Вы тут

Што змянілася ў кодэксах па крымінальнай адказнасці


Прэзідэнт падпісаў прыняты парламентам Закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», які ўступіць у сілу праз тры месяцы. Гэта вынік маштабнай работы па пераглядзе асноўных палажэнняў Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў, які мадэрнізаваў адносіны ў адпаведнай сферы, лічаць спецыялісты. З аднаго боку, пакаранне за некаторыя злачынствы змяншаецца, у тым ліку праз абмежаванне, а не пазбаўленне волі. З іншага — узмацняецца жорсткасць пакаранняў за злачынствы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, кіберзлачынствы, падробку дакументаў і маркіроўкі медпрэпаратаў. Некаторыя фармальныя пункты, накшталт нанясення шкоды наваколлю, выключаюцца з крымінальных кодэксаў.


Фота: pixabay.com

Асноўныя змяненні пракаментавалі прафесійныя юрысты.

Штрафы ў растэрміноўку і межы самаабароны

Удасканалены некаторыя палажэнні агульнай часткі Крымінальнага кодэкса. У прыватнасці, удакладнены ўмовы, пры якіх не наступае перавышэнне межаў неабходнай абароны. Калі чалавек праз нечаканасць замаху не змог аб'ектыўна ацаніць яго небяспеку і характар. Прадугледжаны дыферэнцыраваны падыход да прызначэння штрафу і яго растэрміноўка ў залежнасці ад абставін злачынства і ступені яго грамадскай небяспекі. Улічваецца таксама асоба злачынцы і яго маёмаснае становішча.

— Артыкул 50 Крымінальнага кодэкса выкладзены ў новай рэдакцыі, таму што наспела аб'ектыўная неабходнасць карэкціраваць штраф праз прадастаўленне судом магчымасці яго адтэрміноўкі ці растэрміноўкі, — удакладніла Наталля ФІЛІПАВА, намеснік міністра юстыцыі. — Суд можа прызначыць штраф з адтэрміноўкай яго выплаты да года або з растэрміноўкай на тэрмін да пяці гадоў (пры гэтым павінны выплачвацца не менш як дзве базавыя велічыні штомесяц). Меркаваныя змяненні даволяць забяспечыць рэальнасць выканання прызначанага судом пакарання штрафам і зменшыць колькасць асоб, якім штраф будзе замяняцца пакараннем, звязаным з абмежаваннем ці пазбаўленнем волі.

Інстытут замены пакарання

Новаўвядзеннем стане ўкараненне інстытута замены пакарання, якое не звязана з ізаляцыяй ад грамадства, на больш строгае (як правіла, арышт ці абмежаванне волі), калі асуджаны ўхіляецца ад яго адбывання.

Законам уносяцца дапаўненні ў артыкулы 49—52, 55 Крымінальнага кодэксу (КК) (грамадскія работы, штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчыя работы, абмежаванне волі), якімі ўстанаўліваецца спрошчаны парадак назначэння пакарання асуджанаму, які злосна ўхіляўся ад адбыцця пакаранняў, што не звязаны з ізаляцыяй ад грамадства, расказала намеснік міністра.

Адначасова прапануецца дэкрыміналізаваць адпаведныя артыкулы 415—419 КК, якімі прадугледжана крымінальная адказнасць за злоснае ўхіленне ад адбывання ўказаных відаў пакаранняў. Суд можа прызначыць арышт ці абмежаванне волі з разліку адзін дзень прызначаемага пакарання за пэўную колькасць дзён (гадзін) першапачаткова прысуджанага пакарання. Грамадскія работы, напрыклад, могуць быць заменены арыштам з разліку адзін дзень арышту за 24 гадзіны грамадскіх работ або абмежаванне волі з разліку адзін дзень абмежавання волі за 12 гадзін грамадскіх работ. Пры гэтым час ухілення ад пакарання не залічваецца ў тэрмін адбытага пакарання, удакладніла Наталля Філіпава:

— Такі падыход абумоўлены тым, што ніхто не можа двойчы несці крымінальную адказнасць за адно і тое ж злачынства. Прыцягненне ж асобы да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад пакарання ставіць пад сумненне прынцып крымінальнага права, згодна з якім не можа быць двух спагнанняў за адну правіннасць. Акрамя таго, прыцягненне чалавека да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад ужо прызначанага пакарання яшчэ больш узмацняе становішча асуджанага, прыводзіць да дадатковай судзімасці, а часам і да больш строгага віду рэцыдыву.

Выкрасліць з-за незапатрабаванасці

У асаблівай частцы КК перагледжаны памеры санкцый каля 70 саставаў злачынстваў, у выніку чаго забяспечана адпаведнасць пакаранняў характару і ступені грамадскай небяспекі здзейсненых учынкаў, лічаць эксперты.

У санкцыі шэрагу артыкулаў (прымушэнне да здзяйснення здзелкі, махлярства і іншыя злачынствы супраць уласнасці і ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці) уведзена абмежаванне волі ў якасці альтэрнатывы пазбаўленню волі.

Некаторыя артыкулы ўвогуле выключаны з КК з-за сваёй незапатрабаванасці або невялікай запатрабаванасці на практыцы, абазначыла прадстаўніца Мінюсту:

— Напрыклад, выключаецца частка 1 артыкула 272 «Забруджванне або засмечванне водаў», артыкула 273 «Парушэнне правіл водакарыстання», 283 «Парушэнне правіл аховы рыбы і іншых водных жывёл». Шкода, якая нанесена наваколлю ў выніку такіх парушэнняў, пакрываецца ўстаноўленымі таксамі, і крымінальна-прававыя меры ўздзеяння тут залішнія.

Іншыя артыкулы выключаюцца з-за іх пераносу ў іншыя главы асаблівай часткі КК ці крыміналізацыі ў межах іншых складаў злачынстваў. Гэта, у прыватнасці, артыкул 179 «Незаконны збор або распаўсюджванне інфармацыі пра прыватнае жыццё», 351 «Камп'ютарны сабатаж», 353 «Выраб ці збыт спецыяльных сродкаў для атрымання неправамернага доступу да камп'ютарнай сістэмы ці сеткі». А артыкулы 415—419 КК былі выключаны дзеля ўкаранення інстытута спрошчанага парадку адбывання пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства, нагадала Наталля Філіпава.

Выключаны і асобныя фармальныя артыкулы і саставы злачынстваў або злачынствы, якія не з'яўляюцца цяжкімі па сваёй сутнасці і прадугледжваюць адміністрацыйную прэюдыцыю (абавязак судоў прыняць без праверкі доказаў факты, якія ўстаноўлены ўступіўшым у сілу судовым рашэннем па іншай справе, у якой удзельнічаюць адны і тыя ж асобы) у якасці прыцягнення да адказнасці. Напрыклад, парушэнне правіл бяспекі абыходжання з генна-інжынернымі арганізмамі, якія не нанеслі шкоды здароўю людзей і наваколля.

Абарона нацыянальнай бяспекі: шпіянаж, нацызм, абраза

Грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне запатрабавала змяненняў заканадаўства ў сферы нацыянальнай бяспекі і дадатковай абароны канстытуцыйнага ладу, упэўнены эксперты. У выніку ў КК з'явіўся шэраг новых артыкулаў і саставаў злачынстваў.

У прыватнасці, уводзяцца новыя саставы злачынстваў, якія прадугледжваюць адказнасць за наступныя парушэнні:

• рэабілітацыя нацызму (артыкул 130);

• паўторнае на працягу года распаўсюджванне забароненай інфармацыі ў інтэрнэт-рэсурсах (артыкул 198);

• незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя звесткі, у тым ліку адносна асобы (ці яе сваякоў), якая ажыццяўляе службовую дзейнасць ці выконвае грамадскі доўг (артыкул 203);

• неаднаразовыя (больш як два разы) прапаганду ці публічную дэманстрацыю, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі (артыкул 341);

• неаднаразовае (больш як два разы) парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 342).

Прадугледжана таксама адказнасць за экстрэмізм (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, навучанне такой дзейнасці). Незаконны збор ці атрыманне звестак, якія з'яўляюцца дзяржаўнымі сакрэтамі, з мэтай іх распаўсюджвання (пры адсутнасці прыкмет здрады дзяржаве ці шпіянажу).

Узмоцнена адказнасць за забойства супрацоўніка міліцыі (ваеннаслужачага); супраціўленне асобам, якія ахоўваюць грамадскі парадак; насілле ці пагрозу яго прымянення адносна такіх асоб, суддзяў, народных засядацеляў; публічную абразу прадстаўніка ўлады (яго блізкіх) у сувязі з выкананнем ім службовых абавязацельстваў; наўмыснае блакіраванне транспартных камунікацый, якое прывяло да шкоды ў значным памеры (ад 40 базавых велічынь і больш) і іншыя злачынствы.

Камп'ютарны сабатаж, допыт анлайн, відэазванкі асуджаным

З-за імклівага развіцця сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, з'яўлення новых сродкаў і спосабаў здзяйснення кіберзлачынстваў уносяцца істотныя змяненні ў главу 31 КК «Злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі», акрэсліла намеснік міністра:

— Замацаваныя гэтай главой дзеянні перагледжаны на прадмет абгрунтаванасці іх крыміналізацыі і суаднясення з іншымі «інфармацыйнымі» саставамі асаблівай часткі КК, канкрэтызаваны выкарыстоўваемыя ў артыкулах тэхнічныя тэрміны, ацэначныя паняцці і прадугледжаныя дыспазіцыямі аб'ектыўныя і суб'ектыўныя прыкметы, сістэматызаваны нормы КК, якія ўстанаўліваюць адказнасць за злачынствы, прадметам якіх з'яўляецца інфармацыя.

Унесены змяненні ў артыкул 349 «Несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі» з мэтай заканадаўчага размежавання крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі. Артыкул 350 «Мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі» і 351 «Камп'ютарны сабатаж» аб'яднаныя ў адным альтэрнатыўным матэрыяльным саставе злачынства (артыкул 350 «Знішчэнне, блакіраванне ці мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі»). Павялічаны таксама санкцыі па злачынствах у сферы камп'ютарнай бяспекі.

— Шырокае распаўсюджванне лічбавых тэхналогій ва ўсе сферы жыцця чалавека і іх агульная даступнасць прывялі да якаснага змянення структуры злачынстваў з перавагай дзеянняў, якія ажыццяўляюцца праз інтэрнэт ці іншыя сеткі электрасувязі. Таму наспела неабходнасць эфектыўна супрацьстаяць гэтым крымінальным выклікам з прадастаўленнем органам, якія вядуць крымінальны працэс, адпаведнага інструментарыю для агляду інфармацыі ў электронным выглядзе. Такі від агляду выдзелены ў асобны, і КК дапоўніўся новым следчым дзеяннем — аглядам камп'ютарнай інфармацыі (артыкул 204), — паведаміла Наталля Філіпава.

У той жа час пашырана выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у КК. Асобныя следчыя дзеянні (допыт, вочная стаўка ці прад'яўленне для апазнавання) можна праводзіць у рэжыме вэб-канферэнцыі.

Умацавана роля пракуратуры. Генпракурор, яго намеснікі і пракуроры абласцей і сталіцы надзяляюцца паўнамоцтвамі выносіць абавязковыя для выканання органамі крымінальнага пераследу прадпісанні і перадаваць заявы (паведамленні) аб злачынствах ад аднаго органа да іншага.

Акрамя таго, істотна павялічваецца адказнасць за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Максімальны тэрмін пазбаўлення волі за такое злачынства, якое пацягнула шкоду ў буйным памеры, павялічваецца з трох да сямі гадоў, а ў асабліва буйных памерах — з сямі да 12 гадоў.

Уводзіцца і адказнасць за ўхіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента, падатковае махлярства і ўхіленне ад выплаты страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Крыміналізуюцца вытворчасць, увоз ці збыт фальсіфікаваных медпрэпаратаў, падробка дакументаў, маркіроўкі прэпаратаў.

У Крымінальна-выканаўчы кодэкс унесены шэраг карэкціровак, якія датычацца атрымання асуджанымі ў папраўчых установах пасылак і грашовых пераводаў, здзяйснення тэлефонных перагавораў. Мяркуецца, што ім дазволяць відэазванкі.

У Крымінальна-працэсуальным кодэксе прадугледжваецца выкарыстанне механізмаў медыяцыі ў межах крымінальных спраў.

Тры месяцы (з леташняга кастрычніка да студзеня 2021-га) ведамасная рабочая група аналізавала каля 800 прапаноў дзяржорганаў, арганізацый, аб'яднанняў і грамадзян. Яшчэ два месяцы спатрэбіліся, каб акумуляваць выпрацаваныя падыходы ў законапраект. Новыя правілы крымінальнага пакарання ўступяць у сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Прапаганда, экстрэмізм, кіберзлачынствы...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.