Вы тут

Як у адным з самых аддаленых раёнаў краіны ратуюць вёскі ад запусцення


«Мне шкада было бацькоўскага дома, вёскі, адкуль паступова з'язджалі людзі. І я задала сабе пытанне, што я магу зрабіць для сваёй Бацькаўшчыны?» — дзеліцца гаспадыня сядзібы «Мацейкава сяліба» Галіна Паўлоўская. Вось з такіх занепакоеных жыхароў і пачалося новае жыццё вёсачак, што месцяцца паміж азёраў і балот Мёрскага раёна. Яшчэ дзесяць гадоў таму актывісты распрацавалі праграму ўстойлівага развіцця мясцовай тэрыторыі, прычым адны з першых у Беларусі звярнулі ўвагу на аграэкатурызм як сродак, які дазволіць зберагчы вёскі ад запусцення. Сёння на Мёршчыне больш за 40 сядзіб. Да гаспадароў дамкоў на вёсцы далучаюцца новыя людзі са сваімі ідэямі, ведамі і ўменнямі. На базе той жа «Мацейкавай сялібы» ўжо некалькі гадоў ладзяцца школы рамёстваў, падчас якіх госці спасцігаюць розныя сакрэты вясковага жыцця, працуюць з саломкай, выцінанкамі, вучацца валіць лямец і ткаць. «Да нас прыходзяць цікавыя асобы, напрыклад старэнькая бабуля, якая ўмее прасці. Яна садзіцца за калаўрот і распавядае, як жыла раней. Вы б бачылі, як гараць вочкі ў дзяцей, якія яе слухаюць! Яны параўноўваюць тое мінулае з сучаснасцю. Такія сустрэчы вельмі карысныя, яны працуюць на патрыятызм, на развіццё асобы, фарміраванне ўнутранага стрыжню», — дзеліцца Галіна Паўлоўская.


Вёска Пераброддзе вядомая з ХVІ стагоддзя. Праз гэтыя мясціны праходзілі ваяры розных часоў, і каб мястэчка развівалася, яму яшчэ ў 1571 годзе было нададзена Магдэбургскае права. З таго часу і да сёння ў вёскі ёсць уласны герб. Мясціны тут незвычайныя — балоты, азёры, лес. Мне падалося, што калі б я нарадзілася тут, ніколі б адсюль не з'ехала. Не дзіва, што на гэтай зямлі столькі энтузіястаў, якія дбаюць пра будучыню сваёй малой радзімы. Сёння Мёршчына гатовая прапанаваць цікавы турыстычны прадукт, сплецены з розных ведаў, уменняў і паслуг. Нядаўна жыхары раёна сабраліся разам, каб падзяліцца сваімі цікавінкамі. Гаспадыня фермерскай аграсядзібы «Хатні падворак» Валянціна Латышкевіч расказвала, як самастойна зрабіць тварог, і частавала дамашнімі малаком, сырам ды іншымі малочнымі прадуктамі, біёлаг Раіса Іванова раіла больш уважліва прыглядацца да раслін пад нагамі і знаёміла з іх лекавымі ўласцівасцямі. Гаспадыні свежанькай (толькі ў маі зарэгістраванай) аграсядзібы «Конны дворык» гатовы карміць турыстаў (а якія пірагі яны робяць!) і ладзіць конныя паходы. Аляксандр Крокус дзяліўся сакрэтамі пчальніка, які на працягу года падарожнічае па мясцовасці і ў канцы лета перабіраецца бліжэй да верасоў. Прайшлі майстар-класы па распісванні пернікаў, дэкупажы і старадаўніх танцах.

Памяць продкаў

Мне давялося трапіць і на экскурсію па музеі «Мацейкавы рамёствы». Амаль усе экспанаты ў ім — рэчы, якімі карысталіся продкі Галіны Паўлоўскай, і за кожным прадметам — гісторыя вёскі Пераброддзе. «У нас сеялі жыта. Яно не такое патрабавальнае, як пшаніца, да таго ж неабходна была салома, якой крылі стрэхі, — згадвае гаспадыня. — Амаль у кожнай хаце пяклі хлеб. Калі ідзеш па вёсцы і стаіць гэты водар ад яго выпечкі, ведаеш, што ўсё ў людзей добра. Я памятаю, як маці расчыняла хлеб. Гэта было свяшчэннадзейства. Вымывалася хата, маці надзявала ўсё чыстае. А мы з братам сядзелі ціхенька, каб падышоў хлеб, бо тут павінна быць пэўная атмасфера ў хаце. Хлеб садзілі ў печ на лапаце. Але, як распавядала мая бабуля, быў у нас і абрад дапякання. Так, пра людзей нягеглых бабуля часам казала «недапечаны», нават прозвішчы такія сустракаюцца. Калі з дзіцём было нешта не так, палілі печ. Немаўля клалі на лапату і садзілі яго ў печ на некалькі імгненняў».

Побач з вёскай — азёры, рыбы там заўсёды было многа. Зімой яе вазілі санямі і яшчэ дадаткова прыхоплівалі меншую прыладу — падсанкі. У міні-музеі захоўваецца сетка з грузікамі-камянямі, пераплеценымі лазой, якой пад сто гадоў, старыя паплаўкі, якія рабілі з бяросты, і затула — скураны фартух, у якім рыбакі выязджалі правяраць сеткі.

Раней амаль у кожнай хаце былі музычныя інструменты. Вёска была спеўная, зімовымі вечарамі месцічы збіраліся адзін у аднаго на «вечарушкі». У сям'і Галіны захаваліся цымбалы, якія зрабіў яе дзед Мацей. Мясцовыя жанчыны займаліся пляценнем па сетцы. Калісьці выраб такі быў — з адбеленых нітак і са светлай вышыўкай, ім завешвалі вокны, каляровыя ж упрыгожаныя сеткі на свята клалі на стол наверх белага абруса.

Галіна стараецца працягваць традыцыі сваякоў. Пры музеі ў яе створана майстэрня, дзе яна займаецца валеннем і куды запрашае іншых рамеснікаў правесці заняткі.

Птушыны «аэрапорт» і не толькі

Моцным штуршком да развіцця рэгіёна стаў праект «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Мёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці», які рэалізоўваецца Мёрскім райвыканкамам, грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Латвійскім сельскім форумам. У яго межах мясцовыя жыхары пачалі рэалізоўваць шэраг новых ініцыятыў, якія зробяць жыццё сярод балот больш насычаным рознымі падзеямі і атракцыямі. Ствараюцца веламаршруты, экалагічныя пляцоўкі для дзяцей, закладзена алея з бэзу (дзе ў будучым плануецца ладзіць бэзавы фестываль), запланаваны семінары, майстар-класы, адукацыйныя праграмы і святы з удзелам носьбітаў традыцыйнай культуры. Запрацавала майстэрня для вырабу маляваных пернікаў з выявамі балотнага краю. У раён зачасцілі эксперты, якія навучаюць жыхароў, як працаваць з турыстамі, распрацоўваць маршруты, назіраць за птушкамі, берагчы прыроду. А ў студзені Нацагенцствам па турызме атэставана больш за дзесяць мясцовых «балотных» гідаў. І ў кожнага свае «фішкі».

«Запрашаю на маё балота. Я з аднаго боку яго нарадзілася, з другога — пайшла замуж. У мяне ёсць трафеі — ласіныя, бабровыя, клыкі кабана, скура змяі. Мы збіраем грыбы і лекавыя расліны, назіраем за рэдкімі птушкамі», — дзеліцца Кася Казачонак, гаспадыня аграсядзібы «Проста Кася». Яна — гід па балоце Мох. На шляху турысты могуць сустрэць казуль, лася, зайцоў, убачыць пасляваенную пастку на ваўкоў, каляіны, утвораныя дзікамі, «падстрыжаныя» ласямі дрэўцы. Жанчына раскажа пра чырванакніжныя расліны. У сезон падкажа, дзе назбіраць грыбоў, ягад. Навучыць, як арыентавацца на мясцовасці, каб не заблукаць, і як выбірацца з багны, калі туды правалішся. На балоце можна пахадзіць — пакалыхацца на дрыгве і пакупацца ў азёрах.

«У вас няма хаткі на вёсцы? Але ж ёсць мы!» — заўважае Галіна Урбановіч, гаспадыня аграэкасядзібы «Ля вадаспада», што знаходзіцца непадалёк ад ракі Вята. На сямейным савеце было вырашана захаваць аўтэнтычны дом з багатай гісторыяй — у яго падвалах у гады Вялікай Айчыннай вайны ад знішчэння хаваліся яўрэйскія сем'і. Галіна — настаўніца замежнай мовы, атэставаны гід-перакладчык, водзіць па Ельні. Яна можа арганізаваць назіранні за птушкамі, бо скончыла школу бёрдвотчараў і мае адпаведнае абсталяванне. Акрамя таго, жанчына можа навучыць, як зваляць жураўліка з воўны.

Са жніўня да кастрычніка па дарозе ў вырай на Ельні прыпыняюцца тысячы журавоў! Вось толькі летась месцічы сутыкнуліся з праблемай: турысты, якія прачулі пра птушыны «аэрапорт» і самастойна едуць па відовішчы, пужаюць птушак. На што звярнуў увагу гаспадар сядзібы «Жураўліная Ельня» Андрэй Літвінаў. Шум, вогнішчы, чалавечая «экспансія» на палі, на якіх адпачываюць крылатыя істоты, недапушчальныя. Для такіх наведвальнікаў Ельня не адкрые ўсяго свайго хараства, птушкі проста над імі не паляцяць. Таму і варта звяртацца па дапамогу да мясцовых жыхароў і гідаў.

Алена Палякова спалучае экскурсіі з легендамі, загадкамі, эксперыментамі, «птушынымі» квізамі, расшыфроўкай звярыных слядоў і медытацыяй. У праграме іншых гідаў ёсць як сямейныя экскурсіі, так і туры на выпрабаванне з начлегам пасярод балота, інтэлектуальныя гульні, вандроўкі па драўляным насціле ці басанож па імху, птушыныя экскурсіі, у тым ліку начное назіранне за совамі.

Вяртанне ў Эдэм

Турызм спрыяе абуджэнню цікавасці да роднага краю. Калі раней мала хто ведаў гісторыю Мёраў і Пераброддзя, то сёння кожны можа правесці па сваіх мясцінах, распавесці пра аб'екты, якія захаваліся з даўніх часоў, пра падзеі і людзей, звязаныя з гэтымі мясцінамі. «Мы працягвае марыць пра Эдэм, ствараць мясціны, у якіх камфортна жыць, працаваць і адпачываць», — прызнаецца адна з удзельніц праекта па «раскрутцы» Мёрскага краю Вольга Мароз. — Мы запрашаем у наша жыццё, і гэтая адкрытасць мяняе нас саміх і тых, хто да нас прыязджае». Кожная новая ініцыятыва — не проста крыніца росту для населенага пункта. Поспехі месцічаў акрыляюць іншых, да справы далучаюцца новыя людзі, у тым ліку моладзь.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Захавальнікі балот

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У Блізнятаў ёсць шанц кардынальна змяніць жыццё.

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.