Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Глядзі. Запамінай. Пішы. І свет вакол стане лепшы...»

Кажуць, што ўсе прафесіі ад людзей і толькі тры ад Бога: лекар, суддзя і настаўнік.

У гэтым, апошнім, мы яшчэ раз пераканаліся, калі наша дачка стала наведваць Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Вікторыя», вучыцца маляванню (і не толькі) у Вольгі Мікалаеўны Раманенкі.

...У яе, можна сказаць, інтэрнацыянальная сям'я: бацька Мікалай Еўдакімавіч Бутэнка — украінец, у Мінск прыехаў дыпламаваным спецыялістам, працаваў энергетыкам на трактарным заводзе, маці Надзея Пятроўна Сямёнава — руская, служыла актрысай у тэатры горада Ярцава, але ў цяжкія пасляваенныя гады таксама стала завадчанкай. Непадалёк ад трактарнага, які будаваўся разам з пасёлкам, сям'я і жыла. Маленькая Вольга яшчэ заспела палонных немцаў. Помніць словы мамы, што яны, маўляў, прыйшлі на гэту зямлю і столькі тут разбурылі... Так што няхай будуюць...

Палонныя і сапраўды капалі катлаваны пад жылыя дамы на вуліцы Стаханаўскай. Здаралася, мясцовыя жыхары прасілі іх, каб нечым дапамаглі, а дзячылі потым ежай...

Дзяўчынка любіла назіраць за людзьмі, за жыццём. Бацькі меркавалі, што яна можа зацікавіцца скульптурай, аднак у Доме піянераў ёй сустрэўся іншы выкладчык. «Для таго каб добра ляпіць, трэба ўмець маляваць», — сказаў ён, і маленькая Вольга пайшла вучыцца.

Сяргей Пятровіч Каткоў, былы франтавік, быў вельмі добры выкладчык і залаты чалавек. Да многіх вучняў ён прыходзіў дамоў, пераконваў бацькоў у здольнасцях іх дзяцей, асобных, амаль дарослых, нават прапісваў, каб тыя маглі ўладкавацца на работу ў Мінску, і заўсёды дапамагаў. А ўжо як вучыў…

Вольга Мікалаеўна Раманенка (у цэнтры) з вучаніцамі Настай Зубок, Уладай Мікачавай, Дамінікай Шашок, Ганнай Бяляевай, Аляксандрай Урбан і Марыяй Адамовіч.

Вольга Мікалаеўна да сёння згадвае калектыўныя паездкі ў лес (здаралася, з начлегам у палатках), ранішнія пабудкі. На досвітку, з першым променем сонца, яны бралі падрамнікі і выпраўляліся шукаць прыгожыя мясціны — маляваць. «Умейце прыкмячаць прыгажосць, і вялікае ў маленькіх дэталях, улоўліваць, здавалася б, няўлоўнае, — казаў ім Сяргей Пятровіч. — Паглядзіце на мам з каляскамі і паспрабуйце перанесці на малюнак іх узаемаадносіны з дзецьмі... Дайце кату малака і намалюйце, як ён есць, як пры гэтым сядзіць... Вучыцеся захапляцца прыродай і ўсім, што вас акружае».

«А па выхадных настаўнік адводзіў нас у мастацкі музей і пакідаў там, — успамінае Вольга Мікалаеўна. — Пакідаў, каб наталіліся духам творчасці, каб пазнаёміліся з шэдэўрамі іншых мастакоў і нават... першым дырэктарам музея Аленай Васілеўнай Аладавай, якая часам падыходзіла да нас, юных творцаў, глядзела, як мы малюем».

Вучні Каткова і сапраўды з маленства выпрацоўвалі свой творчы почырк.

Аднак Сяргей Пятровіч выкладаў не толькі ў студыі, але і ў мастацкім вучылішчы, выступаў з лекцыямі перад іншымі педагогамі, а галоўнае, ездзіў па ўсёй Беларусі ў пошуках таленавітых дзяцей для школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве, маляваў сам. Многія вучні па прыкладзе Сяргея Пятровіча сталі вядомымі мастакамі, многія — педагогамі. Вольга Мікалаеўна, напрыклад, больш за 30 гадоў вучыць дзяцей малюнку і скульптуры, займаецца саломапляценнем. «Самае галоўнае ў ім — уседлівасць і цярпенне», — тлумачыць майстар.

Жыта яна вырошчвае сама, на ўласнай дачы. Жне і высушвае таксама сама, захоўвае ў кладоўцы Цэнтра творчасці «Вікторыя», каб потым...

Якія толькі цуды не нараджаліся ў таленавітых руках майстрыхі! Саламяныя капялюшыкі з кветачкамі і строгія мужчынскія капелюшы, калядныя зоркі, кветкі, птушкі, «павукі» і нават царэўна-лебедзь!

У стварэнні многіх узораў мастачцы дапамагаюць вучні — сённяшнія.

Пра былых Вольга Мікалаеўна можа расказваць доўга, бо сярод іх і архітэктары, і дызайнеры, і стылісты-візажысты, і мастацтвазнаўцы, і, вядома ж, выкладчыкі, якія кожнаму з вучняў перадаюць наказ настаўнікаў-папярэднікаў: «Умей заўважаць цікавае ў звычайным. Глядзі. Запамінай. Пішы. І свет вакол стане ярчэйшы і лепшы».

Ларыса Карасіна, г. Мінск


«Чаму без маскі?»

Шмат гора-бяды прынёс нам каранавірус. Не ведаю, ці засталіся людзі, у якіх хоць нехта з блізкіх ці проста знаёмых не перанёс гэтай «моднай» хваробы, не адпакутаваў…

І тут вось што здзіўляе: многія жывуць, як жылі, па-ранейшаму нічога не баяцца, не трымаюць дыстанцыю, не носяць масак. Ну добра, на вуліцы, але ж без іх, разам з хворымі, людзі заходзяць у паліклінікі (!), у аптэкі, у крамы, у аўтобусы-тралейбусы, дзе часам столькі народу...

У інтэрнэце доўгі час ролік «круціўся» — кароткі, але павучальны. Здымаліся ў ім, трэба разумець, два акцёры. Адзін іграў ролю міліцыянера, другі — безадказнага пасажыра.

Дык вось апошні як нічога ніякага збіраецца некуды ехаць, спускаецца ў метро, але там дарогу яму заступае чалавек у форме, строга пытае: «Чаму без маскі?» і... дубінкаю па спіне...

Цікава было назіраць за іншымі пасажырамі, што спускаліся следам. Яны, вядома ж, ва ўсе вочы глядзелі, многія спехам надзявалі маскі...

І ўсё гэта было б вельмі смешна, калі б не было так сумна. Некалі нашы продкі казалі: «Не сцёбнеш — не пацягне», «Што ўбіў, то ўехаў». Дык гэта ж пра асобных гультаяватых коней, не пра людзей... Ці пра іх таксама, бо іначай не зразумеюць?

Алена Салавей, г. Мінск


Таленты дома і на выездзе

У апошнюю суботу вясны ў цэнтры Гродна ажывалі казкі, здзяйсняліся мары, уручаліся падарункі — віравала творчае жыццё, завяршаўся маштабны выставачны праект «Казкі і паданні майго краю».

На пляцоўцы каля Маладзёжнага цэнтра гродзенцы маглі бліжэй пазнаёміцца з казачнымі персанажамі, героямі беларускіх міфаў і легенд. Юныя мастакі вобласці стварылі іх у самых розных тэхніках, каб потым на два месяцы «пасяліць» гэтых каларытных істот у выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, і кожны наведвальнік экспазіцыі (у тым ліку віртуальны) займеў магчымасць аддаць свой голас за экспанат, які найбольш спадабаўся. А ўрэшце ўсе галасы былі падлічаны, і кампетэнтнае журы вызначыла пераможцаў у трох намінацыях: «Жывапіс», «Графіка» і «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Зрэшты, ніводны ўдзельнік праекта ў гэты дзень не застаўся без дыплома і апладысментаў.

Керамічны цмок, лямцавыя зайцы-калядоўшчыкі, пластылінавая берагіня, вытканае Малочнае возера і казачны лес-маляванка — фантастычныя карціны і вобразы імгненна ўпрыгожылі гарадскі пейзаж і задалі патрэбны тон усёй урачыстасці.

А распачалося свята, вядома ж, з казкі, якую прадставілі народны лялечны тэатр з Міра Карэліцкага раёна і ўзорны калектыў «Смаргонская батлейка». Гледачы мелі магчымасць не толькі назіраць за маляўнічым дзействам, але і браць удзел у захапляльных майстар-класах па батлеечным мастацтве.

Сцэнічная пляцоўка казачнага свята для дзяцей і моладзі зіхацела талентамі. Адметнасцю імпрэзы стала першае ў Гродне выступленне перад жывой публікай найлепшых удзельнікаў інтэрнэт-конкурсу «#ТАЛЕНТЫ ДОМА», які для самародкаў з розных куткоў краіны ўжо двойчы арганізаваў абласны метадычны цэнтр.

аркестр «Nota Band», захапляў пластычны спектакль «ІNSІDE» музычна-драматычнага тэатра «Гарадзенская надзея», дэфіліравалі красуні з тэатраў моды, забаўлялі мімы — і па-над усімі артыстамі ды гледачамі струменілася бясконцая энергія маладосці.

У фінале праекта «Казкі і паданні майго краю» выступалі маладзёжныя творчыя калектывы, іграў Гродзенскі эстрадна-сімфанічны аркестр «Nota Band», захапляў пластычны спектакль «ІNSІDE» музычна-драматычнага тэатра «Гарадзенская надзея», дэфіліравалі красуні з тэатраў моды, забаўлялі мімы — і па-над усімі артыстамі ды гледачамі струменілася бясконцая энергія маладосці.

Ала Бялькевіч, рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.