Вы тут

На што звяртаць увагу бацькам падчас летняга адпачынку дзяцей


З надыходам вялікіх канікулаў зводкі навін часта стракацяць надзвычайнымі здарэннямі, у якія, на жаль, трапляюць дзеці. Чаму так складваецца, што большасць трагедый адбываецца менавіта летам? Адказ відавочны — дзеці нярэдка застаюцца сам-насам з навакольным светам. Многія бацькі, вядома, клапоцяцца пра тое, як арганізаваць вольны час сваіх нашчадкаў: адпраўляюць іх у лагеры адпачынку, аддаюць у надзейныя рукі дзядуль і бабуль, бяруць водпуск самі. Аднак не ва ўсіх ёсць такія магчымасці...


Увага — найлепшая засцярога

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якое на працягу многіх гадоў акцэнтуе ўвагу на бяспецы дзяцей, да летніх канікулаў пачало рыхтавацца загадзя. Шматлікія акцыі і мерапрыемствы, што праводзіліся літаральна ў кожнай школе, мультымедыйная прадукцыя, спецыяльна створаная для розных узроставых груп дзяцей, накіраваны выключна на папярэджанне магчымых надзвычайных здарэнняў. На працягу ўсяго лета супрацоўнікі МНС праводзяць акцыю «Канікулы без дыму і агню»: у першую чаргу =ратавальнікі працуюць з дзецьмі, якія адпачываюць у прышкольных і аздараўленчых лагерах. Важную інфармацыю, якую павінна ведаць кожнае дзіця, даводзяць праз гульню: ладзяцца квэсты, спартландыі, інтэрактыўныя станцыі, прысвечаныя розным кірункам бяспекі.

Аднак што б ні рабіла МНС, якія б цікавыя і важныя прафілактычныя мерапрыемствы ні праводзіла, адказнасць за бяспеку непаўналетніх у першую чаргу ляжыць на бацьках: менавіта яны самыя зацікаўленыя ў тым, каб іх дзеці былі жывыя і здаровыя.

Большасць трагедый адбываецца тады, калі дзеці, асабліва малыя, пакінутыя на саміх сябе, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Дзіяна ЖАЛЯЗНЯК. — Для бяспекі дзяцей не так шмат, па сутнасці, і трэба. Да 18 гадоў усе лічацца дзецьмі. І, паверце, нават ужо амаль у паўналетнім узросце падлеткі часта трапляюць у небяспечныя і экстрэмальныя сітуацыі. Важна растлумачыць ім, дзе можа быць небяспечна, як сябе паводзіць, каб пазбегнуць надзвычайнай сітуацыі, і што рабіць, калі яна ўжо наступіла, каб выйсці з яе жывымі і здаровымі. Таксама мы расказваем бацькам пра тое, што найлепшыя спосабы абароны дзяцей — любоў, ласка і ўвага. На апошнім робім акцэнт.

Адпраўляючы ў лагер, папярэдзьце!

Пра тое, што размаўляць з дзецьмі аб бяспецы трэба ў любым узросце, сведчаць наступныя прыклады. У лютым у Фаніпалі падлетак засунуў руку ў радыятар ацяплення. Сам яе дастаць не змог, не дапамаглі і спадручныя сродкі. Выклікалі ратавальнікаў, не абышлося без спецыяльнага інструменту. У пачатку вясны ў Асіповічах 17-гадовы хлопец гуляў па закінутым будынку, адбылося абвальванне канструкцыі — юнак быў дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя са шматлікімі траўмамі. А ў Гомелі ў маі 15-гадовая дзяўчына палезла на дрэва даставаць мяч, злезці самастойна яна ўжо не змагла. Здавалася б, дарослыя дзеці, пра бяспеку якіх ужо наўрад ці турбуюцца бацькі, аднак тыя ўсё роўна часта становяцца галоўнымі героямі надзвычайных здарэнняў.

У якія непрыемнасці трапляюць непаседы? Ва ўсе. Варта толькі бацькам на нешта адцягнуцца, нават выйсці ў суседні пакой. Таму ў любым выпадку бацькі павінны спланаваць вольны час свайго дзіцяці. Калі мы адпраўляем яго ў вёску да бабулі і дзядулі, то трэба разумець, ці ў стане яны, згодна з тым жа ўзростам, справіцца з дзіцем. Давайце будзем шчырыя, не кожныя бабуля ці дзядуля могуць паклапаціцца пра бяспеку сваіх унукаў.

Выпраўляючы дзіця ў аздараўленчы лагер, мы разлічваем на тое, што там працуе персанал, які можа гарантаваць бяспеку. Аднак у любым выпадку з малымі трэба прагаварыць усе небяспечныя сітуацыі. Абавязкова трэба расказаць правілы паводзін на вадаёмах. Многія лагеры знаходзяцца ў лесе, таму важна папярэдзіць наконт таго, што калі пайсці кудысьці аднаму, можна заблудзіць. Нагадайце, каб дзеці не знаходзіліся доўга пад сонцам, не забудзьцеся пра галаўныя ўборы.

— Важна звярнуць увагу на зарадныя ўстройствы ад мабільных тэлефонаў, — адзначаюць у Мінскім абласным упраўленні МНС. — Папярэдзьце сваіх дзяцей, што нельга падзараджаць іх ноччу. Ні адно мабільнае ўстройства не разлічана на 8-гадзінную зарадку. Ва ўсіх на слыху выпадкі, калі тэлефоны выбухаюць, аднак мала хто ведае, што гэтая, здавалася б, бясшкодная звычка можа прывесці да пажару. Акрамя таго, нельга пакідаць зарадку ў разетцы.

Абмяркуйце ўсе небяспечныя сітуацыі!

Калі, на вашу думку, дзіця дастаткова дарослае, каб самастойна знаходзіцца дома, вы павінны ведаць, чым яно займаецца, і калі гуляе, то з кім. У такім выпадку бацькі павінны быць на сувязі са сваімі нашчадкамі. Спецыялісты рэкамендуюць скласці план кватэры. У ім пазначыць, што дзіцяці нельга рабіць, што — можна, але з дазволу бацькоў, а што выконваць самастойна. Не нашкодзіць прайграць сітуацыю, калі дзіця адно дома і незнаёмыя людзі патэлефанавалі ў дзверы. Алгарытм паводзін просты: ні ў якім разе не адчыняць дзверы і не падаваць выгляду, што ты адзін дома.

У сельскай мясцовасці важна не дапускаць, каб дзеці самі палілі ў печы, у прынцыпе мелі доступ да адкрытага агню. Што датычыцца электрычных прыбораў — толькі з дазволу бацькоў. На вуліцы нельга кантактаваць з незнаёмцамі, варта быць асцярожнымі з беспрытульнымі жывёламі.

Ратавальнікі каторы раз папярэджваюць: будзьце пільныя з вокнамі, спадзявацца на маскітную сетку не варта! Яна абсалютна не ўтрымлівае вагі нават самага маленькага дзіцяці, не кажучы ўжо пра старшакласнікаў. Купанне ў вадаёме — выключна пад наглядам бацькоў. Пажадана даўжэй за 10 хвілін у вадзе не знаходзіцца, малых трымаць не далей за выцягнутую руку. Нядаўна ў Барысаўскім раёне здарылася трагедыя. Сямігадовая сястра і пяцігадовы брат пайшлі пакарміць хлебам качак — у выніку дзяўчынка кудысьці адхілілася, хлопчык патануў. І гэта нягледзячы на тое, што недалёка знаходзіліся бацькі.

Таксама важна папярэдзіць дзяцей: ніякіх гульняў на чыгунцы! А таксама «бяспечных» сэлфі на шматпавярховіках. Бум смяротных сэлфі, на шчасце, ужо прайшоў, аднак экстрым па-ранейшаму прыцягвае падлеткаў. Ратавальнікі прапануюць бацькам згадаць, на якія «подзвігі» іх цягнула ў дзяцінстве, і з пазіцыі ўласнага вопыту пералічыць з дзецьмі ўсе небяспечныя месцы: вышкі, закінутыя будынкі, гарышчы, яры, кар'еры. У многіх на слыху выпадак некалькіх гадоў даўнасці, калі пад Барысавам падчас гульні ў кар'еры аднаго з хлопчыкаў засыпала пяском, той загінуў. Прагаворваючы ўсе магчымыя варыянты, дзе дзяцей чакае небяспека, не бойцеся, што вы адкрыеце ім вочы на многія забавы.

Гаджэты, але з ноткай бяспекі

— Важна ствараць віртуальную карціну небяспекі, каб дзеці разумелі, ведалі, бачылі, прадбачылі, умелі распазнаваць і арыентавацца ў кожнай канкрэтнай сітуацыі, — лічыць Дзіяна Жалязняк. — Размова — базавая мадэль таго, чым павінны займацца бацькі. Калі гаворка ідзе пра малых дзяцей, то для іх найбольш эфектыўная гульня. Для старэйшых будзе карысны інтэрактыў, звязаны з гаджэтамі. Накіроўваю ўсіх на сайт 112.by, дзе ёсць раздзел «Мультымедыя па АБЖ». Будзе карысна ўстанавіць на тэлефоне распрацаваны МНС мабільны дадатак «Дапамога побач», дзе змешчана больш за 50 алгарытмаў, якія падказваюць выйсце з пэўнай надзвычайнай сітуацыі. Напрыклад, разбіўся градуснік: што рабіць? Або вы згубіліся ў лесе: як з яго выйсці? Такім чынам, звычайную дзейнасць дзяцей можна замяніць на тую ж, проста з ноткай бяспекі.

І яшчэ вельмі важная дэталь — ваша дзіця павінна ведаць свой адрас, тэлефон, а таксама тэлефон ратавальнікаў і алгарытм іх выкліку: патэлефанаваць, сказаць, што адбылося, у якім месцы, назваць сваё імя і прозвішча, нумар тэлефона.

Усё ж такі не пакідайце дзяцей адных. Калі ж па-іншаму не атрымліваецца, то будзьце з імі на сувязі. Няхай ваша дзіця, асабліва падчас бацькоўскай адсутнасці, будзе «ўзброена» тымі ведамі аб небяспечных сітуацыях, якія вы напярэдадні абмеркавалі.

Вераніка КАНЮТА

Фота дадзена Мінскім абласным упраўленнем МНС

Загаловак у газеце: Канікулы без непрыемнасцяў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.