Вы тут

Што варта ведаць пра донарства


Вакол донарства вітае шмат чутак і здагадак. Адны людзі ўпэўнены, што льготы такім добраахвотнікам даўно адменены, другія баяцца аслабнуць, пазбавіўшыся самага каштоўнага, трэція вераць, што створана штучная кроў, якой забяспечваюцца ўсе бальніцы. Усё пералічанае — не больш, чым прыдумкі. Напярэдадні Сусветнага дня донара крыві, які адзначаецца 14 чэрвеня, на папулярныя пытанні пра тое, хто можа стаць донарам, дапамаглі адказаць спецыялісты Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.


pixabay.com

Што павінен і чаго не можа рабіць донар?

  • За 72 гадзіны да здачы крыві не прымайце лекі, якія змяшчаюць аспірын і анальгетыкі.
  • За 48 гадзін да здачы крыві не ўжывайце алкаголь.
  • За 24 гадзіны да здачы крыві не ўжывайце тлустую, смажаную, вострую і вэнджаную ежу, малочныя прадукты, яйкі і масла. Піце салодкі чай, сокі, мінеральную ваду і ешце хлеб, сушкі, адварныя крупы, агародніну і садавіну.
  • За 24 гадзіны не займайцеся цяжкай фізічнай працай і не давайце сабе празмерных фізічных нагрузак.
  • Напярэдадні кладзіцеся спаць крыху раней, каб добра выспацца.
  • Раніцай перад здачай лёгка паснедайце (не здавайце кроў нашча). Можна ўжываць агародніну, садавіну (акрамя бананаў), печыва, сушкі, кашу на вадзе, макарону, нятлустую рыбу, мінеральную ваду, чай.
  • Выходзячы з дома, праверце наяўнасць пашпарта, падніміце сабе настрой любімай музыкай, усведамленнем таго, што вы робіце добрую справу.
  • За 2 гадзіны да здачы крыві ўстрымайцеся ад курэння (а лепш не курыце ўвогуле).
  • За некалькі хвілін перад здачай крыві зарэгіструйцеся, запоўніце анкету і прайдзіце абследаванне ўрача (арганізавана ў пункце здачы крыві). Не хавайце ад медыкаў сваё недамаганне. Гэта важна!
  • За 5–10 хвілін непасрэдна перад здачай крыві донару рэкамендаваны салодкі чай.
  • Падчас здачы крыві выконвайце ўказанні медыкаў.
  • Пасля здачы крыві расслабцеся і пасядзіце 5–10 хвілін. Калі адчулі галавакружэнне, звярніцеся да персаналу.
  • На працягу гадзіны пасля здачы крыві ўстрымайцеся ад курэння.
  • На працягу 2 гадзін пасля здачы крыві ўстрымайцеся ад кіравання матацыклам, на аўтамабіль абмежавання няма, арыентуйцеся па сваім самаадчуванні.
  • На працягу 3-4 гадзін пасля здачы крыві не здымайце і не мачыце павязку.
  • На працягу 24 гадзін пазбягайце фізічных нагрузак і не ўжывайце алкаголь.
  • На працягу 48 гадзін пасля здачы крыві багата і рэгулярна харчуйцеся, ужывайце больш вадкасці.
  • На працягу 10 сутак пасля здачы крыві не рабіце ніякіх прышчэпак.

Пры якіх хваробах донарства супрацьпаказана?

Гэта некаторыя інфекцыйныя і паразітарныя хваробы: туберкулёз і яго наступствы, тулярэмія, бруцэлёз, лепра, сіфіліс, трахома, сыпны тыф, вірусныя гепатыты, хвароба, выкліканая вірусам імунадэфіцыту чалавека, гельмінтозы. Таксама супрацьпаказана здаваць кроў з новаўтварэннямі (злаякаснымі і дабраякаснымі з цяжкім цячэннем) і хваробамі крыві і крывятворных органаў.

Сярод хвароб эндакрыннай сістэмы, расстройстваў харчавання і парушэнняў абмену рэчываў падставай для адмовы ў донарстве з’яўляюцца цяжкія хваробы шчытападобнай залозы з недастатковасцю функцый, у тым ліку гіпатэрыёз, тырэятаксікоз, тырэяідыт, а таксама цукровы дыябет, атлусценне ІІІ ступені. Супрацьпаказаннямі з’яўляюцца наркаманія, таксікаманія, алкагалізм, такія хваробы нервовай сістэмы, як эпілепсія. Сярод хвароб вока, напрыклад, глаўкома, высокая міяпія (6 дыёптрый і больш), поўная слепата. Нельга стаць донарам з поўнай стратай слыху.

Супрацьпаказаннямі могуць стаць і артэрыяльная гіпертэнзія ІІ, ІІІ ступеняў і рызыка большая за 2, ішэмічная хвароба сэрца, хваробы артэрый і артэрыёл, такія як атэрасклероз, анеўрызма і расслаенне аорты, эмбалія і трамбоз артэрый, хваробы вен, у прыватнасці, варыкознае пашырэнне ІІІ ступені. Падставай для забароны з’яўляюцца хваробы ніжніх дыхальных шляхоў, напрыклад, хранічны абструктыўны бранхіт, эмфізэма, хранічная абструктыўная лёгачная хвароба, бранхіяльная астма, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, жоўцекамянёвая хвароба, хранічны халецыстыт, хранічныя хваробы печані, язвавы каліт, мочакаменная хвароба.

Нельга стаць донарам, калі маюцца траўмы, атручэнні, прамянёвая хвароба, наяўнасць у асабістым анамнезе анафілактычнага шоку, інваліднасць 1-й, 2-й і 3-й груп.

Як быць, калі вы нядаўна хварэлі?

Калі вам рабілі аперацыйныя ўмяшанні, у тым ліку аборт, эндаскапічныя даследаванні, то да здачы крыві павінна прайсці не менш за шэсць месяцаў. Калі вы перанеслі грып ці іншую вострую рэспіраторную інфекцыю, кроў можна здаваць праз 15 сутак з часу выздараўлення. Пры COVІD-19 — праз два месяцы пасля выздараўлення, пнеўманіі — праз шэсць месяцаў з даты поўнага клінічнага і лабараторнага выздараўлення. З алергічнымі захворваннямі — праз два месяцы пасля купіравання вострага перыяду. Калі вы лячылі зубы ў стаматолага-тэрапеўта — пачакайце 24 гадзіны, у хірурга — сем сутак.

Калі зрабілі прышчэпку ці прымаеце лекі...

Ад данацыі крыві трэба ўстрымлівацца два тыдні да прышчэпкі ад COVІD-19 і 30 сутак пасля апошняй прышчэпкі. Нельга здаваць кроў паміж першым і другім этапамі прышчэпкі. А вось пасля прышчэпкі нежывымі вакцынамі (ад гепатытаў А, B, слупняку, дыфтэрыі, коклюшу, поліяміэліту, паратыфу, халеры, грыпу, менінгакокавай інфекцыі, клешчавага энцэфаліту) мусіць прайсці дзесяць сутак.

Калі вы прымаеце антыбіётыкі, да данацыі трэба пачакаць дзесяць сутак пасля заканчэння лячэння. Пасля родаў мусіць прайсці 12 месяцаў, пасля заканчэння груднога кармлення — тры месяцы, пасля менструацыі — пяць сутак.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Здаём кроў. Што варта ведаць пра донарства

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.