Вы тут

Эксперты пра гістарычную абгрунтаванасць Дня народнага адзінства


17 верасня цяпер не толькі ў назвах вуліц нашых заходніх гарадоў і мястэчак. Указам Прэзідэнта гэта дата аб'яўлена Днём народнага адзінства. «Звязда» звярнулася да экспертаў з прапановай паразважаць пра яе значнасць і гістарычную абгрунтаванасць.


Валянціна РАЖАНЕЦ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў:

— З'яўленне Дня народнага адзінства ў календары сведчыць аб агульным імкненні беларусаў бачыць сваю краіну моцнай, незалежнай, суверэннай, самастойнай. У нашага народа вялікая, цікавая гісторыя, мы маем агульныя традыцыі. Гэта ўсё яднае нас, згуртоўвае. Мы шматнацыянальнае, шматканфесійнае, шматкультурнае грамадства, якое заўсёды жадала жыць у міры і згодзе. Неаднойчы Беларусь дэманстравала сваю міралюбівасць і станавілася перамоўнай, прыміральнай пляцоўкай для іншых дзяржаў у вырашэнні іх канфліктаў.

Гэтым часам праходзіць мноства знакавых мерапрыемстваў пад эгідай Года народнага адзінства, і мы бачым сапраўднае імкненне суайчыннікаў зрабіць наш край моцным і трывалым перад выклікамі часу. Мы ведаем, што зберагчы дасягнуты вялікай цаной мір, які мы маем, магчыма толькі ў адзінстве і згодзе, у любові да Беларусі і ў адказнасці за сваю краіну. Толькі ў надзейных руках можа жыць гэты мір. У Год народнага адзінства нам варта зрабіць усё магчымае для далейшага развіцця Беларусі.

Сяргей ТРАЦЦЯК, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук:

— 28 кастрычніка 1939 года Народны Сход Заходняй Беларусі пастанавіў абвясціць дзень 17 верасня Днём вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў. І гэты дзень так і святкаваўся ў БССР на працягу дзесяці гадоў, хоць у пералік афіцыйных дзяржаўных свят так і не трапіў. Апошні раз яго адсвяткавалі на дзяржаўным узроўні, прычым агульнасаюзным, з выпускам адпаведных паштовых марак, у 1949-м. Тады святкавалі яшчэ 30-годдзе БССР, дарэчы, з такой помпай, якой ніколі ні раней, ні ўжо пасля не было. А потым гэты дзень пастараліся неяк затушаваць — не хацелі сварыцца з Польшчай, якая пасля вайны стала важным саюзнікам.

Але дзень застаўся ў памяці. У Заходняй Беларусі няма раённага цэнтра, дзе б не было вуліцы 17 верасня, ёсць такія назвы і ў асобных вёсках. Але сама гэтая дата — толькі пачатак уз'яднання, фінальным трэба лічыць дзень 14 лістапада 1939 года, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў адпаведны закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР і «ўз'яднанні тым самым вялікага беларускага народа ў адзінай беларускай дзяржаве».

З 1948—1949-х гадоў у беларускай гістарыяграфіі і ў беларускай дзяржаўнай прапагандзе пачалі гаварыць ужо не пра вызваленне працоўных Заходняй Беларусі ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў, а пра ўз'яднанне беларусаў у адной беларускай дзяржаве. Але ж уз'яднанне было, а свята як такога не было. Пытанне пачало ўздымацца з канца 80-х гадоў. Прапаноўваліся розныя даты: і 17 верасня, і 14 лістапада, і нават згаданае 28 кастрычніка...

І 17 верасня, і 14 лістапада — святочныя даты савецкага мінулага, і яны маюць пераемнасць, праўда, з рознымі этапамі. У 1930—1940-я гады менавіта 17 верасня ўспрымалася як дзень вызвалення, таму што Савецкі Саюз у гэты дзень перакрэсліў ганебны Рыжскі мір, і пачалося аднаўленне гістарычнай справядлівасці для беларусаў і ўкраінцаў.

У любым выпадку, трэба разумець, што без уз'яднання Заходняй Беларусі з Цэнтральнай і Усходняй не было б ні сучаснай беларускай дзяржавы, ні сучаснай беларускай нацыі. Не ў малой ступені практычна ўсе мы — прадукт уз'яднання 1939 года. Магу сказаць пра ўласны прыклад: мой бацька з Усходу, маці — з Захаду, а сустрэліся і пажаніліся яны ў Мінску. У Дня народнага ці нацыянальнага адзінства вялікі патэнцыял. Ён мог бы стаць стаць галоўным дзяржаўным святам краіны, але для гэтага патрэбны і адпаведныя ўмовы, і адпаведны час, і адпаведная дзяржаўная гістарычная і культурная палітыка — а значыць, трэба больш увагі ўдзяляць менавіта беларускаму нацыянальнаму фактару. У такім выпадку Дзень нацыянальнага адзінства мае шанцы стаць не проста святам у календары, а часткай народнага пантэону.

Валерый ЧАРАПІЦА, кандыдат гістарычных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:

— 17 верасня 1939 года можна лічыць пачаткам паўнавартаснай беларускай дзяржавы. Калі б не было гэтай даты ў нашай гісторыі, не вядома, як склаўся б далейшы лёс суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь. І гэта варта цаніць, бо дзеля гэтага аб'яднання народа было ўкладзена нямала сіл. Варта прыгадаць гісторыю Гродзеншчыны, якая ўваходзіла ў склад Польшчы. У 20-я гады мінулага стагоддзя Гродна быў вельмі моцным цэнтрам беларускага руху, тут былі розныя грамадскія арганізацыі, беларуская школа. У Гродне існавала нават беларуская кнігарня, кніжная крама, але ў 30-я гады польскія ўлады гэтыя аб'екты закрылі. Усе беларускія праекты звяліся да мінімуму, бо была ідэя паланізацыі беларусаў. Беларусы супраціўляліся польскаму асяроддзю і чакалі аб'яднання. І ніякія дзеянні з боку польскіх улад не маглі стрымаць гэты рух. І вызваленчы паход у верасні 1939 года здзяйсняўся з адной мэтай — не Польшчу знішчыць, а вырашыць інтарэсы беларусаў.

У цэлым вызваленчая кампанія доўжылася некалькі дзён. У Гродне гэта падзея знайшла ўвасабленне ў назве вуліцы. Таксама некалькі вуліц названы ў гонар камандзіраў Чырвонай Арміі, якія тут загінулі ў верасні 1939 года. Яны пахаваны на воінскіх могілках.

Такім чынам, можна сказаць, што дата 17 верасня вельмі значная ў найноўшай гісторыі Беларусі. Гэта пачатак аб'яднання беларускага народа, які заявіў аб сваёй дзяржаўнасці. Дзве часткі Беларусі — Усходняя і Заходняя — увайшлі ў адну дзяржаўную адзінку, на аснове якой і з'явілася ў 1991 годзе незалежная і суверэнная Рэспубліка Беларусь, якую мы цяпер маем. Гэтая дата яшчэ і напамін аб тым, што ў будучыні мы ніколі не павінны дапусціць падобных раздзелаў тэрыторыі краіны.

Прэв’ю — pixabay.com

Загаловак у газеце: Пачатак аб'яднання народа, які заявіў аб сваёй дзяржаўнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».