старайцеся кантраляваць жаданне набываць. Не спрабуйце спыніць або перамагчы сябе. Выкарыстанне сілы волі тут хутчэй нашкодзіць і ўзмоцніць трывогу. Па-другое, звярніце ўвагу на незадаволенасць сваім жыццём. Наладжванне асабістых адносін, зносіны з сябрамі, правільна падабраная работа — усё гэта здыме залішнюю трывогу і застрахуе вас ад шапагалізму, фобій і залежнасцяў. Па-трэцяе, не адмаўляйцеся ад кансультацыі псіхолага. У вырашэнні падобных праблем лепш за ўсё сябе зарэкамендавала кагнітыўна-паводзінская тэрапія. Зварот да спецыяліста можа паскорыць вяртанне да нармальнага жыцця.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».